Тут бабуля ўспомнiла, што ў вёсцы няма вады, старыя студнi абсунулiся, зараслi. Толькi яна раскрыла бяззубы рот...

- Ох i паветра ж у вас тут! Дача! Санаторый! Жывi - не хачу! - пацягнуўся, як пасля сну, начальнiк, потым адчынiў дзверцу машыны i з асалодай сеў на сядзенне. - Бывай, мацi-гаспадыня! Бачу, што жыве яшчэ наша вёска! Нiчога, мала засталося! Мацуйцеся!

Пыл з-пад колаў шугануў бабулi ў вочы, асеў на "вiтамiнчыках".

Хацела старая працягваць iрваць крапiву для галоднага парсючка, але падклыпала суседка.

- Хто гэта з табой так доўга балясаў?

- Ого! Гэта ж быў... (i старая назвала пасаду субяседнiка).

Цяпер ужо суседка ўсклiкнула:

- Ого!.. Ну, i як ён? Што гаварыў? Што абяцаў?..

Старая рогам хустачкi выцерла сасмяглыя губы i толькi ўздыхнула.

- Ну што ты, як рыбiна, маўчыш? Пра што была ў вас гаворка? Цi гэтак жа ты i з iм маўчала?

- Ды гаварылi мы з iм пра ўсё, але як гусь з парасём. Я - пра адно, ён пра другое...

- А хоць што ён абяцаў надалей? Як будзем жыць?

- Сказаў, што мала засталося...

- Што мала засталося? - спужалася суседка. - Жыць нам мала засталося, цi што?..

- Вось гэтага я не зразумела, - адвярнулася старая i зноў пачала рваць крапiву i запiхваць яе ў кошык.

РЫТМЫ

Кожны павiнен жыць у сваiм часе. Але не кожнаму гэта ўдаецца, а хутчэй за ўсё - нiкому, бо за чалавечы век жыццё мяняецца, перакручваецца настолькi, што незразумела - дзе галава, дзе ногi.

Што застаецца рабiць? Жыць-дажываць, бо далейшае жыццё - быццам нелюбiмая ежа, якую вымушаны жаваць як не сваiмi зубамi - ведаеш, што iншай не будзе...

I гэта штодзённая, нелюбiмая "ежа" атручвае душу i ўвесь твой унутраны свет.

Што былi раней за танцы!..

Кожны танец - гэта спалучэнне паводзiнаў, манераў, пераўвасаблення. Гэта i своеасаблiвы настрой, новыя пачуццi.

Вальс нараджаў крылы, адчуванне палёту, бязмежнасцi часу. Полечка выклiкала лёгкасць, спрытнасць, iмпэт. Ночка i кракавяк патрабавалi элегантнасцi, артыстычнай зладжанасцi з партнёркай...

А што былi за песнi раней!..

Меладычныя, мiлагучныя, напоўненыя сэнсам i непаўторнай лiрыкай! А як яны выконвалiся! З годнасцю, з павагай да творчасцi i слухачоў.

Рэдка на якое пытанне можна адказаць адназначна, тым больш на пытанне: "Адкуль сёння столькi жорсткасцi ў людзей?"

Сярод шматлiкiх прычын ёсць адна, на першы погляд, бяскрыўдная. Гэта рытм сучаснага жыцця i яго... музычныя рытмы.

Можна не чапаць афiцыйную сцэну, экран, дзе творы, у асноўным, на адзiн манер, дзе выканаўцы, мокрыя ад поту, ледзь не поўзаюць па сцэне, а суперапаратура глушыць напавал.

Дастаткова ўважлiва зiрнуць на падлеткаў, услухацца ў iх музычны свет - i жахнуцца. Жахнуцца ад адсутнасцi разумення моладдзю нават "сваёй", сучаснай музыкi. Перамагае дэфармацыя густу i павагi да ўласнага "я", падпарадкаванне натоўпу аднагодкаў, дыскатэчнаму вiрусу. Рытмы, далёкiя ад музыкi, запаланiлi, атручваюць, знявечваюць кволыя душы.

Iдзе малады хлапец, пачэпiць навушнiкi - i адбойны малаток рытмаў б'е i б'е па мазгах, лупiць па светаўспрыманню юнака. Дома цi ў сяброў працягваецца гэта духоўнае самагубства.

Але... Але праз пэўны час гэтая моладзь, як i я, азiрнецца назад i з настальгiчным болем скажа:

- Эх, якi цiкавы быў наш час! Якiя былi мелодыi i рытмы!..

I хто мае права гэтаму пярэчыць? Кожны жыве ў "сваiм" часе...

Безумоўна, немагчыма ўсё жыццё "вальсаваць". Юнацтва, маладосць патрабуюць i музыкi, адпаведнай стану душы, але неабходна ведаць, што музыка, песнi, танцы ва ўсе часы былi прызваныя не выпустошваць, а напаўняць душы людзей прыгожым i вечным...

А я застаюся ў тым далёкiм, сваiм часе, якi атуляе маю душу незабыўным водарам мелодый i гукаў.

Адсталы я чалавек...

Прабачце!

САРОКА

Якi самы хiтры i асцярожны звер? Кажуць, лiса. А з птушак, безумоўна, самая кемлiвая i дасцiпная - сарока.

Сусед, бывае, дзень туляецца з ружжом ля хаты i хлява, каб падстрэлiць яе за тое, што крадзе курыныя яйкi. Дзе там! Патуляецца, пасядзiць у засадзе, плюне i пойдзе дамоў. Сусед - у хату, яна - да хаты...

I вось нядаўна "прыпiсалася" ў маiм двары нейкая прыблуда сарока. Я скрыпну дзвярыма - i на ганак, а яна аднекуль - шусь на варотцы. Сядзiць i глядзiць мне ў вочы. Што гэта з ёй здарылася? Куды дзелася яе прыродная самаахоўнасць i пiльнасць? А-а! Вось у чым справа! Састарэла бедалага ды, вiдаць, i аўдавела на старасцi гадоў. Пер'е пагубляла i з хваста, i з крылаў. Нямогласць i голад перамаглi асцярожнасць - вось i цiснецца да чалавечага жылля яна.

Пашкадаваў я сароку i пачаў кожны дзень падкормлiваць яе, а хутка мы i пасябравалi.

Адно толькi дрэнна - ад'еду ў Менск, а думка непакоiць: як там мая сарока?

* * *

З задавальненнем пiшу невялiчкi працяг гэтай гiсторыi.

Вяртаюся ў вёску з Менска i нецярплiва азiраюся - дзе мае шматгадовай даўнiны сябры: дзве суседскiя коткi - Лялечка i Пушынка, i цi на месцы два суседскiя сабакi - Байкал i Мульцiк? На месцы! Ля маiх варотцаў - радасна сустракаюць мяне, i я мiтуслiва рыхтую пачастункi.

А дзе ж мая нядаўняя сяброўка - сарока? Забавiлася дзесь... Не! Вось i яна распушылася на плоце, чакае гасцiнца. Добра!

Пакуль рыхтую прысмакi на "сяброўскi стол", заўважаю, як штосьцi чорнае маханулася ля акна. Асцярожна выглядваю на двор i... дыханне заняло. На сцежцы, ля ганка, сядзiць велiзарны прыгажун груган!

Не ведаю, цi хiтрая гэта птушка, але асцярожнасцi ў яе - праз край. Хату аблятае за вярсту, чалавека - за дзве.

Я не мог адарваць вачэй ад гэтай таямнiчай птушкi, якая, як сцвярджаюць, жыве трыста гадоў. Усё сваё жыццё я верыў гэтай байцы, але потым пагартаў энцыклапедычны даведнiк i быў расчараваны - жыве гэта птушка прыкладна сорак гадоў...

I ўсё ж колькi б ёй нi было наканавана жыць, яна - цiкавая i прыгожая!

Што яе прымусiла сесцi ля майго ганка - цi лiстападаўскiя халады i галаднеча, цi давер да чалавека? Не ведаю, ды i не важна гэта. Важна iншае: усе мы, жыхары нашай планеты, - узаемазвязаны i неабходныя адзiн аднаму.

РАДАЎНIЦА

Радаўнiца... Святы дзень для кожнага сэрца, у якiм гучаць галасы пайшоўшых з жыцця людзей.

Радаўнiца - гэта тая непрыкметная кладачка, той нябачны масточак, па якiх вяртаюцца ў нашы думкi родныя, блiзкiя, продкi. I ўдзячная памяць пракручвае эпiзод за эпiзодам, год за годам - увесь мiнулы час, калi мы мелi шчасце глядзець у вочы цiкавым людзям, чуць iх размовы, адчуваць цеплыню iх жывых сэрцаў.