- Я шчаслiвы тым, што выйшла ў свет мая кнiга...

- Я шчаслiвы тым, што магу быць з вамi...

- Якое шчасце, што бяда абмiнула ваш дом...

Гэтымi шчаслiвымi выпадкамi-iмгненнямi трэба вельмi даражыць, як i словам "шчасце".

ЛЮБОЎ

Iдзе дыскусiя. Спрачаюцца сацыёлагi, сексапатолагi, псiхолагi i iншыя шматлiкiя "олагi" i "ёлагi". Адны даказваюць, што неабходна расказваць дзецям з малога ўзросту, адкуль бяруцца такiя ж, як яны, дзецi i як яны "робяцца", iнакш гэта растлумачыць "вулiца".

Другiя настойваюць на тым, што прыйдзе ўсё само сабой.

А трэцiя... А трэцiх не заўважаюць, iх нiбы не iснуе. А яны, гэтыя трэцiя, пераканаўча i даволi натуральна, кожны дзень з экранаў кiно i тэлевiзараў дэманструюць "любоў". Сёння "гэта" завецца любоўю. Слова "любоў" i паняцце любовi страцiла свой першапачатковы чысты, незямны сэнс...

Прылiпне першакласнiк да тэлевiзара i засвойвае ўрок, што "заняцца любоўю" - значыць легчы ў пасцель з першым сустрэчным, што "трахнуцца" - гэта зноў жа "любоў". У моладзi i падлеткаў самае папулярнае i моднае слова "трахнуцца". Чаму дзiвiцца, яно штодня злятае з экранаў, яно стала афiцыйным у "культурным" лексiконе.

Уся гэта тэлевiдэаiнфармацыя ў спалучэннi з нашымi "дасягненнямi" ў галiне агульнай культуры - спрыяльная глеба для росту бездухоўнасцi моладзi.

Не, не трэба дзецям агулам растлумачваць, адкуль бяруцца дзецi. Ды i не агулам весцi такую гаворку вельмi не проста.

У кожнай сям'i свая атмасфера даверу цi недаверу памiж бацькамi i дзецьмi. Цi ж можа п'яны бацька агiтаваць сына за цвярозы лад жыцця? Цi пабудавала сям'я той маральны падмурак, апiраючыся на якi, бацькi маюць права ўводзiць дзяцей у iнтымны свет узаемаадносiн памiж жанчынай i мужчынам?

Ды i як будуць выглядаць у вачах сваiх дзяцей нават самыя адукаваныя i звышмаральна ўстойлiвыя бацькi, якiя пачнуць "раскрываць" дзецям вочы, а тыя ўжо неаднаразова бачылi ў сяброў па вiдзiку дэталёва гэту "любоў".

Некаторым бацькам i не снiлася тое, што ведаюць iх дзецi...

Сексуальная рэвалюцыя адбылася. I, як кожная рэвалюцыя, яна прынесла з сабой у лёс грамадства разруху, разбурэнне асноўных каштоўнасцяў жыцця. Разбуранымi аказалiся i душы дзяцей, падлеткаў, моладзi.

Вушы вянуць, калi даводзiцца праходзiць мiма падлеткаў, сярод якiх i дзяўчынкi. Але гэта толькi бачная частка айсберга...

Нiбы ўчора было i маё юнацтва. Сёння гэта здаецца дзiўным, але светлыя юнацкiя мары гарманiчна спалучалiся з паводзiнамi, з адносiнамi да дзяўчат. А што ўжо казаць пра адносiны да той адзiнай, якая падабалася? Можаце лiчыць мяне пячорным чалавекам, але, рыхтуючыся праводзiць з вечарынкi сваю абраную, я збiраўся расказаць ёй пра стан сваёй душы словамi розных песень. Баяўся, што не хопiць мужнасцi звычайнымi словамi сказаць ёй пра свае пачуццi, таму перабiраў у галаве ўсе песнi пра каханне, якiя i спяваў ёй на працягу ўсёй няблiзкай дарогi да яе вёскi. Нават баяўся ўзяць пад руку, каб не паказацца ёй нахабным. Вяртаючыся дамоў, адчуваў крылы за спiнай, душу перапаўняла святло нязведаных пачуццяў i прадчуванне хвалюючых таямнiц жыцця. Зноў жа спяваў, цяпер на ўсё горла, бо не спяваць было немагчыма.

Упэўнены, што i нашы бацькi, i амаль усе больш далёкiя продкi iшлi да вяршынi кахання дарогай светлых пачуццяў.

I дзiўная рэч - нiхто iм у маленстве не расказваў i не паказваў, адкуль бяруцца дзецi, а мы з'явiлiся на свет Божы.

Малайцы, продкi, - дадумалiся неяк самi!..

Ад вулiцы, ад тэлебачання i ад завугольных "настаўнiкаў" сёння, на жаль, не ўратаваць дзяцей i моладзь. Марная праца тлумачыць iм, што i адкуль. Неабходна другое.

Трэба на фоне здаровага сямейнага ладу неназойлiва, на канкрэтных або абстрактных прыкладах паказваць, да чаго прыводзяць тыя цi iншыя паводзiны. Трэба закрануць душу дзiцяцi цi падлетка неабсяжнасцю i прыгажосцю жыццёвай перспектывы i пераканаць у тым, што ўсяму свой час.

Нават забаронены плод не будзе смачным, калi сарваць яго не ў пару.

МАЛА ЗАСТАЛОСЯ

Рашыў вялiкi начальнiк спусцiцца з вышынi сваёй пасады i праехаць па вёсках - крыху "абнародзiцца".

Едзе ён мiж хiсткiх платоў i дзiравых стрэхаў, назiрае з машыны праз высокi быльнёг за хлiпкiм жыццём сваiх падданых, зяхае.

Раптам бачыць ля плота старую бабулю, якая рве крапiву i пiхае яе ў кошык.

- Спынiся! - загадаў шафёру. - Трэба з людзьмi сустрэцца, выслухаць iх.

- Здарова, мацi-гаспадыня! - i начальнiк працягнуў пухлую руку старой.

Тая нясмела падала сваю перакручаную працай даланю.

- Дзякуй Богу, мацуюся!.. А чый будзеш, дзiцятка? - пацiкавiлася бабуля.

- Я ... (i начальнiк назваў сваю пасаду).

Старая выхапiла сваю даланю з пухлай рукi i спужана пачала яе выцiраць аб прыпол сукенкi.

- Ой, прабачце, я ж, старая-дурная, не прызнала i сунула вам сваю мурзатую руку! Яшчэ раз прабачце!..

Начальнiк шырока ўсмiхнуўся:

- Ну што вы спужалiся? Я ж такi, як i вы, я ж з народу, з самай гушчы.

- Вось дзякуй, дык дзякуй, што заехалi! Да нас жа нiводная кiраўнiчая душа не залятае... А тут вы!..

- Ну, як жывяце? Якiя скаргi? Чаго б вам яшчэ хацелася?

Старая пакланiлася:

- Ой, дзеткi, мне хоць бы плот крыху...

- Я бачу, вы на вiтамiнчыкi нацiскаеце! - i начальнiк паказаў на крапiву.

- Гэта ж няма чым парасятка кармiць, дык я...

Начальнiк зноў перабiў бабiну гаворку:

- А я ў вашай руцэ адчуў сiлу. Вы яшчэ крэпiцеся! Ёсць порах!

Старая цяжка ўздыхнула:

- Якое тут крапленне? Якi порах? Адна порхаўка засталася... Каб хоць крыху лекаў якiх цi...

- А ў вас, я гляджу, сiнiя вочы, як у маладой...

- Мне ж ужо, дзеткi, восемдзесят першы год крануўся, а вочы я выплакала ад...

- Нiчога! Трымайцеся! Мала засталося! Усё iдзе на пад'ём, угару прэ!

- Яно-то хай усё iдзе сабе, - абураецца старая, - але ж маёй пенсii не хапае нават на...

- Я ж сказаў, усё прэ ўгару! Праз якiх сем-дзесяць год - цукерку з рота выпускаць не будзеце!.. Так, якiя яшчэ пажаданнi? Смялей! Я вас зразумею, я ж з самай гушчы!

Старая апусцiла галаву, сумна зiрнула на свае драныя гумавыя боты, якiя не абновiш i за тры пенсii, i толькi цяпер заўважыла, што працягвае выцiраць сваю заросшую гразёй даланю.

- Якiя пажаданнi, дзеткi? Усё ў нас добра...