На вялiкае шчасце, аднаго разу я "зацягнуў" у Акопы свайго швагра Казiка, якi любiў фатаграфаваць, i ён сфатаграфаваў мяне i на валуне, i на бервяне ў вадзе сажалачкi, i седзячы ў дубе.

Дуба таго няма "ў жывых", як i многiх-многiх прыгажуноў-дубоў, што па-аднаму "паразбягалiся" па палях. Гэтыя помнiкi прыроды замiналi калгасным "руплiўцам", якiя выкарчоўвалi трактарамi дрэвы, каб з таго месца, дзе яны раслi, узяць жменьку збожжа.

Сапраўды, свiння есць жалуды, не задумваючыся, адкуль яны ўзялiся...

Фотаздымкi тыя ў мяне захавалiся, i я вельмi iмi даражу. На пагорку, вышэй сажалачкi - у бок Будаў, з травы выглядваў падмурак колiшняга дома, побач з якiм захаваўся глыбокi i прасторны склеп. Сцены яго былi выкладзены каменнем i зацэментаваныя. Склеп быў даволi глыбокi, i я нi разу, хоць надта хацелася, не адважваўся спусцiцца ў яго, бо баяўся, што не вылезу наверх.

Ад падмурка да сажалачкi на даволi крутым схiле захаваўся сад. Сёння, калi пачынаю гаварыць музейным супрацоўнiкам пра той сад, яны недаверлiва маўчаць цi робяць выгляд, што не пачулi маiх слоў.

А з гэтага састарэлага i дажываючага свой век садка мы са старэйшым братам мяхамi цягалi ў Карпiлаўку смачныя яблыкi, бо свайго саду не было. Дзве вярсты несцi мех з яблыкамi, калi ад стомы заблытваюцца ногi i, здаецца, няма сiл удыхнуць паветра, - такое, i памiраць будзеш, - не забудзецца.

Сёння - няма падмурка, няма склепа, няма дуба, знiк садок...

Няхай бы стаялi хоць сухiя дрэвы-помнiкi, як стаяць яблынькi-калекi ў садзе Антона Лявiцкага.

У Акопах не засталося нiчога натуральнага - ёсць толькi музейнае, штучнае, сярод якога пасвяцца харужанскiя каровы. Магчыма, рупячыся аб жывёле, склеп i засыпалi. Спрабуючы пачысцiць дно ў сажалачцы, парушылi, "прабiлi" яе дно, i вада не хоча трымацца ў новай, штучнай.

I толькi дух купалаўскага генiя тут натуральны i вечны... Сёння я, адукаваны i свядомы, з хваляваннем прыходжу да святых Купалавых мясцiн, з сумам i болем iду па "трэцiх", штучных, Акопах i зайздрошчу сабе - таму хлапчуку Сярожу, якога лёс прыводзiў сюды шмат гадоў назад...

ПА ДАЎГIНАЎСКАМУ ШЛЯХУ

Ад Лускава да Карпiлаўкi - пятнаццаць кiламетраў. Невялiкi адрэзак знакамiтага Даўгiнаўскага шляху, па якiм у свой час ездзiла менавiта ў Карпiлаўку цэлае сузор'е вядомых людзей: Антон Лявiцкi (Ядвiгiн Ш.), Зоська Верас, Палута Бадунова, Ядзвiга Раткевiч, Змiтрок Бядуля, Уладзiслаў Галубок. Даўгiнаўскi шлях меў гонар "несцi на векавых сваiх плячах" i славутага Максiма Багдановiча, якi наведаў аднаго разу Ядвiгiна Ш. у Карпiлаўцы.

Янка Купала таксама многа год наязджаў гэтым жа шляхам да сваёй мацi ў Акопы, што побач з Карпiлаўкай, ды i ў самой Карпiлаўцы бываў неаднаразова сустракаўся тут з Ядвiгiным Ш.

Цяжка нам сёння ўявiць, якiм ён, Даўгiнаўскi шлях, быў тады, на стыку мiнулага i цяперашняга стагоддзяў.

Думаю, што не менш цяжка i вам уявiць славуты адрэзак шляху ледзь не паўвекавой даўнiны, бо сёння анiчога не засталося ад яго.

Мне "пашчасцiла" дзесяткi, а можа, i сотнi разоў адтупаць па гэтаму адрэзку Даўгiнаўскага шляху. Чаму "пашчасцiла" ў двухкоссi? Таму, што не так ужо i мала пятнаццаць вёрстаў пехатой, ды яшчэ з клункам цi з клункамi, ды не заўжды добрым надвор'ем.

А патрэба ехаць з Карпiлаўкi ў Менск была ў асноўным адна - хлеб. Мама i сама выпякала вялiзныя, круглыя, смачныя караваi чорнага хлеба, але часцяком канчалася мука, i тады - ногi ў рукi i, хоць дождж, хоць завея, - уперад.

Якi ж ён быў, гэты кавалак Даўгiнаўскага шляху ў пяцiдзесятыя гады? Вядома, што дарогi, як i людзi, з часам мяняюцца, бывае - да непазнавальнасцi.

Калi ласка, тых, хто не шкадуе абутку i часу, запрашаю ў падарожжа.

Рэйсавы аўтобус Менск-Радашкавiчы прыпыняўся ля вёскi Лускава, дзе звычайна выходзiў я, ускiдваў на плечы свой скарб i пачынаў не вельмi вясёлую работу - некалькi гадзiн "пералiчваць" крокамi няблiзкую дарогу.

Вёска Лускава расцягнулася на цэлую вярсту ўздоўж дарогi. Таму пакуль праз яе пройдзеш - не адна пара дасцiпных вачэй "абмацае" цябе ад выгаралай шапкi да стоптанага абутку, не адзiн сабака аббрэша цябе праз плот, а то i кiнецца ў ногi з адчыненых варотцаў. Iдзеш-iдзеш, а, здаецца, канца вёсцы няма. Не любiў я хадзiць праз Лускава, а мусiў - другой дарогi не было.

Дарога па вёсцы ўвесь час паволi лезе ўгару. Таму, калi нарэшце пакiнеш вёску за плячыма, апынаешся на пагорку. Тут з палёгкай уздыхаеш i пачынаеш разам з дарогай забiраць управа i спускацца ў лес, якi "паглынае" дарогу i падарожнага, навiсае над галавой, закрывае сабой неба. Гэта так званы Гарошкаў лес. Пэўна, жыў тут колiсь нейкi Гарошка, магчыма, i меў свой лясок - вось гэты лес з даўнiх часоў i пачалi зваць Гарошкавым.

Некалi прайсцi цi праехаць праз яго было вельмi небяспечна. Мама расказвала, што ў яе маладыя гады ў гэтым лесе лютавалi бандыты, пераймалi людзей, асаблiва на падводах, абiралi да нiткi, а некага нават забiлi.

Спускаюся ў гэты лес - цёмна, цiха, страшна... Ведаю, што тых бандытаў даўно няма, але на ўсякi выпадак клункi з хлебам сцiскаю мацней - дзiвак, дзiцянё.

Тут, унiзе, бяжыць управа ад Даўгiнаўскага шляху непрыкметная лясная дарога-конка. I хоць яна да "знакамiтасцi" дачынення не мае, але я не магу не прыпынiцца, каб не толькi перавесцi дух, а сказаць некалькi слоў пра тое святое месца, да якога праз паўвярсты прывядзе ўхабiстая конка. А прывядзе яна ў вёску Лясiны, у вёску з прыгожай назвай i трагiчным лёсам. Больш за сто дамоў з жыхарамi спалiлi тут немцы ў вайну - нiводнага лясiнца не засталося ў жывых... Вёску пасля вайны часткова адбудавалi сваякi закатаваных i проста людзi са свету.

Але час не церпiць - трэба крочыць далей, тым больш што пройдзена ўсяго нейкiх дзве вярсты з хвосцiкам.

Ад гэтай лясiнскай дарогi-гаротнiцы шлях крыху выгiнаецца ўлева i пачынае працяглы ўзыход на ўзвышша. Вось тут пачынаецца самы сумны кавалак шляху адлегласцю паўтары-дзве вярсты, роўны, нiбы струна. Калi дарога вiхляе, нырае ды вынырвае, iсцi намнога весялей, чым па выцягнутай, здаецца, да бясконцасцi роўнай дарозе. На роўным адрэзку дарогi заўважаеш, наколькi няхутка ты "паўзеш", быццам стаiш на месцы i толькi паднiмаеш i апускаеш то адну, то другую нагу. Гэты роўны адрэзак Даўгiнаўскага шляху выводзiць да вёскi Мацкi, якая па даўжынi не менш Лускава, але, дзякуй Богу, застаецца справа ўбаку.