Праз нейкiя пяць гадоў, ужо ў Менску, мы з сябрамi-аднакласнiкамi збiралi "бычкi" i дакурвалi iх. На кожным перапынку памiж урокамi бегалi палiць у прыбiральню. Спрабаваў змагацца з нашай бязмозгласцю сам дырэктар школы, якi за маленькi рост прыдбаў мянушку "Карандаш". Вось гэты Карандаш, пасля званка на ўрок, станавiўся на ганак школы i ўсiх нас прыпыняў i прымушаў хукаць... Дзякуй таму Сяргею Данiлавiчу, дырэктару школы, за тое, што ён хацеў уратаваць нас ад атруты.

У чатырнаццаць год, цяпер ужо ў Карпiлаўцы, я афiцыйна пачаў пракурваць сваё здароўе пры бацьках, хоць мама i пратэставала, але было позна - я стаў заядлым палiльшчыкам.

Дымiў я, як кажуць, налева i направа аж да трыццацi гадоў. Потым адчуў, што не ў той бок iду. Твар мой набыў нездаровы выгляд, пачаў балець страўнiк, i я, набраўшыся мужнасцi, кiнуў палiць.

Праз некалькi год здароўе наладзiлася, i мне сёння жудасна ўспамiнаць той пракураны перыяд майго жыцця. Прыемна ўспомнiць толькi адно - сярод курцоў-дзяцей i падлеткаў не было нiводнай дзяўчынкi. Сёння - здурнеў свет... Ой! Што я кажу! Якi свет?!

Сёння ўвесь, як яго завуць, "цывiлiзаваны свет" рашуча i свядома асвойвае здаровы лад жыцця. Не толькi дзецi i падлеткi, амаль усе дарослыя аб'явiлi вайну тытуню i алкаголю...

У нас жа сёння нельга зайсцi нi ў адну ўстанову - па ўсiх калiдорах, ва ўсiх кабiнетах вiсiць густы, застойлiвы смурод цыгарэтнага дыму.

I ўсё ж галоўная трагедыя нашага грамадства ў тым, што большасць дзяўчынак-падлеткаў атручана нiкацiнам. I кураць яны "запоем", з хваравiтай прагавiтасцю. Яны працягваюць атручваць сябе i тых, каго народзяць. Гэты жах ацяжарваецца тым, што i дзяржава, i грамадскасць, i бацькi робяць выгляд, што нiчога не бачаць.

Калi дадаць да фiзiчнага нездароўя нацыi ўстойлiвую маральную хваравiтасць, то будучыня ў нашай нацыi сумная - нават трагiчная.

СIЛА I СЛАБАСЦЬ ДУХУ

Жыццё набягае хвалямi падзей, зацiшша, узлётаў i падзенняў.

Бываюць часы, калi свет робiцца цесным для душы - для думак, памкненняў, пачуццяў, натхнення. Адчуваеш сябе значным, усемагутным, акрыленым. Пiшацца, творыцца, здзяйсняецца!

Задуманае iмкнецца на паперу, на палатно - у свет слоў i фарбаў. Гэта гама натхнёнасцi i ўзнёсласцi душы нагадвае буйное цвiценне саду, калi кожная кветачка не жадае думаць пра пустацвет, а марыць апылiцца i ператварыцца ў цудоўны плод.

Такое сонцастаянне душы - шчаслiвая пара для творцы. Сiмфонiя створанага ў гэты час гучыць асаблiва звонка i ўзнёсла.

Бываюць часы, калi не хочацца жыць. Змрок у душы, змрок у вачах, цемра наўкола. Гэта крытычныя i вельмi небяспечныя для творчага чалавека часы. Усё, што зрабiў i робiш, выглядае непатрэбным, дробязным, i цяжка зразумець, для чаго на гэтым свеце ты сам.

I гэты перыяд не бясплодны, бо творчы працэс не спыняецца нiколi.

Пад чорнымi хмарамi псiхалагiчнага надлому творчая душа нараджае пранiзлiва-балючыя, глыбока-трагiчныя, асаблiва кранальныя творы. Можна нават паспрачацца, якi стан душы з'яўляецца больш магутным штуршком i стымулам для нараджэння значных мастацкiх твораў. Думаю, што кожны па-свойму будзе мець рацыю, бо ў творчага чалавека пастаяннай душэўнай раўнавагi нiколi не будзе.

Як дзень мяняе ноч, так i ў творчай душы кароткае зацiшша будуць мяняць буры эмоцый, а сонечнасць будуць закрываць хмары адчаю.

I яшчэ адна цiкавая асаблiвасць: у душу звычайнага чалавека зазiрнуць немагчыма, яна, як кажуць, поцемкi.

Душа ж творчага чалавека як на далонi, яна - у ягоных творах.

МАМА

Усе мы - кропелькi той адвечнай, невычарпальнай крынiцы, iмя якой - мама. Нiколi не перасыхае гэтая крынiчка - нiколi не памiрае мама. Яна - у нашых сэрцах, нашых думках, яна заўсёды побач з намi - у радасцi i горы, яна тое адзiнае асяроддзе, па-за якiм чалавек iснаваць не можа...

Мая мама - самая прыгожая ва ўсiм свеце. Мая мама - самая добрая ва ўсiм свеце. Мая мама - самая працавiтая ва ўсiм свеце, i яшчэ... мама была няшчасная, бо не дай Бог нiкому перажыць пяцёра сваiх дзяцей.

Але i ў беднасцi, i ў горы мама была шчаслiвая тым, што выраслi, вывучылiся астатнiя дзецi, нарадзiлiся ўнукi...

Першая песня, напiсаная мной з кампазiтарам Эдуардам Зарыцкiм, была прысвечана маме i пачыналася словамi: "Ты ў свеце самая прыгожая..."

Я ганаруся сваёй мамай за прыгажосць яе душы, за яе чалавечую годнасць i мужнасць, з якой яна прайшла праз усе жыццёвыя выпрабаваннi, асаблiва ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Мама выпякала партызанам хлеб, а калi немцы спалiлi хату, засталася з партызанскiм атрадам у лесе.

Дзякуючы толькi ёй мы, чацвёра яе дзяцей, засталiся жывымi, вырвалiся з нямецкага акружэння на Палiку, дзе загiнулi сотнi i сотнi людзей, нават без дзяцей на руках.

Дзякуючы ёй мы не памерлi ад пасляваеннага голаду, калi не было нi крошкi, нi лушпiнкi, нi зернетка. Гэту "ласку" жыцця я добра памятаю.

Дзякуючы маме мы не памерзлi ў сырой i халоднай зямлянцы, уратавалi свае душы ад жорсткасцi i нянавiсцi да ўсiх i ўсяго. Мама не скардзiлася, не ныла, яна змагалася за нас...

Усё сваё жыццё, колькi памятаю, мама не выпускала з рук iголку "абнаўляла" кожны вечар да позняй ночы нам i сабе вопратку, ляпiла i ляпiла лацiну на лацiну...

Каб звязаць тыя нiткi ў адну, можна было б абматаць зямны шар, як клубок...

Каб прыкласцi тыя лацiны адна да другой, атрымаўся б агромнiсты, на ўсё неба транспарант, на якiм можна было б напiсаць, бачнае ўсяму свету: "Слава КПСС!"

Бацькi дажывалi свой век у дзесяцiметровым пакойчыку - у бараку ў Вознiцкiм завулку ў Менску, куды iх забраў брат Косцiк, калi я служыў у войску. Сам я жыў з жонкай i дачкой у васьмiметровым пакойчыку на агульнай кухнi, разам з другой сям'ёй.

Бягу, бывала, да бацькоў праведаць iх, ведаю, што галодныя сядзяць, але ў самога ў кiшэнi тры рублi, а да палучкi - тыдзень. Заскочу ў краму, куплю бутэльку малака, пару тварожных сыркоў, батон ды маме цытрамону ад галаўнога болю. Вось рубель i "ляснуў"! I гэтак кожны раз - страсаеш капейкi, бо самi з жонкай не маглi звесцi канцы з канцамi.

Вось i перабiвалiся мае бацькi з хлеба на ваду, а тыя, хто наўмысна стварылi такiя ўмовы iснавання, жыравалi, адгарадзiўшыся ад людзей хлуслiвымi лозунгамi. Прыдумалi так званую "савецка-партыйную" работу, якая дазваляла i жыраванне, i персанальныя пенсii, а вось за жыццё, аддадзенае дармавой калгаснай катарзе, не плацiлi анiякай пенсii.