Тут выйшла з хаты жонка:

- З кiм ты там размаўляеш?

Я разгубiўся i збянтэжана ляпнуў:

- Я?.. Я тут сяброў сустрэў...

Жонка азiрнулася i нiкога не заўважыла.

- Ты ўжо зусiм здурнеў на старасцi гадоў! Сам з сабой гадзiну нешта плешчаш... Iдзi палуднаваць!

Пагладзiў я тапарышча, уздыхнуў i пасунуўся ў хату, памятаючы, што чакаюць маёй падзякi i рыдлёўка, без якой не пасадзiш дрэўца, не ўскапаеш грады, i вiлы, i гэбаль, i граблi, i пiла з малатком.

АКНО

Што можна ўбачыць, гледзячы з хаты ў акно? З гарадской кватэры можна, напрыклад, убачыць процьму машын, атруцельнiц паветра, табалу мiтуслiвых, занепакоеных сваiм жыццём людзей цi сабак, якiя загаджваюць без таго загаджаную зямлю, - iдзеш i няма куды ступiць.

Зiмой можна бачыць, як тыя ж сабакi апаражнiлiся, а праз некалькi хвiлiн на гэтае жа "замiнiраванае", але прыпудранае снегам месца кладуць дыванок цi дарожку, каб "асвяжыць"...

Яшчэ можна бачыць, як насупраць, на балконе суседняга дома, гаспадыня старанна развешвае вымытую пасцельную бялiзну ды свае начныя кашулi, а праз хвiлiну, на другiм балконе, этажом вышэй, другая гаспадыня вытрасае пыл i смецце з сваiх падножных ануч - той пыл, як дышла, упiраецца ў зямлю...

Яшчэ можна назiраць, як... А цi варта пералiчваць тое, што нам добра вядома i даўно намазолiла вочы? Няхай яно застаецца там, дзе не можа не быць. Лепей сяду я ля акна бацькоўскай хаты ў сваёй Карпiлаўцы, глыну свежага паветра i паспрабую ўбачыць вачыма душы, поглядам сэрца тое, што адбывалася на невялiчкiм кавалачку зямлi.

На жаль, адбывалася тут рознае, сярод якога i сумнае, i трагiчнае. I галоўная трагедыя ў тым, што зямля, адчуўшы нядбайныя адносiны да сябе, перастае радзiць, нiбы помсцiць людзям за тое, што тыя адвярнулiся ад яе...

Гляньце ў акно. Вунь палi, на якiх колiсь каласiлася жыта i ячмень, прываблiвала пчол грэчка, набiрала моц бульба. А вунь жанчыны, сярод якiх i мая мама, iрвуць калгасны лён. У кожнай жанчыны свой надзел, свая норма. Лён iрваць рукамi цяжка, марудна. Да жанчын падыходзiць з ружжом за плячыма падлетак. Гэта я, разявiўшы рот, цягаўся па лесе. Нешта ж мне стрэлiла ў мазгi, i я, паклаўшы ламанку, памагаю маме адужаць яе надзел.

Мама з гонарам паглядзела на жанчын - вось якi ў мяне сынок! Але я, скубянуўшы некалькi разоў, iду дамоў адпачываць - "спрацаваўся" на паляваннi. Вось табе i сынок!

А вунь, правей, ужо другiм днём, гэты ж падлетак важна сядзiць на скрынi, пастаўленай на падводу, i кiруе паркай коней. Конi ступаюць паволi, бо абапал падводы гэтак жа паволi iдуць жанчыны, якiя на хаду збiраюць каменне i кiдаюць у скрыню. Каменне невялiкае, але яго многа, аж поле белае, вось i трэба зямлю "прыбраць" перад пасяўной. Такая працэдура паўторыцца праз два-тры гады зноў, бо каменне выворваецца, вымываецца дажджамi - расце, як грыбы...

Сёння, амаль праз паўвека, сустракаюцца тыя, "мае", крушнi...

Раптоўна трывожна зацiўкалi птушачкi i замiтусiлiся на вiшнi ля майго акна, адарваўшы мяне ад успамiнаў. А-а! Гэта суседская котка Лялечка iдзе да мяне ў госцi! Мушу iсцi i я да дзвярэй, сустракаць яе, бо нельга сваю сяброўку пакiдаць без увагi i пачастункаў...

Вяртаюся да акна i "бачу" галоўную штогадовую падзею - малацьбу жыта.

Камбайнаў раней было мала, наша брыгада знаходзiлася ў самай глыбiнцы, таму жыта касiлi косамi. Прывязвалi да касiльна арэхавую цi лазовую дугу, каб яна захоплiвала высокае жыта, i клалi пракосы. За намi iшлi жанчыны, круцiлi перавяслы i вязалi снапы. Потым снапы звозiлi i складвалi ў сцiрты, i тыя сцiрты пакорна чакалi прыбыцця ў нашу брыгаду камбайна.

Вось камбайн пад'язджае да сцiрты, i камбайнёр уключае барабан. Са сцiрты два чалавекi пачынаюць скiдаць снапы, з якiх унiзе хуценька здзiраюць перавяслы i жыта каласамi ўперад падаюць у барабан.

Ля бункера стаяць падводы са скрынямi, куды будзе ссыпацца вымалачанае зерне.

Абслугоўваць барабан цяжка - патрабуецца спрытнасць i рухавасць.

Ды i асцюкi з пылам лезуць у вочы, за карак, закаркоўваюць вушы, нос. Таму мы ўвесь час мянялiся - то скiдалi са сцiрты снапы, то глыталi пыл з асцюкамi ля барабана.

Калi заканчвалася адна сцiрта, пераязджалi да другой. У канцы дня цяжка было пазнаць адзiн аднаго, настолькi мы абрасталi "хлебным" пылам i смеццем ад саломы.

Малацьба працягвалася не адзiн дзень i заканчвалася шумным застоллем. Камбайнёра з памочнiкам садзiлi на куце, бо яны - галоўныя асобы, i налiвалi iм поўныя шклянкi самагонкi...

А вось i зiма! Бялюткая, пушыстая, усё зiхацiць i пералiваецца iскаркамi пад сонечнымi промнямi! А колькi цецерукоў вунь на тых бярозах! Чорныя, аж блiшчаць на сонцы - вачэй не адарваць! Яны вабяць да сябе, казычуць паляўнiчае сэрца - i я не вытрымлiваю. Хапаю ружжо, накiдваю ватоўку i выскакваю з хаты.

Цецярук - птушка асцярожная, хiтрая. Мала таго што садзiцца на бярозы, з якiх бачна ўсё наваколле, дык яшчэ падстрахоўваецца "вартаўнiком". Той чапляецца за самую вяршыню i не ласуецца, як усе, бярозавымi завушнiцамi, а пiльна пазiрае навокал.

Цi ж мог я, падлетак, пачынаючы паляўнiчы, падкрасцiся да iх незаўважаным? Мне здавалася, калi я лягу на снег i буду пацiху падпаўзаць, яны на мяне не звернуць увагi. Дзiвак!

Напоўзаюся, бывала, за дзень да поўнай змакрэласцi - i вопраткi, i абутку.

Ледзь толькi я падпаўзаў на небяспечную для iх адлегласць, яны лапаталi крыламi i пераляталi на другiя барозы. Але гэта мяне не спыняла. Азарт распаляў, i я старанна пракладваў у снезе жыватом глыбокiя барозны.

Пазней я даведаўся, што цецерука можна "браць" на такавiшчы цi наганяць на другога паляўнiчага, якi схаваўся.

А ёсць самы надзейны спосаб - запрэгчы каня, сесцi ў санi i роўненька ехаць да тых цецерукоў. Чамусьцi яны зусiм не баяцца чалавека на санях цi на падводзе.

Паступова цецерукi, якiх была цэлая процьма, пачалi знiкаць з нашых лясоў. Кажуць, што iх паатручвала хiмiя. Магчыма, i хiмiя або нашкодзiлi яноты цi яшчэ якая халера, але яны знiклi. Гадоў пяць назад можна было ранiцай цi вечарам паслухаць iх чуфыканне ды балбатанне альбо ўбачыць аднаго-двух на бярозах. Сёння лясы маўчаць, бярозы асiрацелi...

Аказваецца, цецярук - яшчэ i прадказальнiк зiмы. Мой сусед-нябожчык, якi пры жыццi дрэнна чуў, прасiў мяне напрыканцы лета: