Менавiта Луцыя як гаспадыня атулiла дзяцей цеплынёй i пяшчотай, менавiта яна гатавала iм есцi, укладвала спаць, бо прыслугi ў доме не было. А ў Лявiцкiх - i сваiх чацвёра дзетак!

Сучасным "панам" такое высакародства i не снiлася...

А як свяцiлiся цеплынёй мамiны вочы, калi яна расказвала пра "панi Лявiцкую"!

- Што была за душа! Якая дабрыня! Папросiць, бывала, карпiлаўскiх жанчын памагчы зжаць сярпамi жыта, а сама вакол нас збiваецца з ног - i памагае, i нясе з дому розныя вясковыя прысмакi, i частуе нас i кожную жанчыну называе душачкай...

Кажучы "мой Ядвiгiн Ш.", я, у першую чаргу, як яго аднавясковец, бяру большую частку нашай агульнай вiны за недастатковае ўшанаванне памяцi знакамiтага пiсьменнiка.

Толькi патрыёт сваёй зямлi, чалавек з высокiм грамадзянскiм пачуццём мог сказаць: "Мова - гэта кроў народа..."

Ад сябе магу дадаць, што належнасць да нацыi, да сваёй зямлi, да гiсторыi сваёй Радзiмы немагчыма, калi ў сэрцы перастала гучаць родная мова.

Духоўная абяскроўленасць, абыякавасць да мiнулага i будучынi - вось дыягназ нашага сучаснага захворвання.

Лёгка пачысцiць крынiчку Ядвiгiна Ш. - цяжэй нашу застойлiвую несвядомасць i непавагу да сябе.

ДВА БАКI МЕДАЛЯ

Перакруцiўся мой лёс настолькi, што я, вясковец да апошняй крывiнкi, зрабiўся гарадскiм жыхаром. I, як па той прымаўцы - гадка есцi, ды не кiнеш, мушу жыць сярод чужога сэрцу, непатрэбнага душы асяроддзя.

З узростам гарадское жыццё робiцца невыносным, даядае i апошняiя нервы, i астатняе здароўе.

Што б я рабiў, каб мяне не чакаў i не сустракаў карпiлаўскi старэнькi дамок? Як толькi выпадае магчымасць, я iмчу туды напiцца вачыма родных мясцiн, наталiць сэрца водарам шчымлiвых успамiнаў i галасамi мiнулага.

З маладосцi прылятаю сюды хоць на гадзiну - i ў маразы-завеi, i ў дажджавую макрэчу, i ў спякоту.

Асаблiва люблю прыязджаць у вёску зiмой. Аўтобус давозiць да Жукаўкi, ад якой да Карпiлаўкi ўсяго два кiламетры.

Што гэта за кiламетры! Цуд! Дарога праз лес! У лесе цiха, бялютка, чыста. Сляды вавёрак, зайцоў, лiсаў, ласёў. Кожнае дрэва знаёмае - джгаеш бадзёра i ўсхвалявана. Сустрэча з роднымi мясцiнамi - заўсёды свята!

I вось аднойчы зiмой саджуся я ў аўтобус i еду ў Карпiлаўку. Апрануты па-паходнаму: старэнькая шапка, паношаная куртка, боты. У вёсцы трэба i снег расчысцiць, i дроў прынесцi, i печ распалiць - у чыстай вопратцы рабiць гэта нязручна.

Еду я ў аўтобусе, разглядаю пасажыраў, адшукваю сярод дачнiкаў мясцовых жыхароў, знаёмых. Аўтобус быў паўпусты, знаёмых я не ўбачыў i перавёў погляд на праплываючыя краявiды.

Потым звярнуў увагу на мужчыну майго ўзросту, якi сядзеў перада мной, важна адкiнуўшыся на сядзеннi, ганарлiва задраўшы галаву.

Калi ён павярнуў яе крыху да акна, я пазнаў у iм Толiка з Лекараўкi. Калiсьцi, у маладосцi, я дапiнаў на вечарынкi ў тую Лекараўку, хоць знаходзiцца яна ад Карпiлаўкi няблiзка. Толiк граў на гармонiку, i я нядрэнна заломваў мяхi - мы нават падсяброўвалi.

Увогуле, моладзь адной вёскi тады ведала моладзь з усiх навакольных вёсак.

- Толiк! Здароў! - пляснуў я яму па плячы. - Ледзь пазнаў цябе!.. (А не бачылiся мы гадоў дваццаць.)

На Толiкавай задранай угару галаве была андатравая шапка, на плячах рацiнавае палiто. Нiчога ў гэтым дзiўнага не было, ён ехаў у сваю вёску да бацькоў - не ў ватоўцы ж ехаць.

У адказ на мае словы Толiк, не паварочваючыся, кiнуў нядбайна ўбок:

- Прывiтанне!.. - i яшчэ вышэй "заламаў" галаву.

Я пачаў распытваць пра жыццё, пра справы, пра лёс. Толiк адказваў, але скупа:

- Жыву, як бачыш, добра... Працую таксiстам... (Тут быў зроблены асаблiва ганарлiвы нацiск.)

Магчыма, таму, што бачыў на мне сцiплую вопратку, ён адказваў на ўсе пытаннi, як кажуць, праз губу. Адказваў на пытаннi - i не больш. Нiякiх сустрэчных пытанняў, нiякай зацiкаўленасцi да мяне.

Бачу, што размова не атрымлiваецца, адварочваюся да акна i працягваю любавацца краявiдамi.

Праз некалькi хвiлiн маўчання ён задаў "дзяжурнае" пытанне:

- А ты як?

Я i сам, ужо без цiкавасцi, гэтак жа дзяжурна адказаў:

- Ды так... Жыву...

Зноў памiж намi насцярожылася цiшыня.

Вось як бывае: непрыемная гаворка, непрыемнае маўчанне, гады падзяляюць людзей, аддаляюць iх, робяць непатрэбнымi адзiн аднаму. (Ёсць, на шчасце, i прыемныя выключэннi.)

Зноў праз Толiкаву губу вывальваецца пытанне:

- Ну а працуеш ты дзе?..

Пытанне было зададзена, i я мусiў адказаць:

- Я - маёр мiлiцыi...

Божа мiлы! Што зрабiлася з Толiкам! Чалавек iмгненна перамянiўся крутнуўся да мяне, ледзь сядзенне не выкруцiў. Куды дзелася ганарыстасць i фанабэрыстасць?! Вочы яго заззялi, прыемная ўсмешка ўпрыгожыла твар, вусны не спынялiся нi на хвiлiну.

- Слухай, Сярога! Давай сустракацца! Вось мой адрас, мой тэлефон! Трэба па сто грам зрабiць! Якая сустрэча! Мы ж былi сябрамi!..

Усё гэта паходзiла на анекдот, на сатырычнае кiно, не верылася, што ўсё гэта я раптоўна ўбачыў у жыццi, побач з сабой. Здзiўляюся, навошта насiць у сабе такi хлам, такi непатрэбны цяжар - другога, штучна створанага, адмоўнага чалавека?

Гэта ж так проста i лёгка - заставацца самiм сабой.

ШЧАСЦЕ

Складанае гэта паняцце - шчасце.

Да яго ставяцца даволi легкадумна i карыстаюцца iм налева i направа.

Часта можна пачуць:

- Я шчаслiвы чалавек!

Безадказная i бяздумная заява.

Такое можа сказаць толькi дзiця, акружанае дабрабытам i бацькоўскай ласкай.

Толькi дзецi, пры наяўнасцi неабходных умоў, могуць адчуваць тое, што завецца поўным шчасцем.

Ды i iх крохкае шчасце засмучаецца дзiцячымi перажываннямi i шчырымi слязьмi, нават ад страты любiмай цацкi.

Дарослы чалавек, з нармальным светаўспрыманнем, хаця i не перажыўшы асабiстай нейкай трагедыi i гора, не назаве сябе шчаслiвым, бо iнфармацыйны цiск з усiх бакоў такi моцны i жорсткi, што шчаслiвым, у поўным сэнсе гэтага слова, можа лiчыць сябе толькi сляпы, глухi i з каменным сэрцам чалавек.

Хiба ж можа чалавек, пахаваўшы сваiх бацькоў, некага з родных цi блiзкiх сяброў, а калi i не пахаваўшы, то назiраючы кожны дзень па тэлевiзары, як лiецца кроў, сказаць:

- Я шчаслiвы!

Чалавек з узростам апускаецца ўсё глыбей i глыбей у перажытае i словам "шчасце" можа карыстацца толькi па нейкаму выпадку: