Изменить стиль страницы

III

Не, не ведаў ніхто, скуль паўстала яна,
        Гэта думка нябёс і зямлі.
Эх, убралі ж яе светлы май і вясна —
        З златаблескаў хмурынку сплялі!
Пазірала яна, зачароўвала ўсіх
        Шаўкаруннымі пасмамі кос,
Радасць, моцны прываб адбіваліся ў іх,
      I шчаслівым здаваўся іх лёс.
I ляжала вакол без канца-берагоў
        Гэта даль, задумення пячаць.
Хмарка хоча паплыць па бязмежжы святоў,
        Каб жыцця свайго радасць пазнаць,
Бо для шчасця свайго і для ўцехі зямлі
        Была выткана сонцам яна,
I да думкі такой усе згодна прыйшлі:
        Неба высь і зямлі нізіна.
Але вецер падзьмуў, падняліся віхры
        Там, дзе вечны здаваўся спакой,
Здрыганулася высь, узыгралі віры
        Гэтай багны надземнай пустой.
I халодны віхор, бурагон-сухавей
        Гэту хмарку-красуню чапіў,
Летуценне яе, радасць светлых надзей
        Паламаў, пакрышыў і пабіў.
— Ой, як ночанька яснютка!
У ноч гэту грэх і спаць.
Як прыгожа, як святлютка
Шыбы ў месячку блішчаць!
Хоць прысяду на пасцелі,
Пасяджу каля акна…
Спяць усе, як бы памлелі,
Толькі я не сплю адна.
Ганна коўдру адхіляе,
Штось ва плечы накідае
I садзіцца на пасцель.
За акном агнямі ззяе
I іскрыцца снегу бель.
Стынуць вербы, бы змярцвеўшы,
Тчэ мароз ім свой узор.
Бы кахае іх, адзеўшы
Чараўны на іх убор.
У іх косах месяц ззяе,
Зоры сінія гараць…
I княгіня, хоць якая,
Так не зможа шчагаляць…
Эх, мароз, эх, дзед жартлівы!
Ты — аматар і штукар
Распісаць на шыбах дзівы,
Гожства поўныя і чар.
Халады, віхура свішча,
Хаты ў снезе аж да стрэх,
У тых комінах — ігрышча:
Плач надрывісты і смех.
Лес, да ніткі абадраны,
Як за подаці мужык,
Замест лісця ў бель убраны,
Іней тчэ яму башлык.
I палёў змярцвелі гоні,
Снег, бы посцілка, ляжыць,
Пуста, гола, — і вароне
Трудна корму дзе спажыць.
А мароз і не шманае,
Як бы ён тут і не лыс,
I на вокны накідае
Свой малюнак-рукапіс.
I маляр ніякі ў свеце
Паспрачацца з ім не можа:
Хто напіша так прыгожа
Аб тым ясным, светлым леце?
Тут свабодны ўзлёт малюнкаў,
Тут шырокі светазор,
Тут і пальмы ўсіх гатункаў,
I каралі ясных зор,
I дарожка тканкі тонкай,
Ручаінкі беражок,
Тут бяжыць у дзве старонкі
Зорна-роўны ланцужок;
Тут цукровыя чароты,
Лісце буйнае дубоў,
Спелых нівак пазалота,
Сноп нажатых каласоў;
Тут пляцёнкі-завітушкі,
Стрэлы гонкія, шчыт, лук,
Тут і пер’е райскай птушкі,
I ўсялякіх многа штук.
А як сонца блеск агністы
Гляне з усхаду ў акно, —
Загуляе жар іскрысты
Шугне полымем яно.
Ззяе шыбка, аж ірдзіцца,
Грае чырвань-пераліў
I стварае столькі дзіў,
Што не можаш надзівіцца.
У ноч месяц той чароўна
Ткань марозу серабрыць,
Мілай казкі гожа-роўна
Тчэ-пляце за ніццю ніць.
Ганна ў думках пазірае
У халоднае акно.
Ноч далёка рассцілае
Снягоў белых палатно.
Ціха, мёртва і тужліва,
Толькі лускае мароз,
Толькі зрэдку баязліва,
Бы ца твары колькі слёз,
Іней скінецца з галіны
Зачарованай вярбы.
«Дзе ён, мілы, мой ядыны?
Дзе, бяздомнік мой любы?
Дзе ён ходзіць, лёс шукае,
Паднявольнік-галубок?
Кут-прытулачак ці мае?
Ёсць ці не яму хлябок?
Хоць прыходзіла б вясенька
Ды павеяла цяплом:
Пад жывым яе крылом
Жыці болей весяленька;
Хоць бы лецейка любое
Надыходзіла хутчэй:
Доля-жыцце, хоць ліхое,
Летам чуецца лягчэй…
Эх, мароз, мароз траскучы!
Шклечкі краскамі ты ўбраў,
Толькі ж холад твой пякучы
Краскі ў полі ўсе пабраў.
Тчэш красёнцы ты прыўдала;
Лёд — аснова і вуток,
Снег — і цэўкі[43] і сукала[44],
Іней-зоры — твой чаўнок.
Для чаго ж у зімні холад
Ты красёнцы лета тчэш
I пад свой халодны молат
Сэрца жар мой ты кладзеш?
Месяц, ты блінок ясненькі!
Ходзіш ты ў далёкі край!
Дзе ж музыка маладзенькі?
Хоць ты вестачку падай!»
— Ганна, што табе не спіцца?
Час за поўнач, а яна
Села там і не лажыцца,
Як прышыта да акна! —
Маці Ганну аклікае,
Прымушае дочку спаць
I чагось сама ўздыхае,
А чаго? Адной ёй знаць
З таго часу, як музыка
Тут убогі пабываў,
Змена з Ганнаю вяліка,
Бы яе прычараваў.
Ганна стала больш маўкліва;
Зойдзе ў сад, сядзіць адна,
Штось там думае яна;
Проста матку брала дзіва —
Гэта змена так відна.
Паскупела і на словы,
Ні яе тут распытаць,
Ні пачуць яе тут мовы, —
Ну, дзяўчыны не пазваць!
А надыдзе ёй мінута,
Зараз песню завяла,
I душа ёй разамкнута,
Бы дзень майскі, весяла.
Ды дзіўная ўсё ж дзяўчына:
Песні складвае сама.
А да песень — малайчына, —
Ну, ёй роўных тут няма.
Ці ўрадзілася такою,
Ці яе тут ураклі
I часінаю ліхою
Насланое навялі?
Ці пара яе такая,
Час дзявочае вясны?
Матка думае-гадае,
I нішто не памагае —
Ні знахар, ні шаптуны.
Час прайшоў — паспакайнела,
А спаткала яго — зноў
Штось у сэрцы зарунела:
Не астыла тая кроў.
Так за днямі йшлі дзянёчкі,
Распускаўся сад, лясы,
Зацвіталі і вяночкі
Той дзявочае красы.
Ганна — красачка дзяўчынка:
Рост у меру, тонкі стан, —
Пазайздросціць ёй былінка,
Што аздобіла курган.
Вочы Ганніны — дзве зоркі,
Броўкі — выгібы крыла,
Грудкі — дзве блізніцы-горкі,
Як сад, Ганна расцвіла.
Ды часамі задуменне
Ценем зляжа ёй на твар.
Сэрца ведае тамленне,
Сэрца знае слодыч мар.
Надыходзіць тройчы лета;
Жджэ яго ды жджэ дарма:
Няўжо ж тая песня спета
I ёй водгулля няма?
«I чаму ён — вось пытанне, —
Ганна думала не раз, —
I ў апошні той наш час,
У той мілы час спаткання,
Не схацеў зайсці да нас?»
Нейкі жаль бярэ дзяўчыну,
Сэрца смуціцца яе —
Тры вясны з пары тае!
Не: напэўна ёсць прычына.
Абяцаўся ж ён так шчыра,
Як той родны, як той брат…
Паляцела пташка ў вырай,
Пташка вернецца назад.
Жывяць зноў яе надзеі,
Думкі светлыя ўстаюць,
Зноў у сэрцы санцавеі
Ёй красёнцы шчасця ткуць.
I так любы думкі тыя,
Што гутораць ёй аб ім!..
Чары-мары веснавыя,
Іскры сэрца залатыя!
Вы знікаеце, як дым.
Ды каму агнём ружовым
Не свяцілі вы ў жыцці?
Хто не верыў вашым словам
У шчаслівым забыцці?
Жне Гануся ў полі жыта,
Сонца цешыцца з яе;
Конік гожа-самавіта
Песню ёй сваю пяе.
Ганна ж песню заспявае, —
Яе слухае лясок,
Тую песню пераймае
I той звонкі галасок.
А як пройдзе дождж шумлівы,
Сець працягне па зямлі,
Загрыміць раўчук бурлівы,
Стануць лужынкі ў раллі.
Ідзе жнейка праз гаёчак,
Спыніць лужынка яе:
«Ты пацешся з сваіх вочак,
Глянь на брованькі свае».
I прыпыніцца дзяўчынка,
Каб адбіцца ў люстры тым,
Дзе глядзіцца і ялінка
Верхам пышным і густым.
Дно той люстры чорна-чорна,
Як растопленая смоль; —
Там блакіт нябёс надгорны,
Бы ўглыб кінутая столь.
Ганна схіліцца над лужай,
Косы звесяцца з пляча;
Там садовай свежай ружай
Адбіваецца дзяўча.
Усмех шчасця, здавалення, —
Ганна цешыцца сабой.
«Ты прыгожа на здзіўленне», —
Люстра тое кажа ёй.
I па нейкай тут прычыне,
Нібы ўсплыўшы з глыбіні,
Сон успомніўся дзяўчыне,
Сон забыты, сон дзіўны.
I ёй нават страшна стала —
То напэўна сон ліхі:
Яна ў цёмны вір упала,
Голас чула там глухі:
«Я зраблю цябе русалкай,
Для цябе свет прападзе!
Белай кветкаю-купалкай
Будзеш гушкацца ў вадзе».
Расступіўся вір шырока,
Мільгатнула яго дно,
I згусціўся мрок глыбокі,
Свету, сонца не відно.
Захапіла дух Ганусі:
«Я тут кінута на здзек…
Ой, ратуйце! захлынуся!
Ой, прапала ж я навек!»
Ноч дзяўчыну агарнула,
Завярцеў яе той вір,
Цяжкім сном яна заснула,
А пасцель — халодны жвір.
Аж пачула — грае скрыпка,
Скулься музыка плыве.
«Ганна, Ганна! я тут, рыбка! —
Гэта ён яе заве. —
Ты не бойся: я з табою».
I падаў ён ёй руку;
Ён змагаецца з вадою.
«Смела, смела йдзі за мною».
Вось яны ўжо на гаку.
Знікла тая небяспека,
Свет адчынены ёй зноў?
Цёмны вір шуміць далёка,
Вір не выйдзе з берагоў,
А ён зорыць ёй у вочы,
I так добра стала Ганне —
Быў салодак час спаткання…
То напэўна сон прарочы.
Думалася ўсяк дзяўчаці,
Знала яснасць і смугу.
Заўважала яе маці
Гэты смутак і тугу.
— Ох, дачушка! ты дзіўная;
Ну, ці ж можна рабіць так?
Выкінь з дум яго, дурная:
Ён — вандроўнік, ён — жабрак,
Сам без хлеба, сам без хаты,
Мо разбэсціўся адзін…
Ты пільнуйся лепш Кандрата:
Гаспадарскі гэта сын.
— Ці ж я, мама, вам абрыдла,
Ці шкадуеш ты мне хлеба?
Мне сватоў гэтых не трэба —
Многа ёсць такога быдла.
— Ой, глядзі, змяняеш быка,
Ды змяняеш на індыка.
Хіба зловіш ветру ў полі?
Вецер ветрам быў і будзе!
Ды што скажуць табе людзі?..
I мне рупіць твая доля!
З-паміж хлопцаў-кавалераў
Быў адзін такі тут жох,
Што сябе занадта мерыў
I ў хлапцоўскасць сваю верыў
I меў рызыкі на трох.
Стаў за Ганнай валачыцца
Хвалька гэты, Дамянік —
На каханкі ён навык,
Абы толькі падражніцца.
Толькі ж тут не пашанціла,
Як ён лістам ёй ні слаў,
Як рука вус ні круціла,
Як вачыма ні ўскідаў.
Ён з сябрамі закладаўся
Сэрца Ганны паланіць,
У два тыдні — пахваляўся —
Ганна будзе дух раніць,
Будзе з ім шукаць спаткання,
I паступіцца усім,
I ўсе выпаўніць жаданні —
Хоць у пекла пойдзе з ім.
Зачалося ўсё з пустога,
Але скончылася так,
Што наш дока, зух і гога
Сам уклюкаўся, бядак, —
Жабраком хадзіў за ёю,
Ёю жыў і сніў яе;
Ён не ведае спакою,
Мысль аб ёй жыць не дае.
«Эх, дурніца ж я, дурніца!
Вось дастукаўся чаго!»
А Гануся-чараўніца
Пасміхалася з яго.
— Ці ж ты хочаш маёй мукі?
Ці не бачыш, як тужу?
Я на ўсё пайду: і рукі
На сябе я налажу!
I сябе са мной загубіш —
Да таго ты давядзеш,
Але той, каго галубіш,
Не, не прыйдзе — не прыжджэш!..
вернуться

43

Цэўка — драўляная трубачка.

вернуться

44

Сукала — прыстасаванне для насуквання пражы на цэўку.