Изменить стиль страницы

III

Абудзіўся хлопец рана.
Ён не спіць ужо даўно;
Промень сонца з-за каштана
Зазірнуў яму ў акно.
Сонца ўсюды ходзіць з ласкай,
Сонца свеціць роўна ўсім;
Сонца — радасць, сонца — казка,
Што зганяе з сэрца дым.
У Сымонкі думак многа,
Не запішаш нават іх,
У іх ёсць свая дарога,
Сцежак тысяча крывых!
Перадумаў ён нямала,
Многа ўспомніў тут чаго,
I пытанне вось займала:
Што патрэбуюць з яго?
Тут усе яму чужыя,
I ён тут усім чужы,
Толькі кухар таўсташыі
З ім бы трошкі падружыў,
Хоць прамовіў хлопцу слова,
Хай сабе на свой фасон.
Тут усё для хлопца нова,
Як бы сніць ён нейкі сон.
А мо гэта і ёсць зданне,
I ўсё знікне, як туман?
Аж тут зараз па сняданні
Заклікае хлопца пан
Учарашні, пан Галыга,
Ды куслівы ж ён, псялыга!
— Ну! музыка саматужны,
Пакажыся, што за «грач»[28].
Жарты, смех пранёсся дружны.
— Стасю, Вітак, Ян! пабач,
Што за сурдут адмысловы
Або майткі!.. Як се маш,
Пан вяльможны, краль замковы!
Нашу просьбу, пан, заўваж! —
Так сустрэлі там Сымона
Хлапчукі і гэты пан,
Бы прыбілася варона
Ў лебядзіны панскі стан.
I які з яго музыка?
Што за «фацата»[29] знайшлі?
I ці можа быць вяліка
Вартасць з гэтакага лыка,
Сына торбы і зямлі?
Ды Сымон не паддаецца,
Скрыпку ён сваю бярэ, —
Струнны звон чароўна льецца,
То дужае ён, то мрэ.
Адгукнуліся пакоі,
Падхапілі гожы зык;
Спалі жартаў тых настроі,
Прыкусілі ўсе язык.
А Сымон іграе-творыць,
Ён забыўся, ён не тут,
З ім цяпер той лес гаворыць,
А там вочкі чыесь зораць,
Разліваюць нейкі цуд
I вяселяць струнны гуд,
Адчыняюць ім прасторы.
То не музыка — натхненне,
Сэрца жар, агонь душы,
Златаіскрае імкненне,
Песня зорнае вышы.
Пан Галыга збіты з тропу,
I не верыць ён вушам,
Ён вачэй не зводзіць з «хлопа»,
Чарам тым паддаўся сам.
— Гм! цікава!.. Ну, здзіўленне!
Але тэхнікі ёсць брак…
Гм! праўдзівы ты мастак! —
Пан сказаў у заключэнне.
Ён музыкам быў у замку,
Капельмейстра меў пасад.
— Ты, відаць, хлапчына цямкі,
А цяпер такі загад:
Я зайграю на раялі,
А ты ўтор мне падбяры.
Вочкі ў хлопца забліскалі,
Слухаў ён хвілінкі тры,
Потым зразу ў тон цаляе,
Падбірае гэты ўтор,
Тахт ні разу не губляе, —
Смеласць чуецца, прастор.
— Маладзец! — сказаў Галыга. —
А ты граматны ці не?
— Дзе ж было вучыцца мне?
Абмінула мяне кніга! —
Хлопец кажа ў засмучэнні…
— А што гэта вось, панок?
— Гэта? нотавы станок…
Але, хлопча, без вучэння
Пуста будзе тлумачэнне.
Гэта ёсць такое поле,
Дзе арэ, але не плуг,
Дзе скародзяць, ды не ролі,
Дзе сявец, ды не пастух,
I ён сее не насенне:
Тут пакінуў след натхнення
Іншы сейбіт — творчы дух.
А збірае гэта жніва, —
Зазначае пан пыхліва, —
Той, хто ведае навукі.
Слухай вось, глядзі, малы! —
На раяль кладзе пан рукі,
I марш грымнуў удалы.
Льюцца гукі гучна, бурна,
Віхрам кружацца-плывуць,
Выкрунтасіста-бравурна,
Аж паветра тое рвуць.
— Чуў, што ў знаках тых замкнёна?
Бач, як ноты ажылі!
А Сымон глядзіць здзіўлёна
I не чуе той зямлі.
Вось дзівота, дык дзівота!
У пыл зражаны Сымон;
То на пана, то на ноты
Пераводзіць вочы ён.
Ну, ці ж гэта не здзіўленне?
Гукі робяць там сляды!
А той пан у здаваленні
Вус пакручвае руды.
— Ну, што скажаш? — Ой, паночку!
Я хацеў бы ведаць ноты…
Пашкадуй мае цямноты.
Навучы, скінь з мяне ночку,
Каб і я мог чытаць кнігі
I па нотах граць, як пан! —
Хлопец гне прад ім свой стан,
Не шкадуе той фатыгі[30].
Пан Галыга ўставіў вочы,
Нібы крануты быў ён.
— Гм, вучыцца ты ахвочы! —
Сам цяпер ён быў здзіўлён…
— Ну, ты вольны… там пабачым…
Ідзі ў сад сабе гуляй,
Але, хлопча, памятай, —
Помні ты свой лёс жабрачы!
Выйшаў хлопец на дзядзінец.
Ясны дзень… Багацце, пых,
А ён тут адзін, чужынец,
Ён адзін сярод чужых.
А ў душы бы вір віруе,
Новы свет устаў прад ім;
Ён так горне, так чаруе
Новым выглядам сваім.
Уваччу ўсё тыя ноты,
Кропкі, хвосцікі, кручкі…
Ох, як многа ў ім ахвоты
Расчытаць тыя значкі!
Як жа выканаць жаданне?
Як заслону тую зняць,
Што хавае свет пазнання,
Як заклятая пячаць?
А тут што ні крок, то дзіва,
Нібы баечны то кут!
Хлопец стаў, глядзіць маўкліва —
Хараство, багацце, цуд!
А той замак — ух, махіна!
Мур адзін наводзіць страх,
I няветла яго міна;
Перад ім ты — муха, прах!
Страшны замак, цяжкі, грозны,
Пара вежаў, як адна,
А навокал роў глыбозны,
I не згледзіш яго дна.
Колькі ж трэба было працы,
Каб тут вырасла гара?
Хто дбаў князю на палацы?
Хто назнёс яму дабра?
Хто выводзіў тыя вежы?
Хто той замак будаваў?
Златаблескія адзежы
Хто для сцен яго саткаў?
Чые рукі з мазалямі
Тут зняслі свае дары?
Потам, кроўю і слязамі
Сцамантованы муры!
Колькі роскашы — страхоцце!
А нашто яна? Каму?
На сваё зірнуў лахмоцце, —
Чаму стала так? Чаму?
I гарчэча-адчуванне
У ім кідае свой мут,
I ўстае ў душы пытанне:
«А дзе ж тая праўда тут?»
Ім — усё, а нам — нічога,
Адным жыць да панаваць,
А другім — адна дарога:
Сваё жыцце марнаваць!..
Не, не добра тут, журботна
I нейк воража-маркотна.
Ён ад замка ідзе ўлева.
Парк. У парку весялей,
I прыветней, і святлей;
Там гуторыць з дрэвам дрэва,
Між іх чуешся смялей.
А дарожак тых як многа!
I раўнюсенькі ж яны!
Слаўна тут, няма нікога,
Толькі спеў чуваць дзіўны.
Ён прыслухаўся — гудзенне,
Мяккі звон і роўны шум,
Сугалоснае злучэнне
Невыразных песень-дум.
Ён успомніў ноты, пана
I мелодыі ў знаках,
Ці не тут пясняр нязнаны
Ноты склаў у тых лістках?
Ён паслухаў: у гайданні
Гэтых голек спеў чуваць…
Зноў гарыць у ім жаданне
Мудрасць кніжную пазнаць.
О, які б ён быў шчаслівы,
Каб меў мудрасці той ніць!
Ён пайшоў бы ў свет маўклівы
Людзям вочы адчыніць…
Слаўна ў парку! А там, далей,
Лесу кудзерка відна.
Збоку хвоя — краля-краляй,
Так купчаста-зеляна!
Прыпыніўся пад той хвояй,
Лес успомніўся другі,
Лес далёкі, дарагі.
У тым лесе — яны двое.
Была рада так Ганулька!
Дрозд спяваў на ўсе лады,
Кукавала штось зязюлька,
Мо лічыла ім гады.
Ды якія? хто згадае?
Варажыла, ды пра што?
Эх, вясна ты маладая!
Хто не ведаў цябе, хто?
Заглядала ціш лясная
На льняныя дзве касы…
Толькі ён да сонца знае
Гэтых спеваў галасы.
I знайсці ён хоча слова,
Многа слоў, і слоў жывых,
Каб тых гукаў сэнс і мова
Ясна выліліся ў іх.
Бліснуць у бяздонні вячэрнія зоры,
Зямлю чуць авее таемная ціша, —
Імя тваё ў сэрцы мне думка напіша,
Імя тваё скажуць мне тыя прасторы,
Дзе срэбраны серп пазірае са ўзвышша,
I вочы твае мне паказваюць зоры.
Калі ясным ранкам адвечнае сонца
Запаліць у росах мільёны вясёлак, —
Я чую твой голас у шолаху зёлак,
Я чую твой голас у спевах бясконцых
Травы прыбярэжнай, дзе мыецца золак,
I усмех твой ясны адсвечвае сонцам.
I поўдзень, і вёчар, і ззянне дзянніцы,
Прасторы надзем’я, ружовыя далі, —
У моманце кожным сустрэчанай хвалі
Пакінуў мне вобраз твой след бліскавіцы;
З табою я ў шчасці, з табою і ў жалі,
Ты ўсюды мне ззяеш блісканнем дзянніцы.
Ты — мая радасць, маё летуценне,
         Ты — песня натхнення,
         Ты — зорак блісканне,
         Ты — голас світання,
Ты — краскавых струн дрыгаценне;
Ты — водгук сэрца, душы парыванне,
         Ты — выплыванне
         Вясёлкі агністай,
         Ты — блеск прамяністы,
Ты — сонцавых косак блуканне…
Быў у замку дзед Даніла,
Родам дзесь з-пад Мазыра.
Ласка князя прыхіліла
Дзеда тут паміж двара.
Бацька князя маладога
На Палессе наязджаў;
Вепраў біў, ласёў біў многа
I мядзведзяў паляваў.
Але раз быў зроблен воступ,
Пушча-цемра ў зімні час
Чула рог і людскі поступ
За ўсё жыцце першы раз.
I пакрыўдзілася пушча:
Хто ступіць смеў у яе?
I знак грозны невідушча
Верным служкам падае.
Устае мядзведзь, вылазіць
I, угнуўшы галаву,
Садзіць просценька на князя —
Разарву, моў, разарву!
I, як бура, націскае.
Князь злажыўся і — бах-бах!
Звер на лапы прысядае,
Зубы выскаліў і — шах!
Хто быў блізка — прэч з дарогі!
Князю некуды ўцякаць,
«Аман», — думае нябога,
Стрэльбу некаму падаць.
А мядзведзь вось-вось аблапіць,
На два крокі ўжо падбег,
Падабраць ён князя квапіць,
Ды ў той момант — шусь у снег!
— Кінь ты, княжа, сваю жынку,
Каб не смела пудлаваць!
Вось дзе стрэльба! — Паядынку
Стаў Даніла выхваляць.
— Хай звязаў я лыкам рулю,
Але пудла не дала,
I глядзі, якую дулю
У чмыс зверу паднясла!
Князь Данілу абнімае.
— Ты жыццё мне дараваў!
Як аддзякаваць, не знае.
— Што табе даць? — запытаў.
Паляшук-ляснік абцёрся,
Выняў люльку з капшуком,
Крок назад ступіў, прыпёрся
Ён да хвоі плечуком.
— Памяняйма, князь, на люлькі, —
Кажа проста паляшук. —
А ў прыдачу да крывулькі
Я табе, князь, дам капшук.
Засмяяўся князь, вымае
Сваю люльку, аддае,
А Даніла разглядае,
Рады, цешыцца з яе.
З таго часу ўжо ніколі
Князь яго не забываў,
I пасаду, лес і поле,
Ён яму падараваў.
Прыязджае князь, бывала,
На Палессе паляваць, —
Па Данілу пасылалі
Князя ў лесе праваджаць.
I ніхто так, як Даніла,
Не знаў пушчы той, лясоў.
Гадавала і ўскарміла
I Данілу, бы звяроў,
Шыр балотаў несканчоных,
Пушчаў дзікіх гушчары,
I ў яе таемных лонах
Чуўся панам у двары.
Потым князь забраў Данілу,
Прыпісаў яго ў свой двор,
Хоць яму і болып быў мілы
Бор палескі, родны бор.
Дзед Даніла парк вартуе,
Службу верна ён нясе,
Ўсё агледзіць і прачуе,
Ўсе куты ператрасе.
Тая ж вопратка мужыча —
Світка рудая і брыль.
Дзед Даніла ціха смыча,
Сам з сабою штось мармыча, —
Мо Палесся казка-быль
Дзеду думкі ўзварушыла,
Пушча ў памяці ўсплыла,
I душа па ёй тужыла, —
Паляцела б, каб магла.
Дзед пад хвояй штось зважае,
Павярнуў, ідзе туды.
— А ты хто такі? — пытае. —
Баравік ты малады?
— Я — замковы, дзедка, божы,
Ці не можна тут пабыць?
Тут так добра, гэтак гожа,
Лес — што з небам гаманіць.
Усміхнуўся дзед Даніла.
— Любіш, хлопча, лес?.. Эге ж,
Хараство ў лясочку, сіла…
А ты тут даўно жывеш?
вернуться

28

Грач — тут у сэнсе: музыка.

вернуться

29

Фацат (фацэт) — весялун, забаўны чалавек.

вернуться

30

Фатыга — клопаты, турботы.