Изменить стиль страницы

II

— Унь і замак, бачыш? вежы! —
Пугаўём махнуў хурман. —
А вось тут быў лог мядзведжы,
Дзікі тут хадзіў кабан,
Тут пладзіліся і сарны,
Тут вадзіліся зубры…
Эх, бары былі, бары!
Але й ім прыйшоў час марны, —
I ўздыхнуў хурман стары.
Можа, ўспомніў век пражыты,
Маладыя свае дні,
Вечар, мрокам апавіты,
Жыцця зніклыя агні.
— Гэй вы, конікі малыя!
Сакалы мае ўдалыя!
Што прысталі? —
Лейцы ён падцяў, махнуў…
Коні шыі заламалі,
Бы агонь іх жахануў,
I панеслі! Брычка скача,
Мякка бубенцы звіняць…
Ці не песня ў іх бядача,
Доля горкая чуваць?
А Сымон глядзіць на вежы
I на гэты замкаў пых…
Эх, чужыя гэта межы!
Не для іх ён, не для іх!
Але трохі і цікава,
Хоць нагледзіцца ўсяго,
Калі ж кепска будзе справа,
Хто ўтрымае там яго?
А дзянёк у цішы-разважанні
На спакой адыходзіць павольна;
Задумленне ляжыць у блісканні,
Як той усмех апошні расстання,
Як той погляд кахання супольны.
I вялікі ж дзянёк у прыгодзе!
Надарыў ён Сымонку багата:
Эх, дзе раніца тая зачата!
Эх, дзе поўдзень прайшоў, яго свята!
Эх, дзе вечарам з думкамі ходзіць!
         А на замку пазалота
         Грае ў чырвані, гарыць.
         А галота… Дзе ж галота?
         Сланяецца каля плота,
         У гразі яна ляжыць!
Мрок ачнуўся, скулься глянуў
I пасунуўся рупліва
З таго лесу праз паляну
Насустрэч якраз туману,
Што з нізіны ўстаў маўкліва,
Слепавочна, баязліва.
Мрок няветлы і зацяты
Жмурыць вочы з-пад карэння,
Уздымае хіб кудлаты,
Па палёх раняе латы
I край неба тчэ ў суценне,
Каб развесіць свае шаты.
Хмаркі, неба, лес, зямліца —
Усё сціхла, зорыць чутка:
Штось замысліў мрок-сляпіца!
З горак сходзіць багравіца,
Дзесь галосіць-плача дудка, —
Будзе сцішна, будзе жудка,
Калі зляжа ноч-чарніца!
Замак грозны і варожы,
Так пануры яго вежы:
I хоць ён здалёк пахожы
На царкву, касцёл, «дом божы»,
Ды з залочанай адзежы
Вее чымся злым і рэжа,
Коле вочы ў падарожжы.
Блеск у вокнах — смех фалыпывы,
Ён не вабіць, ён не грэе;
Тыя вокны — вочы змея.
Пазірае замак скрыва,
I ён душыць, гне маўкліва.
«Куды ж еду? Дзе ж я? дзе я?» —
Хлопец думае тужліва.
Вось гара. Прыціхлі коні,
Колы рэжуцца ў пясок,
А з гары, як на далоні,
Разам выплыў гарадок
З яго цэрквамі, дамамі
Розных постацей, ладоў,
З мураванымі сцянамі,
З яго купамі садоў,
Вязаў пышных, паўнацелых,
Ліп разложыста-густых
I крыжоў, даўно збуцвелых
На магільніках старых.
Захад счырвана-ружовы;
Дзень пахованы ўжо ім,
Бы замёрлі яго словы
На крыжы на залатым.
I страх нейкі беспрычынны
Душу хлопчыка абняў.
Бы ён руку самачынна
На той горад падымаў.
Ці ж яму, палёў дзіцяці,
Сыну лесу і дарог,
На дарозе панскай стаці,
Жыць у замку, гарадох?
I ў Сымонкі прад вачыма
Ўсталі родныя куты,
Хата бацькава, радзіма,
Грушы дзікія, платы…
I якая гэта доля —
Ласкі мацеры не знаць,
Казкі, песні свайго поля
На чужыя памяняць?!
Дык не век быць пад прыгонам:
Ён на свой лад зажыве —
Думкі ёсць у галаве —
Не жартуйце ж вы з Сымонам!
А тым часам коні гулка
Б’юць па бруку капытом.
Вось масточак і рачулка
З сітняком і чаратом.
Ідуць домікі радамі
З аканіцамі, садамі,
Каля вокан геаргіні,
Ружы кусцікі і мак
I гарошак бледна-сіні
Між тых красак, бы прымак.
А там, далей, камяніцы,
Рынак, крамы, пустыры,
Манастыр, касцёл, капліца
I муры, муры, муры…
Ад касцёла іх дарога
Убок крута павярнула,
На падмурку мільгатнула
Постаць нейкага святога
У сутане, рукі ўздзеты,
Вочы ўзведзены кудысь,
Бы за грэшны замак гэты
Шле малітвы ён увысь.
Перад імі, як талерка,
Ціха кругліцца, блішчыць,
Ззяе возера-люстэрка,
А над возерам стаіць
Замак грозны, замак хмуры;
Валы, бойніцы відаць,
Непрытульна і панура
Сцены гэтыя глядзяць.
Замак меў адну дарогу —
Вузкі насып між вады.
«Тут не выйдзеш, як з астрогу…
Эх, куды папаў! Куды!» —
Так Сымонка сам з сабою,
К замку едучы, гадаў.
Нейкім страхам і жудою
Гэты замак патыхаў.
Вось і ўезд у двор замковы —
У мурох нібы нара;
Гучна стукаюць падковы,
Бы дае тут знаць гара,
Што сюды хтось уязджае —
Госць няпрошаны, чужы.
Вось збяжыцца стража злая!
Калі вораг ты — дрыжы!
Але зараз ціха стала,
Грук замёр ад капытоў.
А ноч косы расплятае,
Мрок вылазіць з-за кустоў
I на ліпы воўну сцеле,
Іх мяняючы абрыс, —
Нібы з прасніцы кудзеля,
Голькі спушчаны наніз.
Ціха ў замку і нялюдна,
Бы ён вымер, бы пусты,
Сном заснуўшы неабудна,
Як той волат закляты.
Ды дарожкі ўсе ў парадку
I праведзены пад шнур,
Гожы клумбачкі і градкі
Розных выглядаў-фігур,
I такі йдзе дух пахучы,
Чуць-чуць ветрык патыхне.
А там дзесь у старане
То патухне, то мільгне
Нейкі блеск, агонь бягучы…
Дзіўна ўсё пад гэтым мрокам!..
Без канца вялікі двор —
Не акінуць яго вокам,
Шырыня, разгон, прастор!
Брычка двойчы павярнула,
Тры ўжо мосцікі мінула
I спынілася — канец!
— Ну, пабудзь жа тут, хлапец!
Я на момант невялічкі
У кантору забягу —
Яна там унь, на рагу —
Ліст аддам’. — Хурман злез з брычкі,
Ідзе, ногі распраўляе,
Бо дарога ж не малая.
Хлопцу ж сцішна з непрывычкі,
Знік хурман у сутуненні,
I заціхлі яго крокі,
А Сымонка, адзінокі,
Ловіць зыкі ў натужэнні,
Ды ўсё ціха. Дзесь блізютка
Прамільгнуў кажан вушасты,
У кустох лісток зашастаў,
Нешта піскнула ціхутка,
Тыя ж дрэвы, нібы зданні,
Пазіраюць грозна-строга,
Бы цікуюць на малога
У маўклівым разважанні.
Тут знаёмы толькі зоры
I прыветны з ім, лагодны;
Той жа вобраз мілы, родны,
Той жа блеск іх у прасторы…
Ша, ідуць! Замёр хлапчына:
Глуха тухкае хурман,
А за ім ідзе мужчына,
Незнаёмы нейкі пан.
— Ну, — сказаў хурман, — злазь, сынку!
Тут табе і хлеб і дом.
Дык служы ж цяпер паном!
Што ж? у добрую часінку!
I спытаўся пан замковы:
— Гэта ён музыка й ёсць?
— Ён, ён самы, ягамосць[27];
Ну, сынок, бывай здаровы!
Злез Сымонка і са скрыпкай
За «ягомасцем» ідзе.
Пан-ягомасць паліць піпку,
Сам сабе пад нос гудзе;
А калёсы мерным стукам,
Коні гучным капытом
Адклікаюцца адгукам,
Як апошнім тым звяном,
Што злучала хлопца з полем
I з прасторамі лугоў…
Зашчымела сэрца болем:
Зноў чыясь чужая воля,
Ўлада новых абцугоў!
Колькі крокаў шлі маўкліва,
Потым пан пачаў пытаць
З насмяханнем і жартліва,
Дзе вучыўся хлопец граць,
Як натрапіў ён на князя,
Як дабіўся ласкі там
(Ды яму ва ўсякім разе
Трэба помніць, што ён — хам).
I з сабою пан мармоча:
«Ну, пабачым, што за жог,
Як ён заўтра засвяргоча
I капусту і гарох».
Хлопец толькі гляне скосу.
Ой, відаць, нягодны, гад!
Хоць цяпер бяжы назад,
Але сціхнуў шум калёсаў.
Ён адзін тут з гэтым панам.
I куды ён завядзе?
Лепш памерці пад парканам,
Чым служыць такой брыдзе.
Але йдзе за ім пакорна,
Штось заныла на душы.
Як і ночка, думкі чорны,
Толькі зорачкі ў вышы
Над панурым замкам ззяюць,
Блеск іх ветла так дрыжыць;
Зоркі хлопцу спагадаюць.
Ну, што ж? трэба тут пажыць.
Вось і домік мураваны
Выплыў раптам з~за раслін.
— Ну, Шапен ты калашманы,
Ты тут будзеш не адзін:
Там пры кухні жывуць «людзі»,
Як і ты, усе яны;
Там прыпынак табе будзе.
Заўтра знімем лахманы.
Там і ложак ёсць свабодны,
Раздзявайся, спі ўсю ноч;
Калі ж часам ты галодны,
Дык на кухню сам заскоч.
Адчыніў Сымонка дзверы
I адразу крок спыніў:
Такой чыстае кватэры
Ён не бачыў і не сніў.
Ну, зусім пакой! прасторны,
Светлы, чыста пабялян,
Ніжай столі пасак чорны,
Мусіць, пальцам правёў пан!
На адной сцяне рысункі —
Хтось наклеіў іх з газет —
Роўна цягнуцца, як стрункі,
То — не рабінаў партрэт, —
Не пакой таго зладзюгі!
Воч не зводзіць ён з сцяны:
Калі так жывуць тут слугі,
То ўжо як жывуць паны?!
вернуться

27

Ягамосць — ваша міласць.