Изменить стиль страницы

IV

         План гатовы,
         Зложан цвёрда,
         Воля горда,
         Непарушна:
         У свет новы
         За дубровы,
         Бо тут душна!
         Сустрэнь, поле,
         Прытулі ты!
         Я пазбыты
         Твае ласкі!
         Хочуць волі,
         Просяць долі
         Песні-краскі.
         Сустрэнь, лесе,
         Ясным смехам,
         Гучным рэхам
         Загукай!
         I ў завесе
         Тваіх шатаў
         Голас братаў
         Мне падай!
         Глянь ты, сонца,
         З-за аблокаў
         Добрым вокам:
         Я — твой сын!
         Я ў палонцы,
         Лёдам скуты,
         Я прыгнуты,
         Я адзін!
Разгарнуць хачу я крылле —
Я ў свет вольны палячу,
Бо мне тут не па плячу,
Бо я тут — жывы ў магіле;
Я пастаўлю сілу сіле,
Волю сам я ўзяць хачу!
Так, даволі! досыць здзеку!
Не, павук, я больш не твой:
Зведаў я тваю апеку,
Час сквітацца мне з карчмой!
Хітры ты, шынкару-Шлёма:
Скрыпку ўзяў маю ў палон,
Каб не кінуў твайго дому,
Каб быў звязаны Сымон.
У Сымонкі ўсё гатова,
Абмяркована даўно.
Ён жыццё пачне нанова,
Гляне ў новае акно.
Праўда, ён — не так і бедны:
Грошай мае рублёў тры
Да дзве грывенькі з гары[20]
I траяк яшчэ той медны!
I ён тыя заработкі
Панясе аддасць бацьком,
Хоць на момант на кароткі
Завітае ў родны дом.
Эх ты, родненькі куточак!
Ці ж не думаў ён аб ім?
Многа думаў, не спаў ночак
Тут, слугуючы чужым!
Сніўся родны дом хлапчыне,
Вабіў моцна, бы святло.
Млела сзрца па айчыне,
Хоць і цяжка ў ёй было.
Ды хто ведаў гэты смутак,
Тугу хлопца-гаруна?
Хіба гэты вось закутак,
Печ да немая сцяна!
Але гэта ўсё пазбыта:
Ён не служка тут больш — квіта!
Ён гадае аб дарозе,
Сніць яе штоночку ў сне
I яшчэ аб кімся грозіць —
Ці ж ён дом яе міне?
Так гадае наш музыка,
Планы строячы цішком,
Толькі вось дзе закавыка:
Скрыпка ў Шлёмы пад замком!
I ці ж гэта справядліва?
Ашуканец ён і лгун!
Каб той Хаімка саплівы
Смеў крануцца яе струн!
Эх, не раз агонь пякучы
Па ўсіх жылах прабягаў,
Калі Хаім скрыпку мучыў,
А Абрам дапамагаў!
Не знаходзіў хлопец месца.
Зубаскал жа той Яхім,
Як заноза, ў сэрцы ўесца,
Кеплі строячы над ім:
— Эх, Сымоне, мая рыбка!
Ну, прапала твая скрыпка!
Раз да Хаіма папала,
Лічы смела, што прапала!
Раве — чуеш? як карова!
А ён, падла, б’е з-за вуха,
Як тым цэпам, як абухам, —
Ну, не грае — коле дровы!
А ўсё рабін той насаты!
А ўсё рабін: гэта ён
Зацягнуў цябе ў палон!
Ох, лахудра! ох, пракляты! —
Не стрываў раз ён — балюча!
Ён туды бяжыць з калом,
А там Шлёма за сталом;
Каб не Шлёма, была б буча.
— Твая скрыпка будзе цэла:
Я ж гляджу яе тут сам,
Граць і тромкаць — яе дзела!
Ну, больш Хаіму не дам!
I Сымон не робіць шуму,
Хоць вяліка тое зло,
Ён стаіў у сэрцы думу,
Каб дагадак не было.
Як жа вызваліць з палону
Скрыпку, сэрца яго часць?
Як прабрацца за заслону?
Хто памогу яму дасць?
Там і дзеці, там і Хава,
Шлёма сам і той вядзьмак…
Не прыступішся ніяк, —
Не, нялёгкая то справа!
Ляжа ў запечку хлапчына,
Абмяркоўвае свой план.
Можа, здарыцца часіна,
Як заедзе які пан
I музыку затрабуе,
Як бывала тут не раз,
Шлёму ў лапці і абуе,
Скарыстае гэты час.
Ды калі яно што будзе?
Толькі час звядзеш дарма,
А ты ўсё служы паскудзе,
Покі прыйдзе зноў зіма.
Ды зноў будзь усю тут зіму,
Абівай яго парог…
Расказаць хіба Яхіму:
Ён напэўна б дапамог.
Але не: Яхім жартлівы —
Смешкі будзе строіць, кпіць.
Можа, Хаім той саплівы?
Яго можна падкупіць…
Ой, не, не! Ён скажа Шлёму,
Тады будзе шмат трудней;
Не казаць тут лепш нікому,
Лепш зрабіць усё самому —
Так надзейней, спакайней.
Але як? Вось дзе загвоздка!
Асцярога трэба, спрыт…
Ну ты, Шлёма! ну, псякостка,
Ашуканец, жываглыт!
Але як бы ні было там,
Ён паставіць на сваім,
Ён пралезе хоць бы кротам,
Бо пад Шлёмавым тут ботам
Ён не хоча быць зусім.
Ходзіць хлопец, выглядае,
Вухам ловіць кожны крок;
Цягне хлопца шафа тая,
Што замкнёна пад замок.
Ён прыслухаўся — нікога!
Ён у той пакой бягом!
Сэрца стукае ў малога,
А ў вушах гудзе, як гром.
Ён паслухаў — ціха ўсюды,
Шбы вымерла карчма;
На дварэ дзесь Шлёма руды,
Хавы такжа тут няма.
Да дзвярэй ён крок ступае,
Ён нямее, прыліпае.
I скрозь шчылінку ў замок
Той пакойчык аглядае…
Стукнуў хтось — ён раптам скок!
Прытуліўся ў кут у цёмны,
Дух стаіўшы, ні мур-мур!
Скуль жа стук той патаёмны?
Ці прабег дзе проста шчур[21]?
Да дзвярэй ён зноў шыбуе,
Міг адзін, і клямка — бразь!
А скрозь цішу грабавую
Хтось крычыць яму: «Не лазь!»
Але хлопец не зважае,
Ён да шафы — пад замком!
Стукнуў злёгку кулаком,
Стук насмерць яго пужае,
А на стук той скрыпка — бом!
Хтруны ціха зазвінелі,
Адгукнуліся яны,
Бы агонь прабег па целе,
Трэпет палкі і дзіўны.
Так вось дзе яе няволя!
Але йдуць… Ён вобцас вон!
З карчмы выскачыў на поле,
А ў вушох — той струнны звон.
I свідруе мозг пытанне:
Ці замецілі, ці не?
Момант страху і хістання
Хлопца томіць, хлопца гне.
Ён на карчму пазірае,
Каб пытанню даць адказ,
А яна маўчыць, старая,
Пэўны маючы выраз.
Не: там ціха, мёртва-глуха,
Там нічога не чутно.
Толькі Шлёма ў нейкім руху.
Што б то значыла яно?
Выйшаў хлопец за стадолу.
Дзень надвечары. Цяплынь,
А на полі па-над долам
Жыта гойдаецца плынь;
Там дарога так знаёма.
Унь і дуб той і той клён…
Ён стаіўся нерухома:
Да стадолы ідзе Шлёма,
Невясёлы, смутны ён.
Ходзіць, чухае чупрыну,
Штось мармоча, бы дурны,
Штось сказаў Абраму-сыну,
I кудысь ідуць яны.
Пастаялі на дарозе,
Шлёма зноў ідзе назад;
Хава, хлопцы ўсе ў трывозе…
Ці ж то ён іх зрушыў лад?
Ці не знаюць, што ў каморцы
Быў ён з замерам ліхім?
Але чуе ў іх гаворцы
Словы: «Ганаф»[22] і «Яхім».
Пачынае хлопец цяміць:
Знік Яхім кудысь з канём.
Асвятлілі яму памяць
Тыя словы, як агнём:
«Я, брат, знаю, што мне трэба,
У мяне ёсць пэўны план:
Я вазьму кусішча хлеба,
А не зношаны каптан;
Толькі ўскіну я вачыма —
Мой і погляд зробіць след,
Ты пачуеш пра Яхіма
I сам родзішся на свет!»
Так, прыйшла яго часіна, —
Ім цяпер не да яго!
Але трусіцца хлапчына,
Каб не вынікла чаго.
Абыходзіць ён стадолу,
Ідзе ў кухню са двара,
Погляд кідае наўкола,
Бачыць — постаць карчмара.
Аглядае ўсё дарогу,
А з ім Хаім і Абрам.
Самы час прарваць аблогу —
Толькі рабін адзін там.
Ён падосак[23] бярэ ў рукі,
Каб з тым справіцца замком;
Ідзе ціха, ані гуку,
Бы кот, крадзецца цішком.
Стаў, паслухаў — мёртва-глуха.
Дзверы штурхнуў, шусь туды;
Прылажыў яшчэ раз вуха,
Поўны страху і жуды, —
Ціха ўсё. А рабін строгі
Са сцяны глядзіць стражэй…
Ці то вушы, ці то рогі?
Бровы ссунуты ніжэй,
Погляд злосны і нямілы.
Тут да шафы хлопец — скок!
Штурхнуў дзверцы з усёй сілы, —
Бразь там зашчапка-кручок!
Разышліся дзверцы самі,
Чуе ён знаёмы гуд…
Скрыпка родная! ты тут!
Ён дрыготнымі рукамі
Скінуў з вешалкі сурдут,
Скрыпку борздзенька знімае,
Скрыпка з ім! Цяпер — гайда!
Ён скрыпулю абнімае…
— У ты, рабін-барада! —
Крок ступіў і на канапу!
Кулаком яму патрос.
— У ты, чортавая лапа! —
I дзве пстрычкі даў у нос!
вернуться

20

З гары — звыш таго.

вернуться

21

Шчуры — мышы, пацукі.

вернуться

22

Ганаф (яўр.) — злодзей.

вернуться

23

Падосак — вузкая жалезная паласа знізу драўлянай восі (у калёсах).