Изменить стиль страницы

II

Я пайду, адзін пайду я.
Вольны вецер хай гадуе
Мае думкі, мае мары,
Мае песні, казкі-чары.
Я пайду, міну лясочкі,
Што чарнеюць, нібы бровы:
Там пабачу я свет новы,
Там пацешу свае вочкі,
Там другія ўчую словы…
Я міну, міну лясочкі.
За лясочкамі, за гаем
Далі, лёгшы сінім морам,
Вабяць душу мне прасторам
I чаруюць новым краем,
Клічуць к нейкім нрвым зорам
Далі, злеглыя за гаем.
На прасторы сэрцу люба!
Прывітаюць мяне краскі
I мне будуць баяць казкі,
Мне ўсміхнецца постаць дуба,
Чараў поўная і ласкі, —
На прасторы сэрцу люба!
Пабяжыць у свет дарога
Праз узгоркі, праз лагчынку;
Будзе ветрык гнуць былінку,
I навеюць думак многа
Мне пра мілую дзяўчынку
Далі тыя і дарогі.
Я пайду, адзін пайду я.
Няхай дзед сабе сярдуе:
Я яму цяпер не служка —
Сам сабе хачу быць панам,
Разлучыцца ўжо пара нам.
Вольным быць хачу, як птушка.
Ціхай ранічкай, да сонца,
Хлопчык выбраўся з двара,
Ідзе ён у свет бясконцы
Пашукаць таго дабр’а,
Каб змяніць свой лёс паганы,
Новым спосабам зажыць,
Каб увагі і пашаны
Перад ёю заслужыць.
У Сымонкі планаў многа.
О, ён слаўна зажыве!
Гэта новая дарога
Родзіць мары ў галаве…
Па баках палі ляжалі,
Пападаліся гаі,
I дарогі прабягалі
Чыста срэбра-ручаі
I шчасліва беглі далей
Між высокіх беражкоў,
Гаманіла хвалька з хваляй
Спевам роўным галасоў,
Хлопцу ў душу закідалі
Водгук згоды і спакой;
Іх алешыны віталі
I ад сонейка хавалі,
Стаўшы дружнаю сцяной.
Беглі сцежкі між жытамі
Па пагорках, па лагох,
I ззяў гожа васількамі
Поля жытняга разлог.
Шоў Сымон адзін, свабодны
I не звязаны нічым.
Чуўся ён і полю родным
I тым хмаркам веснавым;
I вітаў іх, ім смяяўся
Падарожны малады
I ціхутка ў іх пытаўся:
«А вы, мілыя, куды?
Дзеткі сонца і зямлі,
Клопат, думкі — ўсё пазбыта,
Вас нягоды абышлі».
А дарога у пяць нітак
Павіваецца, бяжыць,
Наабапал з ёю жыта
Каласкамі гаманіць.
I бягуць-бягуць малюнкі
Поля, лесу і лугоў,
I ляжаць, бы тыя стрункі,
Зелень-засевы шнуроў.
А вось там, на павароце,
Дзе высокі крыж стаіць,
Яблык вежы ў пазалоце
Ззяе ў небе і гарыць.
Хлопчык далып ідзе дарогай,
Сонца стала прыпякаць.
Разважаць пачаў убогі,
Дзе б спажывы пашукаць.
Убок сцежка павярнула,
Лёгшы зграбнаю дугой,
А з-за дрэў страха зірнула
I два коміны на ёй.
Падышоў Сымон — карчомка
Са стадолай і дваром:
Добра ўсім вядомы Шлёмка
Быў даўно тут карчмаром.
Шлёму лаялі і білі,
Ды не моцна, не са злом,
Бо яго такі любілі,
Не міналі яго дом.
I то: як з ім не паладзіць?
Як бы ты ні быў з ім груб —
I пасудзіць і парадзіць
Ды і выпіць даць не скуп,
Абы толькі былі грошы,
Няма грошай — напавер, —
Адным словам, быў харошы,
Толькі й ты яму адмер.
Дык не дзіва, што да Шлёмы
Плыў народ, як у касцёл,
Шоў і свой і незнаёмы,
З хутароў ішлі і з сёл.
Тут пасэсар[13], арандатар,
Дробны шляхціц, важны пан,
Хто папіць, гульнуць аматар,
Кожны міл быў і жадан.
Затрымаўся тут Сымонка:
Ці зайсці яму, ці не?
Паглядзеў — пуста скарбонка!
«А што зробіцца тут мне?»
Хоць нясмела, ды ступае
На карчомны ён парог
I са страхам азірае
Гэта логава-бярлог.
Удоўж сцен стаялі лавы;
За сталом — гурткі людцоў,
На сталах — сляды патравы:
Хлеб, агрызкі селядцоў.
Пры бутэльках гоман яркі,
Там і цесць, і сват, і кум;
З рук у рукі ходзяць чаркі,
А ў галовах бродзіць шум.
Пах гарэлкі, дым махоркі
Звіс пад столлю, як туман,
I ад смеху і гаворкі
Дрыгаціць карчма-майдан.
— Го, музыка тут, музыка!
Ану, хлопча, — тра-ля-ля!
Патанцуем, сват Грамыка,
Каб аж бухала зямля! —
А музыка — дух у пятах:
Як залучаць тут — бяда!
Людзі п’яныя — вар’яты, —
Аж бярэ яго жуда.
Але тут падскочыў Шлёма.
— Ну й чаго збаяўся ты?
Тут, у карчме, мы ўсе дома!
А ты ж, можа, не святы?
Ідзі далей — месца хваціць,
Ну не бойся: не з’ядуць!
Паіграй жа, пане браце,
У кішэню накладуць!
Павярнуў Сымонка крута:
— А чаго ж баяцца тут?
Міг адзін, адна мінута —
Талент вынесе на суд.
Выняў скрыпку, смык падмазаў
Ды па струнах як павёў —
Ціха стала ўсё адразу,
Моўкне бура галасоў.
Павярнуліся галовы
У той бок, дзе граў Сымон,
I спыняе ўсе размовы
Гэтых струн прыўдалы звон.
оўна карчма тога звону,
Ён яе рве берагі,
I ківае ў тахт Сымону
То адзін тут, то другі;
А як пусціць лад вясёлы,
Забірае рух мужчын:
Разгарнуў Грамыка полы,
Казака йдзе сам-адзін;
I самога нават Шлёму
Забірае гэты рух,
Падае кійкі другому,
А сам кажа толькі: «Ух!»
Выйшла Хава, дзецяняткі
Пазбягаліся сюды,
Ходзяць плечы іх, лапаткі
На вясёлыя лады.
Кончыў граць, скідае шапку —
Даказаў сваё ж такі!
I працягвае ён лапку —
Зазвінелі медзякі.
Адараюць хлопца шчыра
I грашыма і дабром,
А Грамыка даў паўсыра
I дзесятку серабром.
А ў агульным шуме-крыку
Выхвалялі яго ўсяк:
— Чый ён, жэўжык? Ось музыка!
Ось, псякроў яго, мастак!
Першы крок — пачатак справы,
Слова — Шлёмы самаго,
Штось прамовіўшы да Хавы,
Ідзе Шлёма да яго.
— Слухай, хлопча, мой малойчык!
Хочаш нештачка ты знаць?
Да мяне зайдзі ў пакойчык:
Маю штось табе сказаць.
Што ж ён скажа? знаць цікава!
Трохі цяміць і Сымон,
Бы й на лад выходзіць справа,
I ў пакойчык ідзе ён.
Зашчаміўшы грошы ў жмені,
Ён вайшоў у той пакой;
У пакоі страхаў цені
Мільгатнулі талакой.
Вочы ўзняў ён, што за дзіва,
А які ж там гэта дзед?
Чаго ён глядзіць так скрыва?
I дзіўны ж такі партрэт!
Пойдзе ўлева, стане ўправа, —
Рабін[14] поглядам жывым
Так і цягнецца за ім!
Вось праява, дык праява!
Хіба ўгневаны ён чым?
Але валіць тут кагалам
Племя Шлёмава ў пакой
I пастала цесным валам
I гудзе наперабой
То з Сымонкам, то з сабою,
А з іх самы дасціпны
Бярэ скрыпку і рукою
Дакранаецца струны;
I не рад Сымон той чэсці
I кампаніі такой, —
Хоць бы ногі як унесці,
Горш астрога той пакой!
А той Хаім змайстраваўся,
Каб і смыкам павясці, —
Тут Сымон усердаваўся
Ды стаў Хаіма трасці.
Хаім толькі скаліць зубы,
Скрыпку ўжо бярэ Абрам.
— Го, Абрамка! го, мой любы!
Скрыпка кажа — ці-ра-рам?
Ён да скрыпкі здольнасць мае…
Ну, пайшлі вы! вон! авэк! —
Шлёма новы тон прымае,
Шлёма — спрытны чалавек!
— Вось паслухай мяне, Шлёму:
Знаю, хлопча, я твой хлеб!
Кепска жыць вось так, без дому, —
Я ўсё бачу, я не слеп.
А ты б мог жыць так як трэба,
Мець прыпынак, пэўны кут,
I па бораду мець хлеба,
I не мець вось гэты бруд.
На табе ж адно лахмоцце, —
Уй, які халат-рызман,
На цябе зірнуць страхоцце,
I сам высах, як таран.
Трэба ж справіць і адзенне,
I мець боцікі ў запас,
I да квасу мець, і квас, —
Трэба ў грунт пусціць карэнне;
Трэба ж нешта мець на мэце,
Калі маеш тут цара,
А не шворыцца па свеце,
У двор ходзячы з двара.
А што выхадзіш? нічога!
Проста… нельга тут маўчаць! —
I пачаў, пачаў малога,
Як той бацька, навучаць.
— Хочаш быць ты чалавекам?
Хочаш мець прыпынак-кут?
Заставайся ў мяне тут!
Пад маёю будзь апекай.
У мяне бываюць людзі,
Ды не простыя — паны,
Любяць музыку яны;
Вечарынка часам будзе,
А ты возьмеш сабе скрыпку —
Цім-та! цім-та! Ці-лі-лі! —
Шлёма рукі ўскінуў шыбка,
Як бы струны там былі,
А ён сам мастак-музыка,
Аж Сымона бярэ смех.
— Ну, турбота невяліка,
I адмовіцца тут грэх!
Дык якое тваё слова?
Ну, падумай і скажы!
— А што ж? граць мне ўжо не нова,
Скрыпка, смык мне не чужы,
I я згодзен быць у пана,
Я застацца тут гатоў!
Так Сымонка негадана
Там прытулішча знайшоў.
вернуться

13

Пасэсар — часовы ўладальнік, арандатар маёнтка.

вернуться

14

Рабін (яўр.) — духоўная асоба.