Изменить стиль страницы

V

Страшнавата, сцішна ўночы…
Нібы ходзіць хтось, шалпоча,
Пустым смехам дзесь рагоча…
Ці то, можа, плача Шлёма —
Не ўсё добра ў яго дома!
А там нешта бы рухома…
Ці то вочы, тыя вочы?
Страшнавата, сцішна ўночы!
Ноч так зманна, так варожа!
Спатайку наскочыць можа
Нехта страшны з свайго ложа…
А там… што там? двое, трое, —
Клубок страхаў, там іх роі,
I не злічыш ты іх зброі,
Многа іх! ён іх не зможа:
Ноч так зманна, так варожа!
Хоць бы месяц выплыў з хмары:
Асвятліў бы ён абшары
I развеяў тыя чары.
Месяц выплыў, пасвятлела;
З мроку цэркаўка бел-бела,
Як і ён, глядзіць нясмела —
Болей страху на іх твары.
Месяц! лепш схавайся ў хмары,
Бо ў тым блеску-асвятленні
Больш замецен — менш збавення —
Страшна гэтае суценне!
Ці з кары старога дуба
Нос высоўваецца, губа,
Смех, ды страшны; рот бяззубы,
Хтось вылазіць з-пад карэння…
Ці то помста зневажэння?
Страшна гэтае суценне!
Хлопцу сцішна і маркотна…
Ноч цянюецца дрыготна…
Дзесь хтось свіснуў траякротна,
Свіснуў!.. хто? для якой мэты?
Ці то знак які? прыметы?
Ці то страшны рабін гэты?
Ці то пташка мімалётна?
Хлопцу сцішна і маркотна.
Ноч глыбее, поўнач скора;
Свецяць ў небе бледна зоры,
А карчма з-за касагору
Выглядае так жалобна;
На астрог яна падобна.
Ён, яна стаяць асобна,
Яны разам былі ўчора…
Ноч глыбее, поўнач скора.
Крыкнуў певень дзесь далёка.
Ды так глуха, так глыбока,
Так нясмела-адзінока!
Ціш, глухота, нема ўсюды,
У вушах бы енкі-гуды,
У вушах той рабін руды…
Што там бачыць яго вока?
Крыкнуў певень дзесь далёка.
Але блізка час світання,
Знікнуць страхі ўсе дазвання,
Дык жыві ж ты, вандраванне!
Мрок радзее, ноч святлее,
Ноч і добрай быць умее.
Жывіць душу зноў надзея,
Сэрца цешаць песні рання…
Блізка, блізка час світання!
         Дрэмле чутка ў полі ніва,
         Выступае лес маўкліва
         З мроку чорнаю пілою;
         Хмарак шоўкавая грыва
         Рассцілаецца гулліва
         Агнячырванай мятлою.
Тыя ж зоркі, бы дзяўчаткі,
Дзесь бягуць у свае хаткі,
I апошні раз іх вочкі
Шлюць свой усмех развітання, —
Промень ласкі і кахання, —
Да наступнай яснай ночкі.
Дзень праз цёмныя заслоны
Падымае сцяг чырвоны,
Каб сагнаць з зямлі туманы.
Чырвань льецца на загоны,
Нішчыць цьмы пасады-троны;
Дню складаюць гімн паляны.
Хлопец чуе адраджэнне;
Ноч прайшла, пазбыта цьма,
Волен ён, канец мучэнню,
Не гняце яго карчма!
Так прывольна, так прасторна!
Што было — прайшло як дым;
Ён ідзе, ідзе напорна
Крокам смелым, маладым.
Ён вітае яснасць неба,
Сакаўное поле, лес,
Пах зямлянай, свежай глебы,
Каласкоў жывы навес,
Мнагадумныя прасторы
I шумлівыя бары…
Унь і хвоі ў жытнім моры,
Бы дзве родныя сястры,
Ён пазнаў іх, ён ім рады —
Ён замеціў іх тады.
Скора будуць і прысады —
Ці не іх унь то рады?
Ён ідзе, падходзіць сонца,
Лес агортваецца ў сінь…
Будзе горача бясконца,
Хоць садзіся адпачынь!
Убок глянуў, там сунічкі,
Бы каралі на траве.
Ну, прыпынак невялічкі —
Ён збярэ іх жменькі дзве!
I лясок тут такі слаўны —
Так і горне той лясок.
I дзесь дрозд, знаёмы даўны,
Падае там галасок,
Як бы ў госці заклікае.
I Сымонка не чакае:
Ён з дарогі зварачае
I на сонцы пад кустом
Прысядае, спачывае,
Потым моцна засыпае,
Распасцёршыся пластом.
Доўга спаў ён, як забіты;
Сонца ўстала на паўдні,
I гудуць над ім сярдзіта
Дзеці лесу, авадні.
— Устань, любы! — шэпча сонца.
— Уставай! — шуміць дубок.
— Абудзіся, галубок! —
Кажуць травак валаконцы.
— А-а! — Ён вочы раскрывае.
— Дзе ж то я? — глядзіць вакол.
Перад ім сцяна жывая,
Над ім шапка баравая,
Лес — зялёны частакол.
I адразу ясна стала —
Вольны ён, ён не слуга!
Разышлася і прапала
Гэта сонная смуга!..
Але што то? здань ці дзіва?
Ці то лес навёў туман?
Мільгатнула штось маўкліва,
Промень кінуў смех шчаслівы,
Бы ажыў унь той дзірван,
Вочкам бліснуў дурасліва!
Не, не можа быць, то — зман!
То быў вобраз іскраззянны,
Момант радасці, надзей,
Сэрца гімн агнём параяным,
Песня зорак, санцавей.
Знікла здань — так сон знікае,
Але водгулле яе
У вачох яшчэ бліскае
I спакою не дае.
Ды якая ж то праява?
Сон няўспомнены ці яў?
Ці русалчына забава?
Ці лясун пажартаваў?
I задумаўся хлапчына:
«Сон такі прысніў, знаць, я».
Над ім гэтая хвіліна
Вее чарамі жыцця.
— Э! — махнуў Сымон рукою,
Каб ход іншы думкам даць:
— Не мне з доляю такою
Аб ёй марыць і гадаць!
Сеў і з клунка ён вымае
Рыбу, хлеб, кладзе на дол;
Няхай Шлёма прабачае:
Шабасовы[24] гэта стол!
Будзе снеданне, бы ў пана,
На пахучым мурагу…
Што за цуд? з таго дзірвану
Хтось азваў: — Сымон! а-гу!
Ён ускочыў, азірнуўся,
Галавой абвёў вакруг;
Бачыць — куст узварухнуўся,
I адтуль, бы светлы дух,
Тварык мілы выглядае,
Здаваленне, смех на ім,
Шчасце-радасць маладая
Ззяе сонцам веснавым.
— Ганна! Родненькая Ганя!
Крок наперад ён ступіў,
Так здзівіўся! і ў тым стане
Рукі смешна апусціў.
— Ай, Сымон! які дзіўны ты! —
Ганна смехам залілася.
Смех, бы зорамі спавіты,
I галоўка самавіта
З траўкі-зелені ўзнялася,
I бліскаюць яе вочкі,
Як у жыце васількі;
Голас — срэбраны званочак,
Шчочкі — макавы лісткі.
— Дзе спаткаліся, Сымонка!
Як жа ты папаў сюды?
А як зыгнуў ад нас гонка —
Помніш тую ноч… тады? —
Ганна борзда гаварыла,
Распытоўвала сябра,
Нават трошкі пажурыла,
Што іх выракся двара.
— Я збірала тут суніцы,
Зірк — аж бачу, нехта спіць!
Я спужалася, дурніца:
Злодзей, думаю, ляжыць!
Я ўжо бегчы прэч хацела,
Ды дай, думаю, зірну
На «разбойніцкае цела».
Крок ступаю я нясмела,
Голькі ціхенька гарну,
Як зірнула ж — і пазнала!
I так шкода цябе стала —
Не пасмела я будзіць,
I гадзіны дзве чакала —
«Няхай, думаю, паспіцы».
Ці здароў жа? як жывецца?
Скуль ідзеш? куды? зачым?
Сядзьма тут! — Яна смяецца
I садзіцца радам з ім.
I так добра стала ў лесе!
Ён бярэ яе руку,
А зязюлька на суку
У жывой зялёнай стрэсе
Ім варожыць штось — ку-ку!
Ён глядзіць дзяўчынцы ў вочы,
Ён маліцца ёй гатоў.
Ёй сказаць так многа хоча,
Ды не знойдзе толькі слоў —
Аж той дрозд з яго рагоча!
Сымон
Ах, Гануська, як я рады!
I вось, Ганя, што дзіўно:
Мяне гнала штось з прысады
I шаптала мне адно:
«Ідзі ў лес, у лес зайдзі!
Адпачынь там, пасядзі!»
I так выйшла ўсё да ладу!
Ганна
Ты ж адкуль ідзеш, Сымонка?
Сымон
Я ў карчме служыў, ды ўцёк.
Ох, карчмар мне так дапёк —
Ну, хоць кідайся ў палонку!
Ганна
Бедны! бедны! А ты вырас,
Ну, зусім дзяцюк другі,
I няма тае смугі…
А ў вачох той самы выраз —
След нязбыўнае тугі…
А скажы: ты помніў нас?
I мяне ці ўспомніў з раз?
Сымон
Не было тае часіны,
Таго вечара і дня,
Каб і ты й твая радня
Не прыйшлі мне на ўспаміны.
Я ляжу адзін, бывала,
Ноч зацятая, жуда,
I смяртэльная нуда
Кіпці выпусціць і джала.
Але ўспомню аб табе я —
Чымся добранькім павее,
Забываецца карчма;
Зноў абудзіцца надзея,
Што ў жыцці не вечна цьма.
Ганна
Дык ты помніў, што ёсць Ганна
Дзесь на хутары ў глушы?
Сымон
Ты была ў маёй душы
Заўжды міла і жаданна.
Ганна
Ты, здаецца, за сняданне
Думаў сесці? Снедай, дружа!
Чаго тут сціскацца дужа?
Абы меў на то жаданне!
А то хочаш: будзем разам
Мы спраўляць маёўку тут?
Сымон
Я скажу, як Шлёма: «гут!»
Ганна
А мой полудзень пад вязам —
Баль устроім, як паны!
Там з суніцамі збаночак,
Сыру смачнага кусочак
I грачанікі-бліны.
У цяньку старога дрэва
Селі, снедаюць яны,
I іх сэрцы згоды, спеву,
Светлай радасці паўны.
Не змаўкае іх гаворка:
Расказаў Сымон аб тым,
Як жылося яму горка,
Хто быў Шлёма і Яхім,
Як ён рабіну ліхому
Там папомсціўся за здзек,
I як пойдзе ён дадому —
Ён, з грашамі чалавек!
Павандруе ў свет з скрыпуляй,
Песні будзе ён складаць,
Ён людзей дабром атуліць,
Каб палёгку людзям даць.
Потым сціх Сымон панура,
Смутак злёг яму на твар, —
Так змаўкае перад бурай
Поля стомлены абшар.
Ганна голаву схіліла,
Смуткавала і яна,
Бы адным крылом акрыла
Іх мысль нейкая адна.
Сымон
Што ж мы змоўклі? Эх, Гануся!
Як падумаю, што зноў
Я адзін павалакуся —
Проста ў сэрцы стыне кроў.
Я нядаўна быў шчаслівы,
Не гадаў я ні аб чым,
Не палохаў свет жахлівы,
Як бы я не жыў у ім,
Бо ў той міг перад сабою
Меў цябе, цябе адцу.
Сэрца білася табою,
Бы сваю знайшло вясну
Ў свеце гора і блукання;
Ды канец ёсць усяму:
Наша скончыцца спатканне,
I мой дзень у сум змяркання
Зноў апусціцца, бы ў цьму.
Мы разойдземся. Дарогі
Нашы розна пабягуць:
Поміж намі ёсць парогі,
I нам іх не абмінуць.
Мы, Гануся, — каляіны,
Адной скрыпкі дзве струны —
Іх аднакі скрозь пуціны,
Ды не сходзяцца яны…
Ганна
Кінь, Сымонка, смутак гэты,
Ты «не ў родных каранёх»,
Многа ў свеце ёсць дарог,
Дык шукай жа свае мэты,
         А парогі —
         Прэч з дарогі!
Ты паслухай: хай у полі
Роўна колейкі ідуць,
Няхай дзве струны, дзве долі
Песню ў згоднасці вядуць.
Пойдзем вось да нас у госці —
Не цурайся нашай хаты.
А для мамы і для таты
Многа будзе весялосці!
Сымон
Я зайду да вас, Гануся!
Я найду к табе дарогу,
Я прыйду к твайму парогу —
Дом пабачу і вярнуея!
Залатыя твае слоўкі —
Мая песня ў час вандроўкі,
Ты як бы дала мне крылле,
Многа радасці дала,
I забудзе чарнабылле,
Краскі згледзеўшы, пчала.
Ганна
Ну, то хоць на развітанне
Паіграй, Сымонка, мне,
Каб мінута расставання
Нам казала аб вясне.
Слухаў ён, мацнеў душою,
Свет хацелася абняць,
На калені стаць прад ёю,
Ёй жыццё сваё аддаць.
I чароўна зыкаў хвалі
Паліліся, пацяклі,
А зязюлька кукавала
Ім аб радасцях зямлі.
вернуться

24

Шабасовы (яўр.) — святочны.