Изменить стиль страницы

Частка чацвёртая

I

Дрыжыць агонь, як смех крывавы,
Дрыжыць агонь у цьме густой,
У цьме варожай і пустой,
Як адбіццё даўнейшай славы,
I зліўся з мрокам дым бялявы
Над гэтай плямкай залатой.
Дрыжыць агонь, як песня жалю,
Дрыжыць агонь у цьме начной
Пад адзінокаю сасной,
Як плеск апошні рэчнай хвалі.
У мроку нікнуць сонна далі,
Крычыць сава ў цішы лясной.
Дрыжыць агонь, як плач прашчальны,
Дрыжыць агонь, забыты тут,
Скрозь мрок нямы, скрозь чорны мут,
Як звон жалобы пахавальны,
Як песні голас развітальны,
Як струн дрыгучых ціхі гуд.
Гарэў агонь, былі тут людзі,
Вянок плялі яму з галін.
Цяпер загас ён тут адзін,
I цёмна стала на тым грудзе.
Ніхто і ведаць-знаць не будзе
Яго апошніх тут гадзін.
Цянюе мрок, густы, як сіта,
На месцы тым, дзе быў агонь,
I вецер попел знёс на гонь,
Ад лесу дзьмухнуўшы сярдзіта.
I ўсё вакол у цьму спавіта:
Гарэў агонь — пагас агонь!
Ганна
— Ну, мой мілы! хоць і цяжка,
Што ж? бывай здароў! бывай!
Чаму я, чаму не пташка:
Паляцела б я ў твой край.
Ну, хай будзе час прыўдалы
Долю добрую спаткаць,
Каб лёс гэты заняпалы
На лёс светлы памяняць.
Я ж у думках сваіх буду
Жычыць шчасцейка табе,
Каб яно спрыяла ўсюды,
Каб верх меў ты ў барацьбе.
Выйду я ў садок вішнёвы
Ясны месячык спытаць:
Дзе Сымонка? як здаровы?
Папрашу яго заслаць
Мой паклон і прывітанне.
Сам на месячык зірні,
А ў цяжэнькі час блукання
Ты наш дом успамяні.
Не забудзь жа нашай хаты
I мяне не забывай.
Ну… бывай!
Будзь шчаслівы, будзь багаты!
Сымон
Так вось і ён, час развітання…
Бывай здаровенька!.. Бывай!
Бацьком паклон мой перадай…
Ды так — да новага спаткання!
I помні, Ганначка: ніколі
Я не забуду аб табе —
Ні ў светлы час, ні ў час нядолі,
Ні ў смутку, радасці, журбе!
Ты мне будзеш запамогай,
Сіл крыніцаю жывых.
Я табе злажу дарогай
Песню красак веснавых.
         Між зялёных нівак поля,
         Дзе калоссем звісла жыта,
         Бегла сцежачка сукрыта, —
         Ты глядзеў туды, саколе!
         Ходзіць ветрык на прыволлі,
         Носіць шолах мнагадумны,
         Бае казку лес разумны
         Аб няясным аб раздоллі.
         Ты глядзіш туды, саколе,
         Дзе імкнецца бег пуцінкі.
         Не відаць ужо дзяўчынкі —
         Дзесь схавала яе поле.
         Пахаджае ветрык вольны,
         Нібы лічыць ён загоны…
         Няма хустачкі чырвонай!
         Стаў маркоцен прастор польны.
         У бязмежным сінім доле
         Віснуць хмаркі, бы пушынкі,
         Сном паўднёвым спяць былінкі.
         А ты смуцішся, саколе…
У той час ён, як ніколі,
Боль расстання адчуваў,
I пустэляй стала лоле,
Лес і гай з ім смуткаваў.
I пачула сэрца страту,
Як не чула ўжо даўно;
Ні па матцы, ні па брату
Так не смуціцца яно.
— Слухай, хлопча: што, каханы,
Ты тут робіш? — Зірк Сымон —
Госць прад ім неспадзяваны!
Спужан хлопец і здзіўлён.
Па абліччы — пан, не просты,
А з вялікіх, знаць, паноў —
I ў адзенні, так і ў росту,
Так і ў тоне самых слоў.
За плячыма — дубальтоўка,
I ладуннік[25] ёй дадан,
А шырокі пояс лоўка
Аціскае крэпкі стан.
Боты спрытны, за калені,
Рог — бы чортава рабро.
Завяршала ўсё адзенне
Тое гордае пяро.
Вочы грозны і ўладарны,
Вуеы — ворагам на страх,
А пры ім з найлепшай псярні
Псіна шворыцца ў нагах.
— А паведай мне, каханы,
Хто тут граў? — пытае пан,
Чарнавусы, надзіманы,
Шыты золатам жупан.
Што сказаць на запытанне?
Ну, які тут даць адказ?
Вось спатканне, дык спатканне!
У бяду ўляціш якраз.
Хлопбц топчацца і мнецца,
А нарэшце прызнаецца:
— Я! — На рамень хлапчука
Тая панская рука,
Тая белая кладзецца.
— Гэта ты граў? ты, каханы? —
Хлопцу ў вочы пан зірнуў —
Нібы пан той і рахманы,
Хоць вачыма нейк бліснуў.
— А ты хто ж такі, каханку?
— Я — вандроўнік… Ну, жабрак.
Я хаджу ад ганка к ганку;
Хто дасць хлеба, хто траяк.
— Ага, так… Ну, ходзь за мною! —
Зрушыў пан, у лес ідзе,
А за Ім Сымон ступою.
Лес штось ціхенька гудзе.
Хлопец мысліць сам з сабою:
«Куды ж ён мяне вядзе?
Што рабіць са мною будзе?»
I глядзіць у лес хлапчук.
Пан спыняецца на грудзе,
Стрэльбу вешае на сук.
Хлопцу страшна і цікава:
Што замысліў гэты пан,
Гэта доўгая халява,
Шыты золатам жупан?
Пан узяў рог пакручасты,
Пазалочаны, блішчасты,
Важна выставіў нагу,
Галаву крыху адкінуў
Ды расправіў грудзі, спіну
I ў ражок той — тру-гу-гу!
I пабегла гучна рэха
Ад сасонкі да дубка
I замерла тонкім смехам,
Мяккім покатам клубка.
Чуць заціхлі гукі ў лесе,
Як ім голасна ў адказ
Рог дрыгучы раз-параз
Загрымеў у тым навесе,
Дзе суччо развесіў вяз.
А дзесь збоку, яшчэ далей,
Грае гучная труба,
Нібы срэбранаю хваляй
З гушчару плыве журба.
Пераводзіць хлопец вочы
То на пана, то ў гушчар,
Дзе ражок, труба якоча.
Што рабіць з ім пан тут хоча?
Ён, відаць, тут гаспадар…
Вось праява негадана,
Не чакаў такіх навін!
Ці не зызнуць лепш ад пана,
Покі ён стаіць адзін?
Вось джагнуць, разок-два лоўка
Ды ў кусты пісаць вузлы!
Але ў пана — дубальтоўка
Дый сабака, можа, злы.
Не, брат, позна: валяць з лесу
Два паны і леснікі,
Уцякаць тут не з рукі —
Няма сэнсу, інтарэсу.
Пан прысеў на пень дубовы
I чакае тут паноў.
Ён падняў на хлопца бровы,
Вочы бліснулі нейк зноў.
— Проша сядаць тут, панове! —
Кажа пан у панскай мове,
Як прыйшлі сюды паны.
— Я злавіў у той дуброве
Штуку добрай дзічыны. —
На Сымона, як на дзіва,
Пан паказвае паном,
А Сымон стаіць маўкліва —
Знаць, не трапіць у свой дом…
Ой, пан нешта замышляе,
Закід робячы дзіўны!..
А мо добры лёс трапляе?
Дапамогуць тут паны?
Ён гадае так і гэтак
Ды глядзіць у гушчарняк,
Як ваўчок, як той аблетак,
Ды не вырвецца ніяк.
— Ану, хлопча, мой каханы,
Паіграй, як ты іграў!
Хлопец злёгку задрыжаў
I ўзяў скрыпку паслухмяна;
Струны звонкія наладзіў,
Раз-другі смычком правёў
I аддаўся ўвесь абладзе,
Чарам струнных галасоў.
Льюцца гукі ў леснай цішы
Срэбраплынным ручайком;
Лес замёр, стаіць, не дыша,
Не варушачы лістком;
Прыпынілі спевы птушкі —
Скрыпцы ім не ўзяць у тон;
Толькі пчолкі, чмель і мушкі
Далучаюць сюды звон.
Ён іграў аб тым спатканні,
Аб дзяўчынцы яснавокай,
Волі вольнай і шырокай,
Аб сваім іграў блуканні
I аб долі адзінокай;
Ён іграў аб родным дому,
Аб жыцці сваім бязлетным,
Аб імкненні тым сусветным,
Што чуваць у буры, грому,
I стаялі нерухліва
I паны і леснікі;
Вусы пан спусціў маўкліва,
Іх пакусваў канчукі.
— Дасканала, дасканала!
Вось дзе талент захаван!..
Але здольнасць, якіх мала! —
Адгукнуўся адзін пан;
А другі маўчаў здзіўлёна
Ды ўсхапіўся сакалом
I трактуе ён Сымона
Белым срэбраным рублём.
А пан першы, пан вусаты,
Да музыкі кажа так:
— Ну каханы мой хлапак,
На жупан ты зменіш латы,
I ты болей не жабрак;
Ты ж рабі, што загадаюць, —
Я бяру цябе ў свой двор!
Пан гаворыць, вагу маюць,
Чэшуць словы, як тапор.
Смутна ў лесе, нібы чары
Напусцілі тут паны.
Дзе ж лятункі? Дзе вы, мары?
Адабралі ўсё яны.
Мільгатнуўся вобраз Ганны,
Такі родны і жаданы.
I чаму ён не йшоў з ёю?
А цяпер гадай, бядуй…
Хлопца штурхнуў хтось рукою:
«Руку, галган, пацалуй!»
Шыі выгнуўшы дугою,
Дружна коні дол сякуць,
Толькі пыл курыць трубою,
Насустрэч палі бягуць,
Адзінокія курганы,
Вёскі, фольваркі, крыжы,
Лес, смугою чуць засланы,
Сіняй далі рубяжы…
Эх, дарога! Як прыемна
На арлох тваіх ляцець,
Не гадаць-бажаць[26] дарэмна,
Думак клопату не мець,
А сказаць: «Э, будзь, што будзе!»
I не думаць ні аб чым,
Толькі чуць, як лёгка грудзі
Дышуць полем веснавым,
А ў разлогах аксамітаў
Дрэвы пышныя ўстаюць
I дрыготна хвалі жыта
Плыўкадымныя бягуць…
Першы раз скрыпач убогі
Зведаў гожасць той язды…
Эх, дарогі! Эх, дарогі!
Вы куды йдзяце? Куды?
вернуться

25

Ладуннік (польск.) — патранташ.

вернуться

26

Бажаць (укр.) — жадаць.