Изменить стиль страницы

IV

— Эхе-хе, мая дзяціна, —
Уздыхнуў Даніла-дзед,
— Падрабнела і людзіна,
Падрабнеў цяпер і свет.
А лясоў ты настаяшчых,
Бачу, хлопчыку, не знаў,
Нетры, нерушаў лядачых —
Дзе табе! — не сустрачаў.
Ты падумай толькі: пушча!
Дзень ідзеш і два ідзеш,
I такая табе гушча —
Вокам цемры не праб’еш!
I такія дзеравякі
Ты натрапіш, брат, у ёй,
Што прад імі стане ўсякі
Падзівіцца іх красой.
Тоўшч і веліч — страх праймае,
Волас дыбам устае!
А як пушча загуляе,
Зашуміць ды запяе!
Вось дзе музыка — паслухаць…
Але пушча болып маўчыць,
Ды не ўсякім носам звюхаць,
Што ў нутрох яе ляжыць…
Не быў ты ў вялікім лесе:
Войдзеш — свята вее ў ім,
А ўгары, зялёнай стрэсе,
Цягне спевам маладым.
I заўваж, мой хлопча-колас, —
Дрэва кожнае ў бары
Мае свой асобны голас,
А зацягнуць угары —
Спеў выходзіць самавіты,
Эге ж, хлопчыку мой, так:
Лес гаворыць, а скажы ты, —
Не павераць аніяк…
А лес, хлопча, хоць ён дзікі,
Але мудры і дзіўны,
Сэнс ён мае патайны,
Асабліва бор вялікі. —
Дзед прымоўк у задуменні
I, панізіўшы свой голас,
Зноў гаворыць:
— Вось здарэнне,
Ты паслухай, што было раз:
Знаў я пушчу на Палессі…
Што за дзіва? стаў я чуць
Нейкі шум у яе стрэсе,
Незнаёмы, асаблівы,
Голас жаласны, тужлівы,
Дрэвы смутна нейк гудуць.
У другіх лясох — нічога,
Там звычайны гоман-шум,
А ў той пушчы — плач, нябога!
Я гадаў і думаў многа,
Так і гэтак браў на вум, —
Не разблутаў той загадкі.
Так аб ёй я і забыў.
Раз зімою пад калядкі
Зноў я пушчай прахадзіў.
I што ж? пушча тым жа ладам
Шум цягнула свой тужліва,
Ну, аж проста брала дзіва:
Дзе прычыва гэтым звадам?..
Што ж ты думаў? — тую пушчу
Адкупілі гандляры,
I праз сэрца, яе гушчу,
Перайшлі іх тапары. —
I дзед раптам замаўкае
Ды на хлопчыка глядзіць,
Палец к чолу прыціскае.
— Ну, як будзеш тут судзіць?
— А вам, дзедка, не здавалась,
Вы не думалі аб тым,
Што у лесе адбівалась,
Як адбілася ва ўсім,
Жыццё, дзедку, адчуванне?
Я так думаю, дзядок,
Што на свеце ўсё дазвання,
Нават камень і пясок,
Мае думкі і настроі,
Толькі ж нам іх не згадаць:
Трэба чыстым быць душою,
Каб іх тайнасці пазнаць.
Дзед у хлопца ўтарапіўся.
— А цікавы ты хлапец:
Разважаеш, як мудрэц,
Бы старэчым ты радзіўся. —
Азірнуўся дзед таёмна.
— Стаў я штось тут прымячаць,
Эге ж, хлопча: ночкай цёмнай
Штось дзіўное тут чуваць.
Штось тут творыцца уночы,
Сам пачуеш ты, эге ж.
Ці то жарты патарочы[31],
Ці то знак які прарочы,
Ці там што — не разбярэш.
Не натрапіш тога следу,
Не налучыш ты на троп.
Пазіраў Сымон на дзеда,
На маршчыністы той лоб
I так слухае ўнікліва —
Захапляе хлопца дзіва.
Сымон
А якая ж тут праява?
Дзед Даніла
Эге ж, хлопча: дзіўна справа,
Хтось цярэбіць тут дарогу…
Будзе змена, будзе змена!
Ідзе новае калена,
Яно тут, каля парогу,
Бо на свеце ўсё не вечна,
I зямля свой твар мяняе,
Хваля хвалю паганяе,
Пераходзіць бераг рэчны, —
Усё ў стане пераходу,
А тым болей, хлопча, людзі:
Яны самі сабе суддзі,
Хто згадае іх прыГоду?
Сымон
А скажы мне, дзеду любы,
Чаму так на свеце стала,
Што адным даецца мала,
А другому — аж да губы?
Хоць бы тут: раскошства, пыха,
А багацця, ох, багацця!
А другі ў ярме закляцця
Шлеі цягне, сваё ліха?
Хто багацце размяркоўваў,
Той дзяліў несправядліва,
Не для ўсіх зямля ўрадліва…
Чыя ж гэта воля-змова?
Дзед Даніла
Эге ж, хлопча, у тым справа,
Што не роўны людзі ў свеце;
Слабы, цёмны жыве ў смецці,
А дужэйшы правіць права,
Ездзіць, лейцы ўзяўшы ў рукі…
Эге ж: сіла ў гэтай штучцы.
Але, хлопча, лейцы рвуцца,
А без іх няма панукі.
Сымон
А чаму ж бы іх адразу
Не парваць, дзядок, і квіта?
Дзед Даніла
Іх часіна не пазбыта,
Не настаў той час заказу.
Сымон
А хіба ж ён сам настане?
I наогул сам ці прыйдзе?
I ці будзе канец крыўдзе?
Калі ждаць другога стану?
Дзед Даніла
На ўсё ёсць свая часіна,
I ўсё прыйдзе ў сваім часе.
I заслона ўжо ўзнялася,
Дзе хавалася прычына.
Ёсць у свеце розум нейчы,
Ён і піша ўсім законы,
Накладае забароны,
Час вартуе кожнай рэчы,
Ён знімае і кароны.
Што йдзе проціў яго волі
Ці не ў часе выступае,
Тое нішчыць цьма сляпая,
Тое жыць не мае долі.
Сымон
А як стане не ў трыванне,
I тады чакаць пакорна,
Покі стане жыць прасторна?
А змаганне? Дзе ж змаганне?
Ой, не, дзедку: проціў сілы
Можна ставіць толькі сілу,
Калі хочаш ты ўстаць з пылу,
Калі цягнуць з цябе жылы.
Дзед Даніла
Хо-хо, хлопча: ты гарачы!
Ну, а ў замак як папаў?
Сваёй воляй прытрапаў?
Эге, не, мусіць, іначай!
Дзе ж было тваё змаганне?
Толькі ў думках, так ці не?
Адлажыў, здаецца мне,
Ты свой момант паквітання.
Не, мой хлопча, нічагутка
Ты не зробіш без пары,
А надарыцца мінутка,
Тады ўсё тваё — бяры…
А ты, хлопчыку, музыка?
Гэта скрыпіца твая?
Ану, хлопча, папілікай.
Маладым быў, граў і я.
У тым парку радавітых
Тых князёў-багатыроў
Хвалі гукаў самавітых,
Смуткам, скаргай апавітых
Цёмных пушчаў і палёў,
Паліліся, задрыжалі,
Як бы срэбра рассыпалі
У галінках тапалёў.
I, здавалася, жывое
Нешта йшло ад гэтых струн,
Бы дух згоды і спакою,
Чараўнік які, вяшчун,
Натыхае ім, дрыготным,
Каб высока душу ўзняць,
Каб вясёлым і маркотным
Чары гукаў паказаць.
Слухаў дзед, акамянелы,
Апусціўшы вочы ўніз,
А пад вусам пабялелым
Губы ціхавька траслісь.
Часы «жыткі» маладое,
Родны кут, далёкі край,
Гоман пушчаў, голас хвояў, —
Дзе ўсё гэта? не пытай!
Не вярнуцца ім ніколі!
I цяпер, бы скрозь туман,
Устае прад ім і поле,
I балоты, і курган.
Дзед Даніла
Здольны ж ты, мой дабрадзею!
Ты навёў туман чароўны;
Гэты гоман струн бясслоўны
Так расчуліць сэрца ўмее!..
А дзе ж ты спыніўся ў замку?
I спытаць было няўцямку.
Сымон
Там, пры кухні.
Дзед Даніла
А ты б, можа,
Перайшоў ка мне, нябожа!
Там душы агонь затухне…
Не люблю я псярні панскай,
Палупанкаў, ахмістрынь[32]
Дух падлізніцкі, паганскі,
Прападзі ён там і згінь!
А мой дом — унь, бач, альтанка?
Будзем таьг мы жыць удвух,
Хай сабе не мураванка,
Ды ў ёй наш сялянскі дух.
Сымон
Шчыра дзякую, дзядок!
Вельімі рад, пайду ахвотна,
Бо мне, дзедку, там маркотна —
Там ступіць баішся крок.
Дзед Даніла
Ото ж бачыш! А са мною
Будзе лепш табе, эге ж.
З дзедам ты не прападзеш,
Як за добраю сцяною.
         Дзедава альтанка
         Зроблена з аполкаў,
         Чыста ў ёй і светла;
         Печ, як маці, ветла.
         Горне, як каханка,
         Дзедава свяцёлка.
         Хораша і проста —
         Дзед Даніла з густам.
         I палок выгодны,
         Блізкі сэрцу, родны.
         Сплецена з бяросты
         Кайстра густа-густа.
         У сцяне лапчасты
         Рог, мабыць, ласіны.
         Стрэльба-паядынка
         I труба-старынка,
         Спрытна, выгінаста,
         Зроблена з лясіны.
         Ёсць тут і ашэстак[33]
         I лучнік[34] пры печы, —
         Словам, свая хата
         Селяніна-брата.
         Многа блізкіх вестак
         Кут дае старэчы.
I застаўся тут хлапчынка.
Знікла тая марката:
З дзедам кожная часінка
Так ці йначай занята!
То гамоняць між сабою,
То майструюць што-нібудзь
Або важнаю ступою
У абход у парк ідуць.
Падзівіцца ж тут было чым,
Разважаць было аб чым,
А Даніла быў ахвочы
Волю словам даць сваім
I даць нават тлумачэнне
З свайго погляду-знацця
Неразгаданым спляценням,
З’явам цёмнага жыцця.
Раз увечар дзед з Сымонам
Выйшлі ў парк у свой абход.
Сутунела. Дзесь за клёнам
Месяц чырваніў усход,
Выступаючы ў абходы,
Што прызначаны яму;
Зоры з неба вокам згоды
Углядаліся скрозь цьму.
Было ціха і лагодна.
— Стой, паслухаем, дзядок:
Дзесь іграюць, дзедка родны…
Выйдзем унь на той грудок.
— Гэта, хлопча, тут не дзіва!
Эге, тромкаюць паны!
Хлопчык гукі ловіць хціва,
Ім валодаюць яны.
Зноў гарыць у ім жаданне
Тайнасць нотаў пасягнуць
I заслону адгарнуць,
Каб развеяць ноч нязнання.
Ён ідзе на тыя гукі,
Ён стаіўся пад акном,
Зашчаміўшы моцна рукі, —
Ён не смее вайсці ў дом:
Там — паны, а ён — басота,
Сын мужычы, ён — «псякосць»,
Паднявольны ён тут госць,
Яго месца — каля плота…
Эх, няроўныя дзве часці!
Ён — нікчэмнасць, ён — друза…
I з вачэй гатова спасці
Крыўды горкая сляза.
Эх, для панскае пацехі
I для забаўкі паноў
Вы, саломенныя стрэхі,
Марна траціце сыноў!..
вернуться

31

Жарты патарочы — тут у сэнсе: жарты нячысціка, вячыстай сілы.

вернуться

32

Ахмістрыня — эканомка.

вернуться

33

Ашэстак — перакладзіна, жэрдачка.

вернуться

34

Лучнік — прыстасаванне для асвятлення, у якое ўстаўлялася лучына.