Изменить стиль страницы

Частка пятая

I

На свет прабілася вадзіца,
Што век стаяла пад гарою,
Пад цяжкай цёмнаю карою.
Яна заззяла, бы зарніца
У цьме вячэрняю парою,
Калі над стомленай зямлёю
Навісне ночка-чараўніца.
Яе з’яўленне ў той краіне
Для ўсіх было вялікім святам,
Для ўсіх жаданаю была там
Рачулкі плынь бліскуча-сіня:
Палям, лясам і той даліне,
Дзе дуб-асілак звесіў шаты,
Дзе бусел меў дом на галіне.
Лагодна, дружна і шчасліва
Жыццё зайграла каля рэчкі.
У ёй паліла сонца свечкі,
I к ёй імкнулася маўкліва
I кальва жыцейка і грэчкі,
Аер, чарот, лаза, парэчкі…
На хвалях ветрык плыў жартліва.
I нават з неба зоркі ўночы
У ёй купалі свае косы
I мілы усмех свой дзявочы;
А гэты месяц безгалосы,
Ідучы небам на ачосы,
Зірнуцца ў рзчцы быў ахвочы.
Такія мела рэчка лёсы.
Адзін мароз не знае жалю,
Не любіць радасці і волі;
Прыйшоў, зірнуў, сказаў: «Даволі».
I б’е на рэчцы свае палі
Ды піша розныя крамзолі,
Бо сам тут хоча стаць на чоле,
I кайданы куе на хвалі.
I стала мёртва ў той мясціне,
Хоць шчодра клаў мароз там чары.
Асілак-дуб не сцерпеў кары,
I кажа ён сухой галіне:
«Спадзі наніз, як пярун з хмары,
Разбі ты скрэп халодна-сіні:
Няхай ізяоў гуляюць плыні,
Няхай жывуць ізноў абшары».
Падняўся вецер: «Гэй, да зброі,
Каб даць жыццю тут вызваленне!
Мы знішчым холаду насенне
I лёд паганы ўвесь раскроім,
Паб’ём халоднае скляпенне,
I рэчку збавім з амярцвення,
I новы лад мы тут устроім».
Шуміць, кіпіць, бурліць змаганне
За шчасце, волю і свабоду,
I лес зваліў на лёд калоду,
Разбіў яго тут скрэпы-тканне.
Мароз ізноў марозіць воду.
«Я ў лёд схаваю ўсю прыроду —
Мая тут воля, панаванне!»
Глядзела сонца ў засмучэнні
На калатню варожых станаў —
Не вырваць злу ад зла кайданаў.
I шле яно наніз праменні,
Заве да згоды-замірэння,
Каб сцішыць ласкаю буянаў.
I гэта ласка з дабратою
Спыяяе тую трасяніну
I зноў выводзіць на пуціну
Дабра і згоды цеплатою.
I жывіць рэчка зноў краіну,
Вакол згуртоўвае расліну
I ззяе шчасцем і красою.
Ажывіўся замак хмуры,
Бляск, святло, гараць агні,
Зіхацяць там вокны, муры,
Ззяюць вежы ў вышыні.
Парк жыве, гарыць і дыша.
Як каралі на шнурах,
Скрозь дарожак ззяе-пыша
I калышацца ў агнях
Срэбра лісцяў на галінках
Старасвецкіх ліп, дубоў.
То — маёўка-вечарынка,
То — банкет-гульня паноў.
I спакойна, ціха, роўна
Блеск ліюць свой ліхтары
I сплятаюць так чароўна
Святло-цені на кары
Комляў тоўстых, нерухомых,
На галінках, на суках,
Бы застыў тут веснік громаў,
Блеск маланак на камлях.
А ўгары над гэтым бляскам
Звісла ноч яшчэ цямней,
А з глыбінаў неба казкай,
Поўнай чараў, ціхай ласкі,
Пазіраў яшчэ ясней
Гожы месячык няпоўны,
Чуць пачаты баханок,
I яму ноч з хмарак-воўны
Белы выткала вянок.
«Уміраць ім тут не трэба:
Ім тут рай і ім тут неба», —
Думаў моўчкі дзед Даніла,
Збоку стаўшы ад паноў:
«Што ім той свет? ім тут міла,
А памруць, па іх жа зноў
Будзе пышнае маленне,
З пыхам гроб іх панясуць;
З раю светлага збавення,
Як і тут, нас адапхнуць».
А паны сабе балююць,
П’юць заморскае віно —
Для іх робіцца яно —
I ім лёкаі слугуюць,
Як тут водзіцца даўно.
Між адвечных жаралістых
I растрэсканых камлёў
Тоўстых клёнаў і дубоў,
Кругам стаўшых, бы маністы,
Стол даўжэразны аж гнецца
Ад закусак дарагіх,
Там віно шуміць і льецца,
Мова хмельная вядзецца,
Смех паненак маладых,
Разубраных, як у маі
Кветкі тыя на лугах,
Як вясной бярозкі ў гаі,
Як валошкі[36] на палях.
I якіх убораў толькі
На паненках не было!
Анталяжыкі ў дзве ролькі[37]
А іх белае чало
Авівалі кудры гожа —
Лён завітых валасоў.
А іх тонкіх галасоў
I музыка зграць не зможа.
Завушніцы і пярсцёнкі
Так і ззяюць і гараць,
Як у восак, стан іх тонкі,
Вочы зорамі глядзяць.
Шчочкі тыя, ну — сунічкі…
Эх, дзяўчаткі-чараўнічкі,
Лепш на вас не пазіраць!
А прамовіць-заспявае —
Пан шалее малады:
Чорт яго і бацьку знае,
Што з ім робіцца тады!
То прыскочыць, то прыгнецца,
То рукою павядзе,
Плечы ўскіне, засмяецца,
Як матыль над лямпай, ўецца,
Як над краскай чмель, гудзе.
— Гэй, панове, ўгурэн шклянкі!
Піем здрове свэй коханкі.
Песню пан якісь заводзіць,
Драбязіць, бы той казёл,
I вачамі ўсіх абводзіць,
Чаркай стукае аб стол.
— Віват, ксёнжа наш вяльможны!
I ўстаюць ураз паны;
Момант — чаркі ўсе парожны,
Князя гушкаюць яны.
Тут музыкі — лознік гібкі —
Падымаюць, хто кларнет,
Хто басэтлю[38], а хто скрыпкі,
Каб аздобіць той банкет.
Як утнулі ж, як уцялі
З дысканта, а хто з баса,
Аж, здаецца, задрыжалі
Лісці, дзерава краса.
Кіраўнік на часці рвецца.
Пан Галыга — адзін рух,
То да скрыпак ён памкнецца,
То заверціцца вакруг.
Ходзяць рукі, як пружыны,
Адбівае тахт нага,
Лоб збіраецца ў маршчыны,
I сам гнецца, як дуга.
— А дзе хлоп, што ладна грае?
Гэй, музыку завалаць! —
Падгуляўшы князь гукае:
– Ўраз хлапака мне падаць!
Сціхлі госці і музыкі.
З іх застылай грамады
Праціскаецца на клікі
Наш музыка малады.
Выйшаў ён і пакланіўся,
Кінуў погляд на паноў.
Эх, і дзе ж ён агіыніўся!
Пых такі яму й не сніўся,
Колькі блеску і агнёў!
— Ну, зайграй жа нам, каханы. —
Князь крутнуў свой чорны вус
I на белы той абрус
Ставіць локаць надзімана.
Граў Сымон ужо нямала,
А чаго ж яго рука
Так парыўна задрыжала
Пад узлётамі смыка?
О, каб мог агнём пякучым
Ён ім душы апаліць,
Болем вострым, негаючым
Думкі іх усе авіць!
Каб адчулі крыж няволі,
Заняпаласць прасцяка,
Зыркі свіст вятроў у полі
I лёс гэты бедака!
Ён зайграў, і струны горка
Адклікаліся-гулі,
Аддавала іх гаворка
Гневам, крыўдаю зямлі…
Скончыў граць ён — паны ў ладкі
Запляскалі як адзін,
Мабыць, панскія парадкі
Вымагаюць такі чын.
Вус у князя зварухнуўся.
— А скажы, каханы мой,
Што ты выказаць мануўся:
Думку, песню ці настрой?
— Я скажу, вяльможны княжа.
I пачаў Сымонка так:
«Хто пра гора тое скажа?
Дзень памрэ, і ночка зляжа,
Чорны ўздзеўшы андарак.
А дуб будзе смуткаваці,
Бо няма яго дзіцяці,
Бо такая доля іх.
Уміраў дуб, верх быў голы,
Тоўсты комель яго — кволы,
Шум лістоў яго заціх,
I была на ім галінка,
Маладзенькая дзяцінка,
На галінцы — жалудок.
— Я, сыночку, уміраю,
Я ў табе надзеі маю:
Падтрымай наш род, сынок!
Ты — мая адна надзея. —
Сына песціць дуб і грэе,
Сок апошні аддае.
На сухіх галінках дуба
Вольнай пташцы сесці люба,
Пташка песні там пяе.
Раз паны там палявалі
I пад дубам балявалі,
Справы робячы свае,
Ох, ліха ж ты, сіла ўража!
Хтось з іх жолуд той заўважыў.
— Ну, ці знойдзецца стралец,
Хто галінку зніжа куляй? —
Для іх забаўкі і гулі,
А дуб чуе свой канец.
Вось адзін з іх абабраўся,
Стрэліў — дуб той захістаўся,
Чуць заслаўшыся дымком.
Куля роўна паляцела
I зрабіла злое дзела —
Збіла гольку з жалудком!
I галінка ў рэчку ўпала,
I вада яе пагнала
Разам з дубавым сынком.
Плача голька, жолуд ные,
Бераг рэчкі жальба крые;
А тым плачам чужаніцы
Забаўляліся, дурніцы,
Спрытнасць хвалячы сваю.
Эх, заплача паляўнічы:
Стрэліў ён не па той дзічы —
Жолуд вырасце ў гаю…
Бура ўсходзіцца, завея,
Згіне гэта пыха,
Бо хто зло-няпраўду сее,
Пажынае ліха».
«Ой, вяліка воля княжа:
Тое свята, што князь скажа.
Князь магутны, асвячоны,
Скарбы ў князя незлічоны;
Аднаго ж і князь не можа,
Хоць казаць пра то нягожа:
Князь не мае волі-ўлады
Вольнай думцы даць парады,
Думка ходзіць, дзе захоча:
Ад зямлі да зор і сонца
Няма думкам забаронцы.
Думка праўду кажа ў вочы
I вялікім і малому —
Гора будзе твайму дому!
Свежы, іншы вецер вее,
Хоць ён вее ціха.
А хто зло-няпраўду сее,
Той зжывае ліха».
вернуться

36

Валошкі (укр.) — васількі.

вернуться

37

Анталяжыкі ў дзве ролькі — карункі ў два рады.

вернуться

38

Басэтля — кантрабас.