Изменить стиль страницы

II

Волі, волі і прастору!
        Прэч граніцы!
Жыве ў сэрцы плынь крыніцы,
Дух жывы — агонь дзянніцы.
        Гэй, угору!
Волі, волі і прастору!
Не зайздрошчу вашай долі,
        Багацеі!
Вы — крыўдзіцелі-зладзеі,
Вы разбілі мне надзеі…
        Дык даволі!
Не зайздрошчу вашай долі…
Як здабылі рай свой панскі?
        Чым купілі?
Сэрца ваша поўна гнілі,
Бруд у кожнай вашай жыле,
        Дух паганскі…
Як здабылі рай свой панскі?
Згіне ваша тут багацце,
        Панаванне.
I вам будзе час змяркання,
Ён нясе вам біч выгнання
I пракляцце!
Згіне ваша тут багацце!
Зачынілі вы нам дзверы,
        Свет закрылі,
Каб не даць разняць нам крыллі,
Каб не ўніклі ў вашы былі.
Але мысль — не ў вашай сіле!
        Эх вы, зверы!
Мера вам — па вашай меры!
Беглі дні, міналі леты,
Так прайшло тут тры гады…
Эх, музыка малады!
Не дасяг ты свае мэты.
Жыў Сымонка тут надзеяй,
I так марыў ён аб тым,
Што панове-дабрадзеі
Ласку будуць мець над ім
I навучаць чытаць кнігі,
Ноты тыя разбіраць,
Сам бы ноты стаў складаць, —
Граў бы ён не горш Галыгі.
Ён аб гэтым думаў многа,
З дзедам радзіўся не раз,
Ды, вядома, у старога
Быў старэцкі і адказ:
— Кінь ты, хлопча, абэцадлы[39]!
Лепей плюнь на іх, эге ж!
Кнігі розум сушаць, падлы:
У сухоты ты ўпадзеш!
Знаў я кніжніка такога,
Што ўсё ведаць-знаць хацеў,
Начытаўся гэтак многа,
Што ў скурат ён ссох, нябога.
I што ж думаў? — звар’яцеў!..
Дый вучыць цябе хто стане?..
Дзе ты бачыў! ты — мужык,
Трэба выламаць язык,
Тваю ж мову апаганяць,
Хай зямля іх тут апране!
Дзед старога ўжо закалу,
Зразумець не можа дзед
Прагавітага запалу
Пасягнуць навукі свет.
I надумаўся хлапчына
Да Галыгі завітаць,
Хоць ён жорсткі, як дубіна,
I станоўка ўжо прыстаць,
Каб вучыў яго чытаць,
Хоць у тыдзень, ну, хвіліну.
Вось, набраўшыся адвагі,
Ён ідзе туды цішком,
А Галыга да сярмягі
Зварачаецца з смяшком:
— Ну, што скажа пан музыка, —
Саматужны мой Шапен?
— Просьба, пане, і вяліка…
— Што, пакрыўдзіў стары «тэн»?
— Не, прыйшоў прасіць васпана[40]
Паказаць навуку мне:
Без навукі жыць пагана;
Яе сню, панок, у сне —
Так хачу я знаць навуку,
За яе б аддаў жыццё…
Хоць бы першае знаццё. —
I цалуе пана ў руку.
— Пакажы мне, панок, ноты,
Растлумач мне, як і што;
А за панскія турботы
Хай жыве пан гадоў сто!
— Сто гадоў!.. не кепска плата.
Што ж, распіску дай ад Бога;
Сто гадоў — яму нічога:
У яго гадоў багата…
Справа добрая — навука.
Славу, хлеб яна дае…
Але, хлопча, дзе парука,
Што не згінеш праз яе?
Ты разумен без навукі:
Помніш, князю што казаў?
Ты б язык свой прытрымаў —
За такія, браце, штукі
У мех садзяць, каб ты знаў!
Вось затым сама прырода
Вас пускае слепаком,
Каб з вас менша была шкода.
Раз мужык — будзь мужыком,
Маеш хлеб — і жуй цішком.
Будзь даволен сваёй доляй.
Што ж з ім гутарыць тут болей?
Сорам хлопцу — так аплёван
У жаданнях, у імкненнях!
Як жа так, каб у праменнях
Ды знявагі бруд быў схован?
Не: праменні чысты самі,
Струны чысты, дух што будзяць.
Але людзі і іх брудзяць,
Топчуць іх у гразь нагамі.
Горка стала тут Сымону:
Нё ж ён будзе век сляпым
I не будзе век разгону
Гэтым марам дарагім?
«А дзе праўда, браце мілы?
Справядлівасць тая дзе?
Хто ў пагардзе да магілы
Лёс мужычы наш вядзе?
I чыя рука ліхая,
Чый жа гэта жорсткі суд
Мне каменнем высцілае
Жыцця гэты цесны кут?
I чаго я тут прыдбаю? —
Разважаў цяпер Сымон. —
Права людскасці не маю,
У твар сунулі ражон!
Дык чаго ж я марна трачу
Між чужынцаў дні свае,
Светлай волечкі не бачу?
Песні вольныя мае!
Эх, пара нам у дарогу!
Зачакаўся ты, мой кій,
Сэрца б’е сваю трывогу,
Вецер, голасна завый!
Бо хачу я ў спевах буры
Аднавіцца і аджыць
I дажджом грымотнай хмуры
Замку фуз і бруд абмыць».
Волі, волі і прастору!
        Прэч граніцы!
Ёсць жывыя там крыніцы,
        Ззяюць зоры,
        Бліскавіцы.
        Гэй, угору!
Поле шырокае, роднае поле
      I збожжайка шаты,
        Прастор мнагадумны,
               Разумны!
Хай жа спаткае нас шчырая воля,
        Асветліць і хаты
               I гумны!
Я — выгнаны сын ваш, так: я — бадзяга,
        Без ласкі, без долі;
        Я — колас без нівы
               Маўклівы.
Хай жа адна нас атуліць сярмяга —
        Той вецер у полі
               Шумлівы.
Эх, лес цёмнакудры, мілы мой лесе,
         Удумныя дрэвы,
         Зялёныя шаты,
               Мой брат ты!
Там лісцейка дуба высака ўверсе
        Выконвае спевы
               Заўзята.
Там весела-вольна, ціш там лунае…
        Краіна другая,
      I фальшу няма там.
               Як з братам,
Гутарыць краска з табою лясная,
      I ты, дарагая,
               Была там.
Сонейка ты маё, радасць мая ты!
        Дзе ты цяпер? дзе ты?
        Ты дух мой будзіла,
               Жывіла…
Не: не міну, не міну твае хаты,
        Хоць, можа, мяне ты
               Забыла.
А тут… павуццё пана-магната,
        Панурыя сцены
      I валы-акопы,
               Затопы.
Многа ахвяр тут, эх, як багата!
        Ламалі рамены
               Тут хлопы.
Ткаў прагавіты павук свае сеці,
      I вязлі ў іх мухі
      I мошкі малыя,
               Сляпыя.
Але ёсць праўда, ёсць яна ў свеце,
        Ёсць страшныя рухі
               Жывыя!
З кожным днём мацней штось гнала
Хлопца дальш ад гэтых сцен,
I душа яго жадала
Новых з’яў і новых змен.
— Эге ж, хлопча: іншы рады
Панству ў замку слугаваць
I цярпець, знасіць іх здрады,
Толькі б панскі стол лізаць.
Адзін быў тут дзед Даніла,
З кім Сымонка сябраваў.
Адзінота іх радніла,
Голас волі іх злучаў.
Дзед любіў балот разлогі,
Глуш лясоў, дзе ён узрос,
Дзе хадзілі яго ногі
Летнім часам і ў мароз.
— Хоць бы раз яшчэ, здаецца,
На Палессе мне зірнуць:
Так душа туды ірвецца —
Пушчы роднай спеў пачуць.
Недалёк мой час змяркання,
Там жа ўвесь мой род ляжыць,
I адно маё жаданне —
Там навекі супачыць.
Жыцце ў замку йшло без змены.
Раз заведзены там лад
Не парушваўся, бы сцены, —
Цвёрды чыйся быў загад.
Ды на свеце ўсіх здарэнняў
Не прадбачыць і мудрэ$,
А прыходзіць разбурэнне;
Дзе пачатак, дзе канец.
Дзе іх схованы прычыны —
Не ўсім сцяміць і згадаць,
Але грозныя навіны
Сталі замак засмучаць.
Князю ліха налучылась:
Князь забіт бы неўзнарок,
Чыясь куля памылілась
I прабіла яму бок.
Страх у замку заснаваўся,
Змоўк там шум, вясёлы жарт,
I над вежамі падняўся
Чорны ўвесь, як ноч, штандарт.
— Вось што, хлопча, гук сякеры,
Што мы чулі, азначаў:
Для няшчасця ў замак дзверы
Хтось уночы прасякаў…
Ну, цяпер разруха пойдзе,
Эге ж, так: адна бяда
Спадарожных сабе нойдзе,
I ў кампанні цэлай войдзе
З ёю бед тут чарада.
Мы ж цяпер з табою — мошкі,
Непрыметныя для воч:
Можам смела ў пуць-дарожку
З замка выбрацца мы ўпроч.
Ноч у замку. Варам дыша,
Парнасць вее ад зямлі,
I паблісківае-пыша
Хмара цёмная ўдалі;
Віхар вогненны гуляе
I рве мрок узлётам крыл,
I гарыць і палыхае
За лясамі небасхіл.
А ў касцеле звоны звоняць,
Гукі жудасныя роняць, —
Позна правіцца імша[41]:
Нагла[42] зніклая душа
Грэх знявагі, уціснення,
Што ад роду ўжо і ў род
Гнуў людскія пакаленні,
Крыўдзіў знішчаны народ, —
Замаліць цяпер жадае,
Ноч гатова агарнуць,
Невядомы лёс чакае,
Жджэ яе нязнаны пуць.
I яшчэ страшней у замку,
Бы з адвечных тут муроў
Паспадалі часаў клямкі,
Каб папомсціцца за кроў…
— Час нам, час у пуцявішча,
Жджэ на возеры чаўнок…
Неспакойна неба блішча,
Навальніца йдзе, сынок.
Рэжа човен водаў лона,
След-палёт тае стралы,
Слізгаціць чаўнок шалёна,
Гоняць два яго вяслы.
Далей замак з кожным разам,
Блісь маланка — ён, бы змей,
Страшным выплыве выразам
Ды ў мрок спусціцца чарней,
Нібы грозіць і сярдуе
На сваіх няверных слуг…
Човен дном пясок шаруе,
Цішыня і мрок вакруг.
Дзед з Сымонам пад вярбою
Селі буру пераждаць.
Жах маланка! а за ёю
Біць пярун пачаў, страляць.
— Дзед, глядзі: унь вежа збіта!
Бач, агні як абвілі!
— Эге ж, хлопча, не забыта
Тая праўда на зямлі.
вернуться

39

Абэцадлы — тут у сэнсе: вавука, грамата.

вернуться

40

Васпан — ваша міласць.

вернуться

41

Імша — каталіцкая абедня.

вернуться

42

Нагла (польск.) — нечакава.