- Слухай, Нiна, перастань з гэтымi мянушкамi.
- Слухаю.
- Я званю ў важнай справе.
- У цябе ўсё й заўсёды важнае.
Капшун уяўляў самазадаволеную кплiвую ўсьмешку Нiнiнай напудранай маскi. Каб яе! Колкi язык.
- Нiна, прашу цябе. Мне не да шутачак...
- Гавары, слухаю.
- Скажы мне, што зь Верай?
- Ня бачыш ты, стары казёл? Яна закаханая, влюбенная по уши. Понял? Да, да, усе сымптомы...
- Цi яна зараз дома?
- Няма. Пайшла некуды, можа ў шоў...
- Зь кiм пайшла?
- Адкуль мне ведаць. Цi ты мяркуеш, што я бегаць за ёй буду?
- Я думаў, што можа сказала табе...
- Не, не казала. I калi цябе цiкавiць, дык скажу табе, што наша маладзiца ўтрэскалася, улiпла й патанула да самых глыбiняў. Да, да...
- Што за дзяцюк?
- Хто? Ды Якiмовiч. Цi гэта для цябе навiна?
- Не, ня зусiм. Як далёка яна зайшла?
- Апошнiх пару тыдняў зьмянiла свае паводзiны. А я ня мела нагоды назiраць за ёю ў магазiне, але я пэўная... Задуманая, маркотная, забываецца часам што нармальнае, нэрвуецца, кусьлiвая. Так, парань мой, сымптомы верныя. Твая iсключыцельна спасобная красавiца ў пагонi за гэтым Дон Жуанам розум трацiць. I папярэджу...
- Непатрэбна. Пасьля такой грунтоўнай дыягнозы сам бачу. Дрэнь, ярунда! Камплiкуе дзела... Такога я не спадзяваўся. Ну дык дзякую за iнфармацыю. Гэта будзе ўсё.
- Але-ж, якi ты бiзнэсавы сягоньня! Шкада...
- Чаго гэта?
- Усё толькi бiзнэс, а пагуляць няма калi.
- Перастань! Будзь ты праклятая, сука! - заключыў Капшун, палажыўшы трубку. Задуманы, пачаў хадзiць па пакоi. Напхаў у люльку галяндзкай "Аморфа" табакi, прыкурыў, намагаўся вярнуць раўнавагу. Так, на Веру трэба нацiснуць. Толькi празь яе можна знайсьцi "старога фашыста".
Апошнiмi часамi Вера не рэагавала на ягоныя жаданьнi цi загады. Вялiкая была-б небясьпека, калi-б яна да бяспамяцтва закахалася ў Якiмовiча. I якая тады зь яе карысьць, калi апынецца пад поўнай уладай дзяцюка? Трэба запабегчы гэтаму... Так, чаму-ж не. На гэта ёсьць рада. Паказаць Якiмовiча як небясьпечнага фашыстоўскага крымiналiста. Да, да, совершенно так, именно так... Грыша ўсьцешыўся ад такой сваей вынаходлiвасьцi. Трэба ратаваць дзяўчыну, пакуль яшчэ час.
Капшун сеў за машынапiску й пачаў лiст да людзей у Ўсходнiм Бэрлiне. За якiх хвiлiн дваццаць зарганiзаваў асноўныя думкi. Зводзiлiся яны да наступнага: "Паказаць Якiмовiча як мацёрага i небясьпечнага ваеннага крымiналiста, з крывёй нявiнных савецкiх грамадзянаў на яго руках. Зьмясьцiць матар'ял у наступным нумары. Да маей дыспазыцыi прыслаць некалькi нумароў лётнай поштай. Трымаць ягоную матку на прывязi".
Капшун занёс лiст у паштовую скрынку й быў задаволены, што галава нарадзiла новы плян. Ня мог-жа правалiць сваей найлепшай нагоды. Стукне гэтых фашыстаў на ўсе застаўкi!
25
Пасьля тае непаладкi зь дзяўчынай у парку, Алесь часта думаў пра тое, што так магло ўквялiць Веру. Выглядала яна цяпер надта дзiўнай i цяжка было разгадаць, што было ззаду ўсяго гэтага.
Алесь вырас у грамадзтве, насычаным недаверамi й падазрэньнямi, каторыя пасеялi ворагi-чужынцы для сваiх акупацыйных мэтаў. Людзi паволi адкрывалi адзiн аднаму свае сэрцы дый былi змушаныя трымаць, для свае бясьпекi, "языкi за зубамi". Уплыў вольнага, дэмакратычнымi традыцыямi прасякнутага, грамадзтва, дзе панавала поўная вольнасьць слова згодна правоў дзяржавы, мела свае дабратворныя вынiкi. Адылi мiнулае не хацела здавацца цяперашняму ў палон. Захавалася абаронная асьцярожнасьць, - у асноўным звычайная пратэкцыя супраць усякае так званае вонкавае iнвазii. А гэнае нутраное "сьвятое сьвятых" мела яшчэ адну бясьпечную запруду, якая адкрывалася адно для выбраных.
Вера блiзкая i Вера далёкая... Алесь намацваў розьнiцу. Цi ў яе галаву розныя палiтрукi напхалi шмат чырвонага, камунiстычнага? Сьвет, у якiм дзяўчына гадавалася, Алесю быў слаба ведамы, уяўляўся адно ў вельмi няясных рысах. Алесь лiчыў Веру ўжо надта блiзкай асобай, каханьнем зьвязанай зь iм, а ўсё-ж доступу да ягонага "сьвятога сьвятых" яна яшчэ ня мела. "Выварачваць сваю душу", як часта некаторыя людзi гаварылi, Алесь адвучыўся ў часе вайны, калi падпiльноўвала цябе цi адна небясьпека. "Сьцеражонага Бог сьцеражэ!" Яно-ж так было куды бесьпячней нават тут, за акiянам, бо аж сюды - ды яшчэ як учэпiста! - сягалi шчупальцы праклятага, крывi прагнага, актопуса, якi адэптаваў сабе будучыню як ягоны й нiчый iншы iмпэратыў. У той будучынi ён вырашыць канчаткова ўсе людзкiя сацыяльныя, матар'яльныя i духовыя праблемы, якiх чалавек ня мог палагодзiць пачынаючы ад прапрапрабацькi Адама.
Цяжка было даверыцца Веры, хоць дзяцюк ужо спанатрыў, што сустрэўся зь нечым новым, ягонай усёпаглынаючай сiлай. Каханьне ўжо завязалася, расло, разгаралася, ахоплiвала ўсю ягоную iстоту. Так, яно ўжо iм завалодала. Цiкавiла яго, чаму дзяўчына хацела ведаць i колькi разоў прост-напраст дамагалася, каб расказаў ёй, што й дзе рабiў падчас апошняе вайны. Цi гэта звычайная людзкая цiкавасьць блiзкай, каханай асобы, цi што iншае? Самае-ж галоўнае, - чаго пазьней Алесю давялося цi раз шкадаваць! - яму ў галаву нiяк тады ня прыйшло. Чаму-б яму было тады не зрабiць таго элемэнтарнага, значыцца, як ураднiкi казалi - "навесьцi спраўку", проста пастарацца даведацца пра гэту дзяўчыну ўсё асноўнае: хто яна, адкуль, чаму i як тут апынулася, чым яшчэ займаецца i iншае?
Тымчасам яна была вось тут, пад рукой, пад ягонымi загадамi. I быццам недасягальная. Часамi сумная, задуманая. У часе працы iхныя сьцежкi спатыкалiся. На тым прывабным твары зьяўлялася казённая ўсьмешка. Дзяўчына трымалася неяк на адлегласьцi, хоць была ветлiвая i ў выкананьнi службовых абавязкаў бездакорная. Памiж iмi вырасла нейкая нябачная перагародка i, як спасьцярог Алесь, сталася тое зь Верынай волi. Аднойчы ранiцай Алеся прыемна зьдзiвiла тое, што Вера сустрэла яго сваёй шырокай сонечнай усьмешкай i першая пачала размову, быццам мiж iмi нiколi й нiчога прыкрага ня было. Загадка. Як вытлумачыць такую раптоўную перамену? На працягу колькiх дзён такая халадэча, а тут... раптам... Што гэта такое? Хутка адбудавалiся масты. Дзяцюк запрасiў Веру на нядзельны пiкнiк.
У прыгожы сонечны дзень малебен адбыўся ў гаi на фарме аднаго з суродзiчаў недалёка гораду, Алесь знаёмiў Веру з усiмi прысутнымi. Гэта лёгка йшло на пiкнiку, дзе адбывалiся розныя гульнi й танцы. Вера спасьцерагла зь якой пашанай ягоныя суродзiчы адносiлiся да Алеся, што й спрычынiлася да ўважлiвых гасьцiнных адносiнаў да яе. Нядаўныя iмiгранты, калi даведалiся, што яна ў Канадзе радзiлася, хвалiлi яе за тое, што добра пабеларуску размаўляла. Калi-б выбiралi прыгажуню пiкнiку, Веры напэўна трапiў-бы вянок на галаву.