Пытаньнi: дзе яна радзiлася? Як гэта яна так прыгожа пабеларуску гаварыць навучылася? Цi яе бацькi навучылi? Хто яны? Што яна думала пра старую беларускую, абаламучаную камунiстамi iмiграцыю?

Алесь памагаў Веры, як мог, а сама дзяўчына ветлiва й асьцярожна старалася адказваць на шматлiкiя пытаньнi. Спасьцерагла, што магла-бы iлгаць зь вялiкай лёгкасьцю. З боку гэтых зычлiвых i гасьцiнных "новых Канадыйцаў" не заўважыла нiякiх намёкаў на падазронасьць. Тут-жа наверсе, дэманстрацыйна цьвiла шчырасьць i сяброўства. Адразу залiчылi яе ў сваю грамаду. Дзяўчыне цяжка было сьцямiць, што гэтыя людзi зрабiлi-б зь ёй, калi-б ведалi пра ейную запраўдную так званую мiсiю. Цi магло гэта быць, што гэтыя наскрозь, як вока бачыць, шчырыя й гасьцiнныя добразычлiвыя людзi некалi былi фашыстоўскiмi забойцамi-калябарантамi, катамi собскага-народу, а цяпер ёсьць страйкбрэйкарамi, як некалi ўлажыла ў ейную галаву савецкая прапаганда?

- Як-бы табе падабалася правесьцi канец тыдня са мной у прыгожым рэсорце? - спытаўся ў Веры Алесь па дарозе ў горад.

Дзяўчына ўважна глядзела Алесю ў вочы, як-бы там хацела прачытаць ягоныя намеры. Пытаньне-ж няштодзённае.

- Ня ведаю. Раскажы, што за рэсорт.

- Да Пайн Рыдж даехаць займае, не сьпяшаючы, тры гадзiны часу. Мой сябра ёсьць уласьнiкам рэсорту. Вельмi прыгожае месца над ракой у пушчы. Добра адпачываецца пасьля шуму й бруднага гарадзкога паветра. Калi-б ты захацела для сябе цэлы катэдж, магла-б быць праблема, але...

- А што там рабiць?

- Рыбачыць, плаваць, па пушчы валачыцца, у тэнiс гуляць, адным словам...

- Цудоўна, - сказала дзяўчына. - Ты-ж ведаеш як я люблю прыроду.

- Любiш больш, чым мяне? - жартаваў Алесь. На дарозе аўты рухалiся звольненай скорасьцю, адно амаль у прытык да iншага, як звычайна бывае гэтта калi жыхары ў нядзелю над вечар вяртаюцца з адпачынку недзе на прыродзе.

- А хто табе сказаў, што я цябе люблю? - Вера лёгка таўханула дзяцюка пад бок.

- Стой, зважай! - сур'ёзна крыкнуў Алесь. - Я вось капiтан гэтага карабля i мы плывём з хуткасьцю трыццацi мiляў у гадзiну ўцiснутыя шчыльна ў мора iншых караблёў, напоўненых закаханымi людзьмi.

- Прабачце, мiстар капiтан, трымайце зрок на гарызоньце, а рукi на рулi!

Дружна зарагаталi.

- Гаворачы пра той ўiкэнд... я згаджаюся на плаваньне, тэнiс ды вандроўкi ў лесе...

- Добра, - сказаў Алесь, - мы будзем займацца тваiмi гобi... Знаю там яшчэ аднаго заядлага рыбака. Праўда, ён любiць рыбачыць iз натхненьнем i ў адзiночку. А так агулам гэта надта таварыскi чалавек.

- Хтосьцi мне знаёмы?

- Пазнаёмлю цябе i спытаюся яго, якой ён думкi.

- Думкi пра што?

- Пра цябе, мая даражэнькая.

- Ого як! Да чаго ты мяне рыхтуеш?

- На гэта будзе адказ пазьней.

- А хто такi той чалавек?

- Ты ўжо зь iм знаёмая, хоць не асабiста. Чытала яго творы. Антон Шпак.

- Я вельмi рада буду бачыць яго! - радасна сказала Вера.

Алесь уважна паглядзеў на дзяўчыну, крыху зьдзiўлены такой выказанай радасьцю бачыць беларускага пiсьменьнiка.

- Ведаеш, што я люблю добрую бэлетрыстыку. Ты-ж мне пазычаў Шпакавы кнiгi. Жывых пiсьменьнiкаў я не спатыкала. Мяне цiкавяць гэтыя людзi: як яны запраўды жывуць, паводзяць сябе ў таварыстве, наагул цi практычныя яны, цi толькi ўмеюць фантазiраваць, тварыць розныя пэрсанажы й сюжэты...

- Дык вось аднаго такога пазнаеш. Праўда, ёсьць адно пытаньне да цябе: цi наняць для цябе асобную будку, цi як?

- Наймi памешканьне, дзе ёсьць дзьве спальнi.

Алесь паглядзеў уважна на Верын твар. Цi яна так яму давярала, што згадзiлася начаваць пад адной страхой, цi можа, - не, гэтага нiяк нельга дапусьцiць, - ён выглядаў у яе вачох нейкай авечкай?

Вера старалася ўтрымаць раўнавагу. Наапошку яна ведала тое, чаго так дамагаўся Капшун. Сустрэне чалавека, ацэнiць яго, даведаецца як i з чаго ён цяпер жыве ды неўзабаве дасьць Капшуну поўную справаздачу. Спадзявалася, што на гэтым скончыцца ейнае заданьне цi мiсiя. Пара ўжо. Трацiла цярплiвасьць, слухаючы розныя дакоры з боку нуднага Капшуна, хацела высьлiзнуць спад ягонае дысцыплiны. Даволi. Магчыма цяпер, калi ўжо наклёўвалася зусiм памыснае завяршэньне таго заданьня, будзе мець магчымасьць сканцэнтравацца на гэтым дзяцюку. Кахала яго. Усьведамiла гэта поўнасьцю пасьля тае спрэчкi ў парку.

26

Прыехалi ў рэсорт Пайн Рыдж пасьля паўдня. Парыла, заносiлася на буру. Алесь шкадаваў, што ня ўставiў у свой Олдсмабiл ахаладжальнiка. Як толькi паставiлi аўтамашыну, Алесь запрасiў Веру ў рэстаран.

- Глянь, гэта-ж цудоўнае месца! - усклiкнула захопленая дзяўчына. - I чым тут людзi займаюцца?

- Яны зарабляюць на жыцьцё растратай сваiх грошай, - адказаў дзяцюк.

- Гэта надзвычайны занятак, толькi грошы трэба мець.

У рэстаране было няшмат людзей. Алесь разгледзеўся, прывiтаўся са знаёмымi. Селi за стол у куце.

- Замовiш мне вялiкую мiсу марожанага, а я пайду асьвяжыцца, - устала Вера.

Алесь выцер сабе спацелы дагэтуль лоб. Разглядаўся, цi няма дзе навокал Шпака. Як прыемна тут, дзе паветра штучна ахалоджвалася, пасьля парнасьцi, якая гаспадарыла на дварэ!

- Гало, Мэры! - прывiтаў Алесь таўставатую i нiштаватую з выгляду дзеўку, каторая працавала тут i кэльнэркай i кухаркай. - Як-жа тваё цэннае здаровейка?

- Гляньце, хто гэта зьявiўся, big boy, - усьмiхнулася, рэклямуючы прыгожыя зубы, дзяўчына. - I каму-ж мы маем быць удзячныя за тваю вiзыту?

- Што за пытаньне, Мэры? Табе, а не каму iншаму. Ты-ж ведаеш, што я цябе люблю ды жыць безь цябе не магу. А ты ўсё прыгажэеш усiм на зайздрасьць! - жартаваў Алесь.

- Ну, ну, ты хiба-ж ня будзеш жартаваць зь мяне, любоўнiк мой?

- Ды не, мая ты darling. А дзе-ж мой пiсьменьнiк?

- Павiнен быць тут дзесьцi. Чакаў цябе.

- Вось i слава Богу. А цяпер, Мэры, я-ж ведаю, што маеш ты вялiкае i сваiх клiентаў кахаючае сэрца. Дык можа прынясла-б ты нам дзьве вялiкiя порцыi ванiлi-марожанага ды iз сакавiтым клубнiком наверсе?

- Right away, coming up.

Мэры нахiнулася й цiха спыталася ў Алеся:

- Можа скажаш мне, што гэта за цацу ты з сабой сюды прывёў?

- Прашу цябе, Мэры, будзь памяркоўнай. Адкрыю табе таямнiцу, толькi ня будзь зайздроснай. Ты-ж ведаеш маю поўную адданасьць табе. Абяцаеш, дарлiнг?

- Кажы.

- Яна, гэтая цаца, поўнасьцю мая, - падмiргнуў дзяўчыне Алесь.