Надыходзiў крызiсны час. Грыша прыгадаў, як нейкага паўгоду назад наведаў яго важны чалавек з аттаўскае савецкае амбасады. Была доўгая размова. Справа, у канцы канцоў, зводзiлася да простага наказу зьверху: камiтэт за вяртаньне на радзiму прынагляе вас, каб Антона Шпака адхiлiць ад удзелу ў грамадзкiм i палiтычным жыцьцi беларускiх буржуазных фашыстаўскiх нацыяналiстаў. Яшчэ лепш, каб вярнуць яго на радзiму.

- У кажным разе, - казаў важны чалавек з амбасады, - Мiхайлаў давярае вам такое заданьне. Апраўдаеце такi давер?

Гэтта Капшун аж ёкнуў з захапленьня.

- Так, таварыш, дайце мне час.

- Колькi-ж часу?

- Якi год. Акцыя патрабуе паступовага нацiску. I Мiхайлаў, вядома, павiнен мне памагчы.

- Не беспокойтесь. Беритесь за дело!

Нарэшце, наапошку нешта зрушыла. Чалавек з амбасады зьвязаўся зь iм без пасярэднiцтва Канадыйскай камунiстычнай партыi. Калi гэта ня мела вагi, дык што тады яно значыла? Нехта й недзе яго заўважыў, асаблiва ацанiў ягоную адданасьць прагрэсу працоўнага руху ў адной галiне... Рашылi, вiдаць, што яму можна даверыць такое важнае заданьне. Вядома, гэта паднясе ягоны прэстыж сярод перадавых таварышаў i дасьць багаты дывiдэнд.

Капшун ужо глядзеў наперад, уяўляў той час, калi павысяць яго на партыйнай лесьвiцы. Не за гарамi той дзень. А Шпак? Нiкчэмнiк! Ён лёгка з гэтым фашыстам справiцца. Лёгка? Так здавалася... Выглядала цяпер, што трэба ўжываць больш радыкальныя сродкi. Капшун меў малую фармальную адукацыю, на мудрасьць паляваў самавукам. Ганарыўся сваiм практычным i вынаходлiвым розумам, "практической смекалкой". Адразу пасьля прыезду ў гэтую краiну з быўшай "панскай Польшчы" яшчэ юнаком, навязаў лучнасьць з "краснымi". Неўзабаве падпрогся да iх. Гэтыя ведалi сваю дарогу, вызначалiся дынамiзмам i накiраванасьцю ў той час, калi iншыя палiтычныя партыi тузалiся ў нерашучасьцi i эканамiчнай дрыгве.

Не турбавала Капшуна тое, што й камунiсты мала матар'яльна памагалi беспрацоўным, што вярхушка партыi трацiла найбольш iдэялягiчнае амунiцыi на лаянку капiталiстаў ды менш дбала пра так званага беспрацоўнага, затуканага-загуканага рабацягу i ягоную сям'ю. Гляньце вунь вышэй, аж туды ў мэкку будучага камунiзму, што на ўсiм сьвеце запануе. Адтуль iдзе мудрасьць i сьвятло, адтуль кiруе "рукавадзiцельства". Яно загоiць некалi ўсе раны, вырашыць максымальныя праблемы, нарэшце збудуе сыстэму дабрабыту для ўсiх, раз i назаўсёды зьлiквiдуе эксплёатацыю чалавека чалавекам, як казаў некалi вялiкi Iльiч, цi той, яшчэ мудрэйшы за яго, барадаты... Капшун меў якраз тыя якасьцi, што ў гэны час i ў гэтай краiне былi ў "чырвоных" так патрэбныя: абсалютная партыйная ляяльнасьць, упартасьць i агрэсыўнасьць, адсутнасьць талеранцыi да "буржуазных" iдэяў. Важнейшае яшчэ: Капшун меў добрыя кансьпiрацыйныя здольнасьцi.

Спачатку далi яму малаважныя заданьнi. Заўважыўшы ягоны гарт i адданасьць, падкiнулi большае. Некалькi гадоў падарожнiчаў па вялiзнай краiне, арганiзаваў "рабочыя клубы", быў сябрам экзэкутывы гэных клюбаў. Прынялi ў партыю, далi новыя заданьнi палiтычна-грамадзкага характару.

Не павязло яму з матрымонiяй. Жонка, рашчараваная мужчынам i ягонымi "задачамi", пакiнула яго. Капшун жартаваў, што такiм чынам трапiў "у бабылi". Цяпер, пасьля гадоў цярплiвага чаканьня й натугаў, выглядала, што "дзела йшло на новы пад'ём". Заданьне паралiжаваць Шпака было найважнейшым з усiх, якiя яму дагэтуль давалi.

Калi-б спытацца Капшуна, куды i як высока хоча ён залезьцi па драбiне ўлады, напэўна заiкнуўся-бы з адказам. Дзесьцi там у iмгле апанаванай камунiстамi Канады чакала функцыя пры каманьдзе гэтай новай "народнай дэмакратыi". Вось яно як... Тымчасам трэба "усердие и бдительность на вахте революции"...

Пасьляваенны прылiў "фашыстоўскiх iмiгрантаў", што нейкiм чынам уцяклi ад савецкага "правасудзьдзя" й пакараньня, стварыў паважную небясьпеку для камунiстычных плянаў апанаваньня Канады. Трэба паралiжаваць iхныя намаганьнi дызiнфармацыi капiталiстычнай канадыйскай вярхушкi й народу пра мiралюбную палiтыку Савецкага Саюзу. Гэта было ясна, як дзень. Пра гэта гаварылася на партыйных i грамадзкiх сходах, гэта скланялася на ўсе лады, паўтаралася шмат разоў пры розных нагодах.

У агульных плянах акцыi супраць гэтых "фашыстаў", у iх лiку й "беларускiх буржуазных нацыяналiстаў", - гэтага атрэп'я сумленнага й баявога, гэраiчнага народу, - фiгуравала розная зброя. Насамперш ужывалася прапагандовая доўбня, ужо даўно i зь немалымi посьпехамi выпрабаваная i загартаваная ў баёх майстрамi цэнтру. На павадку, за галоўнымi гарматамi, валачыўся шантаж i, у выключных выпадках, адпаведны фiзычны гвалт. Розных спэцаў вызначылi-прыдзялiлi-прыляпiлi да ўсякiх "фашыстоўскiх" групаў; а Капшуну, далi ягоную "родную" - беларускую. Галоўны прыцэл загадалi трымаць на "фашыста" Антона Шпака. Ягоны моцны голас натхняў усiх гэтых "фашыстоўскiх падонкаў". Ён - iхны фэтыш. Закрыць яму рот!

Мiнула ўжо нейкiх шэсьць месяцаў ад вiзыты тэй важнай асобы з аттаўскае амбасады. Усе спробы паралiжаваць Шпака правальвалiся. Чалавек змагаўся i адбiваўся. Больш таго: ён атакаваў. Во - гэта працiўнiк! Такога Капшун раней на лапаткi не палажыў. Злосьць бушавала! Цяпер нават ня ведаў, куды той Шпак перабраўся. А гэтае, - каб яе чорт менш насiў, - дзяўчо, што яно робiць? Чаму так доўга рапарту няма? Капшун нэрвова хадзiў па сваiм пакоi, праклiнаў тое ды гэна, падняў трубку тэлефону й набраў нумар. Пасьля колькiх званкоў у трубцы пачуўся заспаны жаночы голас.

- Што табе так доўга заняло? - рэзкiм голасам навалiўся Капшун.

- А табе што, як быку прырупiла?

"Каб цябе чорт! - думаў Грыша. - Пару разоў у пасьцелю суку зацягнуў, дык цяпер ужо загадваць табой хоча. Як пранюхала што ейныя бабскiя ласкi патрэбныя, дык цяпер з рагамi да цябе! У партыi забясьпечаная. Таму да яго, Грышы, такая iранiчная паблажлiвасьць".

- Стары казёл, - казала яму Нiна Ляскiн пры iншай нагодзе, - калi табе прыпрэ, пашукай дзiркi ў плоце!

- Ды не, - адказаў цяпер лагодным голасам Капшун таму соннаму голасу ў тэлефоннай трубцы, - хачу проста ведаць чым ты занятая.

- Так? Трэба было мне прыслаць тэлеграму, што будзеш званiць, дык я-бы тут пры апараце падзяжурыла, старога казла чакаючы...