- У iх быў адзiн сын, гадоў можа дваццаць пяць векам. Вялiкi, сiльны й брыдкi, у шахце працаваў. Бацькi ягоныя любiлi мяне, як сваю, часта паўтаралi, што й самi некалi хацелi мець дачку. Я таксама iх любiла; добрыя i працавiтыя, ашчадныя, сумленныя людзi. Яны мелi сваю харчавую краму, працавалi доўгiя гадзiны. Ведаеш, як гэта ёсьць у малым гарадку, - калi не абслужыш людзей тады, як да цябе прыйдуць, значыцца ў любы час, дык скора i клiентаў мець ня будзеш.

- Мы жылi наверсе, над крамай. Было гэта перад Калядамi. У краме было многа работы перад сьвятам i гаспадыня - яна называлася Джэйн, - папрасiла мяне, каб я пачысьцiла пакоi наверсе. Я старалася iм памагчы, дык i прынукi ня трэба было. Я шматай мыла там падлогу i была на каленях, калi пачула, што адчынiлiся дзьверы. Гэта быў гаспадароў сын Джоў. Ня раз раней я бачыла злосны агеньчык у ягоных вачох i баялася яго. Хлопец гэты быў грубы, няпрыемны, дужы й агрэсыўны. Як я ўстала дык ён падыйшоў да мяне й сказаў: Мiленькая мая, не супрацiўляйся, бо нiхто цябе не пачуе. Будзь добрая для мяне i я цябе не пакрыўджу.

- Гэтак ён сказаў iз такой яхiдненькай усьмешкай на твары. Пакуль я, як тая разiнька, апамяталася што тут робiцца, ён раптам схапiў мяне й нёс на ложак у спальню. Для мяне той напад быў такi неспадзяваны, што я ня ведала што маю рабiць... Помню, што адкрыла рот крыкнуць, але гэты гарыла закрыў яго. Я, мусiць, укусiла тады ягоную руку цi шматай зьехала яго па твары бо ён мяне злосна кiнуў на ложак i пачаў бiць мяне. - Ты хочаш бiцца, сука! крычаў на мяне. Я старалася адпiхнуць яго калi ён пачаў мяне разьдзяваць. Раз я сьпiхнула яго з пасьцелi, кiдала на яго падушкi, але гарыла iзноў намагаўся на мяне ўзьлезьцi. Мне ўдалося скацiцца на падлогу i я тады бегла да дзьвярэй, але ён схапiў мяне за руку, крутнуў i я крэпка стукнула аб вушак дзьвярэй галавой што аж зоры пабачыла... Калi ён цягнуў мяне назад на ложак, мне не хапала паветра дыхаць.

- Тады я ведала, што скора ён возьме верх, я ня маю сiлы баранiцца, але неяк спрамаглася i з апошнiх сiлаў моцна крыкнула. У мяне ўжо ня было сiлаў, я так баялася гэтага зьвера. Ён схапiў мае абедзьве рукi, трымаў iх як клешчамi, а мяне крывёй абмазаў. Ён выглядаў так страшна, так пагражаў, што адабраў у мяне рэшту сiлы. Ня помню добра, што было пасьля, мусiць пацямнеў для мяне сьвет... Нейкая мiтусьня ў пакоi i тады ягоны, Джова, бацька нахiлiўся нада мной i спытаўся цi я окэй. Мацi таго гарылы старалася захiнуць мяне, бо на мне была парваная сукенка...

Вера змоўкла. Бачыў Алесь у ейных вачох наплыўшыя сьлёзы. Але трэба-ж было ўдакладнiць.

- Ну i як, удалося яму?

- Што цi ўдалося?

- Ну тое, чаго ён хацеў...

- Не, дзякуй Богу, - цiха сказала дзяўчына.

- Бедная ты, мая дарагая. Дык ты, значыцца, дзеўка, - сказаў Алесь i адразу шкадаваў сваiх словаў.

- Алесь, як табе ня брыдка! Пасаромся! - злосна сыкнула Вера. Твар ейны налiўся чырваньню а вочы глядзелi кудысьцi ўбок.

- Ты-ж гэта хацела падкрэсьлiць. Цi-ж ня так? - настайваў Алесь.

- Я хацела табе расказаць, што на мяне гарыла напаў i моцна пакрыўдзiў. Я тады была вельмi маладая. Гэта ня жарты былi. Ад таго часу я баялася хлапцоў, ня мела нiколi бойфрэнда i нiколi нiкому не дазваляла дакрануцца да сябе. Я старалася наўмысна не малявацца i ня прыкрашвацца, як iншыя дзяўчаты, значыцца ня ўжывала памады для вуснаў цi якой iншай касмэтыкi таму, што не хацела каму на вока выстаўляць сябе. Да мяне ўсёроўна хлопцы лезьлi, але я нiколi нi зь кiм не хадзiла. Я не магла пазбыцца страху ад таго брутальнага нападу. Тады, як ты прыйшоў, я старалася быць добрай i ты бачыў як гэта выйшла.

- Ты бедная, дарагая мая, - суцяшаў яе Алесь пабачыўшы, што гэтая споведзь скалыхнула Веру да глыбiнь. Пад квяцiстай сукенкай рухалiся захiнутыя ў "крос-май-гарт-бра" поўныя грудзi. Адкрытасьць i поўная шчырасьць у вачох. Такая шчырасьць паўстае пасьля разладаваньня вялiке эмоцыi i душэўнага цяжару.

- Я хацела табе расказаць, каб ты зразумеў чаму той першы раз, як ты хацеў пацалаваць мяне, чаму я не магла... Я нiколi й нiкому раней гэтага не расказвала.

- Ну дык што? Хочаш, каб даў табе мэдаль за адвагу? - сказаў Алесь.

- Алесь, як ты можаш так казаць? - дакарала дзяўчына.

- Выбач, я не падумаўшы...

Доўга маўчалi. Лёгкi вецярок забаўляўся дубовымi лiсьцямi. Непадалёку на траве спынiўся робiн, нахiлiў галоўку, быццам прыслухоўваўся, дзеўбануў нешта ў траве ды выцягнуў вялiкага дажджавога чарвяка, пырхнуў i зьнiк у гушчы лесу. Дзесьцi за ўзгоркам раскрычалiся павы. Там у загарадцы гарадзкi гаспадар парку трымаў некалькi жывёлаў i птушак для малечы.

- Алесь, - цiха, ледзь чутна сказала Вера.

- Што?

- Раскажы пра сябе.

- Што ты хочаш цяпер ведаць?

- Калi я цябе раней прасiла дык ты ўсё зьвёў на жарты. Я запраўды хацела-б ведаць што сталася ў вайну...

- Цi гэта так важна? - насьцярожыўся Якiмовiч. Ён ня змог-бы ў той час вытлумачыць чаму якраз гэтак а ня iнакш рэагаваў на пытаньне каханай дзяўчыны. Яна выглядала сумленнай i шчырай. Вось цяпер-жа, тут пад гэтым дубам-гiгантам раскрылася яму, здаецца, поўнасьцю. Выспавядалася, што называецца. А ён-жа быў пэўны, што кахаў яе. Дык дзе была тая запруда, што перашкаджала яму выказацца?

- Так, Алесь, я-б хацела ведаць.

Вера адчула вялiкую палёгку калi падзялiлася з Алесем сваiм мiнулым, няхай сабе малым кавалкам яе, - нiбы выспавядалася. Спадзявалася, што Якiмовiч нейкiм падобным чынам адудзячыцца ёй. У гэны час Капшун i ягоная банда ня прысутнiчалi ў ейных думках, хаця й пытаньне ейнае было народжанае калiшнiм загадам разьведаць пра гэтага "фашыста", што побач.

- А што ты хацела-б ведаць?

- Ну пра вайну, дзе ты быў, што рабiў? Усё...

- Слухай, Вера. Давай, ня псуй прыгожага дня. Навошта гаварыць пра вайну, калi мы можам займацца каханьнем? Давай пра гэта... Перш за ўсё дай мне цалусiка!

- Не, Алесь! Я хачу, я прашу цябе мне расказаць!

- Ня маю таго настрою, - сказаў Алесь зь вялiкiм нацiскам на апошняе слова.

- Цi-ж я ў цябе чаго замнога прашу? - насядала дзяўчына. - Я-ж во расказала пра маё самае важнае...

Цяпер яна поўнасьцю ўсьведамiла моц каханьня, якое нарадзiлася ў ейным сэрцы да гэтага прыгожага дзяцюка. Недзе ў нутры падазрэньне, пасеенае Капшуном, iмкнулася да выясьненьня, каб запярэчыць, што хлапец мог быць такiм, якiм яго Капшун намаляваў.