Трэба, адылi, разьлiчваць, што цяперашнi гвалтоўны напор расейшчыны яшчэ ня зможа дасягнуць сваей канчальнай мэты, што ў запасе яшчэ ёсьць час i добрыя хаўрусьнiкi. Супольны фронт усiх паняволеных Маскоўшчынай народаў, пры адпаведнай палiтычнай каньюнктуры i падтрымцы дэмакратычных краiнаў вольнага сьвету, дасьць даволi сiльны штуршок, каб пiхнуць "iмпэрыю зла" да яе суцэльнага распаду. Дык мала цяпер толькi адбiвацца ад тых, што фашысьцяць табе ў розных "голасах радзiмы", дэзынфармуюць i так цi мала зьбянтэжаных суродзiчаў. Абавязкова трэба назапасiць амунiцыi i на будучыню, трэба гадаваць новую зьмену. А гэнай зьменай могуць быць адно тыя, што тут, на чужыне навучацца свае мовы й захаваюць яе, пазнаюць запраўдную гiсторыю Беларусi, яе культуру, традыцыi, пабудуюць для сябе рэлiгiйныя сьвятынi i паклiчуць да аўтароў такiх сьвятароў, для якiх любоў блiжняга стане на адным узроўнi з адданасьцю iнтарэсам беларускае эмiграцыi i паняволенай бацькаўшчыны.

У розных сваiх эмiграцыйных iнстытуцыях трэба новаму, ужо за межамi бацькаўшчыны народжанаму, пакаленьню даць добрыя веды пра Беларусь i, у найгоршым выпадку, калi ўжо нельга тут выхаваць жаданых патрыётаў Беларусi, дык прынамсi старацца ўзгадаваць нейкiх ейных сымпатыкаў i абаронцаў. Каб запрыгоненая краiна нiколi ня страцiла за межамi, у вольным сьвеце, голасу свайго, каб захаваць насеньне для будучага аднаўленьня плёнаў на родных нiвах.

Усьведамiўшы, што пiсьмы Мiхайлава i цэлая "чырвоная афэнзыва" вялi псыхалягiчную вайну аж да зьнямогi супраць бедных антыкамунiстычных iнтэлектуалаў за межамi "забранай зямлi", Шпак пастанавiў у гэны крытычны час узяцца за публiцыстыку. Шматлiкiя суродзiчы жадалi пачуць ягоны голас, натхнiцца яго заклiкам i знайсьцi адпаведную амунiцыю супраць тых завяртанскiх стралкоў i цiвуноў, што наперабой фашысьцiлi ўсiм, каторыя так цi накш змагалiся за вольную Беларусь i захаваньне беларускага этнасу на эмiграцыi.

Трэба было аналiзаваць i ў дробных дэталях ды ў цэлым камплеце паказаць мэтады й сродкi агрэсыўнага камунiстычнага наступу, стварыць цэлы й аб'ектыўны вобраз таго бяздоньня, куды вядзе капiтуляцыя перад адвечным ворагам Беларусi, а цяпер i ўсяго чалавецтва. Шпак ня браўся атакаваць тых, якiх гэтта на эмiграцыi называлi зьвiхнутымi. Гэткай мянушкай ахрысьцiлi тых, што з розных прычынаў трапiлi ў варожую пастку, а цяпер, пасьля адпаведнага раскаяньня перад "радзiмай, якая ўсё прабачыла i да сваiх грудзей прыгарнула", яны выхвалялi катаў беларускага народу, лiлi розныя памыi на перадавых беларускiх патрыётаў на эмiграцыi ды заклiкалi суродзiчаў вяртацца на бацькаўшчыну. "Зьвiхнутыя", або здраднiкi, - як называлi iх iншыя беларускiя патрыёты, - сталiся маленькiмi пешкамi ў вялiкай, ворагам вольнае Беларусi плянаванай вайне.

Пiсьменьнiк Шпак у раньнi пэрыяд сваей пiсанiны спанатрыў вялiкую цану непасьпешлiвага i халоднага доказу. Яшчэ лепш, калi падтэкстам памагае лёгкая iронiя. Шпак адказваў Мiхайлаву i ягоным "саўдзельнiкам у злачынствах" лагодна-мяккiм i зьдзеклiвым тонам, ягоная вiвiсэкцыя нутра камунiстычнага арганiзму - удалая i сьмелая, аргумэнты - быццам скала. Балела пiсьменьнiку сэрца за раськiданых па цэлым сьвеце суродзчаў, што апынулiся пад скрыжаваным шквалам варожае прапаганды. Шпак напiсаў сэрыю ў трох артыкулах, перагледзеў iх, паправiў, выслаў заказной ды паветранай поштай у беларускую штотыднёвую газэту ў Мюнхэне.

Калi вярнуўся з пошты, ня мог пазбыцца ўражаньня, як нiкчэмна мала зрабiў. Беларускiя выгнанцы ўсё роўна будуць трапляць у хiтра расстаўленыя працiўнiкам пасткi. Магнiт у руках катаў занадта моцны, каб яму супрацiўляцца маглi слабыя духам, якiх карэньне на гэтым баку акiяну ды ў Заходняй Эўропе яшчэ не ўрасло дастаткова глыбока ў чужую глебу. Шпак малiўся Богу, прасiў Яго, каб прыйшоў суродзiчам на помач, скарэй паслаў той час расплаты зь ненавiсным ворагам, якога ракавы арганiзм руйнуе ўсё чалавецтва, каб урэшце вярнуў раськiданых па цэлым сьвеце, - насамперш i тых са сьмяротнага Гулагу, - сыноў i дачок на вольную i дарагую Бацькаўшчыну.

21

На п'едэстале, на аграмадным канi - прынамсi ўдвая большым за нармальнага, - расьсеўся Яго Каралеўская Вялiкасьць, Кароль Вялiкай Брытанii, з Ласкi Божае Iмпэратар Iндыi i гэтак далей... Бронзавы конь, зь пярэдняй левай паднятай нагой, - гатовы ў дарогу, - касавурыў крыху налева. Сам яздок ягоны, з адкрытай, галубамi ўдэкараванай лысай галавой з вусiшчамi i бародкай, грудзьмi абвешанымi мэдалямi i рознымi шнурамi ды кукардамi, ботамi з халявамi за каленi, трымаў паляўнiчы брыль у правай руцэ на калене, а левай рукой натужыў лейцы ад аброцi. Шырокi iмпэратарскi твар спакойна пазiраў наўскасяк направа. I цяпер галуб з галубкай аглядалi парк з выгаднай лысiны Эдварда VII-га, найстарэйшага сына Вiкторыi, якому трэба было пажыць гадоў шэсьцьдзесят, пакуль мацi з высокага трону зьлезла.

Помнiку Эдварда VII-га, якi некалi займаў пачэснае месца ў сталiцы Iндыi, адвялi кут у Радфардзкiм Гарадзкiм парку. Яшчэ ня так даўно, пакуль нахлынула пасьляваенная хваля iмiгрантаў, парк падлягаў правом прыроды. Зайцы, на якiх тут паляваць забаранялася, гэйсалi ўсюды ў гушчы дрэваў, у кронах якiх гнязьдзiлася маса птушак. Вялiкая паркавая прастора ўключала пагоркi, далiны, дзьве рэчкi, што вужамi вiлiся мiж дрэваў i хмызьнякоў. Спакойная паверхня невялiкага возера гаманiла дзiкiмi качкамi й шэрымi канадыйскiм гусямi ды вечна галоднымi крыклiвымi чайкамi. Ля таго возера ў далiне была лодачная станцыя - аблюбаванае месца моладзi. Апавядалi, што некалi парк гэты, пакуль стаўся ўласнасьцю гораду, наведвалi пераважна аматары паляваньня й рыбакi.

Калi аж тры ўрады - фэдэральны, правiнцыяльны й гарадзкi - наважылiся барукацца зь беспрацоўем, надта хутка знайшлiся фiнансавыя сродкi для ўпарадкаваньня i аднаўленьня гэтага вялiзнага плошчай парку. Нанава расплянавалi, пабудавалi адну цалкам неабходную дарогу для аўтамабiляў, сьцежкi для бягуноў, хадуноў i самакатаў, аўтастаянку пры мадэрным, непадалёк возера, летам халоджаным, рэстаране. Зашумелi сям-там мiнiятурныя вадапады, пчолкамi й чмялямi загулi кветнiкi. Выгадныя лаўкi пры сьцежках i ў зеленi травы запрашалi чалавека адпачыць воддаль ад шуму й гармiдару гораду. Акцэнт мадэрнiзацыi парку клаўся на лёгкую кантролю прыроды з прыбыткам зусiм неабходнай, але не залiшняй цывiлiзацыi.