- А чаму-б ня пiсаць пад псэўданiмам? - раiў далей Алесь.

- Справа ня ў тым, каб схавацца ад некага, але самога сябе не абдурыш.

Якiмовiч зразумеў. Шпак утрымаўся высокаякасным i вельмi цэнным пiсьменьнiкам перадусiм таму, што захаваў чалавечую годнасьць i чыстае сумленьне. Творчае лiтаратурнае мастацтва ставiў на высокi п'едэстал. Да тварцоў так званай вулiчнай, або папулярнай лiтаратуры адносiўся з пагардай. Шпакавы творы - пераважна сьвет цярпеньняў, высокай цноты, ахвярнасьцi. Запрыгоненыя iшлi ў бой за свабоду. Зь iншага боку - каламуць дэспатычнае крывадушнасьцi, распусты, махлярства, бязбожнiцтва, забойства з боку "сiльных сьвету гэтага". Суродзiчы бачылi ў асобе Шпака ня толькi выдатнага пiсьменьнiка, але вялiкага змагара за вызваленьне Беларусi зь няволi маскоўскай калянiяльнай iмпэрыi.

Хаця ў некаторых творах Шпак не абмiнаў эротыкi, але яна ня была самамэтай, а толькi пабочным элемэнтам высокага iдэалiзму. Гэта на цэлы Эвэрэст вышэй той "лiтаратуры", якая гэтта за акiянам масава тварылася для шырокага рынку.

Шпакавым творам цяжкая была дарога ў iншамоўныя рынкi перадусiм таму, што Беларусь была ў маскоўскай няволi, у захаднiм сьвеце мала хто ведаў пра яе наагул. Калi ў Аб'еднаных Нацыях сядзеў прадстаўнiк ад БССР, дык яго i прадстаўнiка савецкай Украiны лiчылi як-бы ўзнагародай у якасьцi двух галасоў у мiжнароднай арганiзацыi за тытанiчныя ахвяры Маскоўшчыны ў вайне з фашыстоўскай Гiтлеравай Нямеччынай. Пазыцыю маскоўскiх марыянетак - савецкай Беларусi цi Ўкраiны, - на мiжнароднай арэне можна было вызначыць найлепш той прыказкай: нi рыба, нi мяса! Нешта непаважнае гэта. Калi ворагi Беларусi на дыпляматычнай мiжнароднай арэне не маглi цяпер, пасьля другой сусьветьнай вайны, ужываць валуеўскага "не было, нет и не будет", дык усёроўна трымалiся думкi, што Беларусь ня была, ня ёсьць i ня будзе самастойнай дзяржавай.

- Так што ня будзем пра гэта гаварыць, - заключным тонам сказаў Алесь. - Ёсьць у мяне яшчэ адна iдэя. За пару дзён, магчыма, скажу вам пра яе.

- Праца?

- Магчыма нешта падобнае, хоць я няпэўны тут... Адзiн з маiх наглядчыкаў у краме мае брата, уласьнiка адпачынкавага рэсорту на поўначы. Гэта прыблiзна тры гадзiны язды адгэтуль аўтам. Як я быў у яго дык меў уражаньне, што яму патрэбныя рукi. Калi iм трэба чалавека, каторы-б даглядаў траву, абслужыў бензiнную помпу, нейкi там плот цi што направiў, адным словам вось такi падручны памочнiк...

-Гэта быў-бы здабытак, - адразу згадзiўся пiсьменьнiк. - Цi ёсьць там блiзка дзе рыбу лавiць?

- Як-бы для выгады гасьцей, рака цячэ празь ягоны луг. Тут-жа й цудоўны лес, а збоку - возера. Цi-ж ня добра было-б маленькiм трактарам i касiлкай зрэзаць траву, напоўнiць некаму ў аўце бак бензiны ды пасьля пайсьцi i выцягнуць з ракi колькi прыгажуноў фарэляў? Як вам падабалася-бы такое?

- Во, во, такая праца якраз для мяне! - павесялеў Шпак.

- Надзвычайна. Я пранюхаю, што i як. Вам цяпер патрэбны добры адпачынак, здаровае i лугом цi лесам насычанае паветра, добрыя харчы. Гэтага ўсяго там ёсьць уволю. Што-ж да заплаты, - ня ведаю, - прыдзецца згадзiцца на тое, што ён дасьць. Ды гэта ўсё яшчэ ў будучынi. Цяпер-жа мяне жывот упiкае, што я пра яго забыўся. Запрашаю вас на вячэру.

- Добра, калi так прыгожа просiш, - жартаваў Шпак.

- Прашу, калi ласка.

- Яшчэ адно, - прыгадаў Шпак. - Хачу паказаць табе вось што.

Ён падаў Алесю канвэрт i "Голас радзiмы". Алесь уважна агледзеў iх.

- Лёкальны штэмпаль. Нiкчэмнiкi, яны за вамi па пятах! - злосна гаварыў Якiмовiч. - Няма-ж на iх пакуль што з нашага боку нiякай паганякi!

18

Пасьля паўдня ў тойсамы дзень, калi Шпака выкiнулi з працы, Нiна Ляскiн тэлефанавала Капшуну. Яна карысталася тэлефонам з публiчнай будкi. Наагул, згодна кансьпiрацыйных правiлаў, ёй было дазволена тэлефанаваць у выключных выпадках. Сяньня Нiна мела iншыя пляны на вечар, але Капшуна не жадала бачыць у сваiм памешканьнi ў прысутнасьцi Веры, якая магла-б пачуць нешта, што ёй не належалася. А адкладаць такую важную для Капшуна навiну Нiна не магла.

- Маю добрую навiну, - казала яна ў трубку, калi адазваўся Капшун. Шпака звольнiлi з працы. Лiо казаў мне, што крышку трэба было падмазаць, каб паслухаў.

- Маладзец ты, дзеўка! Я ўжо нямношка беспакоiўся...

- Грыша, як ты мог! - дакарала Нiна. -Я-ж табе казала, што слова датрымаю.

- Ведаю...

- Цi я цябе калi падвяла?

- Было пару разоў...

- Разумею. Ну ведаеш, не спадзявайся, што кажны раз, як толькi пальчыкам кiўнеш, то да цябе зараз у абдымкi пабягу.

- Я-ж многа не вымагаю, а ты гэтае дабро на рынак не панясеш, Нiначка...

- Уважай ты, прагавiты, калi хочаш каб наша справа добра iшла.

- Магу цябе сяньня вечарам пабачыць?

- Нет, нiяк...

- Чаму?

- Мая субкватарантка будзе дома.

- Ну ладна ты, языкаватая красавiца, не хачу цябе гнявiць. Цяпер-жа пра гэтага пiсаку... Я забясьпечыў яго адпаведнай лiтаратурай. Ён павiнен быў яе ўжо атрымаць.

- Думаеш, што табе ўдасца яго зламаць?

- Спрабую. Стары нягоднiк павiнен мець свае слабасьцi. Калi зломiм, добра, калi-ж не, - тады...

- Тады што?

- Можна будзе нешта больш радыкальнае.

- Ты думаеш пра "настаяшчую абработку"?

- Казаў-жа табе некалi, што не раблю на сваю руку. Трэба будзе зь кiм-небудзь параiцца...

Нiна Ляскiн дагадвалася на каго Грыша намякаў. Здавалася ёй, што Капшун i той "нехта" выконваюць заданьнi з самага верху. Яе спэцыяльная пазыцыя многiя кантакты на працы й вонках яе - спрыяла "дзелу".

- А як адносна дзяўчыны? - пытаўся Капшун.

- Нiчога, усё ў парадку. Яна такая нямношка засьценчывая, праводзiць час з тым Якiмовiчам. Рэдка расказвае мне пра што яны гавораць.

- Можа быць элемэнт небясьпекi, калi-б яна ўтрэскалася...

- Яна ненадзейная?

- Была окэй. Заўсёды трэба вока дзяржаць на непрадбачаным. Разумееш?

- Буду старацца.

- Што я маю асаблiва на думцы... Сьлядзi за зьменамi ў яе паводзiнах. Калi што, ведаеш...

- Мяркую, што так.

- Чаму-б табе не заглянуць да мяне сягоньня? Або можа дзесьцi спаткаемся?

- Прабач, не магу.

- Штосьцi важнае замiнае?

- Для мяне важнае. Пацярпi.

- Ты заслужыла яшчэ на адзiн пацалунак за тое, што вытурыла з працы таго нягоднiка. Я затрымаю яго для цябе...