- Алесь, я ня думала, што ты жартаваць з гэтага будзеш.

Рука зь кiйком перастала мяшаць каламуць у рэчцы, а прамянiстыя вочы, з дакорам, глядзелi на яго.

- Мне прыкра, даражэнькая мая, але я ня лiчыў патрэбным перад табой спавядацца.

- Ня хочаш сур'ёзна расказаць аб тым, што вайною рабiў?

- Ды не, чаму-ж... Магу. Але чаму нельга пажартаваць?

Ён узяў дзяўчыну за падбарадок, прыгарнуў да сябе, зiрнуў у ейныя вочы.

- Паглядзi, што за iдылiя. Цэлы сьвет усьмiхаецца, цi, як у царкве я сяньня чуў, "усякае дыханьне славiць Госпада"! Нашто пра вайну й сьмерць гаварыць? Як той паэт сказаў - жывому жыць, зьнiшчэньню сьмерць! Усьмiхайся, цаца мая мiлая! Поўнiся сваёй прыгажосьцю, красуйся!

Вера ўсьмiхнулася з натугай. Рашчаравалася. Першая спроба, каб з вуснаў дзяцюка пачуць пра ягонае цёмнае прошлае, не ўдалася. Трэба будзе падыйсьцi да яго зь iншага боку.

Калi ехалi ў горад, Алесь ня мог разгадаць, чаму дзяўчына нос павесiла. Магчыма, што трэба будзе знайсьцi да яе iншы падыход.

17

Антон Шпак цi раз намагаўся ўявiць сабе сытуацыю, у якой, ён быў перакананы, аднаго дня апынецца. Шпак - рэалiст, часты пэсымiст, жадаў застрахавацца ад удару, якi, хаця-нехаця, прынясе яму ягонае, - як часта жартаваў, - нулявое сацыяльнае становiшча ў гэтай чужой краiне. Пасьля такога бясцырымоннага звальненьня з працы ягонага сябры Эстонца, Шпак ведаў, што ягоны лёс на валаску вiсеў. Прычынаю былi частыя нямогласьцi, калi працаваць ня мог. Ён дзiвiўся, што да гэтага часу неяк утрымаўся.

Адылi, нягледзячы на такую псыхалягiчную застрахоўку перад магчымым ударам, усё-ж вытрымаць яго цяжка было. Дый здарылася тое лiха тады, калi пiсьменьнiк яго найменш спадзяваўся. За апошнi месяц не прапусьцiў нiводнага дня працы, хоць i адчуваўся фiзычна змораным. Аднае ранiцы, калi зьбiраўся дадому, наглядчык паклiкаў яго ў кантору.

- Мы пастанавiлi звольнiць вас з працы.

Цьвярды, няветлiвы голас. Укалоў, ашаламiў ураднiцкi тон. Чалавек, здавалася, думкаю i да гэтага быў падрыхтаваў сябе. Але праца, якая-бы яна нi была, гэта якар, на якiм трымалася ўся чалавечая годнасьць у змаганьнi зь лiхам у чужой краiне. Цяпер гэны якар паднялi i Антон Шпак апынуўся на шляху, якi бег у тупiк. Наперадзе - нумар на лiсьце беспрацоўных, адна маленькая бездапаможная фiгурка ў дзяржаўнай статыстыцы.

- Мне здаецца, што ня мушу вам казаць пра прычыны... - трашчэў сухi, калючы голас ураднiка. - Замнога няпрысутнасьцi. Мы ня можам апэраваць гатэлем бяз сталае абслугi.

- Навошта выясьняць... Усё й так зразумела. Мне прыкра...

- Няхай вам ня будзе прыкра за мяне, - адказаў ураднiк.

- Прабач, але навошта лiшняя гаворка? Каб мяне ўкалоць? - павысiў пiсьменьнiк свой голас. Наплывала злосьць. - Давай палагодзiць фармальнасьцi.

- Атрымаеш кнiгу страховачную i грошы як адчынецца канцылярыя.

Шпаку хапiла таго гатэлю. Палагодзiўшы свае справы, хаця змораны, пастанавiў iсьцi дахаты пехатою. Быў гэта раньнi ruch hour гадзiна-сьпешка. Вялiзная маса людзей, - хто на "сваiх дваiх", а найбольш аўтамабiлямi, - усё гэта ў iмклiвым руху; аўты запаўнялi свае стаянкi, энэргiяй новага дня гаманiлi фабрыкi, крамы, канторы. Магутная ў сваiм кiпучым пералiве артэрыя жыцьця, якой кiравалi правы iснаваньня i вызначаныя мэты. Натоўпы каля трамваяў, аўтабусаў i тралейбусаў, каля падземнае чыгункi, суцэльныя, амаль упрытык адзiн да аднаго, вужы аўтамашынаў. Усё гэта нармальнае i рацыянальнае для ўсiх, апроч аднаго, капрызным лёсам зьняможанага i зноў на рынак беспрацоўных выкiнутага чалавека.

Шматлюднасьць падчас гадзiны-сьпешкi цяпер паўстала перад вачмi Антона Шпака бяздушнай машынай. Яна ноччу спынялася, яе складныя часьцi рассыпалiся на свае вызначаныя месцы, адпачывалi. Цяпер-жа тыя часьцi зноў займалi раней вызначаныя месцы й машына пачынала гул працы й прагрэсу. А цi быў гэта прагрэс? Цi ня круцiлiся ўсе гэтыя людзi навокал бяз мэты? Цi ня была гэта пагоня за iлюзорнай зьявай?

Званы на ратушавай вежы адзначылi дзявятую. Людзям пачаўся працоўны дзень, а Антону Шпаку мiнуў яшчэ адзiн сэктар часу ў падарожжы ў нiкуды... Ён нядаўна выбыў з тае агульнае машыны, што выплюнула яго бязь нiякага шкадаваньня, бо быў-жа занадта слабым, каб далей несьцi адпаведны цяжар. Такiм чынам ён быў цяпер нiкiм i нiкуды ня йшоў. А цi запраўды быў ён нiчым, на шляху ў нiкуды?

Антона Шпака ведалi суродзiчы й чужынцы. Зь ягонымi словамi i iдэямi змагалiся супраць ненавiсных ворагаў. Для Беларусаў ён стаўся сымбалем непахiснае веры ў перамогу й вызваленьне бацькаўшчыны. А якая цана яму на гэтым баку акiяну, дзе адзiным сымбалем амэрыканскага сьвету, як здавалася яму цяпер, быў усемагутны даляр? Беларускiя грамадзкiя i рэлiгiйныя iнстытуцыi на эмiграцыi трымалiся на дабравольнай i ахвярнай працы ды грашовых складках сваiх сяброў. Камэрцыйных установаў новая эмiграцыя ў гэны час яшчэ была не стварыла. Малыя зарганiзаваныя групы не маглi ўтрымлiваць платнага пэрсаналу.

Мог-бы Антон Шпак працаваць у радыё "Вызваленьне" ў Мюнхэне, што рыхтавала й перадавала адмысловыя праграмы для сваiх слухачоў за "зялезнай заслонай". Вядома, што бальшавiкi гэныя радыёпраграмы глушылi як маглi. Зьмест радыёматар'ялаў iшоў празь сетку цэнзуры. Будзь аўтаматам, тлумач чые-небудзь скрыпты, прытрымлiвайся iнструкцыяў пры аўтарстве сваiх тэкстаў, адным словам працуй пад цэнзурай.

Антон Шпак паставiў-бы Амэрыканцаў у шэраг зялёненькiх навабранцаў на фроньце праблемаў зьвязаных з паняволенымi чырвона-фашыстоўскай Маскоўшчынай народамi. Русiфiкацыя нерасейскiх моваў i звужэньне сфэраў iх ужываньня, нацыянальная культура на савецкi лад, цалкам падпарадкаваная цэнтру гаспадарка, немажлiвасьць абмену iнфармацыi i ведаў зь перадавым культурным i навуковым замежжам, нутраныя мэтады поўнае кантролi й рэпрэсii ўсiх паняволеных народаў у "iмпэрыi зла", камунiстычная партакратыя i камандна-бюракратычная сыстэма кiраваньня, Гулаг i генацыд паняволеных народаў - вось некаторыя з галоўных дзялянак "саветалёгii" куды адно пасьля вайны пачалi падарожнiчаць амэрыканскiя калюмбусы.

Амэрыканскiя навабранцы часта дыктавалi табе розныя мудрасьцi, звычайна зачэрпнутыя iмi раней з розных крынiцаў белых расейскiх адзiнанедзялiмцаў. Яны мелi нахабнасьць пераконваць людзей такога выдатнага прэстыжу як Антон Шпак, што яны ведаюць лепшыя шляхi змаганьня з камунiзмам... Наiўнасьць, дзе твае межы? Награмадзiлася маса праблемаў у супрацоўнiцтве з тымi зялёнымi амэрыканскiмi экспэртамi i спэцамi, якiя сваёй сьлепатой у расейскiх i савецкiх справах адпiхнулi ад супрацоўнiцтва шмат аўтарытэтных людзей, якiя паходзiлi з краiнаў паняволеных цяпер Масквою.