- Ну, ведаеш, я-ж казаў табе, што гэта ня так важнае нешта, - тлумачыў Алесь зь нецярплiвасьцю ў голасе. - Скажы, навошта так насядаеш?

- Ты мне дарагi, я цябе кахаю. Я-ж табе расказала пра сябе.

- Божа мой! Цi-ж мала табе таго, што я пра сябе ўжо расказаў?

Недзе парвалася струна, голас павысiўся. Гэта нядобра. Прычына ляжала недзе ў мiнулым. Узьненавiдзеў усякiх сьледавацеляў-iнквiзiтараў.

- Ня крычы на мяне, Алесь! Я хацела...

- Ты хацела, каб я перад табой выспавядаўся. Ты сама пачала сваю споведзь, хоць я i не хацеў слухаць...

- Добра, Алесь, я ня буду цябе змушаць. Я бачу, што ты мяне не дацэньваеш.

Голас дрыжэў. Яна была пры сьлёзах. Раптам устала i хуткiмi крокамi пайшла прэч.

- Вера, вярнiся!

Дагнаў дзяўчыну, схапiў яе за руку, але яна адпiхнула яго.

- Iдзi ад мяне! Я нiколi не хачу цябе бачыць!

У голасе дзяўчыны была такая рэзкасьць, якой раней ад яе ня чуў. I ў тым - поўная фiнальнасьць. Зьбянтэжаны такiм нечаканым паваротам, Алесь стаяў быццам прылеплены нагамi да сьцежкi, кроў малаткамi бушавала ў скронях, слабая млоснасьць разьлiлася ля ног i ззаду калi той "цудоўны рамонак" зьнiк за пагоркам на сьцежцы. Рука палезла ў кiшэню й выцягнула сярэбраную папяросьнiцу. Едкi дым ускалыхнуў лёгкiмi.

- Чорт цябе ведае, што за дзяўчына! - сказаў сам сабе Алесь.

22

Вера шпарка бегла да трамваю. Навокал поўна людзей, але яна нiкога побач ня бачыла, у галаве панаваў хаос, цяжка было думаць, разважаць. Тое, што зрабiла, было спрычыненае нейкiм нэрвовым, незалежным ад розуму, iмпульсам. Але, - адчувала гэта, - на сцэне зьявiўся новы элемэнт, якому не магла даць рады. Доўгi час ён быў у летаргii. Яго разбудзiў прыгожы дзяцюк. Новае, раней нязьведанае перажываньне. Жаданьне, каб яе Алесь кахаў, засланiла ўсё iншае. Цяпер баялася, што ейная эмацыянальная раўнавага пахiснулася да небясьпечнага ўзроўню на лавачцы пад тым дубам, дзе першы раз у жыцьцi раскашавалася запраўднай асалодай юрлiвага пацалунку каханага чалавека. I запраўды пачыналася нешта новае, перад якiм ты бездапаможная. Як тое вызначыць цi ацанiць?

Калi адчынiла дзьверы ў сваю кватэру, званiў тэлефон. Схапiла трубку. Мёртвы гук. Нiны ня было дома. Вера меркавала, што яна дзесьцi на пляжы, або ў iншым месцы ў добрым таварыстве. Вера нiколi надта ня цiкавiлася Нiнiнымi любошчамi. Старая дзеўка, гуляла зь дзяцюкамi пэўне-ж ня так, як сьцiплая i стрыманая мiс Мак.

Зноў ажывiўся тэлефон. Роўны i аўтарытэтны мужчынскi голас вярнуў яе ў будзённую рэчаiснасьць. "Каб ты здох, хрэн стары! - праклiнала ў думках чалавека. - Ты апошнi на зямлi, зь кiм мне цяпер хочацца гаварыць!"

- Мiс Мак, - гаварыў Капшун, - добра што нарэшце знайшоў цябе. Я ўжо раней званiў.

- Я была выйшла.

- Ёсьць важная справа. Хачу, каб ты ёй адразу занялася.

- Слухаю.

- Недзе змыўся з гораду Антон Шпак i я хачу, каб ты пастаралася яго знайсьцi.

- Як гэта разумець "змыўся"?

- Некуды, вiдаць, перабраўся. Няма яго на ранейшым адрасе. Мы ня можам знайсьцi яго ў горадзе.

- Ну дык пры чым тут я? Цi вы хочаце, каб я пачала па чужых хатах бегаць? Я нiколi нават чалавека не спаткала й ня знаю яго...

- Вера, слушай, ты как смеешь ко мне обращаться таким тоном? Якiмовiч ведае дзе Шпак. Ён мусiў памагчы яму перабрацца. Што скажаш?

Вера адразу ўцямiла важнасьць новага заданьня. Якраз тады, калi ўжо амаль пастанавiла нейкi час трымацца воддаль ад Якiмовiча, гэты палiтрук пхаў яе назад у дзяцюковы рукi. Зьбянтэжылася.

- Халера на вас! - вылаялася голасна.

- Што, што ты сказала? - грымела трубка.

- Ды нiчога важнага... Што гэта вы пыталiся мяне?

- Што з табой сягоньня?

- Ды нiчога...

- Мне здалося... Я прасiў цябе знайсьцi Антона Шпака. Трэба нам вока зь яго ня спушчаць. Мусiм ведаць дзе ён ёсьць i чым займаецца. Разумееш?

- Ну няхай, пастараюся...

- Глядзi, пастарайся як сьлед. Обязательно! I чым скарэй, тым лепш. Як толькi што ўзнаеш, да мяне. Панiмаеш?

- Ага.

Канфуз павялiчыўся. Сядзела на канапе, рукамi закрыўшы твар, прыслухоўвалася да быццам паскоранага рытму сэрца. Абрыўкi думак хаосам кружылi ў галаве. Пачулася поўнасьцю адзiнокай, некiм у нейкi тупiк загнанай. I тады нахлынулi сьлёзы. Раптоўна, патокам. Уздрыгамi трасло цела, як некалi даўно-даўненька на магiле маткi.

23

Рэсорт Пайн Рыдж разьмясьцiўся на лагоднай абшырнай пахiласьцi ў суседзтве вялiкае пушчы, што паглынула пятнаццатую шашу ў адлегласьцi трох гадзiнаў язды на паўночны ўсход ад Радфарду. Галоўны будынак з прыгожых круглых бярвеньняў хвоi, iз цыркулярным пад'ездам на фроньце, кветкамi й кусьцiкамi абсаджаны, з боку роўнай зелянiнай прыгожа стрыжанай травы, разьмяшчаў кантору, сьвятлiцу й рэстаран. Якiх сотню крокаў воддаль, блiжэй дарогi была бензiнная стаянка. За рэстаранам, у сасновым бары вiдаць было некалькi катэджаў. Некаторыя зь iх мелi па дзьве спальнi, былi абсталяваныя вадой i электрычным аграваньнем, мелi амаль усе гарадзкiя выгады. Катэджы спалучалi вымашчаныя пабiтым каменьнем сьцежкi. Блiжэй рэстарану, ззаду за iм, на даволi вялiкiм i добра дагледжаным траўнiку, стаяла некалькi пiкнiкавых сталоў.

Нейкага паўкiлямэтра ў глыб пушчы рака Пома гнала свае чыстыя крынiчныя воды праз завалы каменьня й валуноў, гнiлыя пнi дрэваў, жывое карэньне. Шпаркi ток стрымлiваў бег ля крутых паваротаў, падмываў вязы, клёны й хвоi. У большых глыбiнах ля берагоў шнырыла фарэль. Водыр i гамана пушчы дапаўнялася тужлiвым i надта выразным працяжным клiканьнем-гукам люнанурца, - птушкi гусiнай вялiчынi, што бытуе ў тутэйшых вазёрах. Гэта ад яе, як кажуць мясцовыя людзi, - пачынаецца прырода канадыйскай поўначы. Галоўнымi ворагамi рыбакоў былi тут чорныя мушкi й камары. Ад гэтай заедзi ратавалiся ўсялякiм мазямi й вадкасьцямi, каторыя рыхтавалi за шчодры фiнансавы здабытак розныя хiмiчныя фiрмы.

У галоўнай сьвятлiцы Пайн Рыдж рэсорту на сьцянах вiселi розныя павялiчаныя здымкi вялiкiх рыбакоў i вялiкае рыбы. Тэрмiн "вялiкi" мае гэтта адноснае значэньне, паколькi, як усiм рыбаком ведама, спалучаецца ён нярэдка зь iншым надта непахвальным словам. I вялiкiя рыбакi на здымках, што вiселi на сьценах сьвятлiцы Пайн Рыджу - запраўдныя шчасьлiвыя чэмпiёны немалога маштабу, iз шчодрымi ўсьмешкамi на тварах. Яны фарсiлi на паказ вялiкiмi рыбамi фарэлямi, якiх быццам злавiлi ў рацэ Пома. Скептыкi падказвалi, што здымкi гэныя маглi быць купленыя ў адпаведных дзялкоў з глыбiнаў турыстычных прадпрыемстваў.