- Вось як! Маеш добры густ, мiлы мой!

- Асьвяжылася? - спытаўся Алесь у Веры, калi яна вярнулася.

- Так. А цi ты казаў мне, што тут недзе збоку ёсьць дзе пакупацца?

- Так, ёсьць недалёка адсюль прыгожае азярцо напоўненае чысьцюсенькай i мокрай вадзiчкай.

- Брава! Я ўжо хацела-б быць у кампанii тых рыбак, што ў тым азярцы плаваюць.

- Пацярпi, дзеўка. Скора пазнаёмлю цябе з тымi рыбкамi. Перш спажывём марожанае, каторае вунь ужо наблiжаецца да нашага стала.

Мэры паставiла на стале дзьве плястыковыя мiсы, напоўненыя марожаным зь ягадамi. У гэны час зьявiўся Антон Шпак. Убачыўшы пiсьменьнiка, Алесь заказаў марожанае i для яго.

Апрануты ў кашулю ў клетачкi, шэрыя порткi, iз загарэлым тварам, на якiм расплылася шырокая i прыязная ўсьмешка, Шпак падыйшоў да стала.

- Алесь, як я цешуся, пабачыўшы цябе тут! - падаў Алесю руку й пазiраў на Веру.

- Прыемнасьць мая, - сказаў Алесь, устаўшы. - А цяпер прашу быць знаёмым зь Верай Мак. Вера, маеш гонар пазнаёмiцца зь пiсьменьнiкам Шпакам.

- Мне Алесь успамiнаў некалi пра сваю прыгажуню, але не казаў што яна аж такая цудоўная з выгляду, - гаварыў Шпак i ўважна аглядаў дзяўчыну. Прыемна...

- Прыемнасьць мая, - зарумянiўшыся ў твары, сказала Вера. - Я чула шмат пра вас ды й некаторыя вашыя кнiгi чытала.

- Так? - зьдзiвiўся пiсьменьнiк. - Але-ж вы налягайце на марожанае, не марудзьце. Алесь, а чаму-ж ты мне не сказаў, што такую прыгажуню ты недзе ўпаляваў? - пабацькоўску спытаўся ён у дзяцюка.

- Але-ж вы ў мяне ня спыталiся, - усьмiхнуўся Алесь i падмiргнуў Веры, каторая прыглядалася Шпаку. I здавалася Алесю, што дзяўчына запраўды спадабалася яму.

- Калi, прабачце мне, як доўга вы ўжо забаўляецеся разам?

- А ўжо месяцы тры, мусiць, - адказаў Алесь.

- А вы як доўга ў Канадзе, спадарычня Мак?

- Я тут нарадзiлася ў адным гарадку на поўначы.

- Вы што? Але-ж запраўды, чаму мне гэта ў галаву ня прыйшло? Прабачце старому дурню. Слухаючы вашу гаворку, я ня думаў...

- Але вось што асаблiва цiкавае, спадар Шпак, - пачаў задаволеным голасам Алесь. - Калi мы пазнаёмiлiся, без майго ведама яна ўзялася вучыцца беларускую мову. Аднаго дня, калi яна адчынiла свой роцiк, я быў, сьцiпла гаворачы, даволi зьдзiўлены. Працуе ў мяне ў Трыфты Тонi, гаварылi мы мiж сабою да таго часу паангельску, а тут... гэткая неспадзеўка... Ад таго часу я пазнаёмiў яе крыху зь беларускай лiтаратурай, з вашай уключна.

- Аж гэтак? - зьдзiвiўся Шпак. Ён наважыўся распытацца ў Алеся пра дзяўчыну пазьней.

- Я люблю бэлетрыстыку, - сказала Вера. - Я чытала рускую, а тады, як Алесь прыйшоў, дык я падвучылася пабеларуску. Я сталася сiратой, як была малая. Ад бацькоў я чула беларускую мову, але замала ведала яе...

Вера змоўкла. Цi не замнога ўжо сказала? Стары воўк Шпак можа што-небудзь западозрыць. Дзе гэта калi было, каб народжаная ў Канадзе дзяўчына ды сама па сабе (так яны мяркуюць) навучылася беларускай мовы?

Iшла гутарка пра штодзёншчыну. Шпак распытваўся Алеся пра ягоныя бiзнэсавыя справы.

- Мне трэба йсьцi назад да сваёй працы. Дзякую за марожанае, - устаў Шпак з-за стала.

Алесь зь Верай паехалi над возера. Купалiся, вылежвалiся на беразе. Вечарам Алесь угашчаў дзяўчыну й Шпака ў рэстаране, а пасьля ўсе пайшлi ў катэдж. На абцягнутай шчыльнай сеткай, - каб адгарадзiцца ад кусьлiвых чорных мушак i камароў, - вэраньдзе стаялi крэслы й стол. Алесь прынёс свой пераносны патэфэн ды наставiў кружэлкi з рознымi беларускiмi народнымi песьнямi, харавымi канцэртамi Шырмы зь Менску. Зьявiлася й брэнды ў таварыстве садовай вады, вэнджаных шпротак i iкры ды заквашаных пабеларуску гуркоў.

Гутарылi мала. Мэлёдыi iз забранае зямлi чаргавалiся з журботнымi, - i быццам разьлiчанымi на далёкi дыстанс - крыкамi мясцовых люнаў-нурцоў, што пераклiкалiся на суседнiх вазёрах. Люн-нурэц, вялiчынёю з гусь, гэта для некаторых мясцовых людзей - голас канадыйскай поўначы.

Трое ля стала. Яе карэньне на двух кантынэнтах. Выдатны пiсьменьнiк, ла якога маскоўскiя iнквiзытары вось ужо паставiлi пастку. Побач дзяцюк, напоўнены ненасытным i зьнiшчальным каханьнем да агенткi маскоўскага актопуса. Тройка гэта знайшла роднае-супольнае ў галасох зь Менску, зьяднаных, адшлiфаваных майстрам з Шакуноў, што на Пружаншчыне. Апрычоная супольнасьць на чужой, iмi ўжо даволi абжытай зямлi. Разважна, быццам з насалодай, рознымi кароткiмi згадкамi з дому заглядаў у мiнулае пiсьменьнiк. Iнтымны, настальгiяй перанасычаны вечар. Iншым разам, як нi намагайся, ня створыш такога поўнага i ўзьнёслага духовым мiражом, настрою. Цi то песьнi беларускiх жнеек так суладна гучалi акордам тых заўсёды галасьлiвых люнаў, цi можа брэнды на гэта якi ўплыў мела?

Пiсьменьнiк падзякаваў Алесю й Веры за гасьцiннасьць i разьвiтаўся, штосьцi зноў згадаўшы пра заўтрашнюю працу.

- Тут, як бачыш, ёсьць дзьве асобныя спальнi, - тлумачыў Алесь Веры. Галоўны пакой быў умэбляваны самым неабходным: абшырная канапа, стол, маленькi кафэйны столiк, пара крэслаў. На сьцяне - здымкi рыбакоў з рыбамi, рэклямны каляндар зь нейкай магутнай лодкай, люстра. Падлога засланая ўжо стоптаным палавiком. I ўсё гэта, - нехта сказаў-бы спартанскае, - разам iзь сьценамi з памаляваных на рудое хвойных круглякоў, тварыла сваю адметную атмасфэру, якую любiлi гарадзкiя жыхары.

- Няважна спальнi! Калi яшчэ ня глумiць цябе сон, давай пасядзiм крыху, - сказала Вера.

- Прапановы якiя? - сеў на канапе каля яе Алесь.

- Перш за ўсё: гэнае сьвятло занадта яркае.

Алесь ськiнуў чаравiкi, зьдзеў шкарпэткi i адну зь iх нацягнуў на электрычную лямпу, што вiсела на сьцяне. Пакой акунуўся ў паўзмроку.

- Цяпер лепш? - спытаўся дзяўчыну.

- Ты добра выдумаў з тэй шкарпэткай.

Вера прысунулася да Алеся i апынулася ў ягоных абдымках. Адчула прысьпешаны пульс сэрца калi вусны ейныя да Алесевых прыльгнулi. Нешта расплывалася. Гэта было новае, раней нязьведанае. I брэнды яна ледзь-ледзь, зусiм нямнога выпiла. Але, калi-бы поўнасьцю хлапцу аддацца, дык вось цяпер, якраз пад такi настрой.

- Алесь, - шапнула.

- Ну што?

- Скажы мне, ты запраўды мяне кахаеш?

- Кахаю цябе поўнасьцю й бязь нiякiх засьцярог. А ты мяне?

- Я кахаю цябе, my darling! Тых пару тыдняў мне цяжка было. Я пераканалася, што безь цябе не магу, як рыба без вады.