- Я патрабую цябе таксама, цаца мая. Выбачай, што так сталася.

- Гэта мая вiна.

- I мая таксама.

- Я цябе так моцна люблю, мне аж дыханьне займае.

Другi пацалунак куды больш юрлiвы. Алесь гладзiў яе. I пры дакрананьнi ягонае рукi стан яе поўнiўся дрыжаньнем.

- Алесь, прашу, цяпер...

У паўзмроку, ён пазiраў у ейныя вочы. Сумлеву няма. Пажаданьне. Нагрэтае да расплыву, гарачае зялеза на кувадле. Цяпер якую хочаш хворму яму. А гэтта, у Алесевых абдымках - жывое, юрлiвае, што першага семя жадае.

- Алесь, я нiколi раней ня мела сэксу. Прашу цябе, darling!

Шэпт, якому не адмовiш, калi ён ад такой гожай спакусьнiцы.

- Алесь, чаго ты так? Давай!

Яна зноў гвалтоўна, як п'яўка, прыльгнула да ягоных вуснаў. Пад такiм напалам доўга ня вытрымаеш. Алесь вырваўся зь ейных абдымкаў.

- Не, Вера! - сказаў з нацiскам. - Я не магу, ня мушу, гэта ня ёсьць...

- Ня ёсьць што?

- Ня ёсьць так, як трэба... Не магу табе гэтага зрабiць!

- Чаму-ж не? Мы-ж кахаемся. Цi-ж гэтага мала?

Алесь бачыў, што дзяўчына гарачылася, магла кiнуцца ў гiстэрыку. У такiм стане, як яна знаходзiлася, адсутнiчаў розум-стораж.

- Праўду кажаш.

- Дык чаму?

- Цяжка гэта вытлумачыць, мне здаецца.

- Ты дурань. Што з табой? Я сама лезу да цябе, а ты мяне адкiдаеш.

Алесь адсунуўся. Вера дрыжачымi рукамi адшпiльвала сваю блюзку.

- Вера, перастань! Я ня буду...

- Ты будзеш! Я цябе змушу!

У гэтых, гарачым дыханьнем выказаных, словах таiлася такая магутная сiла й перакананьне, што Алесь амаль здаўся.

- Вера, будзь добрая, перастань выдурняцца!

- Алесь, чаму ты адкiдаеш мяне? Ты-ж ведаеш, што я зь нiкiм раней ня была.

- Якраз таму й не магу.

- Як гэта так?

- Чакай, мая дарагая, паслухай! Цi-ж ты думаеш, што я цябе не хачу? Павер мне: цяпер я нiчога iншага на гэтым сьвеце не хачу так моцна, як зьлiцца з табой у адзiн арганiзм. Так. Ты мне не памагаеш, каб устрымацца перад спакусай. Наадварот. Ты мяне атакуеш, спакушаеш. Але тут, - ты трымайся далей!

Ён зноў адсунуўся ад дзяўчыны.

- Ты, мая мiлая, мусiш i мяне зразумець. Дык паслухай уважна. Я ў сваiм жыцьцi ўжо меў не адну дзяўчыну, гэта пераважна з такiх, што пагуляць адно любяць. Гадамi я шукаў кагосьцi такога, як ты: чыстую i прыгожую сумленную i скромную, арыгiнальную i несапсутую. Яшчэ абавязкава, каб i пабожную, каб дзетак умела добрымi хрысьцiянамi выгадаваць! Ты якраз вось такая, якую я так доўга i ўпарта шукаў. Павер, у мяне сiлаў няма, каб устаяць перад тваёй спакусай, бо апроч усяго ты - надзвычайная прыродная i няштучная прыгажосьць. Як у нас дома казалi: вельмi-ж вельмi пекная! Дык вось як! А ўстаяць перад спакусай я мушу. Цяпер табе скажу чаму гэта так.

Алесь устаў, закурыў, стануў перад ёю, зацягнуўся густым дымам i прадаўжаў:

- Я не хачу ўжо цябе паставiць сярод тых, у якiх можна лёгка сэкс выкарыстаць. Мне хочацца, - павер мне, даражэнькая, - захаваць у цябе чыстую i незасьмечаную прыгажосьць. Глянь сюды, дзяўчына! Магчыма, што я i дурань, магчыма - ведаю я такiя аргумэнты, - скажаш, што сэкс ёсьць найчысьцейшым яднаньнем жывых i кахаючых сябе людзей. Але, гэта ня ўсё яшчэ. Я - веруючы ў Бога чалавек. I пры тым вялiкi грэшнiк, бо адзiн Госпад бязгрэшны. О так, я ня зьдзiўлюся, калi ўбачу на тваiм твары сьляды iронii... Магчыма ў тваiх вачох я i ёсьць дурань, можа я i паэтычны нават дурань, але я табе ўжо сказаў: для мяне важная чыстая краса, незакранутая кветка. Пазiраю на цябе i так намагаюся кантраляваць жывёльныя гоны. Яй Богу! У канчатковым аналiзе для мяне большая ўцеха ад сьведамасьцi таго, што ты ёсьць незакранутая, нiколi ня была гвалчаная, чымся ўзяць цябе цяпер... Бачыш, я шчыра, ад сэрца гавару. Спадзяюся, што зразумееш мяне. Калi мы маем мець сэкс, дык няхай гэта станецца накш, у адпаведным месцы й часе. Навошта псаваць гэта цяпер? Зразумела ты мяне?

- Ясна, окэй! - з дакорам адказала дзяўчына. - Я толькi хацела аддацца табе зь любвi... i можа даказаць...

Яна ўстала i падбегла да дзьвярэй спальнi. Затрымалася, зачырванелая i дрыжачая, а расшпiленая блюзка агалiла поўненькiя, як рэпкi, грудзi.

- Алесь, ты... дурань!

Стукнула за сабой дзьвярмi. Адтуль, са спальнi, пачуўся раптоўны скрып ложка й пасьля здушаны, у падушку, плач.

- Вера, прашу цябе, ня злуйся! - сказаў голасна Якiмовiч.

- Iдзi к чорту, ты няўдзячны!

Дзяцюк стаяў каля зачыненых дзьвярэй i меркаваў цi зайсьцiся ў пакой. Выйшаў на вэранду й выкурыў запар тры цыгарэты.

27

Пасьля трывожнага сну, Алесь устаў рана, пабрыўся й памыўся. Вера, вiдаць, яшчэ спала, бо дзьверы былi зачыненыя. Алесь пайшоў у катэдж да Шпака, якi запрасiў яго на кубак сьвежазгатаванай кавы.

- Гэтая твая дзяўчына, - пачаў адразу Шпак, - цi ты добра яе ведаеш?

- Чаму-ж ня ведаю? Ведаю.

- Маеш сур'ёзныя намеры ў адносiнах да яе?

- Яшчэ няпэўны... Закахаўся, гэта ведаю... Але, вядома, для такога, перастралянага па ўсiх франтох кавалера, нялёгка...

- Калi пазволiш на такое больш дакладнае пытаньне: цi маеш намер зь ёй жанiцца?

- Гэта якраз галоўнае, што маю вырашыць. Я ведаю, што Вера - гэта выдатны матар'ял, цi адзiн дзяцюк хацеў-бы на яе сваю лапу палажыць... Але... ведаеце, яна цалкам i вельмi мiлая асоба, апроч таго - прыгожая, характар, iнтэлект...

- Пра гэты iнтэлект, як ты яго згадаў. Цi не занадта яна здольная?

- Як гэта разумець?

- Калi сказаць табе, Алесь, праўду, дык я думаю пра яе ад учарашняй сустрэчы.

Алесь пачаставаў пiсьменьнiка цыгарэтамi. Закурылi.

- Ну i? - пытаўся Алесь.

- Яна выглядае выключна здольнай. Некаторае пра яе проста ня месьцiцца ў маёй галаве. Прыкладна: ейная беларуская мова i зацiкаўленьне нашымi суродзiчамi. Яна-ж вельмi цiкавiцца нашымi, цi-ж ня так?

- Ага, цiкавiцца.

- I ты ўжо, пэўне, пазнаёмiў яе з многiмi.

- Так, але...

- Я так i меркаваў.

- А што-ж тут дзiўнага?

- Дзiўнага? Ёсьць магчымасьць, што яе нехта сюды паслаў з пэўнай мэтай! - Гэткае меркаваньне Шпак выказаў паволi i цьвёрдым, упэўненым голасам. Задумаўшыся, мужчыны пiльна пазiралi адзiн аднаму ў вочы.

- Ня можа быць! - наўмысна голасна, быццам жадаючы самога сябе пераканаць, сказаў Алесь. - Гэта запраўдны нонсэнс, я ўпэўнены. Я сустрэў яе ў краме, дзе яе прынялi без майго ведама на працу. Пазнаёмiлiся ды закахалiся.

- Прабач мне за наступнае пытаньне.