Калi Вера адчынiла дзьверы, Алесь устаў, папрасiў яе сесьцi.

- Слухаю цябе. Што за праблема? - спытаўся з манерай начальнiка. - Цi не падабаецца табе наша праца або плата? - усьмiхнуўся.

Бяз слова, Вера выцягнула з сумачкi завяртанскую газэтку, разгарнула там, дзе пiсалi пра Алеся i палажыла на стол.

- Што гэта такое? - зморшчыўся Якiмовiч. - Адкуль ты яе дастала? Алесь зрабiў нацiск на "ты".

- Па пошце, - суха адказала дзяўчына.

- Так выглядае, што яны сваiм хламам усiх забясьпечваюць, - спакойна тлумачыў Алесь. - Калi цябе цiкавiць, дык магу сказаць, што гэтай сваёй чалавеканенавiснай прапагандай яны закiдваюць нашых суродзiчаў па цэлай Канадзе i iншых краiнах вольнага сьвету. Ня так даўно я пайшоў тут у адну ўстанову й пытаўся, што можна зрабiць, каб спынiць гэту камунiстычную поскудзь... Гм... Нават табе прыслалi. Не магу сказаць, што гэта для мяне неспадзеўка.

Алесь гартаў газэту так, быццам увага яго была недзе далёка, на нечым зусiм iншым. Другi раз зiрнуў на сваю здымку зусiм абыякава. Зьдзiўленая Вера не магла адгадаць, чаму ён мог так спакойна паглядаць на сваю здымку й там-жа пра яго напiсанае. Што значыць "пайшоў тут у адну ўстанову"?

- Гэта што пра цябе тут напiсалi, - тлумачыла Вера, - што можаш пра гэта сказаць?

- Што я маю сказаць? - спытаўся Алесь з такiм зьдзiўленьнем, як быццам такога пытаньня i быць не магло. - Дзяўчо ты, маё дарагое! Верачка, мая мiлая! Прачытаў я гэтую лухту ўчора i ня мог устрымацца, каб добра не парагатаць. А чаго-ж iншага ад iх чакаць? Ты не разумееш, што гэта крывадушная маскоўская хэўра якая вымардавала мiльёны людзей, да сорак першага году памагала Гiтлеру, цi, - як яны гаварылi, - "нашаму саюзьнiку вялiкай Германii", заваяваць амаль усю Эўропу. Гэтая крывадушная маскоўская хэўра хоча, каб мы тут у вольным сьвеце змоўклi. Мы - голас паняволенага народу, каторы яны й цяпер вынiшчаюць у канцлягерах, мы стаiм за народ, каторы мае здабыць i здабудзе сваю незалежную беларускую дзяржаву. Маскоўская бальшавiцкая мафiя таму й змагаецца з намi, выдумляе пра нас усё найгоршае, што ёй загадвае амаральная бальшавiцкая антынародная палiтыка. Дык i чаму я маю не парагатаць? Я ведаю ахiлесаву пятку маскоўскiх забойцаў. Ведае яе i Шпак i многiя iншыя з нас. Таму яны хацелi-б нас лiквiдаваць, бо мы замiнаем iм на дарозе адурманьваньня чэсных i добрых людзей сваiмi iлжывымi марксiстоўскiмi догмамi пра той камунiстычны pie in the sky... хлусьню пра камунiстычны рай на зямлi. Цьфу, гадаўё!

Вера сядзела ў тым крэсьле, быццам на калючых iголках. Шчырасьць Алесевага голасу, яснасьць у вачох... Гэта мову ад яе адабрала. Калi-б гэты дзяцюк зрабiў хоць малую частку таго, што яму прыпiсвалi, ён нечым, - нейкiм жэстам цi эмоцыяй - сваёй крымiнальнай прошласьцi ня змог-бы схаваць. А гэтта гляньце: анi ценю сумлеву на твары, поўная самаўпэўненасьць i апанаванасьць, самакантроля. I яшчэ нешта... Той, што помсту за вялiкiя крыўды абяцае i нiколi не даруе, голас. I вочы ягоныя, так... Асаблiва тыя вочы, што шукаюць, правяраюць, проста распранаюць цябе, быццам ты тут на супалку з гэнымi, што на яго нападаюць.

- Але, мая ты даражэнькая, - устаў Алесь i падыйшоў да дзяўчыны, - што з табой? Ты выглядаеш вельмi змучаная, твой твар бледны...

- Я мала спала, - амаль шэптам прызналася Вера.

- Чаму? З маёй прычыны? Цi гэта магчыма, што ты верыш гэным гнюсным iлгуном i махляром? Глядзi на мяне, Вера, я цябе пытаюся!

- Я ня ведаю, што думаць, - адказала ледзь чутна дзяўчына, усё яшчэ абмiнаючы ягоны зрок.

Алесь пачаў хадзiць па сваёй невялiкай канторы, уважна прыглядаўся дзяўчыне ў крэсьле. Здавалася, што яна паменшала ростам, скорчылася.

- Самая большая для мяне неспадзеўка, гэта... гэта - ты, Верачка! Цi-ж табе няведама, як шантажуюць нас камунiсты, як прыпiсваюць нам розныя злачынствы, якiх мы нiколi не рабiлi? А чаму? Я пра гэта ўжо табе казаў... Як табе, узгадаванай у вольным сьвеце, каторая чытала i клясычную лiтаратуру, i, здаецца, што дзяўчына з унь якой разумнай галавой i дасьветчаньнем жыцьця, дык як табе, такой, няясна тое, што бальшавiкi робяць i чаму нас, выгнаньнiкаў з нашай роднай зямлi, так бэсьцяць?

- Алесь, я ня ведала што думаць. Выбач. Я меркавала, што калi спытаюся ў цябе проста пасяброўску... Памятаеш, я-ж ужо пару разоў пыталася ў цябе, а ты проста адмовiўся што...

- Памятаю. Магчыма, што я зрабiў памылку. Але мяне жыцьцё навучыла не выварачваць наверх сваю душу для паказу. Цi раз ужо апёкся. Праўда, ня было такой важнай прычыны, каб табе не расказаць, хiба адна. Ты-ж падумай зь якога я сьвету: радзiўся пад чужой акупацыяй, а пасьля пад iншую акупацыю трапiў. Усюды з нас зьдзеквалiся, адныя хамамi абзывалi, быдлам рабочым, палянiзавалi, а iншыя, так званыя "вызвалiцелi", мiльёнамi ў калгасны прыгон заганялi а пасьля ў канцлягерах мардавалi. Вера, дарагая мая, цi ты ведаеш, што гэта значыць баяцца, рабом быць, асьцярожна ступаць, каб у якую пастку не папасьцiся? Цi ты ведаеш голад i холад, i запраўдны прыгон, дзе нават табе Богу малiцца забаранiлi i ўсiх сьвятароў вымардавалi, i нашыя сьвятынi i нацыянальныя помнiкi панiшчылi? А цi ты ведаеш, што ў савецкiх школах вучылi, каб дзецi даносiлi на бацькоў? У Маскве Паўлiку Марозаву, - каторы на сваiх бацькоў паклёпнiчаў i выдаў, - помнiк паставiлi. Як-бы ты чулася, каб табе загадалi на бацькоў i апякуноў даносiць? А цi ты ведаеш, што вырастае з тых юнакоў, якiм адабралi веру ў бацькоў, у Бога, калi людзi забудуцца пра любоў i мiласэрнасьць, калi iм загадваюць праклiнаць Бога, руйнаваць свае сьвятынi, апляваць усе хрысьцiянскiя традыцыi, а толькi паклёпнiчаць i ашукваць, i забiваць, i нянавiсьцю да iншых, з загаду так званае "роднае камунiстычнае партыi", жыць?

Вера маўчала, пазiрала на цяпер усхваляванага Алеся.

- I сьведамасьць таго, што ты маеш мiласьцi прасiць у запраўдных крымiналiстаў забiрае ад цябе апошнюю макулiнку чалавечае годнасьцi, якая ў цябе была. Так спакваля становiшся рабом, аўтаматам, маленькай шрубкай у вялiзнай i бяздушнай машыне. Ведаеш, што будуць таптаць цябе i глумiць, калi захочуць... Ты робiшся сабакам, якога нiхто не шкадуе. Спадчына рабства ратаваць самога сябе, не адкрываць сваiх ранаў. Самазахаваньне, самаабарона, вось што. Хто табой цiкавiцца? Ты, калi маеш выжыць, вытрымаць, дык павiнен закрыцца, забыцца пра свае раны й сум, i боль. Хто тут, у гэтым бiзнэсавым сьвеце, выцягне табе руку помачы? Iдзе проста пра тое, што калi акунешся ў эмоцыi, дык можаш раскiснуць, цябе можа вораг уджалiць. Вось чаму мой iнстынкт самазахаваньня замiнаў мне адкрыцца й расказаць табе пра сябе, калi ты прасiла. Занадта болю многа награмадзiлася, ня хочацца ранаў вярэдзiць. Так, лягчэй памаўчаць...