Изменить стиль страницы

Батыста, праўда, скрывіўся і злосна бліснуў вачыма — мусіць, перападзе зноў дачцы крычаўскага збройніка за тое, што забылася на годнасць егіпецкай прынцэсы.

А белыя горы павольна працягвалі свой рух, і што ім было да казюрак, якія варушацца на іх спінах, думаючы, як падмануць адна адну.

Дом, які яны займалі, знаходзіўся ля самага мора, наводшыбе. Аднапавярховы, але даўжэзны, як каралеўскія стайні, з высокім дыхтоўным плотам, ён не здаваўся асабліва багатым. Але ўнутры было дзіўна: быццам нехта вываліў воз магнацкіх рэчаў у хату шарачка, каб прыкрасіць непрывычна для сябе бедны побыт. Драўляная, неахайна выструганая лава — а побач столік вытанчанай разьбы з чырвонага дрэва. Сцяна з голых бярвенняў — а на ёй раптам італьянскі пейзаж у залачонай рамцы.

Пан Шрэдэр, з якім сустрэліся за вячэрай, з заўсёднай ласкавай усмешкай абвесціў, што карабель прыпазняецца з-за неспрыяльнага надвор’я, але будзем маліцца, і справа атрымае годнае завяршэнне.

Значыць, пакуль можна смела вячэраць: атруту падсыпаць рана.

Сцены залы былі завешаныя габеленамі з выявамі сцэн Хоцінскай баталіі, калі войска кароннага гетмана Яна Сабескага разбіла войска Гусейн-пашы — яшчэ адна праява недарэчнай у сціплым будынку палацавай раскошы. У бойцы пад Хоцінам загінуў прадзед Вырвіча, але шаблю ягоную, Гіпацэнтаўра, напоенага варожай крывёй, баявыя таварышы перадалі сям’і загінулага, і была яна цяпер у Пранціша, апошняга з роду. На габелене гусары Ябланоўскага несліся ў атаку, за іхнімі спінамі біліся і гулі крылы на драцяных каркасах, коні пакрытыя лемпардавымі скурамі… Эх, слаўная была бітва! Не брат на брата ішоў…

Пан Рысь, асушыўшы трэці келіх віна, стукнуў рукой па стале.

— І карона, бласлаўлёная папам, знойдзе, нарэшце, годную галаву! Qui desiderat pacem, praeparet bellum![13] Я прывёз сюды сто тысячаў дукатаў — сабраў з усіх сваіх маёнткаў і з маёнткаў братоў маіх альбанцаў, каб перадаць пану свайму Каралю Радзівілу, і калі трэба будзе апошні срэбны кубак закласці — закладу. Гэта ж выдатная задума — адкрыць у Рыме кадэцкі корпус! Станіслаў Ляшчынскі зладзіў жа такі ў Францыі, у Люнэвілі… Няхай хоць далёка ад радзімы гадуюцца сапраўдныя патрыёты!

Строгія погляды Шрэдэра на пана Рыся ўплыву не мелі. Ён, асабліва падагрэты мальвазіяй, лічыў, што знаходзіцца ў кампаніі адзінадумцаў, і не збіраўся нічога ўтойваць.

— А хто больш годны? Князь Міхал Багінскі, які пра тую карону марыў, з Цялком сябруе, і кажуць, завёў сабе каханку-мужычку, за сэрца якой яны з Панятоўскім зараз змагаюцца. О то ж высакародныя асобы! Аляксандр Сапега прыняў булаву вялікага гетмана — і радуецца, як дзіця цацку атрымала. Толькі пан Караль — сапраўдны шляхціц, захавальнік сармацкіх традыцый! Памятаю, як у юнацтве апынуліся мы з ім за адным сталом. Я — сын слуцкага арганісты, ён — сын князя. І пан Караль сказаў, што мне пасуе не шляхецкая шапка, а дактарантка, якія арганісты носяць. А я выклікаў яго на двубой, бо і я шляхціц такі ж, як ён! Пабіліся добра… І мне пашана толькі ад пана Караля была — за смеласць. А пасля, калі памёр ягоны дзядзька, пан Геранім Радзівіл, які мной апекаваўся, пан Караль узяў мяне да сябе, і прыняў у альбанскую банду. І міласцямі сваймі адорваў…

Тры чалавекі за сталом пачуліся не лепшым чынам. Значыць, пан Рысь бываў у Слуцкім замку пры Гераніме Радзівіле і мог бачыць там Пранціша і Баўтрамея, якія ледзь той замак на кавалачкі не разнеслі, вызваляючы Саламею Рэніч. І актрысу Міхалішыўну мог пазнаць… Але калі б такі відны пан тады ў замку прысутнічаў, Пранціш абавязкова б яго запомніў! Мусіць, размінуліся яны з ім, слава святому Франтасію…

— А вось чараўнікоў пан Геранім не любіў! — як па намове, заявіў пан Рысь, падымаючы чацвёрты келіх і кідаючы хуткі позірк на Батысту. — Чараўнікоў у нас на ланцуг у сутарэнні садзілі. Яны брата пана Гераніма, князя Марціна, з розуму звялі!

Пра чараўнікоў на ланцугу Пранціш і Лёднік ведалі выдатна. Бо абодва ў слуцкіх сутарэннях пабывалі. На шчасце, Батыста занадта раззлаваўся, адчуўшы выпад у свой бок, каб прамаўчаць.

— Ёсць чараўніцтва, а ёсць высокія духоўныя практыкі! — завёў ён. — Не кожнаму проста пад сілу іх асэнсаваць. Мяне запрашалі праводзіць сеансы каралеўскія фаміліі Еўропы! Я паказваў тое, чаму навучыўся ў бесцялесных субстанцый, перад ягонай мосцю Аўгустам III, перад ягонымі мосцямі французскім каралём і герцагам Брандэнбургскім, мяне запрашае да сябе расейская імператрыца, і ў дамах іх мосцяў Радзівілаў я з поспехам выступаў, і чуў ухвалы і сустракаў пашану!

Пан Рысь пазіраў зялёнымі шалёнымі вачыма — ён толькі што асушыў пяты келіх, і Пранцысь разумеў, што пан шукае толькі найменшай падставы, каб схапіцца за шаблю.

— У Варшаву прыехаў ваш зямляк, такі фацэт Казанова. Таксама яго прынялі ў лепшых дамах, нават Цялок-Панятоўскі прыгалубіў… Што мяне не дзівіць, бо Цялкі — не самая старажытная шляхта, і нюху на высакародную кроў не маюць. З-за нейкай італьянскай балярыны Казанова пасварыўся з князем Браніцкім, падстоліем, і выклікаў на двубой… Ды не на сумленных шаблях біліся, а на пісталетах! Няшчасны князь быў падступна паранены ў жывот — ляжыць цяпер, дактары не ведаюць, ці акрыяе. Тады пачалі высвятляць, што за асоба можа стацца прычынай смерці падстолія і ваяводы. І што б вы думалі? — пан Рысь выжлуктаваў яшчэ адзін келіх, выцер кроплі з вусоў, якія пачалі стамлёна абвісаць. — Высветлілася, што Казанова — нат не дваранін, а звычайны шалбер, прайдзісвет, у Італіі сядзеў у турме за зганьбаванне высакароднай дзяўчыны, з Францыі ўцёк, бо скраў грошы… Вядома, усе дзверы пасля такіх звестак перад махляром зачыніліся, і ён хуценька з’ехаў. А Браніцкі яшчэ й высакародна прасіў, каб ягонага магчымага забойцу не пераследвалі. Я б з тым Казановам шаблі не скрыжоўваў! Я б яго на зямлі расклаў ды загадаў сто дзягаў усыпаць!

Батыста трохі збляднеў і прыкусіў губу. Пан Рысь угледзеўся ў яго каламутнымі зялёнымі вачыма і расчаравана адвярнуўся, зразумеўшы, што гэты шаблю не выхапіць, хоць ты яго віном аблі. Цяпер пад прыцэл патрапіў Лёднік.

— Не прызнаю, як і князь Караль Радзівіл, новай шляхты. Але ведаю, што пан Лёднік зарабіў шляхецтва паводле Статута, на полі бойкі, выратаваўшы жыццё вялікаму гетману, светлай памяці ягонай мосці Міхалу Радзівілу, бацьку пана Караля. Бачыў пана Лёдніка на хаўтурах гетмана ў Вільні… Напэўна, пан добра валодае шабляй? Тады чаму ён не пайшоў служыць свайму дабрадзею, як шляхціц? У войска? Няўжо клісцірная трубка больш годная, чым сумленная зброя?

— Пан Лёднік — знакаміты вучоны, — умяшаўся Вырвіч. — Ён лячыў пана Міхала Радзівіла!

— Вось яно што… — пагрозна прамовіў Рысь. — Відаць, доктар вы не такі добры, як фехтавальшчык.

— Усё ў волі Божай. Я ўсіх лячу аднолькава, і жабрака, і князя, укладаючы ўсё сваё ўменне. Відаць, я быў няварты таго, каб праз мяне Гасподзь даў ацаленне майму дабрадзею, ад чаго шчыра сумую.

Лёднік глядзеў у талерку і здаваўся каменным помнікам, які чамусьці вырашыў павячэраць. Пранціш ведаў, што доктар угневаны, але ведаў, як сын полацкага гарбара не любіць звычая шляхты чапляцца, падвыпіўшы, адзін да аднаго, каб паказаць зухаватасць ды пабіцца. Ён часта казаў, што ад дурной смерці не ўратуе нават дасканалае ўменне — бо аднойчы і качарга страляе.

Рысь нейкі час сядзеў, утаропіўшыся ў доктара вачыма, якія здаваліся ўжо не зялёнымі, а жоўтымі, як у сапраўднай рысі. Лёднік калупаўся лыжкай у гуляшы, жаданы двубой зноў зрываўся. Тады пан перавёў вочы на Пранціша.

— А адкуль родам пан Вырвіч? Якімі маёнткамі ўладае?

Пранціш адчуў, як загарэліся шчокі, кроў застукала ў скроні. Колькі яму ў юнацтве давялося выцерпець насмешак за тое, што бедны, што разам з бацькам поле арэ! Таму падобныя закіды падалі на ягоную свядомасць, як вада на распаленую патэльню. Лёднік паспяшаўся перавесці размову на апошні сойм — той, дзе абмежавалі ліберум вета, выклікаўшы незадавальненне шляхты, але ж і расейцаў з прусакамі раззлавалі, бо гэта азначала, што новы кароль усё-ткі наважыўся на рэформы, насуперак дамове, і краіна, якой наканавана згінуць, можа ўзмацнець. Згадкі пра сойм звычайна адразу выклікалі буру, але пан Рысь быў занадта напіты, і бачыў перад сабой адну мэту: пабіцца.

вернуться

13

Хочаш міру — рыхтуйся да вайны. (лац).