Изменить стиль страницы

Пранціш разумеў, што Лёднік мае рацыю. І нічога супраць Ганулькі Макавецкай не меў. Але чагось не хапала, каб п’янкое шчасце ўдарыла ў галаву, як шампанскае, каб не карцела паспрабаваць якіх іншых сцежак-дарожак. А на адной з тых дарожак свяціліся празрыста-зялёныя вочы Раіны Міхалішыўны, на другой — блакітныя гарэзныя вочы Паланэі Багінскай… Дый карчмарку Рыўку з Вільні не хацелася зусім занядбаць… А давядзецца. А можа, на якойсьці са сцежак на Пранціша Вырвіча прыхільна зірнуць вочы яшчэ не сустрэтай каралеўны?

— Рамантыка з дурной галавы не выветрылася, — паставіў дыягназ Лёднік. — Зразумей, век не будзеш у вокны паненак шастаць ды ў карчмарак на дурніцу піва выпрошваць. А паколькі двойчы з адной кветкі яблык не выспее, не дапусці, каб хто іншы яго сарваў. Бо пані Гадлеўская прызналася, што да наступных Пакроваў збіраецца Ганульку выдаць замуж, і слова ў яе ўзяла на гэта. Той сусед пан Ладыслаў не такі ўжо багатай нявесце брыдкі.

Вырвіч зноў атрымаў укол у сэрца — а гэта на пачуцці дзейнічае, як падзьмуць на чырвоныя вуглі, — і дэкляраваў урачыста, што ён не дурны, і шчасця не ўпусціць. Вернецца да Ганулькі Макавецкай, толькі вось адправяць Шрэдэра за мора.

У маёнтку, куды прывёз іх Шрэдэр, было цёмна і ціха, як на дне марскім — дзіва што, ноч на двары. Загасцяваліся драгун з былым алхімікам.

Таму Пранціш, як толькі зайшоў у адведзены яму пакой — на мансардзе, амаль што на гарышчы, паваліўся на ложак, лежачы, так-сяк сцягнуў з сябе боты… Добра, што ў Ляшчынах не начаставаліся віном, а то б зараз галава гула, як скінутая з дрэва борць.

За вакном буркатаў дождж, як прафесар на студэнтаў, якія не падрыхтаваліся да практычных заняткаў. Адзін раз ён грукнуў у шыбу асабліва гучна. Так што Пранціш, якога ахутала першая салодкая драма-паўява, з прыкрасцю прачнуўся. Цяпер грукнула так, як не мог бы зрабіць сваёй празрыстай лапай дождж. Спрасоння Вырвіч ажно пералякаўся: хто можа стукацца ў вакно пад самым дахам, ноччу, у залеву? Птушка? Альбо… прывід? Русалка? Начніца? Кікімара? Дамавік?

А за шыбай нешта варушылася і нібыта чуўся голас… Не птушка, не… Значыць, нячыстая сіла!

Але няўжо адважны драгун герба Гіпацэнтаўр спалохаецца здані?

Вырвіч перахрысціўся, схапіўся за шаблю і на дыбачках падыйшоў да вакна.

— Пан Вырвіч, адчыніце!

Голас Раіны Міхалішыўны? Альбо ейнай бесцялеснай сутнасці? А можа, яна — ламія, граф Батыста цалкам мог ператварыць прыгажуню ў начную пачвару, якая высмоктвае па начах кроў з даверлівых мужчын… А можа, Міхалішыўна, пакуль яны ездзілі, памерла, і ейны неспакойны дух захацеў наведаць маладога шляхціца?

Па шкле зноў забарабанілі тонкія пальцы:

— Ды ўпусціце ж мяне, дзеля Госпада нашага Ісуса Хрыста!

Пранцішу стала сорамна за свой страх — ён успомніў, як калісьці яго самога прымалі за прывіда. І аднакурснік па Менскім калегіюме езуітаў Міхаська Міцкевіч баяўся адчыняць вакно канвенту, пакуль Пранціш не назваў імя Гасподне.

Шыбы, на шчасце, не былі забітыя, але адчынялася толькі ніжняя частка, з двума шкельцамі. У такую адтуліну толькі птушка й пралезе… Ці танклявая акрабатка.

— Не запальвайце агонь!

У пакой праслізнула гнуткая постаць. Пранціш схапіў здань за руку: халодная, мокрая — але жывая! Графіня Батыста!

А тая ціха засмяялася.

— Ды не прывід я, пан Вырвіч, я на хвілінку, мне неабходна вас папярэдзіць…

Пранцысь узрадваўся, што ў цемры не бачна, як ён чырванее. Але ж, падобна, дзяўчына праслізнула ў ягоны пакой, апранутая толькі ў шаўковую кашульку. Вымакла ўся… А як яна прабралася ў вакно? Па сценцы караскалася?

— Там вузкі карніз ёсць, — прашаптала Міхалішыўна, як быццам умела чытаць думкі. — А я спрытная. Батыста мяне замкнуў, таму й давялося…

Дзесьці адрывіста гаўкнуў сабака, гэткі сабачы цівун, падаючы знак, што за ўсім сочыць, і дзяўчына ўздрыгнула.

— Вырашыла не адкладаць размову — мала што… Пан Вырвіч, калі прыедзем у Лебу, вас паклічуць за развітальны стол. Нічога не ешце і не піце.

— Чаму? — Пранціш прыабняў Міхалішыўну — таненькая, але моцная, як лаза, мокрая шаўковая тканіна слізгала пад рукой, нібыта абымаўся з русалкай.

— Вас з доктарам хочуць апаіць і завалачы на карабель, звезці ў Італію.

Пранціш схаладнеў. А ён паверыў, што ўсё так проста скончыцца.

— Навошта?

— Не ведаю… — Міхалішыўна сутаргава ўздыхнула. — Магчыма, проста баяцца, што вы зашмат ведаеце.

— А ў цябе адкуль такія звесткі?

— У крышталёвым шары пабачыла, — ціха засмяялася дзяўчына. — Ну вядома ж, падслухала. Будзьце асцярожныя, пан Вырвіч. Усё, мне час.

Раіна нечакана кранула вуснамі вусны Пранціша — лёгенька, як пялёстак кветкі — выслізнула з абдоймаў драгуна і зноў знікла ў дажджы і цемры.

Пранціш высунуў галаву ў вакно — амаль нічога не было відаць, угадвалася толькі, як перасоўваецца ўздоўж сцяны светлы цень.

Вырвіч зачыніў вакно, яго пачынала калаціць — ад гневу і незразумелай тугі. Магчыма, шчаслівае сямейнае жыццё шляхціца Вырвіча можа не адбыцца… Цяпер трэба старацца пазбегнуць атруты, падлітай у каву альбо падсыпанай у бігас.

Ды яшчэ хоць бы адчайная Міхалішыўна не папалася свайму гаспадару. Бач, якая… Ні агню не баіцца, ні вады, ні вышыні. Хаця панна Паланэя Багінская таксама спрытная была, як хлапчук. І на кані скакаць, і цераз сцяну пералезці, і з кінжальчыкам управіцца…

Вырвіч уздыхнуў. Але ўспамін пра блакітнавокую княжну ўжо не так кроіў сэрца, вастрыё страты затупілася, як аловак, якім занадта шмат пісалі адно і тое ж, падлічваючы згубленае. Пранціш крануў пальцам вусны, там, дзе яго пацалавала Міхалішыўна, бо ўсё яшчэ адчуваў дотык — хоць сама ўся вымакла пад халодным дажджом, а вусны цёплыя. Урэшце, гэта першы выпадак, калі ў вакно да Вырвіча, рызыкуючы, залезла дзяўчына — раней ён сам неаднаразова здзяйсняў такія подзвігі. Калі яна даведаецца пра ягонае жаніхоўства — наколькі гэта яе закране? Вось Ганулька ўсё б даравала. Усё сцярпела… Найлепшая ліцвінская жонка для воя. Як у казцы: прыйшоў муж, памяняўшы карову на мех з гнілымі яблыкамі, а яна толькі радуецца.

Хаця, можа, карысней усё-ткі было б паганяць нягеглага сужонца чапялой.

Заснуў драгун, толькі на ўсялякі выпадак падсунуўшы да дзвярэй цяжкі куфар. Хто аглядаецца, той не каецца. Заўтра з самай раніцы трэба перагаварыць з Лёднікам, «сватам» сваім. Хто б мог падумаць, што куплены за шэлег халоп будзе калісьці пасажоным бацькам на вяселлі свайго гаспадара!

А нікога іншага на гэтым месцы Пранціш Вырвіч уявіць не мог і не хацеў.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

ВАНДРОЎНЫЯ ВЫДМЫ І ДВУБОЙ ЛЁДНІКА

Горы белага пяску высіліся паўсюль, куды сягала вока, толькі на поўначы замест іх спявала сваю адвечную песню мора. Шэрае, у дробных зморшчынках, там-сям пазначаных белымі мазкамі. Вецер дзьмуў так, што часам займала дыханне, быццам ад хуткага бегу, і пакідаў у роце, у валасах калючыя пясчынкі. На тле белага пяску чорныя мёртвыя дрэвы, пахіленыя ўсе ў адзін бок і нібыта абгарэлыя, глядзеліся, як пакараныя грэшнікі у пекле.

— Тут яшчэ не так даўно быў лес… — прамовіў пан Караль Рысь, які сустрэў вандроўнікаў у Лебе, забяспечыў жытлом і вось — пацягнуў глядзець мясцовыя дзівосы. — Яны рухаюцца… Гэтыя выдмы… І ўсё на сваім шляху знішчаюць, як бы лава падчас вывяржэння вулкана.

Пан Рысь, гадоў трыццаці, высокі, плячысты і гожы, быў адным з альбанчыкаў, гаварылі, што ён зухаваты і дужы не менш, чым Міхал Валадковіч, расстраляны ў Менскай ратушы, і гэтаксама карыстаўся прыхільнасцю Караля Радзівіла. Чорныя вусы пана тырчэлі на адной лініі паралельна зямлі, і на бледным ад прыроды твары здаваліся прыклеенымі. Нават тут пан быў ва ўлюбёным мундзіры Віленскага ваяводства: цёмна-сіні кунтуш, жупан з чырвонымі адваротамі, белая шапка з каракулем, бурка, жоўтыя боты.

— Дык што, гэтыя пяскі і горад замятуць? — здзівіўся Пранціш.

— Ужо замялі, — патлумачыў альбанчык. — Горад быў раней тут, дамы стаялі… Потым людзі перабраліся далей. Бо не могуць чалавечыя высілкі стрымаць гнеў Божы…