Изменить стиль страницы

Вочы панны радасна бліснулі пры звестцы, што Вырвіч болей не ёсць кавалерам какеткі Паланэі… І Пранціш зразумеў: няхай панна стала багатай нявестай, не роўня шарачку, няхай навучылася трымацца, як належыць радавітай даме, але сэрца яе ўсё яшчэ належыць беднаму драгуну…

Худаваты тварык Ганулькі падаваўся сумным, вочы цёмныя, вялікія, з доўгімі чорнымі вейкамі, яркія вусны маленькія, скура белая… «Ды яна ж прыгожанькая!»— нарэшце прыйшло ў галаву Вырвічу, бо натура чалавечая такая, што ў рысах багатай спадчынніцы заўсёды можна лёгка разгледзець прыгажосць, якая была надзейна схаваная ў абліччы сціплай прыслугі. Пранціш узяў кволую ручку панны, як азяблае птушаня.

— Давайце ж, як старыя сябры, раскажам адзін аднаму, што адбылося за гэтыя гады…

Што-што, а красамоўна расказваць Вырвіч умеў. І як яны з Лёднікам жылі на праклятым млыне, і як Пранціш сапраўднага цмока забіў, і як на караблі плылі, ледзь не патапіліся… Распавяла трохі і Ганулька. Найміт Багінскіх Герман Ватман прыязджаў у кляштар, прывёз з сабой пані Саламею. А потым захацеў пабачыць панну Багінскую, якая мусіла перад заручынамі замольваць у кляштары грахі — а пабачыў ейную камерыстку. Тады шум яшчэ не паднялі, Ватман дамовіўся з ігуменняй, і Ганульцы толькі забаранілі выходзіць з келлі. Але ішоў час, панна Багінская ўсё не з’яўлялася, і калі ігуменні паведамілі, што і не з’явіцца, і абяцанай шчодрай узнагароды за тое, што прымала пад яе імем іншую, не дачакацца — і пачаліся Ганульчыны пакуты…

Дым ад зёлак віўся ў паветры пакоя, нібыта таньчылі змейкі, падобныя ўплеценым у парык графіні Батысты. Лёднік кансультаваў гаспадыню Ляшчынаў, мусіць, цэлую гадзіну. Відаць, нагаварыліся пра ўсё — таму што на вячэры пані Гартэнзія паглядала на маладога госця больш прыхільна, а ўжо на доктара — як на даўняга сябра.

— Мне б толькі паспець выдаць маю дачушку замуж! — абвесціла пані, змусіўшы Ганульку пачырванець, а Пранціша адчуць у сэрцы балючы ўкол рэўнасці. — Засталося пажыць няшмат, доктар Лёднік пацвердзіць… А пакідаць Ганульку без абароны нельга. Яна ж не з тых бессаромніц, што носяць сукенкі, у якіх грудзі аголеныя, ды ўжываюць бялілы, чарнілы, чырванілы ды блакітнілы, даруй, Госпадзе. Я ўжо і сватала ёй добрых людзей… З адным ледзь не зладзілася. Пан Ладыслаў, сын суседа, адзіны ў бацькоў, і гожы, як Апалон, і паводзінаў самых прыстойных, пачцівы, ціхмяны, слова рэзкага не скажа. Але, вядома, выбіраць будзе Ганулька. Бо ў дзяўчыны могуць быць свае сардэчныя схільнасці…

Пані кінула шматзначны позірк на Пранціша, так, што той ледзь не задушыўся кавалкам качаціны з імбірнай падлівай. Няўжо ў яго, загоннага шляхцюка з Падняводдзя, ёсць шанец?

Лёднік зараз жа ўкінуў свае тры шэлегі ў скарбонку.

— Сёння рэдка сярод маладых людзей сустрэнеш чалавека добрага і сумленнага. Я вось ужо колькі гадоў ведаю пана падхаружага Вырвіча — і не расчараваўся ў ім. Род у пана знакаміты — Вырвічы з Падняводдзя гербу Гіпацэнтаўр, ад самога Палямона. Гонар свой пан абараняць умее. Чалавек надзейны, верны. Бо столькі спакусаў у гэтым свеце, і толькі моцны духам, добры хрысціянін іх адпрэчыць.

Пранціш вушам не верыў. Лёднік што, яго сватае? Заўсёды насмешнічаў над абагаўленнем радаводаў і пошукам міфічных продкаў, а тут сам пра Палямона завёў. Цноты Вырвіча ўхваляе, якога ў студэнцкія часы колькі разоў у карцэр садзіў за пракуды.

Ганулька чырванела і пільна разглядала небагатае змесціва сваёй талеркі. Пані Гартэнзія ўздыхнула.

— Сапсаваўся свет, праўду кажа ваша мосць. На змену залатому веку надыйшоў жалезны. Нават святое права ліберум вета абмяжоўваюць! Мой муж-нябожчык, хай яму на тым свеце шчасна будзе, быў узорам сармацкіх цнотаў. Ён служыў у судзе, пачаў з падсудка, потым стаў суддзёю, нястомнай працай і справядлівасцю заслужыў пашану, а рупнасцю памножыў багацце. Ажаніўся ён у сорак гадоў, а да гэтага з белагаловымі і не размаўляў. Нават мяне да шлюбу толькі два разы кароткі час бачыў, побач з маімі бацькамі. І такога чалавека аднойчы ў бездань ледзь не заманілі.

Пані перажагналася, завёўшы вочы ўгору, нібыта са столі на яе паглядаў нябожчык-муж, пацверджваючы кожнае прачулае слова.

— З’явіўся ў магістраце саслужывец, распусны малады чалавек, нічога святога. І вось папрасіў ён майго будучага мужа і ягонага сябра, такога ж годнага і цнатлівага чалавека, памагчы беднай удаве з двума дочкамі, якія прыехалі ў Гародню, каб вырашыць складаную справу пра спадчыну. А калі муж з сябрам, поўныя дабрачынных намераў, прыйшлі да тых кабетаў, аказалася, гэта жанчыны непачцівыя, гасцей апаілі нейкай дрэнню… Прачнуўся мой бедны Нічыпор уранку без кашалька, у пустым доме на ўскрайку места, ды яшчэ з адчуваннем ганьбы… Той паскуднік, які іх заманіў у логвішча граху, бо зайздросціў іхняй чысціні, знік разам з грэшніцамі, якім — мой муж абавязкова б дабіўся — адрэзалі бы паводле Статута вушы і насы на рынкавым пляцы. І вось прыйшоў Нічыпор з сябрам у магістрат… І такі жаль на іх напаў, так мучыла пакута, што давай яны плакаць ды маліцца, кленчачы… А тады сябар і кажа: «Мусім мы сплаціць за свой грэх. Давай, браце Нічыпор, вазьмі бізун і адмер мне пяцьдзесят удараў, не шкадуючы». Што мой муж і зрабіў, а потым і сам лёг, каб тое ж пакаранне атрымаць. Тады лягчэй абаім на душы сталася. Вось так даўней сармацкія звычаі захоўвалі!

Пані аж расчулілася ад аповеду, выцерла насоўкай слёзы. А Пранціш падчас ейнай павучальнай гісторыі ледзь стрымліваўся, каб не зарагатаць. Вось жа святошы тыя юрысты! З прыгожымі паненкамі ў адным пакоі пабылі, і потым ад жаху абрыдаліся, ды яшчэ адзін аднаго адсцябалі. А можа, нябожчык Нічыпор усё-ткі не ўсе падрабязнасці жоначцы расказаў, ці моцна прыкрасіў аповед? Але Вырвіч пастараўся надаць сабе самы прыстойны выраз — асабліва пад пагрозным паглядам Лёдніка, які выдатна памятаў сумніўныя подзьвігі Пранціша на куртуазным полі.

Каштоўнасці Багінскай вырашана было ўсё-ткі ахвяраваць на кляштар, толькі не той, дзе пакутвала камерыстка княжны… А пані Гартэнзія была гатовая заручыны аб’яўляць — бо Ганулька, па ўсім відно, не стала б пярэчыць, а гэта для яе прыёмнай маці ўсё вызначала, няхай жаніх не багаты. Мусіць, не раз расказвала шчырая і даверлівая дзяўчына пані пра сваё нешчаслівае каханне, дык чаму не завяршыць яго шчаслівым шлюбам?

Але Лёднік нагадаў, што ў іх з панам Пранцішам Вырвічам вельмі важная справа, вось вырашаць яе — і абавязкова вернуцца ў Ляшчыны, а пакуль маладыя няхай правераць пачуцці, адноўленыя пасля доўгага расстання.

Вырвіч быў вельмі рады такому павароту, бо за некалькі гадзінаў стаць заручоным чалавекам — гэта неяк занадта. Хаця ручку панне Макавецкай пацалаваў з усёй жарсцю драгунскай душы. І панна шапнула, што будзе чакаць.

Калі яны, пакінуўшы гасцінныя Ляшчыны, скакалі праз вечаровы прыцемак, наетыя, але не надта напітыя — віно на стале стаяла, але які ж разумны жаніх пакажа, што неслабы піток, Лёднік сказаў адно:

— Не будзь дурнем, Вырвіч, не ўпускай такі шанец. Дзяўчына прыгожая, сціплая, кахае цябе так, што нават не папракнула. І багатая настолькі, што кінеш ты спакойна вайсковую службу і будзеш пад бокам прыгожай жоначкі вершы пісаць і дзецям пра ўласныя авантуры распавядаць. Пані Гартэнзія больш за два гады, на жаль, не працягне. Станеш гаспадаром. І тое, што ты праваслаўны, а Ганулька ўніятка, не перашкода, бацькі ў дзяўчыны праваслаўныя былі, зацятасці ні ў цёткі, ні ў пляменніцы ніякай няма, з Божай дапамогай усё наладзіцца. Фартуна табе ўсміхнулася, пан Вырвіч!

Памаўчаў і дадаў:

— І беднай Раіне Міхалішыўне галаву не тлумі. Яна, як пабітае кацяня, да цябе прывяжацца, а ты з ёй толькі пагуляцца можаш. А ёй і так па жыцці дастаецца. Я ведаю, як гэта, бо сам быў рабом. Калі надзяваюць ашыйнік на чалавека, які ўмее мысліць і ствараць, і дакрануўся да мудрасці асветы, і адчувае, што такое годнасць — гэта часам горш за смерць. І яшчэ адна здрада можа стаць тым каменем, пасля якога і без таго перапоўнены човен апусціцца на дно безнадзейнасці назаўсёды. І не ўздумай пра сваё жаніхоўства нават рэкнуць. Ты ж павінен падавацца закаханым у графіню Батысту…