Изменить стиль страницы

Пан паказаў на роўныя шэрагі драўляных сваяў, акаваных жалезам, што былі ўбітыя ў пясок.

— Вось так і нас нішчаць і змінаюць, і ператвараюць у вартыя жалю руіны! — з пафасам, як на сойме, прамовіў альбанчык. — Падумайце толькі — палякі не захацелі падтрымаць пана Караля Радзівіла, бо ён болей любіць ліцвінаў, у Варшаве нудзіцца па Нясвіжы. Маўляў, што за кароль, які адну палову каралеўства любіць больш за другую. І мы атрымалі на сваю шыю Цялка! Таму хутка з усёй дзяржавай будзе, як тут — паглядзіце, стагоддзе таму там стаяў касцёл!

Праз пясок чырванелі цагляныя абрысы падмурка, быццам засохлая кроў. Здавалася, гэтым руінам не менш за тысячу гадоў. Пранціш глядзеў вакол і намагаўся запомніць радкі, што складаліся ў галаве — запісваць на вачах ва ўсіх не было як, гэта Удальрык Радзівіл мог спыніцца пасярод залы з радавітымі гасцямі і крэмзаць у раптуляр прадыктаванае натхненнем, не зважаючы на насмешкі і пытанні. Але ж на тое ён і магнат, які можа быць хоць жорсткім тыранам, хоць дзіваком, замовіць партрэт неіснуючай ідэальнай дамы і суткамі распяваць карціне мадрыгалы. А Вырвіч — бедны шляхцюк і нікому не вядомы паэт, да якога проста прыходзяць вершы.

…Выдмы ідуць. Паглынаюць дамы і касцёлы.
Чорныя мёртвыя дрэвы — як помнікі ім.
Хвалі марскія ўсё прагнуць прасторы і волі,
І наступае ўсё далей імперыя выдм.
Белы пясок, а за ім — цёмна-шэрыя хвалі,
Што ні імперыя — межы свае праміне.
Ну і навошта мы храмы свае будавалі,
Раз апынуцца пад выдмамі, потым — на дне?
Мовай пяску загавораць лясы і паляны,
І балаты ператворацца ў белы пясок.
І застанецца над выдмамі крыжам драўляным
Мачта майго карабля, што нікуды не ўцёк.

— Выдатныя дэкарацыі! — прамовіў граф Батыста. Вецер раздзімаў ягоны чорны плашч так, што здавалася, маг зараз ператворыцца ў кажана і ўзляціць у шэрае неба. — Ты згодна, міа кара?

Тужліва закрычалі чаіцы. Міхалішыўна, якая ў пунсовым плашчы нагадвала дзівосную кветку сярод мёртвага саду, з насалодай удыхнула халоднае марское паветра.

— Так, менавіта ў падобных месцах павінны разыгрывацца самыя вялікія трагедыі!

— Ну што ж, — прамовіў Батыста, адварочваючыся ад парываў ветру, — падары нам незвычайнае ўражанне. Думаю, арыя Дыдоны, пакінутай Энеем, тут прагучыць дарэчы… Стань вунь там, на адхоне, ля дрэва!

Міхалішыўна пакорліва схіліла галаву і, правальваючыся па шчыкалаць у пясок, узбегла на адхон дзюны — Пранціш нават не паспеў прапанаваць ёй руку.

— Асцярожней, тут месцамі можна ўваліцца, як у дрыгву! — папярэдзіў Рысь, але Міхалішыўна ўжо застыла на месцы.

— Ёй будзе цяжка спяваць, пан Батыста! — змрочна прамовіў Лёднік. — Моцны вецер, да таго ж з пяском… Яна можа пашкодзіць звязкі!

— Серафіна мацней, чым вы думаеце, — насмешна адказаў маг. — Яна ўладарыць над стыхіямі…

— Як толькі чалавек вырашае, што над чымсьці ўладарыць, Гасподзь адразу ж даказвае яму адваротнае, — адрэзаў доктар.

— З такімі поглядамі васпану найлепей было б у кляштары, — не хаваючы раздражнення, адказаў Батыста. А Пранціш і пан Рысь глядзелі на актрысу: яна нейкі час пастаяла каля чорнага пахіленага дрэва, паклаўшы на яго руку і пра нешта думаючы… А потым, калі ўскінула галаву, з якой зняла шапку, і чорныя валасы яе ляцелі па ветры, і лунаў чырвоны плашч — драгуна як па сэрцы разанула… Бо гэта была ўжо не прыгонная актрыса і не асістэнтка шалбера-фокусніка, а царыца Карфагену Дыдона. Бровы трагічна выгіналіся над глыбокімі гораснымі вачыма, белыя тонкія рукі сціскаліся ў адчаі.

— Калі на горад, грэшны і распусны,
Багі абрушваюць свой гнеў — зямлю ўзразаюць
Расколіны, у студнях — соль і жоўць,
І гора тым, хто толькі нарадзіўся…
Мая душа — нібы пракляты горад…
З расколінаў надзеі льецца кроў,
І здрады жоўць пячэ, і вочы слепнуць
Ад солі слёз… Каханне, ты — праклён!

Словы, магчыма, былі не надта зграбныя, але пра гэта не думалася. Таму што пачуццё, укладзенае ў іх, было сапраўдным. Пранціш успомніў, як Міхалішыўна іграла ў Слуцкім тэатры — і тады яе майстэрства зачароўвала, а ад тых часоў яшчэ ўзрасло. Яе голас быў глыбокі і гучны, без дрыготкі, якая часта псуе самы лепшы тон. Батыста паглядаў на Пранціша і пана Рыся з выглядам князя Радзівіла, які дэманструе гасцям сваю скарбніцу, набітую па самую столь, упэўнены, што тыя не ўразіцца проста не могуць, і больш за ўсё на свеце жадаюць займець хоць частку ўбачанага…

Міхалішыўна скончыла спяваць, грацыёзна раскланялася… Яе чырвоны плашч лунаў, як ветразь.

— Ну як, панове? Чароўнае відовішча? — задаволена папытаўся італьянец, чый парык на фоне шэрага неба і белага пяску здаваўся брудна-шэрым, як быццам ім выціралі пыл.

Пан Рысь падкруціў вусы, ад чаго іх кончыкі ваяўніча прыўзняліся.

— Цалую пані ручкі і ножкі… Вам пашанцавала, пан Батыста, валодаць такой прыгажуняй… У мяне ажно слёзы на вочы навярнуліся. Хаця мая мілая жоначка ў мяне слёзы яшчэ вярней здабывае.

Альбанчык весела і мройна засмяяўся сваім успамінам.

— А што, пані Рысь таксама прыгожа спявае? — хаваючы раздражненне, спытаў італьянец, які, пэўна, разлічваў, што егіпецкая прынцэса разам з драгунам счаруе і альбанчыка, раз уздзейнічаць на зацятага Лёдніка — гэта разумелася ад пачатку — было бескарысна.

Пан Рысь ганарыста ўсміхнуўся.

— О, мая Магдуля ўмее ўсё! Яна, панове, амазонка, Дыяна, каралеўна мая! Я ж яе адбіў у аднаго пястуна мамчынага, смятанніка… Я на сотні двубоях біўся, і на ўсіх перамог! А той без цёплага каптанчыка і ўлетку не выйдзе. А Магда ў бякаса на скаку трапляе! Мы з ёю — дабраная пара… Дык вось, упадабаў я адну забаву — страляць па абцасах жончыных туфлікаў… Ну так міла атрымліваецца… А паслухаць жоначку пасля ды кухталя атрымаць, і пацалункамі выбачацца — мілата! — твар пана Рыся расплыўся ва ўсмешцы. — А яна зараз цяжарная, дык забараніла мне гэтую гульню… А на днях не вытрымаў я… Былі мы ў спачывальні, а Магдуліны чаравічкі так спакусна стаяць ля дзвярэй… Прыцэліўся… А жоначка хапае са стаўбурка другі пісталет: «Як васпан мой абцас адстрэліць, дык я яму такім жа чынам пас развяжу!». Стрэліў… А тады й яна… Я бокам да яе сядзеў, а куля мне і развязала пас!

Пан шчасліва засмяяўся, а Пранціш мімаволі зірнуў пану на жывот, нібыта там хацеў убачыць дзірку. Батыста крыва пасміхнуўся, усвядоміўшы, што альбанчык шчыра закаханы ў жонку, і пакіраваць ім праз егіпецкую прынцэсу не ўдасца.

Лёднік падыйшоў да Міхалішыўны, усмешка той стала змушанай. Падобна, доктара актрыса баялася не менш, чым мужа.

— Я б не раіў пані ў бліжэйшы час спяваць на холадзе. Я заўважаю прыкметы застуды. Перадам вам лекі, а то запаленне пяройдзе глыбей, да бронхаў. І пасядзець бы вам у цяпле колькі дзён…

— Я сам здольны вылечыць сваю жонку, — тут жа азваўся Батыста, ягоныя шэрыя, шырока расстаўленыя вочы былі калючымі, як студзеньскія ледзяшы. Чайкі закружлялі над шэрымі хвалямі і закрычалі асабліва жаласна, як людзі, што вярнуліся ў роднае паселішча ды пабачылі адны папялішчы. Лёднік не стаў спрачацца з італьянцам, паціснуў плячыма і адыйшоўся. Ён выдатна ведаў, што калі заступаешся за нявольніка перад ягоным уладаром, той спагоніць гнеў на тым, за каго ты заступаўся.

А Міхалішыўна раптам загледзелася на чаек, распрастала рукі, як крылы, засмяялася і затанцавала, пераймаючы парывістыя рухі крылатых гараватак — чырвона-чорная птушка, абрынутая на белы пясок… Артыстка, што з яе ўзяць! Але была ў гэтым такая юная дзёрзкасць і прыгажосць, што нават Лёднік усміхнуўся. In arte libertas!