Изменить стиль страницы

Батыста ўважліва выслухаў слугу, перапытваючы па некалькі разоў, твар ягоны прасвятлеў зласлівай радасцю. На развітанне маг даў Джавані цяжкі кашалёк, слуга раскланяўся і сышоў, ззяючы, як начышчаная спражка жаўнерскай дзягі, а італьянец усеўся ў крэсла з пераможным выглядам, бы кароль Жыгімонт Аўгуст, які абвесціў суровай матулі, што насуперак ёй ажаніўся з ліцвінкай Басенькай, і тая ўжо замовіла сабе новы ўбор для каранацыі. Падобна, Шрэдэр з кампаніяй будуць мець яшчэ ад яго непрыемнасцяў… А Лёднік сядзеў, сціснуўшы кулакі.

Пачуліся лёгкія крокі, у пакой забегла Міхалішыўна. Яе гожы твар быў звыкла спакойны.

— Ён згадзіўся.

Батыста задаволена хмыкнуў.

— Яшчэ б… Ты і не такіх жаўтадзюбікаў разводзіла, як муку на клёцкі. Калі ён з’едзе?

— Як толькі сцямнее. Зараз ніяк не атрымаецца — кругом адзін пясок, дзюны, усё відно, людзі шастаюць ля коней…

Голас Міхалішыўны гучаў так натуральна, што нельга было западозрыць спадману, як у роўненькай зялёнай палянцы, якая раптам аказваецца бяздоннай дрыгвой. Пранціш зацяўся — яго пакрыўдзіла параўнанне з «чарговым жаўтадзюбікам».

— Мне трэба пасля ехаць да яго?

— Навошта? — насмешна сказаў Батыста. — Галоўнае, каб усе пабачылі, што ён з’ехаў і звёз мяшкі.

— Але ж мяшкі трэба забраць? Там каштоўнасці? — працягвала пытацца роўным голасам Міхалішыўна — Пранціш зразумеў, што хоча выцягнуць як мага больш звестак для схаваных у шафе. Батыста злосна засмяяўся.

— Усё каштоўнае я даўно пераправіў у іншае месца. Мне трэба, каб думалі не на мяне, а на хлопца. А з ягоным апекуном як? Хлопец яму раскажа, альбо ўцячэ тайна?

— Думаю, яны паедуць разам. Я распавяла, што іх хочуць атруціць.

Батыста ўстаў і захадзіў па пакоі.

— Напачатку я думаў, што доктара лепей усё-ткі ўсыпіць ды адправіць на карабель… Хай бы ганарлівец гэты пакруціўся ў нераце. Але няхай з’язджаюць абодва, хай за імі пагоняцца, і шалёны доктар пачысціць нашым працадаўцам пер’і…

Італьянец зноў нядобра пасміхнуся.

— А калі ўмяшаецца пан Рысь са сваймі слугамі? — як бы мімаходзь запыталася Раіна. — Ён жа таксама шалёны, і невядома, чый бок прыме. З доктарам пасябраваў…

— Не бойся, з’ехаў той Рысь, — паведаміў Батыста. — Атрымаў з Рыму ліст ад свайго князя і паскакаў у Вільню разам з усёй світай — агучваць, каму трэба. Патрыётаў збіраць.

Маг, як сыты кот, падыйшоў да егіпецкай прынцэсы, абняў:

— А мы з табой, мія кара, паедзем у Санкт-Пецярбург! Цяпер нам туды — дарога вольная! Няхай толькі ўсё скончыцца, як я планую — абяцаю, ты станьчыш свой вогненны танец перад расейскай імператрыцай!

Батыста па-гаспадарску правёў рукой па целе актрысы, даткнуўся вуснамі да яе тонкай шыі… Але Міхалішыўна не магла ж забыцца, што тут ёсць сведкі, і паспрабавала выслізнуць з абдоймаў мужа. Батыста схапіў яе за валасы.

— Зноў за сваё? — засычэў ён. — Табе не падабаецца маё каханне?

— Я проста зараз стамілася, Луіджы… — ціха прамовіла дзяўчына, адводзячы вочы. Батыста адштурхнуў яе ад сябе.

— Падзякуй, што не хачу зараз псаваць тваё аблічча. Табе трэба быць сёння прыгожай. Пайшла… Натхняй свайго драгуна, толькі асцярожна, каб не надта з ім разам свяціцца.

Раіна выбегла за дзверы. Маг пахадзіў па пакоі, насвістваючы вясёлую песеньку, паперабіраў шкляначкі ў сакваяжы, некаторыя парассоваў па кішэнях і таксама выйшаў з пакою, замкнуўшы яго на ключ.

Нічога, калісьці Пранціш навучыўся адчыняць замкі не менш спрытна, чым Раіна Міхалішыўна.

Дзяўчыну яны і знайшлі ў сваім пакоі. Раіна сумна паглядала ў вакно, усеўшыся на ложак каля фальшывага Пранціша Вырвіча, зробленага з рызманоў. Шэрая раніца за вакном была не цяплей за мора, і гэтак жа хавала ў сваіх нетрах пачвараў.

Пранціш злосна піхнуў нагой ножку стала, нібыта той быў ворагам, але ж колькі ні пхай мёртвае дрэва, жывей ад гэтага не станеш.

— А я ж гэтаму Шрэдэру жыццё выратаваў у Менску!

— Можа, каб не выратаваў — цябе б проста забілі, — змрочна сказаў Лёднік. — Мяне іншае хвалюе… Падобна, граф Батыста вырашыў пайграць на два бакі. Пан Рысь з’ехаў у Вільню з лістом ад князя Радзівіла, у якім той заклікае моладзь Вялікага княства і Польшчы ехаць да яго ў Рым, атрымліваць вайсковую адукацыю і змагацца з узурпатарам Панятоўскім. Пан Рысь зачытае ліст натхнёным юнакам, тыя прысягнуць, што адправяцца на калядных вакацыях дружненька пад штандары Пане Каханку, а тут іх усіх і павяжуць… З доказамі злачынства. Каб выкараніць бунт у парастку.

— Як гэта? — разгубіўся Пранціш.

— Батыста пра гэта са сваім Джавані гаварыў… Ён загадзя дамовіўся з Рэпніным праз Міхайлу Разанцава, што здасць ім атрад змоўшчыкаў, а тыя ўзамен забяспечаць яму абарону, магчымасць выступаць у Санкт-Пецярбургу і зробяць пратэкцыю перад царыцай.

— Праўда… — ціха прагаварыла Міхалішыўна. — Ён мне распавядае не ўсё, але я ведаю, што з расейцамі звязваўся, і сам сустракаўся, і Джавані пасылаў, і тут чакаў нейкага пасланніка. А частку золата ён даўно скраў, яшчэ ў Гародні. Вось і баіцца, што зараз пералічаць і спахопяцца. А галоўнае не золата — а нейкую рэліквію прысабечыў, за якую спадзяецца шмат выгандляваць.

— Такі залаты змяты пасак? — ажывіўся Пранцысь.

— Так… Казаў, што гэта наш запрашальны ліст да ўсіх каралеўскіх двароў.

Што ж, гісторыя сведчыць, што чым болей скрадзена, тым менш верагоднасці, што злодзей будзе пакараны. Вунь каралева Бона пасля сваркі з сынам уцякла з каралеўства са сваімі «неапалітанскімі сумамі», і шукай ветру.

Лёднік ускочыў і захадзіў па пакоі, кусаючы вусны.

— У любой інтрызе заўсёды гінуць лепшыя, наіўныя, маладыя, гатовыя памерці за ідэалы. Гэта неабходна прадухіліць… Каб я толькі ведаў, дзе адбудзецца сход будучых кадэтаў! Прасцей за ўсё папярэдзіць Шрэдэра — але гэта не адменіць нашага выкрадання… А Батыста ўсё будзе адмаўляць… І нас вінаваціць. Ды яшчэ на панну накінецца за здраду…

Павярнуўся да Раіны.

— Нам трэба пабыць на вячэры!

Дзяўчына кіўнула галавой.

— Добра, зараз я пайду да Батысты і скажу, што вы хочаце з’ехаць пасля развітальнага застолля. Толькі я ж мушу вам падсыпаць соннага парашку! Батыста будзе незадаволены… Не падсыплю — Шрэдэр нас з ім западозрыць. Падсыплю — вы не зможце з’ехаць і адвесці ад Луіджы падазрэннні…

— Гэта наш клопат… — задумліва прамовіў доктар, складаючы ў галаве часткі будучай інтрыгі. — Чым будзеце нас усыпляць? Назавіце ўсе складнікі…

— Чысты опій. Без дамешкаў. — Міхалішыўна цвёрда гледзела на доктара празрыста-зялёнымі вачыма. — Рэакцыя наступае праз дваццаць хвілінаў. Сімптомы — рэзкае звужэнне зрэнкаў, замаруджанае дыханне, пахаладненне скуры…

— Ведаю… — нецярпліва кіўнуў доктар. — Але, спадзяюся, сімуляваць не давядзецца, што-небудзь іншае прыдумаем. А вы рабіце, як скажа ваш гаспадар. Кажыце ўсё на мяне, я вас змусіў, нікога не слухаю, пагражаў Батысту забіць, а вы мяне ледзь адгаварылі. Карацей, усё, каб самой не пацярпець. Я насіў рабскі ашыйнік, і разумею тое-сёе… Так, і дадайце абавязкова, што калі заўважу на вас найменшыя сляды пабояў, неадкладна выклічу яго на двубой, і гнуць лыжкі ў пальцах і падмяняць лісты ў канвертах пану жрацу будзе праблематычна. Знайду за што зачапіцца — не адкруціцца, баягуз.

— Дзякую… — Міхалішыўна раптам прыўзнялася на дыбачкі, хутка пацалавала доктара ў шчаку і выбегла за дзверы імкліва, як бы сапраўды стыхійны дух. Пранціш пачуўся дужа непрыемна.

— Што, Бутрым, усё-ткі чарам егіпецкай прынцэсы паддаўся? — раздражнёна прагаварыў ён. Лёднік з неразуменнем паглядзеў на драгуна, потым у позірку доктара з’явілася злосць.

— Калі я стаўлюся да паненкі, як да роўнай, гэта не абавязкова з-за пажадлівасці, высакародны пан Вырвіч. Калі вы паглядаеце на бедную дзяўчыну, як на ніжэйшую істоту, дык мне дазвольце, як не шляхціцу па нараджэнні, быць іншай думкі. А думаю я, што Раіна Міхалішыўна таленавітая больш, чым усе вашыя князёўны, і адораная большымі душэўнымі вартасцямі, і заслугоўвае абароны і шчасця. А вам, вашамосць, нагадаю яшчэ, што вы — практычна шчаслівы жаніх багатай радавітай нявесты, і не мусіце пераймацца з-за таго, што прыгонная актрыса раптам абдзяліла вас увагай.