Изменить стиль страницы

І хаця бачыць караля ў залатой труне жадалі многія, але выкрыты замах на каралеўскую персону мусіў быць пакараны! Гэта сапраўды смяротны прысуд — у любой краіне, у любым асяродку. Як кажуць ліцвіны, здраду прымаем, а здрадніка вешаем. Мёртвы Геранім Радзівіл абаронай свайму найміту быць не мог, і гонар Радзівілаў ад ягонага ўчынку, калі б той выкрыўся, не цярпеў, бо Геранім карыстаўся славай шаленца, і радзіна ад яго даўно адраклася. Так што езуіты трымалі Батысту моцна!

А цяпер, выходзіць, ён у залежнасці ад ненавіснага драгуна і яшчэ больш ненавіснага віленскага доктара! Бо спаліў у грубцы ўсяго толькі пусты канверт, і зараз дарэмна радуецца. Шрэдэр, ясная рэч, прадугледжваў, што прайдзісвет-маг можа паспрабаваць выкрасці ліст, і на ўсялякі выпадак трымаў паперку ў нейкай таемнай кішэні асобна ад канверту.

І, можа быць, цяпер удасца палегчыць лёс Міхалішыўны… Дзякуй Шрэдэру хаця б за гэтую спадчыну.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

ЯК БАЎТРАМЕЙ ЛЁДНІК У АКАДЭМІІ ЗНОЎ ДАКЛАД РАБІЎ

Чаго толькі не ўспомніць былы студыёзус пра часы свайго навучання! І непрыемнае можа падацца праз гады смешным, напрыклад, як аднойчы ў саламянай «аслінай кароне» вадзілі па вуліцах за непаспяховасць у лаціне, а пакараны з самай жаласнай фізіяноміяй умудрыўся сцягнуць па дарозе пернік, жменьку разынак і мігдалавую цукерку ў разявакаў-вулічных гандляроў, якія ціснуліся бліжэй, каб парадвацца прыніжэнню пракудлівага шкаляра. А як давялося ў езуіцкім калегіюме іграць князя Святаполка ў містэрыі пра дабраверных князёў Барыса ды Глеба, і падвязаная на вяровачцы барада з афарбаванай у чорнае кудзелі ўвесь час спаўзала набок, а з ложы ганаровых гасцей паглядала сястра князя Міхала Багінскага ў сукенцы, падобнай да торту з узбітымі вяршкамі альбо клумбы, ды міла пасмейвалася… А як на першым курсе Віленскай акадэміі ўзяліся пераплываць Вяллю ў бочках, а потым біліся з падмайстрамі залатарскага цэху на палках-пальцатах!

Не, праз гады студэнцкае жыццё падаецца куды больш рамантычным — а вось некаторыя ўласныя выбрыкі ды крыўды дурнымі.

Баўтрамей Лёднік, выпускнік Полацкага калегіюма, а таксама факультэта вольных навукаў Пражскага ўніверсітэту ды медычнага факультэта Лейпцыгскага ўніверсітэту пра свае пракуды ў студэнцкія часы расказваў скупа. Вядома, да навукі сын полацкага гарбара з маленства імкнуўся, як прапойца да келіха, і нат у юнацтве больш хадзіў па таемных навукова-эзатэрычных таварыствах ды дэманстрацыях рызыкоўных эксперыментаў, чым па карчомках, але што пракуды былі — Вырвіч не сумняваўся. Навучыўся ж Лёднік у Лейпцыгу фехтаваць, каб быць першым у абавязковых буршаўскіх двубоях. А стрэчаны аднойчы аднакурснік па Лейпцыгу, вынаходнік Пфальцман адразу нагадаў Баўтрамею, колькі піва яны папілі ў карчомцы «Пад карасём».

Не, нават такога зацятага чалавека, як Баўтрамей Лёднік, не маглі прамінуць радасці студэнцкага жыцця… Але выпытаць у яго штосьці было не лягчэй, чым дастаць з нерата жывога спалоханага вугра.

Але пакуль Бутрым важдаўся з куляй, што засела ў Пранцішавым плячы, распавядаў, відаць, замест абязбольваючага, як у Празе ягоны аднакурснік, балгарын родам, упадабаў адну паненку з Градчанаў, дачку прафесара. І каб зрабіць уражанне на пекную даму, упрасіў Баўтрамея, які ўмудраўся спасцігаць курс і вольных навук, і прыродазнаўчых адначасова, зладзіць пад вакном красунькі феерверк, каб ракета вымалёўвала ў паветры сілуэт Купідончыка, што будзе прызнаннем у каханні… А ўзамен паабяцаў выпісаць з радзімы адзін дужа рэдкі інгрэдыент для доследаў, а менавіта жывую смалу, якая ўтвараецца на камені і вылечвае ад усіх хваробаў. Пасля двух бутэлек някепскага вінца — таксама балгарскага — палачанін згадзіўся. І ўсё было б цудоўна… Каб не невялічкая памылка будучага доктара, які быў выдатна абазнаны як у логіцы, так і ў механіцы, але з маляваннем меў праблемы.

Амурчык у аблоках дыму і ў суправаджэнні мілых выбухаў вымаляваўся на фоне аксамітна-чорнага неба вельмі эфектна, але меў чамусьці нейкую перакрыўленую фізіяномію, а на галаве замест кудзерак выразна бачыліся рожкі… Красунька, пабачыўшы проста перад сваім вакном вогненны абрыс нячысціка, пералякалася так, што ад ейнага віскату абудзіліся ўсе пеўні, сабакі і п’янюгі карчомныя ад Градчанаў да Залатога гораду, дзе жылі паважаныя алхімікі ды залатары, а радзіна паненкі ўзняла вэрхал, быццам іх дом пачала штурмаваць уся Асманская імперыя. І ўцякалі студыёзусы цёмнымі завулкамі, як зайцы, замест таго, каб святкаваць перамогу саюза Мінервы і Амура над дзявочым сэрцам.

Дарэмна Бутрым апраўдваўся, што рожкі ў паветранага Амурчыка выраслі выпадкова. Давялося абменьвацца з раззлаваным сябруком кухталямі, аж пакуль зубы ў роце абодвух не захісталіся, як у старэчаў, а потым запіваць афронт слівавіцай. А назаўтра намагацца захаваць сур’ёзнымі пабітыя фізіяноміі, выслухоўваючы неверагодную навіну пра з’яўленне над Прагай д’ябальскага знаку, што неадменна прадвяшчае… Што менавіта прадвяшчае — кожны распавядаў у межах сваёй фантазіі, і толькі два студыёзусы ведалі дакладна, што прадвяшчае гэта канец адной сардэчнай схільнасці, а калі не пашанцуе і ўсё выкрыецца — знаёмства са святой інквізіцыяй і развітанне з надзеяй атрымаць дыплом.

Самае цікавае ў гэтай гісторыі, што закаханы студыёзус змог павярнуць прыкрае здарэнне на сваю карысць, перадаўшы пераляканай красуні асабліва святыя сакраменты: кавалачак плашча благавернага балгарскага цара Барыса і слёзы святой Параскевы ў крышталёвай шкляніцы, якія любыя сурокі і ўплыў нячыстай сілы адганяюць, і змог пераканаць прафесараўну, што з’яўленне здані пад яе вакном было выклікана ні чым іншым, як зайздрасцю вядзьмацкай хеўры да цнотаў красунькі, а таму для гэтых цнотаў тэрмінова патрэбны надзейны абаронца.

Так што для балгарына ўсё скончылася шчаслівым шлюбам, тым болей быў ён багаты княскі нашчадак, і бацька ягоны, і ён сам праславіліся ў барацьбе з басурманамі-туркамі. А вось Баўтрамей так і не атрымаў каменнай смалы.

Пранціш шчыра павесяліўся, наколькі гэта было магчыма для пацыента, у свежай ране якога калупаюцца хірургічнымі інструментамі. Ганулька Макавецкая стаяла побач з місай гарачай вады, і вада плёхалася мініяцюрным штормам, аж пакуль доктар не загадаў дзяўчыне паставіць місу на стол, а самой — добра выплакацца за дзвярыма. Гаспадыня Ляшчынаў нават не асабліва здзівілася з’яўленню гасцей, задыханых, запырсканых гразёй, адзін з якіх быў паранены — у краіне, якую ўвесь час раздзіралі войны, для шляхцюка звычайнае здарэнне. Хаця бачна было, што ўсё-ткі больш ухваляла б пані Гартэнзія жыццё ціхамірнае і нораў не ваяўнічы.

Лёднік спадзяваўся пакінуць Пранціша тут, пад надзейным даглядам — але, калі трэба, Вырвіч мог быць упартым не менш, чым доктар. Урэшце, гэта ў фехтаванні Лёднік — майстар, а вось з коньмі драгун Вырвіч упраўляўся куды лепей. Таму, дазволіўшы сабе самы неабходны — абы не зваліцца з каня — адпачынак, драгун і доктар выправіліся ў шлях. Ганулька глядзела ўслед заплаканымі вачыма, і Пранціш адчуваў сябе апошнім нягоднікам. Ласкавая жонка будзе, клапатлівая…

Але ў Вільню яны мусілі паспець да нядзелі. Коней у Ляшчынах здабылі, а вось Фартуна адвярнулася. Да корчмаў пад’язджаць баяліся, калі бачылі побач жаўнераў… Вельмі верагодна, што Батыста папярэдзіў сваіх цяперашніх апекуноў наконт двух шпегаў ад князя Радзівіла, якія будуць прабірацца ў Вільню. Але неабходна было зноў памяняць коней, дый Вырвіч, як ні трымаўся, усё-ткі саслаб, і варта было б пасядзець у цяпле хоць пару гадзінаў… Прынамсі, так лічыў Лёднік. Таму да наступнай карчмы пад назвай «Парыж», каля якой не бачна было ні жаўнераў, ні жаўнерскіх коней, усё-ткі пад’ехалі. Дождж абыякава паліваў сціплы будынак карчмы пад гонтавым дахам, сосны, на ствалах якіх ваяўнічыя госці не аднойчы выпрабоўвалі вастрыню сваіх палашоў ды стылетаў, і двух падарожных, якія і без таго вымаклі, бы вярнуліся ад вадзяніка. Вырвіч цяжка злез з каня.

— Пачакай тут, зазірну ў карчму, ці бяспечна, — хаваючы трывогу, прамовіў Лёднік. — А то пападземся, як небарака Грос.