Изменить стиль страницы

У драгуна не было сіл запярэчыць. Ён жаваў нейкую дужа лекавую і страшэнна горкую траву, якую яму сунуў Лёднік для прафілактыкі запалення, і злаваўся на сябе — рана лёгкая, кулю дасталі, сам такіх ранаў колькі на другіх залячыў, а вось жа — саслаб, як паненка. Дый не такая, як Раіна Міхалішыўна, якая любога драгуна па трывушчасці ды спрыце перагоніць.

У карчме прыветна свяціліся вокны, гула басэтля. Ніяк не хацелася верыць, што і тут — аnguis in herba, змяя ў траве, як казалі лаціняне пра таемную небяспеку. Подбегам вярнуўся Лёднік.

— Сядзяць, заразы, як гарох у струку. Жаўнеры ды шпегі. Сыходзіць трэба, пан Вырвіч. Ну чаму ты не застаўся ў Ляшчынах…

Раптам з цемры вынырнулі нечыя постаці.

— Пан доктар, сюды! Не бойцеся! Хутчэй, хутчэй! Зараз за вамі ўланы прыйдуць!

У змроку і дажджы можна было толькі й разгледзець, што падбеглі двое, дзяўчына і хлопчык.

— Пане, бацькамі клянуся, што хачу вам дапамагчы! Там далей, на дарозе, засока, і з карчмы вас убачылі. Іцка вашых коней зараз схавае, і вам трэба…

У дзявочым голасе чуўся сапраўдны адчай, а далёка ў цемры перагаворваліся мужчынскія грубыя галасы, і вось шчаўчок, нібы хтось узводзіў курок пісталету.

— Пайшлі…— шапнуў Лёднік Пранцішу.

Іх пацягнулі да карчмы, але не да дзвярэй, а ў абход, па кустоўях. Працісквацца давялося праз нейкі лаз, зладжаны ў павеці, караскацца па вузкім ходзе, умацаваным бярвеннямі, і вось абодва апынуліся ў катуху, які знаходзіўся, як можна было зразумець па гуках, пад падлогай карчомнай залы. Дзяўчына, паўнаватая, у акуратным каптурыку, павесіла на адмысловы крук ліхтар:

— Пасядзіце тут, вашыя мосці, пакуль уланы не сыдуць. Там матуля з імі разбіраецца. А я вам пакуль есці-піць прынясу…

І збегла.

Госці агледзеліся, бо пакуль не было зразумела, ці пастка гэта, ці ратунак. Катух быў завалены скруткамі тканінаў, пачкамі гарбаты і кавы, нават персідскі дыван ляжаў, укручаны ў палатно: Вырвіч з цікаўнасці прадраў накрыўку.

— Ну што, падобна, мы ў патаемным сховішчы гаспадароў, — шапнуў Лёднік. — Калі сюды пусцілі — ёсць надзея, што не здадуць.

Наверсе чуўся п’яны гуд, стукалі аб сталешніцы келіхі і косткі, спявак выводзіў пад дуду і басэтлю:

— А былі ж людзі ды няверныя,
А паверылі пагану цмоку.
Ой, таму цмоку на дзень па чалавеку,
А ў пятніцу рана яму двух мала.
Прышла радавая да самаго цара,
А ў таго цара ні чалядачкі,
Ні чалядачкі, ні дзіцятачкі,
Толькі ў таго цара прамудра царэўна.
Прамудра царэўна, адзявайся,
Надзявай шаты, шаты дарагія,
Абувай боты да ўсё залатыя,
Да ідзі ў поле пад сіне мора.

Раптам нехта з гульцоў зароў, што ягоны партнёр такі ж махляр, як Рыгор Осцік, што фальшывыя манеты чаканіў, на расейскага цара шпегаваў і якому ў Вільні галаву адсеклі. У адказ пачулася лаянка, потым крык ад болю… Потым ляснулі дзверы, і крыкі сціхлі. А спявак усё выводзіў:

— А сіняе мора ўскалыхнулася,
Прамудра царэўна ўлякнулася.
Выплываець з мора паганы цмок,
У яго з роту агонь валіць…
Як зачуў Госпад да ўсю праўду,
— А святы Юры, адзявайся,
Надзявай шаты, шаты дарагія,
Надзявай боты да ўсё залатыя,
Да ідзі ў стайню, выбірай каня.
Да едзь у поле пад сіне мора
Прамудру царэўну да й бараніць.
— Ой, Госпадзі ж Божа, сам я баюся,
Ад паганага цмока не адбаранюся.
— А святы Юрай, чаго баяцца?
Сячы канём, войстрым кап’ём,
Закідай ланцуг, ланцуг на рогі,
Ой, вядзі цмока па ўсяму свету.

Спявак, мяркуючы па голасе, быў зусім малады, але голас ужо надтрэснуты, з тымі ноткамі вечнай скаргі ды нуды, якія з’яўляюцца ў голасе жабракоў і якіх не павінна быць у голасе таленавітых артыстаў — але, на жаль, на гэтай зямлі чуюцца…

Раптам песня абарвалася, бо голас кабеты, які загучаў, немагчыма было ні перапець, ні перакрычаць:

— Ой, вой мне, гора маё, каб пада мной зямля трэснула — не было тут ніякіх бандзюкаў! І не бачыла, і не чула! Каб мне дзетачак маіх не дагадаваць! І не пушчу нікога такога! Ды ў нас паважаная самая карчма, у нас пан Лапушынскі бывае, не грэбуе келіх выпіць! Самыя шаноўныя госці начуюць, а вы нас падазраеце невядома ў чым, каб з вас чорная юшка палілася, а галоўка мая гаротная, каб вас распрынзіла, каб вы жыватом ездзілі, а праз вушы вецер свістаў… Паелі ўсё, папілі, па свеце нас пусцілі, не заплаціўшы, ды яшчэ вінавацяць, што злачынцаў хаваем!

Гэты голас не пазнаць было нельга. Карчмарыха Майсеіха з Чорных Соснаў, якую яны з Лёднікам выкупілі ў пана Лапушынскага! Значыць, заехалі яны з Лёднікам якраз у ейную карчму, якая, аказваецца, носіць горды назоў «Парыж»…

— Паночкі мае, а літасцівыя мае, даруйце жоначцы, хворая яна… — дрыжачы танклявы голас належаў, пэўне ж, гаспадару карчмы.

— Каб вам на Крэўскі замак давялося каменне цягаць! — тут жа азваўся магутны «глас» карчмарыхі.

Гэткі гармідар доўжыўся яшчэ хвілінаў дзесяць, потым, відаць, жаўнеры не вытрымалі дзікай сумесі галашэнняў і праклёнаў і сышлі. У таемным ходзе пачуўся шолах, паказалася дачка карчмара, нагружаная, як на кірмаш. Паставіла на падлогу збанок піва, гаршчок, ад якога пахла нечым смачным, кінула на падлогу два кажухі, ад якіх патыхала цвілой скурай, але ў якасці коўдраў маглі паслужыць, а галоўнае — сухую вопратку.

— Няхай вашыя мосці тут пераначуюць, там два жаўнеры яшчэ засталіся, маці іх зараз напоіць добранька. Усю карчму перавярнулі, латругі, наваколле абшукалі, каб іх вантробы на плоце сохлі… — а карчмароўна, падобна, вырасце ў годную пераемніцу маткі. — Добра, што маці вас, пан доктар, угледзела, калі вы ў карчму зазірнулі. У матулі маёй вока, як у ахоўніка брамы нябёснай, — з гонарам паведаміла Майсееўна, яе цёмныя вочы глядзелі не па-дзявочы смела, а постаць была ганарлівай, як у царыцы амазонак. — А ранкам два кані будуць стаяць там, дзе мы з Іцкам вас перастрэлі.

— Дзякую, панна… Як, дарэчы, вас завуць? — папытаўся Лёднік.

— Я Рахель, ваша мосць. Але гэта мы мусім вам павек дзякаваць. Каб не вы — давялося б нам карчму прадаваць, каб матулю выкупіць з палону, і пайшлі б мы блукаць па свеце, гаротныя…

Галасіць ды бедаваць, падобна, панна Рахель магла, як і маці, не менш таленавіта, чым клясці.

— Папрасіў бы яшчэ панну прынесці хлеба з цвіллю і трошкі спірытусу — пан Вырвіч паранены…

Карчмароўна з годнасцю кіўнула галавой — сапраўдная гаспадыня, уладарка вар’яцкага карчомнага каралеўства:

— У нас аптэчка добрая… Прынясу, што ёсць — хай пан доктар выбірае. Зёлкі якія там, настоі…

А ў Вырвіча ўжо зліпаліся вочы, і ўсё цела ламала, як бы хтось па ім патаптаўся, і рана пульсавала балюча. Драгун асцярожна пакруціўся на кажуху, зручней прыстройваючы параненае плячо. Карчма наверсе заціхала, апошнія п’яныя мармытанні раставалі ў шуме дажджу. Як жа добра пасля небяспекі, холаду і стомы патрапіць у ахоўнае цяпло! Успомніліся словы Лёдніка, які казаў, што ніколі не трэба шкадаваць пра тое, што ўдалося камусь дапамагчы…

А наранку іх чакалі коні — ды не два, а чацвёра, з мяшкамі, набітымі неабходнымі ў дарозе прыпасамі. Хаця дарогі было, калі хутка ехаць, усяго суткі…

Але суткі тыя даліся ў знакі. Тройчы давялося збочваць у гушчар і перачыкваць, пакуль праедуць падазроныя атрады. Да прыдарожных корчмаў пад’язджаць баяліся. Лёднік трывожна паглядаў на драгуна, паіў мікстурамі, якія змог здабыць у карчме, нават зрабіў з дошчачак і бінтоў такую павязку, каб параненая рука найменш варушылася, і ўсё ўгаворваў параненага дзесьці застацца, а Пранціш лаяўся і выскаляўся, паказваючы, што драгуну такая рана — як камар укусіў.