Паланэйка ветліва пакланілася.
— Дзякуем, вашамосць. Але ягоная мосць лорд Кавендзіш неяк дзіўна сябе паводзіў: як толькі я спыталася пра вашую персону, высадзіў нас з карэты.
Пандора адкінула галаву і засмяялася, як з гары едучы.
— О, а я думаю, чаму ён сёння не адказаў на цыдулку! — няўважна скінула з калень сабачку, які пакрыўджана віскнуў. — Лорд мілы, але трохі надакучлівы. Чамусьці прыдумаў сабе, што ён у мяне закаханы. Мой муж з-за гэтага над ім увесь час жартуе. Мне давялося запэўніць сэра Джона Кавендзіша, што я з чатырма чужаземцамі асабіста не знаёмая… Што справа чыста палітычная… А тут высвятляецца, што вы мною цікавіцеся. Што ж, давядзецца пакараць ягоную светласць за такую смешную рэўнасць.
Пранціш глядзеў, як варушацца дасканала акрэсленыя вусны Пандоры, як яна манерна расцягвае словы, і яму здавалася, што гэта гаворыць аўтамат. Цяпер была бачна падобнасць — не знешняя, а ўнутраная — лэдзі Кларэнс і лорда Кавендзіша. Гэткая абыякавасць да жыцця і смерці — і чужых, і ўласных, упэўненасць, што кожны капрыз павінен задавальняцца… Жорсткасць дзіцяці, якое надзімае праз саломінку жабу і абрывае крылцы мухам, і проста не ў змозе асэнсаваць чужы боль.
— Ну, час ісці. Ах, гэтая палітычная барацьба аднімае так шмат сілаў! — лэдзі з дапамогай прыслугі ўстала, зноў паправіла капялюш. — Я хачу прыдумаць асаблівы гальштук для вігаў. Элегантны і трошкі з выклікам.
Панна Багінская адвесіла развітальны паклон з некаторай няёмкасцю — каб была ў сукенцы, прысела б у рэверансе. Пан Гервасій таксама пачуваўся пакрыўджаным, бо лэдзі таксама вызначыла кожнаму сваё месца. На гэты раз княжна Багінская — дзесьці блізка па статусе, пан Агалінскі — ніжэй на прыступку, і размоў не варты, Пранціш Вырвіш — яшчэ ніжэй… Паж, які трымае шлейф. А Лёднік — так, блазан, забаўка.
А з забаўкамі можна не цырымоніцца. Лэдзі наставіла на прафесара палец, абцягнуты танюткай скурай пальчаткі.
— Паедзеце са мной.
Прафесар нават разгубіўся ад нечаканасці.
— Навошта, вашамосць?
— Лячыць мяне будзеце, — лэдзі насмешна глядзела на доктара, і было ў яе паглядзе штось драпежнае. — Як вы фехтуеце, я бачыла. Цяпер пакажаце свой медыцынскі талент.
Лёднік ледзь стрымліваў злосць.
— Я не ўзяў інструментаў і лекаў.
— У маім палацы знойдуцца, — здавалася, Пандора падцягвае да сябе на павадку няшчаснага шчанючка, які ўпіраецца ўсімі чатырма лапамі, вішчыць, але ўсё роўна апынецца ў дасяжнасці гаспадарскага бізуна. — Нічога кепскага з вамі не здарыцца.
— У такім разе, ваша светласць, я вазьму з сабой асістэнта, — Лёднік паказаў на Пранціша, але лэдзі холадна сказала:
— Не. Вы справіцеся адзін. Спадзяюся.
У апошнім слове прагучэла пагроза. Вусны Лёдніка падціснуліся, вочы загарэліся, ён гатовы быў узарвацца, але Паланэйка кальнула яго сваім кінжальчыкам у бок і, прыўзняўшыся на дыбачкі, прашаптала на вуха, захоўваючы мілы выраз тварыку.
— Калі вы, доктар, зараз працягнеце ламацца, як дзяўчынка-цнатліўка, далібог, сама вас зарэжу, не чакаючы, пакуль слугі лэдзі гэта зробяць. Ну, усміхайцеся і наперад!
У вачах Пандоры, якая пачынала ўсведамляць нечуванае — непакорства яе волі, з’явілася нешта такое… «Заб’юць усіх», — мільганула ў галаве Пранціша.
Прафесар усміхацца і не падумаў, ад гневу ён змог толькі павярнуць галаву ў бок Багінскай і прашыпець лаянку на лаціне, наконт «чым вышэй, тым разбэшчаней», але за лэдзі сышоў.
— С-сука… — толькі і сказаў пан Агалінскі, калі яны засталіся адны ў пустым, як сумленне прафесійнага злодзея, доме. — Садрала з нас тысячу фунтаў для смеху! Адчынілі для яе скарбніцу, знайшлі клейноды, якія два стагоддзі сям’я шукала… А яна пасмяялася ды яшчэ і доктара звезла!
Вырвіч не знаходзіў месца ад трывогі. Мела рацыю пані Саламея. Лялька сапраўды нядобрая і небяспечная! Варта было ёй ажыць — і яна схапіла таго, хто насмеліўся яе ажывіць. Проста страшная казка!
— Можа, прабрацца за ім у палац? Што гэтая шалёная з Бутрымам вытварыць?
Пан Гервасій здзекліва зарагатаў, а панна Багінская фыркнула над наіўнасцю студыёзуса:
— Думаю, твой былы слуга атрымае цікавую кампенсацыю за тысячу фунтаў. Лэдзі ж сказала, што збіраецца адпомсціць лорду Кавендзішу за дарэмную рэўнасць.
Пранціш пачырванеў ад бруднага намёку. Усё-ткі прыдворнае жыццё заўважна разбэшчвае людзей! Неверагодна прыгожая і радавітая асоба каралеўскай крыві, замужняя, — што ён сын полацкага гарбара? Ды яшчэ немалады, худы, дзюбаносы і такі з’едлівы, што аб язык парэзацца можна.
А пан Гервасій яшчэ і дадаў:
— Не здзіўлюся, калі лэдзі пасля кожнага наведвання байцоўскага клуба залучае да сябе чэмпіёнаў. Нават самых страхотных. А Лёднік твой перад радавітасцю дам ніколі не спыняўся.
У ягоным голасе чуліся ноткі зайздрасці і злосці.
У гатэлі яны проста сядзелі і маўчалі, як паляўнічыя, што дэкляравалі ўпаляваць зубра, а ледзь падстрэлілі па курапатцы. Пан Гервасій паклаў ногі на скрынку з люстэркамі, панна Паланэя выкарыстала крышталёвы чэрап як падстаўку для парыка. Абодва, падобна, прыдумвалі, як найлепей распавесці тым, хто іх паслаў, пра каштоўнасць здабытых не вельмі ўражлівых рэліквій. Вядома, спадзеў быў на Лёдніка.
А той усё не вяртаўся. Пранціш усю сцяну шабляй скалоў, адпрацоўваючы хітры ўдар, які падгледзеў у прафесара падчас ягонага апошняга паядынку.
З’явіўся доктар толькі раніцай. Прыйшоў стамлёны, злосны, як шэршань, сцяўшы зубы, скінуў камзол, парык, боты і ўпаў ніцма на ложак. Вырвіч заўважыў, што на рукаве ягонай кашулі, над павязкай, якая сцягвала рану, праступіла кроў.
— Што там адбылося, Бутрым? — не вытрымаў студыёзус. — Ты ў парадку?
— Ты чытаў біблейскую гісторыю пра святога Ёзафа, якога дарэмна спакушала жонка вяльможы Патыфара? — глуха, у падушку прагаварыў Лёднік, у якога, падобна, не было сіл павярнуць галавы.
— Т-так, нешта памятаю… — прамармытаў Пранціш у кепскіх прадчуваннях.
— Дык вось, высветлілася, я не святы Ёзаф, — сказаў Лёднік.
Пан Гервасій і панна Паланэя рагаталі доўга, але сцішана.
Злаваць прафесара яшчэ больш не хацелася нікому.
Але гэта адбылося ўвечары. Калі заспанага Лёдніка расштурхалі, каб уручыць перададзены з расфуфыраным лёкаем падарунак: тысячу фунтаў, толькі не ў банкнотах, а ў пераліку на паўнавесныя нямецкія цэхіны, і цудоўную турэцкую шаблю-кілідж, у похвах, усыпаных каштоўнымі камянямі.
Доктар адшпурнуў мяшок з цэхінамі, быццам той таксама квапіўся на ягоную дабрадзейнасць, шаблю нават з похваў не выцягнуў. Толькі сціскаў сківіцы, хаваў вочы і спрабаваў не зважаць на з’едлівыя разважанні пана Гервасія пра тое, што лэдзі Кларэнс засталася, мяркуючы па ўсім, задаволенай лячэннем, і чаму толькі выправіла лекара наранку? Надакучыў? Другі доктар пад дзвярыма чакаў? Няўжо не прапаноўвала застацца падаўжэй?
— Прапаноўвала! — нарэшце раўнуў раззлаваны ўшчэнт Лёднік. — Усё прапаноўвала! Месца персанальнага доктара, амарата, палітычнага паплечніка з перспектывай увайсці ў партыю вігаў… Мала мне палітычных тузанінаў Рэчы Паспалітай! І калі панства яшчэ раз нагадае мне пра лэдзі, я, бадай што, падумаю над яе прапановай больш прыхільна.
Пасля гэтага жартачкі ўслых спыніліся, пан Гервасій таксама надзьмуўся, бо пана добра такі закранула, што на яго, радавітага, дужага, прыгожага і маладога, Пандора не паквапілася, і пайшоў піць портэр — моцнае ангельскае піва, якое ўвайшло ў моду на Беларусі. У Менску за бочку портэра прасілі васемнаццаць залатых, а тут яна каштавала ўсяго адзін. Дый піва было смачнейшым — бо свежае, не замучанае марскім плаваннем. А яшчэ казалі, што ангельскія півавары ў піва, якое прадаюць за мяжу, дадаюць усялякай халеры, каб смакавала і не псавалася, ледзь не мыш’яку. Так што пан Агалінскі, каб мог, цэлы карабель якасным півам загрузіў бы. Багінская схавалася ў сваім пакоі, бо добра памятала пра пагрозу выкрадання. Цэхіны Пранцысь дальнабачна прыбраў сабе. А Лёднік, як відаць, пачынаў ужо мучыць сябе за чарговы грэх.