Изменить стиль страницы

Каб толькі бура сунялася…

— Што вы будзеце рабіць па вяртанні, пан Вырвіч? — лена папыталася Паланэйка, любуючыся адшліфаванымі пазногцікамі. — Можа, на вайсковую службу пойдзеце?

— Найперш атрымаю дыплом доктара вольных навук, — упарта адказаў Пранціш. — А там будзе відаць.

— Што ж, у майго будучага мужа, князя Паца, знойдзецца месца для яшчэ аднаго паэты, — невыносна фанабэрыстым тонам прамовіла панна Багінская. — А калі вы пойдзеце далей па медычнай частцы, магу выправіць вам і месца нашага прыдворнага лекара.

Вырвіч адчуў, што кроў прыліла да твару…

— Не думаю, што пайду на службу да вашага мужа.

Пан Агалінскі спыніў напяваць і ашчэрыўся, вычуўшы пачатак сваркі.

— А я б да вас, пан Вырвіч, лячыцца не пайшоў. Доктар павінен быць, вунь як гэты ваш былы слуга, сур’ёзны, змрочны, страшны. Добрыя лекі — горкія і агідныя на смак.

Панна Багінская манерна зарагатала.

— Так, пан Пранціш занадта куртуазны для навукі.

— А вы ўпэўнены, найяснейшая панна, што ягоная мосць князь Пац з вамі ажэніцца? — холадна спытаў Вырвіч, у якога ад гневу аж увушшу закладала. — Асабліва пасля вашай авантурнай вандроўкі. З якой вы прывезяцё замест цуда-зброі крышталёвы чэрап. І будуць паны магнаты адно ў аднаго пускаць сонечныя зайчыкі…

Паланея злосна прыкусіла губу.

— У майго пана брата і звычайнай зброі хопіць, каб заторкнуць раты нахабам!

Пранціш не збіраўся адступацца — аднекуль узялася смеласць выгаварыць усё, што згорклым асадкам ляжала на дне душы:

— Зняволілі, вашамосць, падступна пані Саламею Лёднік, і думаеце, вам усё даруецца нават на тым свеце? Вы, панна, вельмі нагадваеце мне яшчэ адну чароўную панну — Ядвігу Струтынскую.

— Гэта не тую, з-за якой на браслаўскім сойміку парэзаліся-пабіліся? — зацікавіўся Амекрыканец. Пранціш крыва пасміхнуўся.

— Яе… Стараста Опсаўскі Ян Цеханавецкі дамогся рукі чароўнай панны Ядвігі, а ейны бацька не даў за ёй абяцаных ста тысячаў залатых. Пан Цеханавецкі запатрабаваў разводу з-за непрыстойных паводзін жонкі. А як падчас сойміку ішоў па плошчы з братам, цесць яго ўбачыў, загадаў страляць праз вокны… Пана Цеханавецкага паранілі, а брата ягонага дык і зусім забілі. І разаніна якая ўсчалася! Дом Струтынскага ўзялі прыступам. Жывых ды мёртвых згрузілі на вазы ды ў Вільню павезлі… Мёртвых — прад’яўляць, жывых — судзіць. Але за Струтынскага былі Чартарыйскія, таму Цеханавецкія справу прайгралі. А ў той разаніне майго адзінага родзіча, дзядзьку, забілі, які грошы на маё навучанне даваў, ды пасля дэкляраваў памагчы. І якая, скажыце, розніца, быў ён на баку Цеханавецкіх альбо Струтынскіх? А пані і цяпер на балях красуецца…

Пранціш адсёрбнуў вохкага напою і паставіў кубак з сіняга шкла на стол з ножкамі ў выглядзе грыфонаў. Галава прыемна круцілася.

— Загінуць у бойцы за свайго сюзерэна — гэта доўг шляхціца! — павучальна сказаў пан Агалінскі.—І няма чаго дакараць прыўкрасных дам за тое, што яны карыстаюцца, чым Гасподзь надзяліў іх на нашую радасць і пагібель. Піў і буду піць з туфліка прыўкрасных дам, нашых галантных забойцаў! Вось аднойчы ў Нясвіжы на Масленіцу мы выпілі з бота пана Караля за ягоную фартуну — і няхай ягоная мосць пан Караль усю скуру з мяне заслужана злупіць за непавагу, але з туфліка… з маленечкага, расшытага золатам туфліка піць нашмат прыемней!

Пан Агалінскі таксама адпіў грогу і ўсміхнуўся бахусавым сваім успамінам.

— Калісьці я чытаў працы Андрэя Белаблоцкага, вучонага шляхціца і паэта, якога паклікаў у Маскву Сімяон Полацкі — адукоўваць тамтэйшы люд, незнаёмы ні з вершаскладаннем, ні з сучасным любамудрыем, — умяшаўся ментар-Лёднік. — Вядома, тады мяне найперш цікавіў трактат «Вялікая і найдзіўнейшая навука Богам высвечанага настаўніка Райманда Лулія». Лулій — вось хто золата варыў лёгка, як гаспадыня гарбузовую кашу… Але прачытаў я і «Пентатэўгум, альбо пяць кніг кароткіх пра чатыры рэчы апошнія, пра мітусню і жыццё чалавека». Там чуецца нашая беларуская мова, а ў аснове — творы нямецкіх паэтаў.

Гора гладкім тварам жаночым, душам, сэрцам, надзеям,
Што ганарацца, як хвост паўліна, у спакушэнне мужоў.

Блакітныя вочы панны Багінскай блішчэлі, як два сапфіры, ачышчаныя алхімікам да нябёснай празрыстай сінізны.

— Дакараеце дам за тое, што за іх кроў праліваецца? Бядуеце аб зняволенні пані Саламеі? А расказвалі вам пра лёс няшчаснай графіні Бельведэрскай? Яна надакучыла свайму мужу, таго намовіла палюбоўніца — і граф абвінаваціў няшчасную кабету ў здрадзе, і яна ўжо гадоў сем сядзіць пад замком. Ёй не дазваляюць бачыцца з дзецьмі, абкружылі самымі грубымі слугамі. Усе ведаюць, што графіня ні ў чым не вінаватая, усе бачаць, як яе муж жыве з іншымі кабетамі, але ніхто дапамагчы і не можа, і не спрабуе. А няшчасная Гальшка Астрожская! — на шчоках Паланэйкі ажно плямы гарэлі. — Яна засталася багатай спадчынніцай, за яе сварыліся жаніхі… Абвянчалася па каханні з Дзмітрыем Сангушкам — іх дагналі, Сангушку на яе вачах акрутна забілі… А потым няшчасную дзяўчыну проста кралі адно ў аднаго, пакуль прызначаны каралём жаніх, стары і сквапны, не ўзяў прыступам кляштар, дзе яна з маці хавалася, сілком з ёй ажаніўся… А калі небарака не захацела выявіць да нежаданага мужа любові — проста замкнуў яе на васемнаццаць гадоў у пакоі свайго замку, і нават слугам размаўляць з ёю забараніў. І дзядзька панны, вялікі гетман Канстанцін Астрожскі, рады не даў. А што ягоная мосць князь Геранім Радзівіл са сваймі жонкамі вытвараў! Тарэзу Сапегу ледзь бацька вызваліў, Магдалена Чапская сама да маці збегла, Анжаліку Мянчынскую брат, рызыкуючы жыццём, выкраў… У бяспраўных істотаў свае сродкі супраціву, панове. Я дасканала ўмею прыкідвацца, ліслівіць, інтрыгаваць, — Багінская нявесела пасміхнулася. — Я буду вельмі добрай жонкай. Думаеце, я не ведаю, што мяне чакае на радзіме? Я такі ж «прыз», як няшчасная Гальшка. Таго, хто ўхопіць мяне «не па рангу», чакае самая вартая жалю доля.

Пранціш і Амерыканец спахмурнелі, як восеньскі дзень.

— А мой жаніх… — панна Багінская тужліва глядзела, як уздымаюцца і рушацца ў каміне вогненныя вежы. — Магу спадзявацца толькі, што ён не будзе надта жорсткім. І не надта хітрым. І вяртацца цяпер… Пасля ўсяго перажытага… — Багінская ажно прастагнала скрозь зубы. — А падарожжа — хто ведае, што я была ў гэтым падарожжы? Па афіцыйнай версіі — я ў Гутаўскім кляштары бернардзінак, дарэчы, там жа, дзе пані Саламея Лёднік. Там і праўда цяпер сядзіць панна Паланэя Багінская, грахі адмольвае… Толькі цемнавокая і ціхмяная, як малако ў кубку.

Доктар ад згадкі пра жонку прыжмурыўся, як ад болю.

— Няўжо вашамосць паслала заміж сябе ў кляштар тую вашую камерыстку, як яе, Ганульку? — удавана абыякава прамовіў Пранціш, у якога ажно сэрца заходзілася ад безнадзейнасці, гневу і тугі.

— Менавіта! — жорстка ўсміхнулася Паланэйка. — Яна ж так закахалася ў вашу мосць, пан Вырвіч. Толькі вамі і трызніла. Ледзь да нярвовай гарачкі сябе не давяла. Адмовілася, між іншым, ад выгаднага шлюбу — адзін юрыста яе быў упадабаў. А я б дала варты яе становішча пасаг. Але для вас, пан Вырвіч, мая бедная Ганулька — занадта дробная птушка, ці не так?

Пранціш адвёў вочы. Ён і праўда не звяртаў асаблівай увагі на прыслугу княжны Багінскай — хоць і шляхцянка, і гожая, і ціхмяная. Але — хто ж згінаецца, каб сарваць маргарытку ля куста ружаў, калі вось яна перад вачыма — прыўкрасная, яркая ружа, няхай і калючая…

— Вось вас, пан Лёднік, муж вучоны, вой адважны, маг магутны, што найбольш абурае — што лэдзі Кларэнс такая нераскаяная грэшніца была, альбо што выбірала, вырашала, змушала — яна, жанчына, смелая, прыгожая і незалежная? Узяла вас, як цацку, пакарысталася — і адправіла з належнай платай, — Паланэйка дзёрзка чакала адказу.

Лёднік памаўчаў, гледзячы ў агонь, цені скакалі па ягоным худым твары. За сценамі білася ільдзяное сэрца буры, шэрань пакрыла шыбы, а гэта значыць, нехта з няшчасных бяздомных гэтай ноччу змерзне і адправіцца ў свой вялікі вечны дом. Маніць, прыкідвацца, падавацца лепшым, чым ёсць — навошта, калі бура змяце ўсё, а Бог бачыць усіх?