Панна Багінская вырашыла, што па сваім статусе яна з іх кампаніі больш за ўсіх адпавядае лэдзі, і высунулася наперад, трымаючы пад пахай крышталёвы чэрап, які, падобна, цвёрда намервалася прыўлашчыць.
— Дазвольце прадставіцца, вашамосць — я княжна Паланэя Багінская, сястра генерал-маёра войскаў Вялікага княства Літоўскага князя Міхала Казіміра Багінскага… Прызнацца, я не зусім разумею, што адбываецца.
— Захапляюся смеласцю князёўны, якая адправілася ў такую авантуру, ды яшчэ пераапранутай у мужчынскі касцюм, — прамовіла з лёгкім паклонам лэдзі Кларэнс. — Паверце, вашамосць, я не насмешнічаю — я і сама здольная на такія прыгоды, — лэдзі зноў засмяялася, хаця яе шэрыя вочы заставаліся халоднымі, як горны крышталь. Пандора падала знак, і для панны Багінскай таксама прынеслі прыгожанькую лавачку, на якую панна зараз жа і ўселася ўрачыста, дэманструючы звыкласць да прыдворных паводзінаў.
— Як вы здагадаліся, я ў адрозненне ад вас знайшла, што хацела, — лэдзі паказала на куфэрак з клейнодамі. — Без гэтых папер нашаму роду было цяжка весці барацьбу за спадчынныя землі і права займаць высокае становішча… Магчыма, самае высокае ў дзяржаве.
Вочы Пандоры злавесна бліснулі.
— Пракляты доктар Дзі! Вы ведаеце, як каралева Бес, Лізавета, яго адорвала, давярала яму… А ён пад канец яе жыцця зусім разбэсціўся. Заняўся чорнай магіяй. Звязаўся з Келі, у якога вушы былі абрэзаныя за падробку манетаў. Ды за адну афёру з няшчасным польскім графам Лестэрскім, якога яны ўшчэнт абабралі, Дзі варта было пасадзіць у Таўэр! Кароль Джэймс дык увогуле махляра пагнаў. Але Дзі, быў час, знаходзіўся вельмі блізка ад трону. Яму давяралі на захаванне важныя дакументы. Прынамсі, тыя, што тычыліся паходжання майго прадзеда. Так, прадзед быў каралеўскага роду.
— Вы кажаце пра сына лорда Дадлі і каралевы? — удакладніла панна Багінская. Лэдзі скрывілася.
— Давайце не называць імёнаў! Усё трымалася ў такой таямніцы, што яна дагэтуль можа забіваць. Мой прапрадзед меў уплыў на каралеву і ўсяляк угаворваў яе прагнаць махляра Дзі і перастаць верыць ягоным прадказанням. Урэшце доктар патрапіў у апалу. Яго выгналі з Кембрыджу… І пасля смерці каралевы доктар Дзі вырашыў адпомсціць. І дакументы, якімі мае продкі маглі пацвердзіць высокае паходжанне, зніклі.
Дасканалыя рысы Пандоры выказалі лёгкую пагарду.
— Учынак гэтага паганага доктара пазбавіў наш род надзеі на трон. З тэстаменту доктара Дзі стала зразумела, што клейноды, засведчаныя каралевай Лізаветай, дзесьці перахаваныя. Гаварылі, што доктар даверыў ключ да сваіх скарбаў васковай ляльцы. Але прадзед жыў у Нямеччыне, змушаны хавацца ад ворагаў, якія баяліся, што ён уступіць у змаганне за ўладу. Калі ён змог вярнуцца ў Англію, каб адшукаць васковую ляльку — якая, дарэчы, была зробленая ў выглядзе самога доктара — той ужо не існавала. Пры каралі Джэймсе мніхі яе спалілі, як д’ябальскую рэч, і па-свойму мелі рацыю. А далей — выпадак… — Пандора коратка ўздыхнула, расправіла складачку на спадніцы, як быццам не было нічога важней за тое, каб гэтая складачка была раўнюткай, кранула капялюш — прыслуга адразу ж паднесла пані круглае люстэрка ў залатой аправе, якому Пандора ласкава ўсміхнулася, і працягнула гаварыць, любуючыся сабой. — Я, ведаеце, мала жыла ў Англіі. У нас замкі ў Нямеччыне, Швейцарыі… Калі ў Швейцарыі пайшла мода на васковых лялек, бацька захацеў замовіць такую ў вядомага майстра, Вакансона. У выглядзе мяне — усе з маленства захапляліся маёй прыгажосцю. — Лэдзі сказала гэта без усялякага какецтва, проста як факт, ласкава ўсміхнулася люстэрку і нарэшце адвяла ад яго вочы. — Гэта было забаўна… З мяне здымалі маскі, абмяралі. Майстар і распавёў, што да яго звярнуліся ад ліцвінскага князя… як яго… Эрдзівіла… Папрасілі пабудаваць аўтамат на аснове старажытнага механізма. Як толькі прагучэла імя доктара Дзі, мой бацька адразу зразумеў, што гэта шанец! Прапанаваў Вакансону выкарыстаць для лялькі з механізмам доктара Дзі маё аблічча… Майстар працаваў тры гады, пакуль я, васковая, пачала маляваць свой малюнак.
— Тады ваш бацька заплаціў, каб майстар прыбраў з механізму важную дэтальку, і малюнак больш ні для каго не з’яўляўся. Каб аўтамат пры наладжванні мог крэсліць толькі нешта няпэўнае, — працягнуў Лёднік.
— А навошта было дзяліцца таямніцай? — пасміхнулася Пандора. — Бацька гатовы быў і сам аўтамат выкупіць — толькі Вакансон страшэнна ўпарты і дзёрзкі. Ах, слова гонару, рэпутацыя майстра, павінен выканаць заказ кліента — нават пад страхам смерці. Бацька задаволіўся тым, што малюнак быў у нас, а аўтамат сапсаваны. Дзе знаходзіцца скарб, здагадацца было няцяжка: дом, празваны «Агонь і жалеза», пабудаваны над сутарэннямі, дзе калісьці дзейнічала таемная лабараторыя доктара Дзі і адбываліся зборышчы адэптаў-чарнакніжнікаў. Бацька адразу выкупіў гэты будынак. Паверце, абшукалі яго грунтоўна. Але ніякіх сховішчаў адкрыць не ўдалося. Бацька падумваў разабраць усё па каменьчыку… Але пачаліся чарговыя палітычныя мітрэнгі, мы з’ехалі. Бацька памёр… І я вярнулася сюды толькі нядаўна. У таемнае сховішча ў гэтым доме, прызнацца, я больш не верыла. Каб яно было, даўно адшукалі б. Хто ж ведаў, што ў далёкай краіне знойдзецца доктар, які пачыніць аўтамат, расшыфруе малюнак… І з’явіцца сам, каб залезці па скарб.
Лэдзі Кларэнс кінула паблажлівы позірк на Лёдніка і зноў звярнулася да Багінскай.
— Я аддала дом квакерам, бо ён карыстаўся такой дрэннай славай, што маглі падпаліць. А так — святыя людзі, моляцца ўдзень і ўначы. Але і яны пачалі вярзці лухту пра нейкіх прывідаў, доктара Дзі, Урыеля. І я вырашыла халупу гэтую прадаць.
— А чаму вы шукалі тут клейноды? Ягоная мосць пан Геранім Радзівіл марыў пра вогненны меч… Ды і наш доктар прыйшоў да той жа высновы, — папыталася панна Багінская. Пандора іранічна хмыкнула.
— Для нас тут не было загадкі. Агонь — сімвал нашага радавога герба. Жалеза — прысутнічае ў гербе нашых палітычных праціўнікаў у выглядзе мяча. Перамога агню над жалезам — гэта пацверджанне нашай каралеўскай крыві!
— Чакайце, — вылез Пранціш, — але вогненны меч існаваў! Разрэзаныя латы!
— А пра гэта давайце доктара спытаем…
Лёднік змрочна пакланіўся слухачам і загаварыў павучальна, як на лекцыі.
— Мяркуючы па тым, што мне ўдалося зараз прачытаць у сшытку доктара Дзі, тут прысутнічаюць ажно два вогненныя мячы. Альбо прылады, якія пераламляюць і ўзмацняюць светлавы промень. Канструкцыя, якая так спадабалася пану Агалінскаму — макет прыбора, у якім сонечны промень праходзіць праз сістэму люстэрак і можа падпаліць, ну, скажам, ветразь карабля. У добрае сонечнае надвор’е. Архімед у свой час такое ладзіў. Праўда, рабіць гэтую прыладу трэба футаў сем вышынёй, але жалеза рэзаць усё адно не зможа. Затое ў сшытку намаляваная схема, як, выкарыстоўваючы люстраныя шчыты і скрытыя камеры, падмяняць у гэтым прыборы на вачах уражанай публікі цэлыя прадметы загадзя рассечанымі. Псіхалагічнае ўздзеянне можа быць вялікім.
— А чэрап? — ускрыкнула расчараваная панна Багінская.
— А чэрап, вашамосць, правобраз гэтай машыны. Думаю, доктору Дзі прывезлі яго з Амерыкі, — пан Гервасій адразу кінуў на чэрап зацікаўлены позірк. — Доктар Дзі вывучыў яго ўласцівасці і захацеў скарыстаць прынцып. Пакладзіце яго на роўную паверхню…
Паланэйка паставіла ўпадабаны рарытэт на скрынку для фокусаў. Лёднік зазірнуў у сшытак, зверыўся з намаляванай там схемай і акуратна паднёс запалены ліхтар да крышталёвага «твару»: зараз жа вочы чэрапа зырка запалалі адлюстраваным агнём, як бы з іх вырваліся два промні. Гэта было так страшна, што Паланэйка войкнула, і нават лэдзі Кларэнс уздрыгнула, а тады ляніва папляскала ў ладкі.
— Брава, прафесар, доктар Дзі мае вартага спадчынніка. Можаце забіраць усе гэтыя рэчы. Вы ж купілі іх разам з домам, — пасміхнулася. — Мне, дарэчы, вельмі цікава было назіраць, як вы здабываеце грошы. Гэта ваш, доктар, сябар з каралеўскага навуковага таварыства, да якога мае людзі наведаліся пасля вашага візіту, распавёў пра шарлатана і блюзнера прафесара Лёдніка вельмі шмат цікавага. А назаўтра я сама паназірала за вашым выступленнем у маім улюбёным байцоўскім клубе. Мне паведамілі, што вы паслалі заяўку на ўдзел. Я была ў ложы, у белым капелюшы, пад маскай. Я атрымала задавальненне, — лэдзі Кавендзіш прылашчыла сабачку, якога ёй зноў паднеслі па ейным знаку, і агледзела Лёдніка неяк вельмі нядобра, ацэньваюча, як быццам збіралася набываць новы прадмет мэблі і прыкідвае, у які пакой яго лепей паставіць. — Дарэчы, я папрасіла свайго сябра, лорда Кавендзіша, праводзіць вас дамоў. Іначай, баюся, мы б сёння не размаўлялі.