Изменить стиль страницы

— А ці не ваш Пане Каханку слаў ліст расейскай імператрыцы, як толькі тая аўдавела, пратэкцыі прасіў, у вернасці кляўся? — насмешна кінула Паланэйка. — Афронт атрымаў — вось і шалее! Вось і ўся ягоная незалежнасць!

— Няпраўда! — пачырванеў пан Гервасій. — Гэтага не можа быць! Не пісаў ягоная мосць Радзівіл такога ліста…

— Яшчэ як пісаў! — з’едліва прагаварыла Багінская. — І самымі куртуазнымі словамі! Карону выпрошваў! Магу сведкаў даць…

— Ды пан Караль — і без кароны кароль! — адчайна крыкнуў Агалінскі.

— Калі ён кароль, дык дзе хоць якая разумная справа, якую ён зрабіў для краіны? — Багінская гатовая была вочы вынуць «жаніху». — Медзвядзямі заміж лёкаяў гасцей палохаць? Мой пан брат мануфактуры ладзіць, дарогі пачыніў, тэатр ягоны найлепшы ў Еўропе!

— У Радзівілаў таксама мануфактуры і тэатры маюцца! — пан Гервасій ажно руку на дзяржальна шаблі паклаў, нібыта на сойме падчас гарачай дыскусіі.— Галоўнае — ён незалежнасць княства бароніць! Бо ў Статуце сказана — чалавеку пачціваму нічога не можа быць даражэй за вольнасць, бо яна — скарб, які ніводнаю сумаю пераплачаны быці не можа.

— Ён абароніць вольнасць! — узвысіла голас Паланэйка. — Патопіць краіну ў п’янстве ды звадах! У дзяржаве павінна быць моцная рука — і ўладар павінен быць чалавекам разважлівым і адукаваным, як мой пан брат!

— Панове, можа быць, працягнем пошук? — прапанаваў Пранціш Вырвіч, сумна думаючы, што насамрэч усе яны сюды патрапілі з-за інтрыгаў расейскага шпіёна, і трон ужо прадназначаны не Багінскім і не Радзівілам, а Цялку-Панятоўскаму.

У вузкі праход, які адкрыўся пад аркай, Амерыканец і Паланэйка ўмудрыліся са злосці праціснуцца разам. Амерыканец у адной руцэ трымаў ліхтар, у другой — шаблю. Паланэя — Пранціш мог прысягнуць — пад плашчом сціскала сімпатычны востранькі кінжальчык, Вырвіч неаднойчы заўважаў, як яна яго перахоўвае.

Лёднік прываліўся спіной да сцяны збоку ад уваходу і стамлёна прымружыў вочы. Падобна, цікавасць да спадчыны доктара Дзі ў яго за доўгі шлях канчаткова выветрылася.

Расчараваныя крыкі змусілі студыёзуса і прафесара рушыць за спадарожнікамі. Нічога не знайшоўшы ў маленькім памяшканні, больш падобным да калідора, тыя вывучалі яшчэ адну сцяну, за якой гіпатэтычна мог хавацца праход. Гэта была пліта, адрозная ад іншых сценаў. Мяккі вапняк, прыкрашаны барэльефам, што нагадваў дрэва, заміж лістоў на ім раслі лічбы і літары. Лёднік цяжка ўздыхнуў. Ягоная місія не скончылася.

— Та-ак, перад намі arbor raritatis, дрэва рэдкасці, — прафесар вадзіў доўгімі пальцамі па абрысах барэльефа. — Гэтак доктар Дзі выяўляў чалавечае жыццё. На кожным ярусе дрэва чалавек праводзіць сем год, а пасля робіць выбар, куды рухацца далей… Бачыце, разгалінаванні ў форме літары іпсілон? Сем — сума мужчынскай лічбы тры і жаночай чатыры. Таму задачу на кожным этапе чалавек павінен выканаць дваістую. Завершанасць — гэта восем ступеняў… Ва ўзросце чатыры на сем, гэта значыць, у дваццаць восем гадоў, галоўны выбар — або мы робімся эгацэнтрыкамі і тыранамі, выбіраючы матэрыяльны свет, ці пнеўматыкамі — праз элементы паветра і вады падымаемся да духа агня, становімся філосафамі… І апошняя ступень перад пасвячэннем — пяцьдзесят шэсць гадоў… Літара І… Просты шлях уверх.

Паралельна сваім разважанням прафесар націскаў на адпаведныя часткі барэльефу. Пліта прадказальна адсунулася.

— І не нудзіць быць такім вучоным? — прабурчэў пан Гервасій і палез за паннай Багінскай, якая ўжо заскочыла ў новае памяшканне.

— Труна, ці што? — напружана папытаўся пан Агалінскі, сузіраючы доўгую скрынку з пакрытага чорным лакам дрэва, якая займала амаль увесь маленькі пакой.

Лёднік уважліва агледзеў скляпеністыя сцены, каменную падлогу, прастукаў, памацаў.

— Нічога тут больш няма. Доктар быў пазёр, каб што яшчэ схаваў — пакінуў бы філасофскія загадкі. Давайце гэта вынесем на святло.

Скрынка была падазрона лёгкай. Пранціш, якога ўсё-ткі прабраў азарт, пераконваў сябе, што, магчыма, Дзі прыдумаў невялікі вогненны меч, які павінен змяшчацца ў руцэ.

А наверсе іх чакалі.

Сапраўды, не магло ўсё аказацца так проста. Дзесяткі са два, узброеныя ўсім, чым могуць быць узброеныя найміты на службе ў дужа важнай персоны.

А вось і тая персона…

Скрынка ляснулася аб падлогу, Лёднік, Пранціш і Агалінскі выхапілі шаблі, панна Багінская мудра схавалася з кінжальчыкам за спіну «містэра Айсмана», чэмпіёна вулічнага бою.

Да іх падыходзіла Пандора.

Такая самая, як сядзела ў лабараторыі Віленскай акадэміі. Толькі вочы меншыя, нармальнай, чалавечай, велічыні, і старэйшай яна стала. Гэтай Пандоры, у моднай сукні са светла-шэрага шоўку і лазуркавага аксаміту, усыпанай перлінамі і расшытай срэбрам, з белым футрам, няўважна накінутым зверху, у сінім капелюшы, упрыгожаным тым жа белым футрам, можна было даць гадоў дваццаць пяць. Але звыкла ўладны твар, уладны да жорсткага, быў як бы не падлеглы ўзросту — не твар, а маска, не чалавек, а «сымболь у парчы з лілеямі».

— Адчыняйце! — скамандвала Пандора па-нямецку, і яе слугі заваждаліся з масянжовымі пасамі, якія перацягвалі скрынку.

— Трэба меркаваць, маем гонар бачыць лэдзі Кларэнс? — ветліва па-нямецку прамовіў Лёднік, схіліўшыся ў свецкім паклоне.

— Можаце называць мяне і так, — няўважна адказала Пандора, пільна назіраючы за працэсам адкрывання чорнай скрынкі.

— Зусім як у антычным міфе, — прашаптаў Пранціш прафесару. Той пасміхнуўся куточкам роту. Чароўная Пандора зноў збіралася адчыняць чорную скрынку, у якой былі схаваныя ўсе беды чалавецтва.

Нарэшце накрыўка адляцела, і зацікаўленыя асобы прагна ўтаропіліся ўнутр… Нічога падобнага на меч там не аказалася, але лэдзі Кларэнс выхапіла срэбны футарал, у якім звычайна захоўвалі старажытныя пергаменты. Слуга пачціва дапамог яго раскруціць, дастаў пажаўцелыя скруткі. І лэдзі паглыбілася ў вывучэнне папер. Каралеўскія пячаткі, якія віселі на прымацаваных да пергамента шнурах, сведчылі, што гэта не проста вершы ці прыватныя лісты, а кляйноды. Дакументы асаблівай важнасці.

Пан Гервасій адштурхнуў плячом слугу, які стаяў ля скрынкі, і памацаў незразумелую канструкцыю, якая засталася ўнутры: падобна да футарала для чагосьці доўгага, з устаўленымі пад рознымі вугламі люстэркамі… Паланэйка хуценька ўзяла іншую дзівосную рэч — крышталёвы чэрап. Неверагодна дакладна зроблены, ажно можна ўявіць, што гэта сапраўды парэшткі такога вось празрыстага хрусткага чалавека… Ці не чалавека? Бо чэрап быў неяк занадта выцягнуты ўверх. Лёднік жа схапіўся за сшытак у цвёрдай скураной вокладцы, які ляжаў у той жа скрынцы, пагартаў, учытаўся…

— Ну, стары махляр! — раптам вырвалася ў прафесара. — А я — стары дурань… — тут жа прызнаўся са скрухай. — Дроцікі Індры, светлавая энергія, «ёсць шмат чаго на свеце, друг Гарацыё…» Фокусы адны!

— А вы чакалі знайсці тут нешта навукова вартае? — насмешна спыталася лэдзі, задаволена скручваючы прачытаныя пергаменты. Яе нямецкі быў зусім без акцэнту. — І ў такую далеч за гэтым прыехалі? Тое, што доктар Дзі — махляр, вы, слынны прафесар Баўтрамеюс Лёднік, павінны былі ведаць.

Прафесар пачціва пакланіўся.

— Ваша светласць ведае мяне?

Пандора, як найвялікшую каштоўнасць, паклала клейноды ў пазалочаную скрынку, якую ёй з паклонам падаў лёкай, з дапамогай прыслужніцы ўселася на прынесеную абцягнутую аксамітам лавачку, пагладзіла сабачку, агідна малога, пухнатага і пляскатапысага, якога ёй паднёс другі лёкай, і толькі тады зрабіла ласку адказаць.

— За вамі назіралі, доктар. Калі вы захацелі набыць будынак «Агню і жалеза», я адразу западозрыла, што мы з вамі ўжо сустракаліся. Толькі я была ў васковым выглядзе. Спадзяюся, вы не здымалі з мяне сукенкі? Па разгубленай фізіяноміі гэтага маладога чалавека бачу, што здымалі… Ну і як я вам спадабалася, васпан?

Лэдзі зарагатала, гледзячы на збянтэжанага студыёзуса — відаць па ўсім, яна займала гэткае высокае становішча, што магла дазволіць сабе вольныя жарты і не абцяжарвацца пільнаваннем этыкету ў размовах з тымі, хто нашмат ніжэй.