— Не буду прыкідвацца святым, — з цяжкасцю прагаварыў Лёднік. — І адмаўляцца не стану… Мне было добра з ёй… З адной з самых прыгожых, жарсных, незвычайных, небяспечных жанчын, якія трапляліся на маім шляху. Напэўна, я б мог нешта прыдумаць, каб не саграшыць, не здрадзіць сваёй каханай, якая засталася дома, у палоне… Але не стаў. І… мне было добра. Фан-тас-тыч-на… А ўведамленне, што пякельныя пакуты, раскайванне — усё будзе, але — пасля, яшчэ дадавала вастрыні адчуванням… Вы што, думаеце, я цалаваў яе і думаў пра Саламею? — былы алхімік суха засмяяўся. — Я ж… нармальны мужчына, з усім наборам жывёльных інстынктаў. І вось калі я даведаўся, што лэдзі мёртвая… Ведаеце — я адчуў палёгку. Быццам мой грэх стаў мізарнейшым, выкупіўся… — Лёднік на хвілю закрыў твар далонямі са слядамі «тамашоўскіх абдоймаў». — Чалавек так лёгка дамаўляецца сам з сабою, каб мець сілы жыць далей. І я буду жыць… Колькі атрымаецца.
— Твая праўда, Бутрым, — ціха сказаў Пранціш, які адчуваў дзіўную палёгку ва ўсім целе і нястрымнае жаданне выказаць, што на душы. — Вось ты апякуешся мною, як сынам. Але ж, каб не прыхамаць пана Багінскага, які выплаціў твой доўг, ты мог надалей заставацца маім бяспраўным слугою. Ты думаеш, я так лёгка адпусціў бы цябе на волю? — Вырвіч таксама горка засмяяўся. — Мне дужа падабалася, што ў мяне, немаёмаснага шляхцюка, у якога нават каня не было, з’явіўся ўласны доктар, раб, з якім я магу зрабіць усё, што хачу — хоць ён больш вучоны і мацнейшы за мяне. І я пераконваў сябе, што я ж аб табе клапачуся, я — добры гаспадар… Магчыма, аднойчы я ўдарыў бы цябе. І ты б сцярпеў. А потым… Я не ведаю, як бы склаўся твой і мой лёс, Бутрым…
Вецер скавытаў за вакном, як патэнцыйны шыбенік, але настолькі няўдалы, што не можа нават знайсці зручнае месца, каб павесіцца. Шчокі гарэлі, як быццам ад ліхаманкі… А свядомасць імглілася…
— Вось жукі гэтыя ангельцы, — прабурчэў пан Агалінскі.— Яны разбаўляюць гарбату малаком, малако — вадой, ром — гарбатай, а жарсць — доўгімі размовамі… Няма нічога горш за размовы, у якіх топяцца сапраўдныя мэты і мужнасць учынкаў… — Вырвіч заўважыў, што і твар пана Гервасія хваравіта гарыць, а ў вачах нездаровы шкляны бляск. — Дамовіцца з сабою лёгка… У нясвіжскім кадэцкім корпусе быў звычай — калі падчас коннай муштры хтось з нас па нязграбнасці сваёй звальваўся з каня, мусіў аддаць машталеру ўсё, што на ім ёсць. Адзенне, абутак, тое, што ў кішэнях… Толькі фамільную зброю можна было пакінуць. У нас, альбанчыкаў, не прынята было хітрыць, і ўсе ўчынялі, як дамоўлена. І вось аднойчы з каня паваліўся я. Не таму, што кепскі вершнік — а таму, што ноччу забаляваліся, ды так, што галава была, як цэбар з квашанай капустай. І вось пацягнуўся я на стайню… Распранаюся… Нічога не шкада — а вось паса шкада. Бо пас гэты шчаслівы — не тканы, а скураны, шырокі, са срэбнай бляхай… Я з ім заўсёды і ў карты выйграю, і дзеўку ўгавару… І так мне стала шкада гэтага пасу — як бы ўдачу сваю аддаць — што я яго прыхаваў. Сунуў за бэлькі, пакуль ніхто не бачыў… А ўвечары за ім вярнуўся. Што мне была тая дзяга? Я мог купіць воз такіх дзягаў! Але спакусіўся… Спалохаўся, што ўдача адвернецца… І праўда адвярнулася. Мяне падпільнавалі таварышы, як шарыўся за бэлькамі. Сораму набраўся… Ну як было патлумачыць, што не дзеля срэбнай бляхі правілы парушыў? Тады кожны з кадэтаў-альбанчыкаў у пакаранне павінен быў выцяць мяне той дзягай па спіне. Назаўтра ўстаць не мог… Але засвоіў: шляхціц не павінен нічым даражыцца, акрым гонару! Як толькі звыкаеш да якой рэчы, трэба ад яе пазбаўляцца!
— Мой пан-бацька Даніла Вырвіч, нябожчык, царства яму нябёснае, каб давесці, што не даражыцца ніякай рэччу, пазбавіў наш род маёмасці, а маю пані-маці звёў у магілу, — змрочна сказаў Пранціш. — Пабіўся з суседам аб заклад, хто больш тае сваёй маёмасці спляжыць і параздае. Ну і выйграў.
— Паважаю вашага пана-бацьку! — падняў кубак Амерыканец.
— І вось скажыце, пане-брацці, — працягнуў Пранціш, — чаму ў такім разе, калі пагарда да багацця і маёмасці лічыцца шляхецкай цнотай, вы падсмейваецеся над высакароднымі асобамі, якія той маёмасці маюць менш за вас? Колькі я нацярпеўся за жыццё — «А чаму пан Вырвіч не прымае ўдзел у прыдворнай каруселі? А дзе ягоны арабскі конь? А дзе ягоныя слугі? А гэты дыямент — адзіны, што пан мае?». А я, між іншым, вяду свой род ад князя Палямона!
Панна Багінская апусціла вочы.
Пан Агалінскі стукнуў аб дубовы стол пустым кубкам.
— Калі пан Караль стане каралём, ён усю радавітую шляхту надзеліць шчодра! Мы паны-браты ў роўнасці шляхоцкай — акрым усялякіх, з патэнтамі… Шляхціц — гэта вой! Чалавек просты душою і адважны. Пан Караль, калі да шляхты ў госці прыязджае, з каня сыходзіць — хай бы і ў гразь, і з кожным з дэлегацыі, што яго сустракае, абдымецца, нават калі іх больш за сотню. Не тое, што Цялок, які грэбуе агульны кубак за сталом прыняць. Не люблю людзей, якія хітраць ды нешта ўтойваюць….
— Нешта мы гэтым вечарам нічога не ўтойваем, — задумліва прагаварыў Пранціш, які адчуваў падазроную лёгкасць, аж сцены пагойдваліся. Лёднік пакруціў у руках кубак з выпітым напалову напоем, паднёс да носу, уцягнуў вохкі пах з насалодай.
— Я сёння перабіраў валізу і заўважыў, што ў некалькіх бутэлечках паменшала рэчываў. А пах таго, што налітае ў гэтыя кубкі, сведчыць, што дададзеная яшчэ і шчопаць парашку аднаго цікавага грыбочка, які, асабліва ў спалучэнні з пэўнымі рэчывамі, уплывае на псіхіку… Разнявольвае, паслабляе кантроль над гаворкай… Памятаеш, Пранціш, як цябе аднойчы частавалі ў Вільні? Гэта падобнае, толькі слабейшае.
Вырвіч рэзка паставіў кубак на стол і ўзняўся на ногі, якія былі як бы ватнымі, гнеўна ўтаропіўся ў Паланэйку.
— Зноў вашамосць атруты намяшалі? А ты… — звярнуўся да Бутрыма, — ты ведаў? Папярэдзіць не мог?
— Па маіх назіраннях, канцэнтрацыя рэчыва невялікая, падабраныя інгрэдыенты па-майстэрску… У італійскага знаўцы вучыліся, вашамосць? — ветліва папытаўся Лёднік у Паланэйкі. Тая нязмушана кіўнула. — Вось і не папярэджваў. Самыя важныя сакрэты ніхто не агучыў, вечар прабавілі цікава… Парашок у медальёне носіце? — зноў папытаўся Бутрым у княжны.
— У большым аб’ёме гэта імгненная бязбольная атрута, самі ведаеце, прафесар, — паціснула плячыма Паланэйка. — Рэч неабходная для дзяўчыны ў вандроўцы.
— Я люблю атруту, — прагаварыў пан Агалінскі, — І гарэлку, і табаку, і небяспечных жанчын. На шлюбным ложы буду трымаць пад падушкай кінжал.
— Вы можаце забіць жанчыну? — зацікаўлена перапытала Багінская. Яна, відаць, усё-ткі здзівілася, што яе падступны ўчынак Амерыканца не абурыў, як Вырвіча. А той шырока пасміхнуўся і раптам падскочыў і адным рыўком падняў на выцягнутых руках фатэль з паннай Багінскай. Тая ледзь галавой аб бэлькі не далася, добра, столь высокая.
— Я магу кахаць жанчыну! Так, што ёй не захочацца падсыпаць мне парашок ці настаўляць рогі!
Панна Багінская верашчала, учапіўшыся ў падлакотнікі, але Амерыканец урачыста пранёс яе па ўсім пакоі і толькі тады асцярожна апусціў разам з фатэлем.
— І калі пан Караль будзе літасцівы і падаруе мне жыццё, хоць я здабыў за морам толькі бескарысную скрынку з люстэркамі, я паспрабую выйсці яшчэ раз у кола супраць Галіяфа — пазмагацца за вас, чароўная панна. Супраць князя Паца, князя Багінскага, усяе Рэчы Паспалітае і ўсяго свету, — зірнуў на збляднелага Пранціша. — Ну і супраць вашага даўняга прыяцеля, студыёзуса.
Паланэйка прагаварыла сур’ёзна:
— Вы з панам Вырвічам бачылі мяне ў мужчынскім адзенні, у гразі, на саломе, без пудры і памады, вы бачылі, як я магу спраўляцца з кінжалам і атрутай, лаяцца і падманваць…
— Золатка маё, гэта робіць вашу мосць яшчэ каштоўней у маіх вачах, — галантна пакланіўся Амерыканец, — Мне не патрэбная васковая лялька, нават калі яна ўмее маляваць месца скарбу.
Пазяхнуў.
— Але ад атруты тваёй, мая панна, так у сон хіліць, што, бадай, пайду ў ложак… Пакуль што халасцяцкі, — падміргнуў і сышоў. А Пранціш зразумеў, што часам забіць чалавека вельмі лёгка — прынамсі, ён прыкончыў бы пана Гервасія з такой насалодай… Нават у спіну не пасаромеўся б загнаць кінжал.