— Ну, золатка маё! Рашайся! Ці табе зацуглянай жыць, хай тыя цуглі й залатыя? Ільвіцы патрэбны леў!
— Таксама мне леў знайшоўся ў беларускім лесе! — скрозь слёзы ўсміхнулася панна. — А не баішся — што й цябе, як Дзмітрыя Сангушку — дагоняць з радавітай нявестай, заб’юць?
Агалінскі страсянуў рудымі пасмамі.
— У Сангушкі была шлюбная ноч, глыток волі і каханне ў вачах ягонай адзінай жанчыны. Ты думаеш, мне гэтага мала, каб расплаціцца жыццём? І колькі б нам часу ні дасталося — мы не засумуем разам, мая панна. Ого, свет ходарам заходзіць!
Лёд пад нагамі затрашчаў, карэта адправілася вазіць дачок вадзянога караля, а панна Паланэя апынулася ў абдоймах пана Гервасія. Вырвіч дрыжачай рукой намацваў шаблю, але Лёднік рашуча прытрымаў яго. Два абліччы, злітыя ў шалёным, жарсным пацалунку, расплываліся ў вачах студыёзуса… А потым пан Агалінскі падсадзіў Паланэйку на каня. Ускочыў сам…
— Стой! — пракрычаў Пранціш, здушваючы адчай. — А вызваліць пані Саламею?
— У пана Баўтрамея Лёдніка ёсць на гэта ліст! — пракрычала панна Багінская. — Бывайце!
Пранціш глядзеў услед вершнікам… У яго не было моцы нават абурацца. Тая жарсць, тое каханне, якія раптам перад ім адкрыліся — абяззбройвалі ягоны гнеў. Ці змог бы ён так учыніць, як пан Гервасій? Ці было каханне Пранціша Вырвіча да панны Паланэі Багінскай гэткім жа ўсемагутным — калі даруецца ўсё? Гэткім жа… бескарыслівым? Пранцішу патрэбная была ўсё ж менавіта княжна Багінская, сястра прэтэндэнта на трон, бліскучая прыдворная дама і магнатка, сувязь з якой узвысіла б яго ў вачах мітуслівага свету, узняла б на вяршыні жыцця… Гэта быў ягоны асабісты прыз, ягоная Фартуна… А пан Гервасій нават пайшоў супраць волі князя Караля Радзівіла, якога абагаўляў, і гатовы страціць усё — абы з ім была адчайная кабета, жонка, сяброўка і каханка, якая зможа гойсаць з ім на конях па прэрыях, плысці праз акіяны, біцца, мірыцца, кахацца — піць жыццё нагбом, не скардзячыся і не скараючыся ніколі.
Вырвіч разумеў, што безнадзейна прайграў.
На плячо студыёзуса лягла рука доктара.
— Калі не пазабіваюць адно аднаго, будуць жыць шчасна. Знайшліся абое рабое.
Гэта былі жорсткія словы — але Баўтрамей Лёднік быў не толькі доктарам, але і добрым хірургам. Скальпель ягоны над хворым целам ніколі не дрыжэў, доўга прымерваючыся, а разразаў адразу, выдаляючы пухліны і выпускаючы гной.
А раны загаіць — справа часу. Нават ментальная медыцына тут бяссілая.
— І што мне… далей… — прашаптаў студыёзус.
— Жыць, хлопча мой.
Пруская вайна нарэшце завяршылася. Па дарогах Еўропы яшчэ соўгаліся банды марадзёраў, але Бог быў літасцівы да двух ліцвінаў, даставаць шаблі давялося толькі аднойчы, каб на лясной дарозе адпалохаць рабаўнікоў — але тыя, нядаўнія сяляне са спаленай вёскі, адразу ж разумна схаваліся ў гушчар. Ехаць стараліся, не паўтараючы ўласныя сляды — наслядзілі ж па дарозе ў Ангельшчыну парадкам. Але давялося ўчуць, што ў Тамашоў прыйшла чума, і горад спусташыла так, што хоць ідзі выбірай вольныя дамы ды сяліся. А ў другім месцы распавялі пра цудоўны цмокаў фэст, які рыхтуецца ў слаўным горадзе Дракошчыне — цмок там жывы-здаровы, малады, рыкае — зямля трасецца… Толькі трэба з сабой поўны вацок грошай мець, дорага каштуе на тым фэсце пабываць-пабаляваць.
І, зразумела, усю дарогу прафесар Лёднік ганяў студыёзуса, які прагуляў ледзь не паўгады лекцый, па ўсіх прадметах. Дыплом жа атрымліваць!
А потым Вырвіч пабачыў яшчэ адно каханне — не ягонае. Калі з брамы кляштара выбегла танклявая жанчына ў цёмнай сціплай сукенцы, падобнай да мнішаўскай, але з тварам такім гожым, хаця і змучаным, што думалася пра каралеву альбо сільфіду, і кінулася на грудзі доктару Баўтрамею Лёдніку… І гладзіла тонкімі пальцамі ягоны худы твар, нібыта хацела сцерці з яго стому… А Лёднік цалаваў яе — нібыта ратаваўся…
Саламея плакала ад шчасця і ад жалю, прыкмячаючы ўсе новыя, незаўважныя чужому воку, сляды, якімі пазначыў нялітасцівы лёс яе мужа падчас неверагоднай вандроўкі. Вось паглыбілася зморшчына, з’явіўся сівы волас, дадалася драпіна… Цалавала ягоныя далоні са слядамі ад жалезных дзідаў…
— Паслухай, Саламея, я мушу прызнацца… Падчас падарожжа са мной здарылася… Я не ўтрымаўся… — з цяжкасцю падбіраючы словы, пачаў Лёднік. Пранціш адразу здагадаўся, што рыхтуецца споведзь наконт Пандоры і чараўніцкай спакусы ў Тамашове. Не, гэты доктар усё-ткі дзівак! Але мудрая Саламея прымусіла мужа змоўкнуць, паклаўшы вузкую даланю на ягоныя вусны.
— Усё, што з табой здарылася дарогай, усе спакусы, усе няшчасці — не маюць значэння, калі ты зноў са мной. Няўжо ты думаеш, што я не падзялю з табою ўсё? Не зразумею, не дарую? Дурненькі! Ды няхай бы ты вярнуўся да мяне ў абліччы крыважэрнага цмока — я пазнала б цябе і прыняла! Чакай, я адчуваю, што тут, на тваёй левай руцэ, у цябе таксама рана… Баліць?
Пранцішу таксама дасталося радасці і ласкавых слоў… А потым пані Саламея зазірнула ў вочы студыёзуса:
— А што здарылася з панам Вырвічам? Ягоная мосць перанёс нейкую сур’ёзную страту?
— Можна сказаць, так, — мякка адказаў замест Пранціша Лёднік. — Першае расчараванне ў першым пачуцці.
Саламея спачувальна дакранулася да пляча студыёзуса, які пастараўся прыняць ганарысты выгляд. Яшчэ чаго — яго будуць шкадаваць за разбітае сэрца! За тое, што выбралі не яго! Але пані Саламея прамовіла толькі:
— Калі прыйдзе сапраўднае, тваё, хлопчык — ты яго не ўпусціш. Нізавошта. Павер, я цябе ведаю, у цябе хопіць сілаў.
І Пранціш Вырвіч знайшоў сілы ўсміхнуцца.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
ШЧАСЦЕ БАЎТРАМЕЯ ЛЁДНІКА
Увогуле куфэркі з залатымі дукатамі не прынята перакульваць, як куфлі з няякасным півам.
Залатыя дукаты прынята пералічваць, любавацца іх уладным спакусным бляскам, перахоўваць, прыкідваць, на што патраціць…
Але доктар Баўтрамей Лёднік куфэрак з прыгожай разьбою, з накладным залатым вензелем з каронай менавіта перакуліў, і дукаты пакрыўджана раскаціліся па стале, са звонам спатыкаючыся аб хімічныя прылады.
— Фаўст, не гарачыся! — пагладзіла мужа па спіне пані Саламея. — Ну шпурнеш ты гэтыя манеты, па тваім выразе, у дыпламатычную пысу князя Рапніна, нажывеш яшчэ аднаго магутнага ворага, а што далей? Лепш аддай гэтыя грошы на царкву!
— Як ты не разумееш! — бушаваў Лёднік. — Ён жа прыслаў мне нібыта плату за тое, што я па ягонай замове абдурыў двух магнатаў, адцягнуў іх увагу ад барацьбы за трон! Каб я ўдзельнічаў у палітычных інтрыгах, ды яшчэ так… Ганьба!
Доктар знервавана захадзіў па кабінеце.
— Баўтрамей, не пераацэньвай сваю значнасць! — сурова сказала Саламея, зморшчынка пазначылася паміж яе чорных выгінастых броваў — праўдзівы мужчына што заўгодна зрабіў бы, абы на гэтым дасканала гожым абліччы не з’яўлялася такіх зморшчынак. Праўда, пасля свайго зняволення ў кляштары, пра якое яна ўспамінаць не любіла, прыступы тугі час ад часу находзілі на жонку доктара. — Няўжо ты думаеш, што так ужо істотна паўплываў на палітычныя падзеі, утварыў, так бы мовіць, гістарычную шкоду? Па-першае, і без цябе б нейкую інтрыгу прыдумалі. Па-другое, ты што, лічыш, ягоная мосць князь Радзівіл сядзеў і чакаў твайго вогненнага мяча? Ды ад яго на кожным сойміку ледзь не сцены рушыліся! Упэўнена — ён за гуляннямі ды засяданнямі і не ўспамінаў пра заморскую экспедыцыю, васковую ляльку, цуда-зброю… А князь Багінскі — няўжо, каб ты не выправіўся за мора, ён быў бы смялейшы, больш удачлівы? Не думаю. А па-трэцяе, ты дзейнічаў дзеля ратунку сваіх бліжніх, а значыць, дзеля адзіна правільнай мэты ў часы палітычных карагодаў. Радзівілы і Багінскія на цябе забыліся, князь Рапнін задаволены… Ды гэта проста цуд! І ведаеш што… — Саламея лёгенька пацалавала мужа ў шчаку. — Забудзься на сваё падарожжа, як на страшны сон…
— Я б і рады… — тужліва прамовіў Лёднік і павярнуўся ў той кут кабінету, дзе стаяла напалову разабраная скрыня. А ў скрыні сядзела васковая Пандора — ніхто з хатніх не мог уцяміць, хто і навошта яе доктару вярнуў. Верны слуга Хвелька толькі хрысціўся спалохана ды пацеры мармытаў, калі апынаўся побач з шатанскім аўтаматам. Лёднік падыйшоў да лялькі, задумліва дакрануўся да яе бела-ружовага твару, акрэсліў пальцам абрыс брыві, правёў па шчацэ, як бы лашчачы…