— А Лёднікам лепей зранку ціхенька з’ехаць — каб ніхто не пабачыў іхняга сына, — скамандавала Паланэйка.
Пранцысь азірнуўся на прафесарскае сямейства — і зразумеў, дзеля чаго яны ўсе ездзілі ў гэтае нялёгкае бязглуздае падарожжа.
Нараніцу галава была цяжкаватая… Пранціш ледзь стрымліваўся, каб не пазяхаць пры дамах. Вырвіч вырашыў не заставацца ў гаспадароў, хаця пан Гервасій настойліва прапаноўваў працягнуць прыемнае развітанне. Нядоўгае сямейнае жыццё не дужа змяніла характары, таму развітанне з панам Гервасіем магло ператварыцца ў такое баляванне, пасля якога сцены і свядомасць па цаглінцы збіраюць. Тым болей пану Гервасію і Паланэйцы, па ўсім было відаць, карцела застацца сам-насам.
Неба пералівалася жаўтавата-ружовымі колерамі, як модны шлафрок, у якім выходзяць са спачывальні піць каву, і здавалася таксама нявыспаным і санлівым. Доктар, усеўшыся на каня, захінуў соннага малога сваім плашчом, як найвялікшую каштоўнасць. Малы Алесік дарогай соладка драмаў, але трэба было даць адпачыць і вершнікам, і коням. Таму прыпыніліся ля карчмы пад ганарліваю назвай «Тры цэзары». Якіх менавіта цэзараў меў на ўвазе той, хто замаўляў шыльду, незразумела, бо на кавалку бляхі была намаляваная толькі крываватая карона з перлінамі. Непадалёк блішчэла плынь ракі, і Пранціш успомніў, што дзесьці побач павінен быць пракляты млын, на якім яны столькі страхаў нацярпеліся.
У тлум і смурод карчмы заходзіць усёй кампаніяй не сталі, Лёднік выкупіў лепшага, што там мелася, прыдатнага да спажывання, і пані Саламея, усеўшыся на лавачцы пад кустом бэзу, частавала хлопчыка, які неяк адразу да яе прыхінуўся. Нешта яму напявала, усміхалася шчасліва… Пранціш не сумняваўся, што пані палюбіць малечу ўсім сэрцам. Лёднік прысеў побач з жонкай і сынам і любаваўся ідылічнай карцінай сямейнага шчасця. Пуга пана Гервасія была вельмі малой платай за гэта.
А Пранціш спрабаваў заглушыць тугу бутэлькай піва. І піва было не надта добрае — не портэр лонданскі, і туга была не з тых, якія могуць рассмактацца за адзін дзень… Не, не бачыў Пранціш у пане Гервасіі нічога такога, што рабіла б яго вартым панны Багінскай больш, чым пан Вырвіч. Толькі што — багацейшы ды нахабнейшы… Але Пранціш цяпер падхаружы драгунскай харугвы!
Ад піва прыемна круцілася галава… Вырвіч адыйшоўся да брамы, да густых кустоў язміну, якія яшчэ свяціліся вохкімі белымі зорачкамі, бо вуркатанне Лёднікаў над сваім малым лагоды душэўнай у ягоным цяперашнім стане не дадавала. Сонца пачало прыпякаць, нібыта цівун махануў над ім бізуном за нядбайную працу на панскіх палетках. Усё трэба было пачынаць спачатку — збіраць душу па кавалачках, шукаць сэнс жыцця, вяртаць здольнасць верыць і кахаць…
На падсохлай дарозе падняліся клубы пылу: неадменна ехаў вялікі атрад. Вырвіч напяўся: мала што… Час неспакойны. Можа, маскоўцы, можа, прусакі, можа, шляхецкі наезд… Але вершнікі, узброеныя, як на вайну, без мундзіраў ды іншых пазнак сваёй прыналежнасці, пад’ехалі да карчмы, хуценька перахапілі па кубку віна — і, кінуўшы карчмару жменю манетаў, рушылі далей. Не задзіраліся, не жартавалі, не спрабавалі зазірнуць пад спадніцу якой гожанькай прыслузе… Сур’ёзныя людзі, спрактыкаваныя воі, найміты на службе ў часовага пана. Пранціш стаяў у ценю язміну, сціснуўшы зялёнае горла паўпустой бутэлькі, нібыта хацеў яе задушыць… А потым кінуў у траву, нават не паспрабаваўшы дапіць. Таму што пазнаў аднаго з вершнікаў, таго, хто кіраваў атрадам. Пазнаць яго было няцяжка: здаровы, як мядзьведзь, з белымі валасамі і брывамі і бяздоннымі вачыма. Герман Ватман, найміт Багінскіх.
І Пранціш не сумняваўся, куды яны кіруюцца — у маёнтак Агалінскіх.
Малады драгун не разважаў. Ён падыйшоў як мага больш разняволенай хадой да Лёдніка і паведаміў, што мусіць вярнуцца па забытую ў Агалінскіх вельмі дарагую сэрцу рэч, а менавіта срэбны корд. Таму няхай едуць сабе ў Вільню, а ён дагоніць. А калі прыпозніцца — хай не хвалююцца. Дарослы пан, не студэнт.
— За кордам, значыць, — скептычна кінуў Лёднік, як відаць, не паверыўшы. — Захацеў усё-ткі пабаляваць з панам Гервасіем? Глядзі, панапіваецеся — не пабіцеся!
— Пастараюся! — весела вымавіў Пранціш і рушыў падалей ад шчаслівага сямейства. Схапіў першага стрэчнага мужыка за каршэнь:
— Ці ёсць тут якая яшчэ дарога да Глінішч, карацейшая?
Мужык падумаў, пачухаў галаву:
— Хіба што вунь там, лагчавінай праехаць… Толькі па дарозе будзе балота, дзе нядаўна малы паніч утапіўся з карэтай.
Вырвіч зноў гнаў каня колеру спелага каштану, і думаў пра тое, што Паланэйка займее таго, чаго баялася… Цікава, што даручана Ватману — толькі звесці паненку, альбо зрабіць яе ўдавою? А можа, вырашана абодвух, без магнацкага бласлаўлення пашлюбаваных, зняволіць? Сястру сваю пан Багінскі, вядома, забіваць не стане — а вось у манастыр адправіць.
Дарога была — так, адно найменне, што дарога. Ледзь пазначаная, голле сцябала па твары, па плячах… А потым і праўда пачалося балота. Конь паслізваўся на гліне, у адным месцы, саступіўшы са сцежкі, праваліўся ледзь не па грудзі… А вось і месца, дзе ўтапілася карэта — тут з балоцістай сцежкай скрыжоўвалася больш шырокая, наезжаная дарога, відаць, тая самая, па якой вось-вось да маёнтка даедзе атрад пад камандай Ватмана. На скрыжаванні стаяў нядаўна пастаўлены дубовы крыж — не звычайны, прыдарожны, аброчны, а ў памяць загінулых — пад ім, на грудку чорнай зямлі, ляжалі зрэзаныя, яшчэ не прывялыя, кветкі.
Пранціш, выпацканы ў гліне і твані, з наліплай на адзенне раскай, уляцеў на двор маёнтка Агалінскіх, як памежнік за кантрабандыстам:
— Пан Гервасій! Пані Паланэя! Зараз жа з’язджайце!
Агалінскі паспеў ужо, відаць, куфаль-другі піва выжлуктаваць і атрымаць за гэта ад ласкавай жоначкі добага прачуханца. Пачуўшы, што здарылася, ён страпянуўся, як певень, які праспаў світанак:
— Ну я іх сустрэну, гіцаляў! Гарматы падрыхтаваныя, зараз людзей узброю — і…
Паланэя, якая збялела, калі прагучала імя Германа Ватмана, тузанула мужа за рукаў.
— Нагадаю васпану, што гэта не купка нападнікаў, а людзі майго ягамосці брата, генерал-маёра і стольніка літоўскага… І ён, калі што, можа сюды цэлую армію прыслаць. Васпан будзе трымаць аблогу супраць цэлага войска? Вайну ўчыніць на ўсё княства? Я не Сафія Алелькавіч, а ваша мосць — не Януш Радзівіл. Гэта раней да вас на дапамогу прыскакалі б сваякі ды сябры… Але з-за нашага шлюбу вы — адзін. Усе адвярнуліся. Едзем да карабля!
Пан Гервасій лаяўся, праўда, ціха, але праз лічаныя хвілі абодва сядзелі ў карэце — на шчасце, куфры загрузілі яшчэ ўчора. На развітанне Паланэйка пацалавала Пранціша:
— Няхай пан знойдзе сваё шчасце! І… даруе мне за ўсё. Не буду прасіць — не забывайце мяне… Наадварот — няхай іншая, лепшая, як найхутчэй выцісне ўсялякі ўспамін пра мяне. А я ніколі не забудуся на адважнасць і дабрыню пана Вырвіча.
І нешта невялікае і цяжкое сунула яму ў руку…
Калі карэта схавалася з вачэй, Вырвіч усвядоміў, што шчокі ганебна мокрыя… Ды што ж гэта — расплакаўся, як дзяўчынка! Пацягнуўся кулаком выцерці — успомніў пра заціснуты там падарунак… Крыж. Залаты крыж на ланцугу, увесь усыпаны дыяментамі, рубінамі, смарагдамі, сапфірамі… Аж вачам глядзець балюча. Каралеўскі падарунак! Ды за гэты крыж, напэўна, вёску купіць можна!
Але на душы лягчэй не стала. Пранціш уздзеў дарагую рэч на шыю, засунуў пад кашулю… Што ж, мінулы раз, калі княжна паслала Пранціша на смерць у полацкія сутарэнні, яна ўзнагародзіла Вырвіча каштоўным кінжалам персіянскай працы… Той застаўся дзесь у тамашоўскіх сутарэннях, прыўлашчаны турэмшчыкам. А калі паненка разбіла свайму рыцару сэрца — адкупілася крыжам… Ці прынясе ён яму больш удачы?
Вырвіч кіраваў каня знаёмай балоцістай сцежкай, апусціўшы галаву, чуючы толькі ўласныя цяжкія думкі… Таму на скрыжаванні не адразу заўважыў, што па вялікай дарозе набліжаюцца вершнікі. Халера! Таксама — вой знайшоўся! Варона, а не вой!
Вырвіч прыпусціў каня па сцежцы, спадзеючыся, што яго не паспелі заўважыць з гасцінца. Але калі ззаду пачуліся галёканне і стрэлы, зразумеў, што папаў, як верабей у шапку.