Изменить стиль страницы

— Ты можаш прасіць толькі пра тое, каб вам дазволілі сысці, — строга прагаварыў Лёднік. — І зараз жа адпусці пана Вырвіча — іначай ніякіх перамоваў!

Найміты Ватмана змрочна збіліся ў купку вакол правадыра, цэліцца ім даводзілася ва ўсе бакі — бо і слугі з маёнтка ачомаліся і далучыліся да абароны ад наезду. Перавага відавочна была не на баку пасланцаў князя Багінскага.

— Адпушчу гэтага ілгуна, калі пагодзішся на двубой! — заявіў Ватман.

— Бутрым, не згаджайся! — пракрычаў Пранціш, спрабуючы выкруціцца з рук наймітаў. — Гэта пастка! Мы і так пераможам!

— Пан доктар, дазвольце, мы іх пастраляем, як цецярукоў! — выгукнуў з-за дрэва адзін з мужыкоў, у якога ад нецярпення стрэльба ў руках уздрыгвала. — Сярод нас паляўнічыя ёсць — у вока вавёркі трапляюць!

Ватманскія людзі паныла пераглядаліся — жадання гераічна паміраць за чужую справу ў іх дакладна не было. І Ватман не мог гэтага не разумець.

— Давай, Герман, не дурэй… — буркатліва прагаварыў Лёднік. — Сам бачыш — шанцаў у вас няма. Проста адпусціце хлапца і без усякіх двубояў сыходзьце. Няма чаго кроў дарэмне ліць, ні сваю, ні чужую. І так яе зашмат праліваецца.

— Баішся мяне, доктар? — злавесна прагаварыў Ватман, выходзячы наперад пругкай хадою — здаровы, як мядзведзь, белавалосы, белабровы, са спаласаваным шнарамі ружовым тварам. — А вось жоначка твая мяне не баялася. Ведаеш, так лягалася — дасюль сінякі не сышлі…

Ватман здзекліва засмяяўся, і Пранціш схаладнеў, зразумеўшы, што задумаў найміт.

— Не расказала табе чароўная Саламея пра нашу з ёй прыгоду? — насмешнічаў Ватман. — Што ж, у кожнай жанчыны ёсць свае сакрэты. А тут такая жанчына… Ніколі не забыцца мне тае начы! — пан Герман з насалодай прастагнаў. — Я пастараўся навучыць яе хоць чамусьці… Ты ж так і не дапяў, дактарок! Дзе табе… Такую жарсную кабету задаволіць няпроста… А я дужа стараўся!

— Мярзотнік! — Лёднік выхапіў шаблю і ступіў да Ватмана. Той дастаў сваю зброю.

— Дык што, двубой? На тых умовах, што агучвалі?

— Згодны! — скрозь зубы прагаварыў Лёднік, зняў камзол, скінуў на зямлю, стаў у пазіцыю. Пранціш адчуў, што яго адпускаюць, і падляцеў да доктара.

— Нашто ты паддаўся? Ён жа спецыяльна цябе расцвельваў! Падумай пра малога!

Лёднік няўважна адсунуў хлапца ўбок — і Пранціш зразумеў, глядзечы на ягонае аблічча, што словы бескарысныя. Для абодвух дуэлянтаў самым важным на свеце цяпер было — забіць ворага. Адразу абаім не было месца на гэтай не такой малой зямлі.

І, як і баяўся Пранціш, ад прадчування выбітнога відовішча вочы ў людзей загарэліся, усе — і найміты Багінскіх, і мужыкі з Карытнікаў, і лясныя браты, і лёкаі з маёнтка — на час нават забыліся на сваю варожасць, падцягнуліся бліжэй, каб лепей бачыць. Доктар — фехтавальшчык выбітны, вунь лёгка стаў чэмпіёнам лонданскага байцоўскага клубу… А Герман Ватман — вядомы на ўсю Еўропу найміт-забойца, якога перакупляюць каралі і князі. Тры гады таму ў полацкіх сутарэннях Пранціш і Лёднік удваіх не маглі з ім справіцца.

Момант, калі лязо сустрэлася з лязом, проста немагчыма было адсачыць. Як бы збліснулі дзве маланкі і адскочылі. Доктар рухаўся лёгка і прутка, кідаўся, як змяя, але і Ватман, падобны да скалы, быў хуткі і плаўны — як вадзяныя цмокі ў глыбінях марскіх… Каб справа была ў Лондане — зараз пачалі б рабіць стаўкі, і нехта разбагацеў бы нечувана.

— Не разумею цябе, доктар, — усміхаўся Ватман, — з чаго б табе заступацца за тую магнатку, што спрыяла зняволенню тваёй жонкі, сілком змусіла цябе ў падарожжа ехаць? Ці за выкармыша радзівілаўскага — ты ж быў рабом ягонага брата, і я бачыў тваю спіну. Што табе да багацеяў, якія цябе скарыстаюць, як трэсачку ў зубах пакалупацца, ды выкінуць грэбліва. Няўжо ты не хочаш іх пакараць? Скажы, куды яны з’ехалі, а потым, як выканаю сваю місію, мы з табой зноў сустрэнемся — і ты пакараеш мяне… Калі вядома, зможаш.

Найміт адбіў цэлую серыя выпадаў Лёдніка нязмушана, як бы ў чыжыка гуляў.

— Я не за іх, я за сябе б’юся, — скрозь зубы прагаварыў Лёднік. — Я аднаго ад усіх гэтых магнатаў ды князькоў хачу — каб пакінулі нас у спакоі! Перасталі гандляваць Беларуссю! Каб вырашалі свае амбіцыі, як павукі ў слоіку: перагрызіцеся вы там усе і пакіньце нам нашую зямлю!

Герман ледзь не дастаў доктара ў бок… Але ж не дастаў, з прыкрасцю хмыкнуў:

— А ты не заплыў тлушчам, Бутрым. Скачаш, як блыха. А ў спакоі вас не пакінуць — бо калі ёсць зямля, будуць тыя, хто захоча ёю ўладарыць. А пакуль будуць уладары — ім спатрэбяцца такія, як я.

— А вас, наймітаў, забойцаў, мы паганым венікам з Бацькаўшчыны будзем вымятаць! — Лёднік шалёным наступам змусіў Ватмана адысці і нават чыркануў па падбароддзі кончыкам шаблі, але зараз жа сам змушаны быў адступіць. Кожны ўдар Ватмана быў такой моцы, што стрымаць яго без высілкаў мог хіба той Галіяф, які заваліў пана Гервасія Агалінскага на байцоўскай пляцоўцы ў Лондане. Але доктар трымаўся — за кошт свайго майстэрства ды зваротлівасці, якія ўраўноўвалі недахоп сілы ў параўнанні з белавалосым гігантам.

— Нікуды мы не падзенемся! — выскаляўся Ватман. — Мы будзем прыходзіць і забіраць вашых жанчын, і атрымліваць ва ўзнагароду маёнткі, якія адбяруць у бунтаўнікоў, і вы станеце выхоўваць нашых дзяцей… А вось цікава будзе, калі пані Саламея народзіць ад мяне сына! І ты будзеш яго гадаваць! Папытаўся, дарэчы, ці не цяжарная жоначка — раз ты не змог ёй дзіця зрабіць, магчыма, у мяне атрымалася?

Доктар скрыжаваў зброю з наймітам з такой ятрасцю, што каб той быў слабейшы — паваліўся б, як сухая чараціна. Нейкі час біўся моўчкі, зацята… А потым здушана прамовіў:

— Няхай так… Няхай! У таго дзіцяці будзе і наша кроў. І мы выхаваем яго ў любові да гэтай зямлі, каб ён да апошняга змагаўся за яе з такімі, як ты! Каб ён не даў тваім гаспадарам прадаваць нас за магчымасць атрымаць уладу хоць з чыіх рук!

— Нічога ты не зробіш, доктар, — пагардліва прагаварыў Ватман. — Ні ты, майстар вучоны, ні рамантычныя хлопчыкі, як твой вучань, ні гэтыя мужыкі. Вы — або інструменты, якім дазваляюць мець трошкі клёку, ці проста быдла, якое ганяюць пугай. Па мне, дык лепей трымаць пугу ў руцэ.

— Ты ўпускаеш адну важную дэталь, Герман, — са стрыманым гневам прагаварыў сын полацкага гарбара. — Пугай можна пагнаць у храм ці на вайну… Але не прымусіш шчыра маліцца альбо стаць героем. Можаш згвалціць жанчыну — але не прымусіш яе пакахаць. У кожнага павінна быць тое, у што ён верыць і за што не збаіцца паміраць. Што ў цябе такога ёсць, а? Замак у чужой краіне, напханы нарабаваным дабром? У мяне — мая каханая, мой сын, мой вучань, мой Полацак…

— Пафасам не захлыніся, прафесар, — кінуў раззлаваны найміт. — Прамаўляеш, як героі старажытнагрэцкіх трагедый. Зараз я цябе проста заб’ю. І праз трыста гадоў ніхто не ўспомніць доктара Баўтрамея Лёдніка з усімі яго подзьвігамі. А пра паноў Багінскіх, Сапег, Радзівілаў, Панятоўскіх ды іншых уладароў — будуць чытаць і пісаць у кнігах. Якімі б пры жыцці паскуднымі, здрадлівымі, жорсткімі яны ні былі. Гісторыя — рэч несправядлівая! І калі не прызначана тваёй Беларусі быць — яна знікне, расчыніцца ў іншых краінах, як дзясяткі і сотні да яе дзяржаў, княстваў, герцагстваў…

— Яна не знікне ніколі, таму што заўсёды будуць нараджацца такія, як мы! — сказаў Бутрым, глыбока ўздыхнуў — як заўсёды рабіў, калі праганяў злосць, нервовасць, стому — і гледачы атрымалі задавальненне… Праціўнікам было больш не да слоў. Яны ўжывалі ўсе свае ўменні напоўніцу. Не для форсу, а каб забіць і не быць забітым. Сонца паволі знікала за лесам, цені раслі, быццам набліжаліся цікаўныя здані. У двары маёнтка Агалінскіх зрабілася шумна — бо гледачы захапляльнай бойкі раўлі, падбадзёрвалі дуэлянтаў, лаяліся… Карацей, нічым не адрозніваліся ад натоўпу ў Дракошчыне, Тамашове, Лондане ці Вільні, якому паказваюць відовішча з крывёй і смяротным завяршэннем… А завяршэнне мусіла быць хутка. Бо абодва дуэлянты стаміліся, пот і кроў залівалі вочы. Нарэшце Ватман зароў, як мядзведзь, і так махнуў шабляй вакол сябе, перакруціўшыся, як ваўчок, што доктару, каб пазбегнуць удару, давялося кульнуцца на зямлю. Зараз жа у тое месца, дзе ён упаў, уторкнулася шабля. Доктар круціўся па стаптанай траве, як вужака, ледзь паспяваючы ўхіляцца ды лежачы адбіваць удары, Ватман з хэканнем сек шабляй, не даючы ворагу падняцца… Вырвіч бегаў туды — сюды, спрабуючы ўсачыць за кожным рухам бойкі…