Изменить стиль страницы

— Яна і ў жыцці такая ж прыгожая? — ціха папыталася Саламея.

Доктар уздрыгнуў ад такой праніклівасці жонкі, і, прамарудзіўшы, стрымана адказаў, не азіраючыся:

— Яшчэ прыгажэй. Воск не перадае характар… Уладнасць, жорсткасць… Наіўнасць. Вар’яцкае спалучэнне.

Саламея сціснула рукі, але наважылася на пытанне:

— Яна закахалася ў цябе?

Бутрым адвярнуўся ад лялькі, якая пазірала ненатуральна вялікімі шэрымі вачыма на партрэт Галена, быццам прыкідвала, ці не варта і гэтага славутага доктара залучыць да сваёй світы.

— Яна пагулялася мною. Такі быў капрыз асобы каралеўскай крыві. Можа быць, апошні капрыз у яе жыцці. Яна… загінула.

Пані Лёднік сутаргава ўздыхнула, абняла мужа за плечы, прыхінулася да яго вінавата прыгорбленай спіны.

— Дарагі, не пераймайся, прыхамаці радавітых асобаў нам добра знаёмыя. Успомні, як я была ў палоне ў князя Гераніма Радзівіла. Кожны з нас… можа патрапіць у такія варункі, калі ўсе нашыя цноты нас не ўберагуць, — пры гэтых словах голас Саламеі змяніўся, Пранцішу падалося, што пані зараз заплача, але яна перасіліла сябе і загаварыла больш весела. — Добра, што гэтай высакароднай даме не зажадалася нанесці табе шкоду. Ведаеш, з тваім характарам падобнае жаданне ўзнікае шмат у каго з тваіх знаёмцаў.

Лёднік павярнуўся, схапіў жонку ў абдоймы, схаваў твар у яе чорных, бліскучых, як шоўк, валасах.

— Я не варты цябе… Ты маеш рацыю — забыцца на ўсё, як на страшны сон… Толькі б яшчэ даведацца, ці стрымаў слова пан Агалінскі, ці мой хлопчык не пакутуе, ці не сапсаваны ягоны лёс…

— Ягоная мосць пан Агалінскі — сапраўдны шляхціц, ён трымае слова, — запэўніла Саламея. — Вось пабачыш — у хуткім часе аб’явіцца!

Зіма паціху канала ў калюжынах і лагчавінах, апошнія лапікі бруднага, як пабітага воспай, снегу ператвараліся ў веснавыя ручаіны, што буркаталі, бы сярдзітыя прафесары, і смяяліся, як пракудлівыя студыёзусы. Потым цёмнае цела ліцвінскай зямлі прыбралася ў зялёныя рызманы травы, і буслы па-гаспадарску аглядалі новыя гнёзды, не ведаючы, якое з іх ацалее.

А потым Пранціш Вырвіч вярнуўся дадому не сам. Па-праўдзе, прынеслі яго, як мех груцы, ягоныя аднакурснікі на чале з чарнявым мацаком-гарадзенцам Недалужным. Аднакурснікамі яны былі ўжо былымі — бо паны студыёзусы ператварыліся ў дыпламаваных дактароў вольных навук! З якой нагоды і быў учынены баль, пасля якога прыбавіцца працы шкельнікам, якіх жыхары слаўнага места Вільні будуць запрашаць устаўляць новыя шыбы, ліхтаршчыкам, якія будуць замяняць разбітыя ліхтары, карчмарам, якім давядзецца закупляць новы посуд…

— Калі я атрымаў дыплом у Празе, мы з сябрукамі загарнулі ноччу ўсе статуі на Карлавым мосце ў белыя прасціны, а раніцу я сустрэў на верхняй пляцоўцы званіцы, — меланхалічна сказаў Лёднік устрывожанай жонцы. — Прычым як я патрапіў на тую званіцу — забіце, не ўспомню.

І пайшоў варыць свайму вучню свежае зелле ад наступстваў начнога балявання.

Нараніцу Пранціш сапраўды мала што мог успомніць. Але дыплом — вось ён, з пячаткай! І шапачка доктарская, і мантыя! Цяпер можна заняцца і вайсковай кар’ерай… Хай прафесар выбачае — але медыцына Пранціша не вабіла.

Пасля візіту да палкоўніка коннага рэгімента вялікай булавы пана Мыцельскага, сябра памерлага вялікага гетмана Радзівіла Рыбанькі, што адбылося дзякуючы пратэкцыі доктара Лёдніка, Пранціш яшчэ больш павесялеў: яго чакала цікавае прызначэнне ў Ковенскі павет і для пачатку чын падхаружага з гадавым акладам ажно ў сто пяцьдзесят польскіх злотых! Не агледзяцца — стане бравы рыцар Вырвіч харужым, потым — капітанам, потым… Сто разоў пашкадуе паненка Багінская, што прамінула такога малойцу!

Пранціш, ганарыста заламаўшы новенькую шапку, зайшоў у дом з зялёнымі аканіцамі ля Вострай брамы. Хвелька, які і не падумаў схуднець за час расстання з доктарам, пакланіўся маладому пану Вырвічу асабліва ўрачыста: зразумеў, што цяпер пан не студэнт, а сапраўдны рыцар! Напрыканцы тыдня будзе гатовы драгунскі мундзір, італьянскі конь колеру спелага каштану чакае ў стайні, іншы рыштунак набудзецца… Вырвічу нават аванс выдалі — з увагі на асаблівыя адносіны да Лёдніка гетмана-нябожчыка, які да смерці сваёй быў шэфам рэгіменту.

А вось доктара, перад якім асабліва хацелася пахваліцца, дома не было. Пані Саламея дарэмна намагалася хаваць трывогу.

— Прыходзіў пан Агалінскі, — расказвала яна. — Вясёлы такі, прыбраны… Пагаварылі з Бутрымам, і паехалі.

— Куды? — разгубіўся Пранціш.

Пані Саламея паціснула плячыма.

— Бутрым сказаў — у госці да пана Агалінскага. Нібыта даўно слова даваў да яго з’ездзіць, вось і настаў час… Жартаваў, усміхаўся… А ў мяне нешта на сэрцы неспакойна. Разумею, што дарэмна турбуюся — паехаў да сябра. Сына свайго, напэўна, пабачыць, пацешыцца… Ну хіба што перап’юцца з панам Гервасіем…

Але голас пані дрыжэў, а пабачыўшы, як бялее твар Пранціша, Саламея дык і зусім голас страціла.

Не можа быць… Вырвіч даўно і думаць кінуў пра страшную прысягу Лёдніка, пра пагрозы пана Гервасія засцябаць таго да смерці за свайго брата і братаву жонку, у гібелі якіх вінаваціў доктара… Пасля перажытага разам! Пасля таго, як доктар столькі разоў таму ж пану Гервасію ратаваў жыццё, столькі разоў выяўляў свае ахвярнасць і высакароднасць — а яе ж у сына гарбара было не пазычаць… Няўжо Амерыканец вырашыў скарыстацца правам на жыццё былога раба?

А Лёднік — вось жа ўпарты! Да згубы ўпарты! Мог і паехаць на смерць…

Пранціш кінуўся ў прафесарскі кабінет, без усялякіх цырымоній параскідваў на стале паперы, павыцягваў шуфляды… У верхняй ляжаў запячатаны канверт, падпісаны пані Саламеі Лёднік і пану Пранцішу Вырвічу. Новаспечаны доктар і падхаружы не вагаўся: разарваны канверт паляцеў на падлогу, а змесціва…

Аркуш выслізнуў з пальцаў і адправіўся на падлогу за разарваным канвертам. Саламея падняла паперу, прабеглася вачыма па роўненькіх радках… Непаслухмянымі вуснамі спытала Вырвіча:

— Што гэта значыць?

Вырвіч схапіўся за галаву. Ён жа даваў слова Лёдніку не расказваць ягонай жонцы пра прысягу!

— Ведаеш, дзе маёнтак Агалінскіх? — раптам уладна крыкнула кабета, схапіўшы Пранціша за каўнер. — Пакажаш дарогу! Едзем!

І зноў яны гналі коней, і зноў цаной было жыццё… Вецер, які яшчэ захоўваў веснавую пранізлівасць, нецярпліва падганяў у спіны, з пад капытоў коней расплюхвалася фантанамі брудная вада, якая яшчэ нядаўна была празрыстым, бы дыяменты, дажджом. Пранціш паглядаў на ваяўнічы профіль жанчыны, якая прыгнулася да шыі каня, нібыта хацела прыспешыць тым ягоны бег, і прыходзіла ў галаву, што не хацеў бы ён апынуцца на месцы таго, хто пакрыўдзіць ейнага каханага. Ды і пісталеты пані прыхапіла з сабой. А што такога? Жаночыя двубоі — справа звычайная. Нават расійская імператрыца Кацярына яшчэ ў якасці жонкі спадчынніка трону кожны год па некалькі разоў бывала секунданткай у сваіх прыдворных дам. Ёсць кабеты ў Еўропе, якія і мужчын на двубоі выклікаюць. Адна такая, у Францыі, адразу з двума білася на шпагах, аднаго прыкончыла ўколам у горла, другога — у сэрца. Нават кароль умяшаўся і загадаў баявітай паненцы больш двубояў не ўчыняць. Панна Багінская вунь як спрытна ўпраўляецца з кінжальчыкам, хоць і шчуплая… І пані Саламея, падобна, не схібіць.

Маёнтак Агалінскіх быў не такі вялікі, як палацы Багінскіх і Радзівілаў, але ўсё-ткі — двухпавярховы мураваны дом з калонамі, каменныя гаспадарчыя пабудовы, прыгожы парк з мармуровымі альтанкамі… Яшчэ было заўважна, хоць гасцей прапусцілі без перашкод, што маёнтак падрыхтаваны да абароны, як сапраўдны замак — нават гарматы стаялі на валах.

— Дзе ягоная мосць пан Гервасій Агалінскі? — крыкнуў Пранціш лёкаю ў белай світцы. Той спалохана пакланіўся:

— Ягоная мосць пан з госцем пайшлі на стайню… Туды вось… За дрэвамі… Але пан Гервасій загадаў іх не турбаваць! І каб ніхто да стайняў не падыходзіў! Ні блізка! Пабачыць, што хтось падглядае — вушы адсячэ!

Апошнія словы лёкай з адчаем крычаў ужо ў спіну гасцям.

Завярнуўшы за кут доўгай каменнай будыніны, у якой размяшчаліся стайні, Пранціш пабачыў дзве постаці… І спыніў Саламею, зашаптаў: