- Што табе тры пернiкi! Кiдай свой шастак i цягнi нумарок! Адразу ўвесь воз будзе твой.

Я так i зрабiў: укiнуў грошы, пацягнуў нумарок.

I што б вы думалi: выцягнуў шчаслiвы нумар, сапраўды капу пернiкаў.

Хлопцы аж пазайздросцiлi.

- Ты падумай, колькi шастакоў пракiдаў - нiчога няма. А гэты малы - з аднаго разу ўвесь кон i забраў...

Але што рабiць далей? Я ж не данясу дамоў такi выйгрыш. Тыя ж хлопцы знялi з мяне кашульку, спакавалi ў яе пернiкi i памаглi дадому паднесцi.

Мацi мая напужалася. Падумала, што я абрабаваў тую гандлярку.

Павiнен прызнацца, што гэта быў мой адзiны выйгрыш за ўсё жыццё. У далейшым я выйграваў толькi тое, што зарабляў сваёй уласнай працай, якая не заўсёды бывала лёгкая.

Дзядуля размаўляе з бацянамi

Скончылася зiма. Снегу бадай не засталося. Толькi дзе ў равах, у нiзiнах, пад дрэвамi. Сонейка прыгравала так, што ад зямлi аж пара iшла. На бярозах, на многiх iншых дрэвах пачалi трэскацца пупышкi, i з'яўлялiся светла-зялёныя, кволыя лiсточкi. На стрэхах i ў застрэшшах заўзята цвiркалi i цiўкалi вераб'i, нiбыта вiтаючы вясну. Вiталi яе i мы, усе малыя дзецi. Гэта ж не жартыпраседзець колькi часу ў хатах, толькi ў адлiгi выбягаючы на панадворак, ды i то - крадком.

I раптам - дзiва, навiна: бацяны прыляцелi! А жылi яны на дзядулевай сядзiбе, на старым клёне. На верхавiну клёна было зацягнена старое кола. На iм i змайстравалi сваю сядзiбу бацяны.

Дзед быў на гумнiшчы. Збегалi да яго.

- Дзядуля, бацяны прыляцелi!

Дзядуля бачыў iх неаднойчы, але ж трэба даць радасць малым, аддзякаваць iм за тое, што прынеслi добрую навiну.

- Прыляцелi? Добра, дзеткi. Зараз iду.

Падышоўшы да клёна, дзядуля выгукнуў:

- Дзень добры, боця!

Бацян нахiлiў галоўку з дрэва i заляскаў дзюбкай:

- Та-та-та-та...

- Дзе ж ты лётаў? Што ж ты бачыў?

Бацян зноў у адказ:

- Та-та-та...

- Жывi шчаслiва ў нас. Нiхто цябе не скрыўдзiць. А калi што якое - адразу скажы мне. Я таму дам кару добрую...

Бацян паўтарае сваё:

- Та-та-та-та...

Мы ўсе да сваiх матак.

- Мамачка! Дзядуля з бацяном размаўляў. А боця яму пра ўсё апавядаў: як ён лятаў, куды, што дзе бачыў...

Размаўляў цi не размаўляў, але нейкае паразуменне мiж iмi было. Трэба сказаць, што адзiн бацян аднойчы закульгаў, недзе ў вялiкiм падарожжы пашкодзiў ножку. Колькi часу жыў ён у дзеда. А пасля - ведалi дакладна: сем гадоў прылятаў ён, кульгавы, на сваё гняздо.

Пасля загiнуў недзе. Пачаў прылятаць новы жыхар гэтага гнязда.

Як зайцы на ямiшчы гулялi

Нашы каровы на пасецы пасвiлiся добра. Набiралiся-наядалiся яны спажыўнай травы ўсялякай, ад чаго давалi нашай вялiкай сям'i малако i масла. Масла было такое духмянае i прыгожае з выгляду, што кабеты суседскiя, пабачыўшы яго, казалi маёй маме:

- Не хочаш праўду сказаць, ты яго шафранам падфарбоўваеш.

Але, зразумела, нiчым гэтага масла мая мама не падфарбоўвала. I колер, i смак, i духмянасць давалi яму травы, мурог...

Мая задача была яшчэ прасцейшая: толькi не перашкаджаць каровам у сваёй справе адбору травы ды на палудзень перагнаць да возера. Там яны пiлi, заходзячы ў ваду, пасля, уклаўшыся ў халадку, пад дрэвамi, адпачывалi, жавалi жвачку...

Пакуль не надышоў гэты паўднёвы час, я займаўся сваiмi назiраннямi, размаўляў з птушкамi, якiя падляталi да мяне зусiм блiзка, ледзь на плячо не садзiлiся. Некаторыя нават спявалi кароткiя песенькi. На доўгiя ў iх часу не хапала. Усе яны спяшалiся аднесцi ежу ў гняздо сваiм птушаняткам, якiя ўжо апярылiся i сталi падлёткамi, патрабавалi ежы ўдвая больш, чымсьцi раней. Некалькi разоў я паднiмаў такiх падлёткаў з зямлi i саджаў назад у iхнiя гнёзды, з якiх яны павывальвалiся, спрабуючы свае крыльцы.

Назiраў я за рознымi кветкамi, як яны паступова ператваралiся ў плады, ягады. Набiраў пакрысе ў торбачку i добрых грыбоў, каб хапiла падсмажыць i падвесялiць вячэру ўсёй нашай сям'i. Плёў часам кошычкi для хатняга ўжытку... Але багата часу праводзiў, слухаючы музыку, спевы, гоман бору.

Аднойчы так я суцiшыўся, захапiўся гэтым нiбыта знаёмым i заўсёды новым гоманам бору i раптам чую, што ў гэтай музыцы з'яўляюцца нейкiя нязвыклыя для майго вуха гукi. Так, пэўна, уяўляю я цяпер, дырыжор аркестра чуе на рэпетыцыi якi-небудзь рып не ў час адчыненых дзвярэй або чый-небудзь прыглушаны кашаль.

Дык вось i я, хоць быў толькi сцiплым слухачом канцэрта, якi давала генiяльная мастачка - прырода, пачуў нейкiя нязвыклыя, дысанансавыя гукi: "пто"... "'пто"... "пто"... i затым "оп"! I так разоў дзесяць запар.

Я цiхенька ўзняўся i, цiкаючыся, пачаў наблiжацца да сасонак, за якiмi былi ямiшчы, - напалову засыпаныя леташнiя ямы, дзе зiмой трымалi бульбу. Расхiнуўшы сасновыя лапкi, бачу больш дзесятка зайцоў, вялiкiх i малых, якiя, стаўшы на дзiрванок перад гэтымi ямамi, разбягаюцца, нiбыта паводле нейкай каманды, а затым скачуць праз ямы: раз, два, тры. У гэтым спаборнiцтве некаторыя, асаблiва меншыя, увальвалiся ў якую адну яму. Вось бегучы яны i давалi гукi: "пто", "пто", "пто"... Я нават добра не зразумеў, цi гэта яны лапкамi так тупалi па пяску, цi прыгаварвалi, каб паддаць сабе iмпэту. Глядзеў я, глядзеў, а пасля, калi яны падрыхтавалiся да чарговага перабегу, выйшаў раптоўна ды сказаў:

- Пачакайце, я з вамi...

Куды там! Нават не мог заўважыць: цi яны расталi, цi паразбягалiся так хутка.

Больш яны сюды не прыходзiлi, а можа, прыходзiлi, калi мяне не было.

Дома, пры вячэры, я расказаў пра гэтую гульню. Бацька i растлумачыў, што адзiны зайцаў паратунак - ногi. Вось звяры i практыкуюцца, каб у iх ногi былi моцныя.

"Канец свету"

Перад рэвалюцыяй, гадоў шэсцьдзесят - семдзесят таму назад, у нас, у Беларусi, было мала школ, не было зусiм бiблiятэк у вёсках, не было тады наогул нiдзе на свеце радыё, тэлебачання. Людзi даведвалiся пра апошнiя навiны i пра тое, дзе што на свеце дзеецца ад розных падарожных людзей, ад вандроўнiкаў. Часам гэта былi самыя звычайныя ашуканцы, якiя iшлi ад вёскi да вёскi i памаленьку пашыралi ў народзе ўсялякiя былi i небылiцы. Усюды iх прымалi, частавалi i прагна слухалi розную несусветную лухту. Прыблiзна ў 1906 годзе такiя падарожныя людзi, як згаварыўшыся, на пытанне: "Што чуваць?" адказвалi адно:

- Дужа кепскае чуваць. Будзе скора канец свету. Будзе анёл боскi па небе лётаць, трубiць у трубу, выклiкаць на страшны суд усiх жывых i нябожчыкаў. Паадкрываюцца магiлы, усе жывыя i ўмерлыя стануць перад тым судом...