На якой бы мове нi малiўся айцец Мiхаiл, але стрыг ён сваiх боскiх авечак плённа. Па смерцi ён, даўнi ўдавец, пакiнуў сваiм замужнiм дочкам па пятнаццаць тысяч золатам у банку. А яшчэ ж засталася маёмасць. Адной рагатай жывёлы - трыццаць галоў, ды шафы, сталы, ды розная гаспадарчая драбяза... Усю ягоную маёмасць прадавалi з аўкцыёна. Таксама набралi грошай багата. Ды яшчэ я, добра не разабраўшыся, восем капеек уторкнуў на тым аўкцыёне для абагачэння паповых спадчыннiкаў. Трэба сказаць, што гэтыя грошы я выпрасiў у сваёй мамы, пад свае будучыя (!) заработкi, - было мне тады восем гадоў. А паткнуўся я на той аўкцыён не выпадкова, не бяздумна. Дачуўся быў я, што будуць прадаваць там i ўсе кнiгi з паповай бiблiятэкi. Мне думалася, што яна ў яго была не горшая, чымсьцi ў самога князя, якую мы нядаўна аглядалi.

Пачаўся аўкцыён. Паколькi пра яго было абвешчана з царкоўных амбонаў ва ўсiх блiжнiх царквах, народу сабралася немаведама колькi. Бралi, куплялi нават такiя прадметы папоўскага ўжытку, якiя нiколi не былi i не будуць патрэбны селянiну. Дайшла справа i да кнiг. Царкоўныя кнiгi, псалтыры ўсялякiя, "жыцiя святых" былi ўсе цаною не менш, чым паўрубля. Да iх я не патыкаўся. Але вось абвясцiлi:

- Каталог кнiг Вiленскай публiчнай бiблiятэкi. Цана-сорак капеек. Пераплёт - скураны...

Зiрнуў я. Кнiга тоўстая, вялiзная. А нiхто не дае нiякай цаны. Аўкцыянiст пытаецца зноў:

- Цана - сорак капеек. Хто больш?

Я, набраўшыся духу, выйшаў наперад i заявiў:

- Пяць капеек!

Пабачыўшы такога купца i пачуўшы такую цану, усе дружна засмяялiся.

Аўкцыянiст спачатку крыху збянтэжыўся, але, маючы багатую практыку, адразу знайшоўся i падтрымаў камерцыю:

- ...Каталог кнiг... Цана - пяць капеек... Хто больш? Няма нiкога? Хлопчык! Давай грошы, забiрай гэтую каштоўную кнiгу. Калi ты прачытаеш палову тых кнiг, пра якiя ў ёй напiсана, будзеш паважаны чалавек. Калi ты прачытаеш усе - ты загiнеш. Адзiн розум добра, з двума - трапiш туды, адкуль назад не вяртаюцца...

Я тады не разумеў усiх ягоных прыказак, забраў кнiгу i заплацiў пяць капеек. Але аўкцыянiст пабачыў, што ў мяне ёсць яшчэ тры капейкi. Гэта памагло яму ў далейшым насмяшыць увесь народ.

Падымаючы так па адной розныя рэчы, да вечару распрадаў ён бадай усё. Двое рабочых i былая ахмiстрыня нябожчыка - Марыля - ледзьве паспявалi падцягваць, падносiць рэчы або падводзiць жывёлу да прылаўка. Але вось раптам на стол-прылавак паставiлi нейкую зялёную скрынку, больш падобную на шпакоўнiцу. Толькi што пры боку не было дзiркi для птушак ды вечка пад'ёмнае, на навесках. Прысутныя са здзiўленнем пазiралi на гэтую прыладу. Аўкцыянiст таксама, вiдаць, крыху збянтэжыўся i нагнуўся да ахмiстрынi, пэўна што, пытаўся:

- Навошта такая скрынка была айцу Мiхаiлу?

Калi тая адказала, ён адразу павесялеў i пачаў гульню.

- А вось зусiм незаменны ў кожнай гаспадарцы прадмет, якi павiнен займаць самае пачэснае месца...

Усе здзiўлена натаропiлiся.

- Зроблены з самага найлепшага дрэва найлепшымi майстрамi, адпалiтураваны, пафарбаваны на самым найлепшым пакосце пад натуральнае сасновае дрэва...

Усе зарагаталi.

- Скрынка для таго, каб насiць на рыбалку земляных чарвей, а ў выпадку патрэбы - маёвых хрушчоў...

Рогат узнiмаўся вышэй.

- Цана! - Ён адшукаў вачыма мяне i крыкнуў:- Цана - тры капейкi. Хто больш?

Праз агульны смех даносiлiся галасы:

- Аддай гэтаму хлопчыку дарма!

- Не маю права! Хлопчык! Давай тры капейкi...

Я, не кажучы нi слова, аддаў свае апошнiя тры капейкi, забраў гэтую скрынку i кнiгу i падаўся дахаты. Больш у мяне капiталаў не было, купляць не было на што.

Кнiга стаяла ў нас да самай вайны. Я яе чытаў некалькi разоў. У памяцi засталося багата назваў старадаўнiх кнiг i рукапiсаў. Калi я паступiў у Нова-Вiлейскую настаўнiцкую семiнарыю, мы ўсiм класам былi на экскурсii ў Вiльнi. Наведалiся i ў Публiчную бiблiятэку. Нам паказвалi некаторыя старыя выданнi. Кiраўнiк музея страшэнна здзiвiўся, калi я пачаў пытацца:

- Цi можна паглядзець такiя i такiя рукапiсы? А цi ёсць яшчэ ў вас такiя i такiя кнiгi?

- Як ты, хлопча, дачуўся пра iх?

- Дужа проста: я чытаў каталог вашай бiблiятэкi...

У далейшым жыццi я цiкавiўся заўсёды старадаўнiмi кнiгамi i рукапiсамi. Так мой выпадковы набытак прынёс мне пэўную карысць...

Як старадаўнiя рымскiя пiсьменнiкi гасцявалi ў нашых Агароднiках

Старадаўнiя рымскiя пiсьменнiкi Гарацый, Вергiлiй, Авiдзiй i Апулей прыехалi аднойчы ў нашы Агароднiкi, асялiлiся ў хаце майго прадзеда i жылi там аж да першай iмперыялiстычнай вайны. У часе вайны яны пакiнулi нашу сядзiбу i больш у ёй не бывалi. А як гэта ўсё адбылося, мы зараз даведаемся дакладна.

Пачалося ўсё даўно, у першай палове дзевятнаццатага стагоддзя. Гэта значыць, больш чым за сто гадоў да нашага часу.

Аднойчы жнiвеньскiм адвячоркам мой прадзед Якуб, тады яшчэ зусiм не стары чалавек, сядзеў на лавачцы перад сваёй хатаю. Была субота. Усе тэрмiновыя работы зроблены. Прадзед чакаў, калi ягоны сын Тодар прапалiць лазню. Жанчыны падрыхтавалi бялiзну i ўсё, што патрабуецца для гэтага абраду. Раптам на вулiцы з'явiўся незнаёмы чалавек. Не падобны ён быў да селянiна, не падобны i да якога местачкоўца - нi з постацi, нi з вопраткi. Прыгледзеўшыся добра, падарожны падышоў блiжэй, - Якуб прызнаў яго: гэта быў вяльможны пан Юстын Палiвода, адзiн з самых багатых абшарнiкаў нашае акругi. Ён нiколi, хiба ў дзяцiнстве, не ездзiў на парцы коней. Самае меншае - чацвярык стаеннiкаў запрагалi ў ягоную карэту. Фарэйтары, гайдукi... Адным словам, урачыстая працэсiя, вясельны поезд нейкi, а не тое, каб выезд якi. Зусiм зразумела, што нiколi такi поезд не наведваўся на вясковыя дарогi. Толькi трактам або бойным гасцiнцам праносiўся гэты пан са сваiмi паязджанамi.

А цяпер - абшморганы, збянтэжаны, iдзе ён пехатой праз такую несамавiтую вёсачку, як Агароднiкi. Якуб здзiвiўся. Ды як жа загаварыць з iм? Панам назваць - можа, ён цяпер i не пан, суседам - каб не прыняў за кпiну якую. Урэшце дадумаўся Якуб.

- Чалавеча добры! Адпачнi крыху, пасядзi.

- Дзякую. Трэба iсцi.

- Вечарэе. Куды так далёка iсцi трэба?

Пан Палiвода падышоў з нiякаватым выглядам, сеў побач Якуба.

Пасядзелi. Пагаварылi пра надвор'е, дажджы, пра збожжа. А тут i сын Тодар прыйшоў клiкаць бацьку ў лазню. Павiтаўся з падарожным. Здзiвiўся, бо таксама нiбыта пазнаў яго. Запрасiлi ў лазню i падарожнага.