Пра гэта ўсё абвясцiлi нашай грамадзе вясной 1905 года i папярэдзiлi, каб мы нават не думалi касiць паплавы.

Нашы вясковыя гаспадары страшэнна абурылiся, сабралi грошай i паслалi сваiх прадстаўнiкоў у Вiльню да адваката.

Адвакат азнаёмiўся ўважна з усёй справай i сказаў iм так:

- Браточкi! Праўда - ваша. Тым не менш, я даю вам раду скарыцца, узяць тую гнiлую Залатуху, якую вам даюць, i адступiцца ад паплавоў...

Прадстаўнiкi абурылiся:

- Як так? Мы будзем судзiцца! Закон вышэй князя!

- Браточкi, - зноў кажа адвакат, - увесь царскi закон стане за князя. Хто такi ваш князь? У нядаўнiм - царскi мiнiстр унутраных спраў. Калi вам прысудзiць адзiн суд, нават два, - князь падасць скаргу ў сенат, а там вырашаць справу абавязкова на князеву карысць. У гэтым я перакананы. Што ж будзе ў вас? Прасудзiце грошы i змушаны будзеце ўзяць тое ж самае балота. Што да мяне - дык я ўзяўся б весцi вашую справу без нiякай платы, без грошай, каб была хоць маленькая надзея на поспех...

Вярнуўшыся ў вёску, пасланцы так слова ў слова i сказалi. А тым часам надышла пара i сена касiць. Адкляпалi косы ды i выйшлi ўсе нашыя людзi на левы бок ракi. А паны панаймалi ў суседнiх вёсках касцоў, далi iм на грыўню больш, чым звычайна, i таксама паслалi на той жа поплаў.

Нашы косяць, а тыя, нанятыя, стаяць i глядзяць. Панскiя прыганятыя конна гайсаюць, галасуюць:

- Што вы стаiцё? Жанеце iх адсюль! Мы вас навошта наймалi?

Адзiн з нанятых i адказаў:

- Вы нас наймалi свае лугi касiць, а прывялi нас на сялянскiя. Дык мы i паможам сваiм братам касiць, каб час не марнаваўся...

Пасталi побач з нашымi людзьмi ды, як той казаў, адным махам увесь вялiзны поплаў i скасiлi. А надвор'е было добрае! Сена сохла хутка. На другi дзень па абедзе i стажкi склалi. На трэцi дзень пазапрагалi конi i выехалi вазiць сена ў свае пунi.

Калi глянулi, аж цэлы эскадрон царскiх карнiкаў прыкацiў. Акружылi нашых вяскоўцаў, сагналi iх у адзiн круг ды бiзунамi, ды бiзунамi. А ў бiзуны дрот паўвiваны, а на канцах - свiнец зашыты. Так секлi, так лупцавалi, што крывавыя пырскi ляцелi. Енк, гвалт такi ўзняўся, што не тое каб левы бок ракi, але i правы гатовы былi аддаць князю.

Нацешыўшыся да сыцi, далi загад класцi сена на вазы i везцi яго ў панскiя пунi.

Да самага цямна вазiлi. Усё сена адвезлi. Панскi адмiнiстратар аб'ехаў увесь поплаў, прымусiў падгрэбсцi, дзе былi пазаставалiся маленькiя кiдкi якiя. Тады толькi адпусцiлi нашых вяскоўцаў дадому. Так i выйшла, што дарма скасiлi, дарма пасушылi i таксама дарма адвезлi пану ў пуню...

Эскадрон карнiкаў паехаў з вясёлай песняй у маёнтак. Там такiм "ваякам" выкацiлi бочкi гарэлкi, - бровар у князя свой! - а на закуску i кiлбасы, i вяндлiна... Адным словам, баль такi закацiлi, што некаторыя ўпiлiся страшэнна. Песнi, гойканне да паўночы былi чутны.

I вось апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар. Вялiзны пажар. Занялося адразу ў дваццацi месцах. Гарэлi аборы, стайнi, вазоўнi, гумны, свiрны, пунi. За вярсту ветрам адносiла дошкi з агнём.

Ад вялiкага маёнтка, можна сказаць - гарадка, застаўся быў адзiн палац ды некалькi камянiц. А ўсе драўляныя будынкi пагарэлi. Паабпякалiся многiя карнiкi, у некаторых пагарэла вопратка. Ад'язджалi яны з маёнтка накшталт напалеонаўскага войска з Масквы: хто ў цывiльнай вопратцы, хто з падвязанымi скiвiцамi...

Пасля наехалi жандары, следчыя, рабiлi допыты, шукалi падпальшчыкаў. Але людзi ў адзiн голас адказвалi: карнiкi напiлiся, параскладвалi ўсюды агнi, пяклi на ражэньчыках сала, самi яны i падпалiлi... Так скончыўся баль. Прыйшлося ўсе будынкi будаваць нанова. А нам, сялянам, дасталася ўсё ж Залатуха замест нашых векавечных паплавоў...

Янук Бiюцкi

Вёску, адкуль ён быў родам, звалi Бiюцi. Ягонае iмя - Янук. Усе звалi яго - Янук Бiюцкi. Нiводзiн чалавек у вочы не назваў чалавека дрэнна. А за вочы казалi:

- Гэта ж тады Янук Дурны быў у нас.

Той Янук, як я пачаў яго памятаць, - сярэдняга росту, не старога веку, так гадоў пад сорак. Апрануты быў у тую вопратку, якую людзi давалi, у кожным разе - у чыстую кашулю, чыстыя белыя нагавiцы. З твару ён, я сказаў бы, нават прыгожы, але нейкi тузганы. Увесь час ягоны твар быў у руху, кожная зморшчынка нiбы краталася, тузгалася. Але асаблiва цiкавыя ў яго былi рукi. Усе людзi звярталi ўвагу на гэтыя рукi. Гэта былi не сялянскiя, а нейкiя панскiя рукi. Iншыя нават сцвярджалi, што ён бачыць гэтымi рукамi.

- Вы звярнiце ўвагу, - казалi яны, як ён аглядае дрэва. Возьме два паленцы. Памацае адно, памацае другое. Адно адразу адкiне прэч. Другое пушчае ў работу: бярэ ножык, пачынае выразаць.

I сапраўды праходзiць невялiкi час - на стол стаўляе каня або кароўку, або якога звярка, або птушку. Залежна ад таго, што ён вымацаў пальцамi пры аглядзе. Просяць дзецi зрабiць птушачку, а ён, памацаўшы дрэва, - робiць конiка. Чаму? А таму, што ён угледзеў сваiмi пальцамi менавiта конiка i вызвалiў яго з таго палону.

Для многiх-многiх дзяцей у нашай мясцовасцi гэны Янук быў найлепшы друг. Усе мы мелi цацкi з ягоных рук, ды якiя мастацкiя...

Згадваючы сёння таго Янука Бiюцкага, я скажу:

- Не, не дурань ён быў. Быў ён выдатны майстар-мастак, толькi ўзяў на сябе непасiльны цяжар: вызвалiць хараство з-пад грубай абалонкi. I надарваўся ад такога непасiльнага цяжару.

Вялiкi мастак так i сышоў са свету, не сказаўшы таго, што мог сказаць сваiмi творамi...

Знакамiты пакупнiк

Быў у нас поп, айцец Мiхаiл Мiркавiч. Ды не звычайны: за свае заслугi перад "верай, царом i айчынай" атрымаў ён узнагароду - архiрэйскую мiтру, галаўны ўбор, якi надзяваецца ў часе царкоўнай службы. Узнагарода была залатая i аздоблена каштоўнымi каменьчыкамi-самацветамi. Ад яе iшло такое зiхаценне, такi бляск, што аж дзiўна было глядзець. Гэтая мiтра давала гонару ўсёй нашай царкве, усёй парафii, гэта значыць раёну. Што там абразы святых! Усе яны неяк прымерклi, стускнелi. Глядзець на мiтру прыходзiлi людзi з суседнiх прыходаў. А манькаўцы казалi iм:

- Што ваш поп! Лысы пень нейкi! А наш - мiтрай накрыты!

Больш дасцiпныя меркавалi, праўда, цiшэй, што мiтра айцу Мiхаiлу дасталася не за так, не за прыгожыя вочы. Казалi, што нiбыта тады, калi пераварачвалi вунiятаў на праваслаўных, забаранялi ў царквах малiцца па-беларуску, дык айцец Мiхаiл самы першы пайшоў на паклон да царскага архiрэя ды яшчэ iншых памагаў паварочваць на чарнасотнiцкi шлях. А цi не самае галоўнае, дапамог многiм упартым папам-вунiятам пераехаць у Сiбiр...