— Пазнаю цябе, Айчына… Што ж, нармальная беларуская сітуацыя, — прафесар пагладзіў жонку па галаве, дакрануўся вуснамі да цёмных бліскучых косаў. — Паколькі я праваслаўны, выходзіць, вораг тым, хто абараняе незалежнасць Рэчы Паспалітай ад Расіі і пры гэтым пазбаўляе праваслаўных усіх правоў… А паколькі лічу сябе не рускім, а ліцвінам, беларусам, і не хачу ісці на службу расейцам, значыць, вораг Генеральнай канфедэрацыі і Расіі. — Прафесар падхапіў на рукі сына, сумна ўсміхнуўся. — Зерне паміж жорнамі… Мне не падабаецца, што канцылярыі і навучальныя ўстановы перайшлі на польскую мову — але не хачу, каб яе замяніла расейская, бо ўсё роўна не дадуць гучаць беларускай, мове Статутаў, мове Скарыны… А значыць, мне будуць біць вокны і калом гнаць у тую ці іншую партыю.
— А што ж рабіць? — разгубіўся Пранціш, і Арыстоцель з партрэту сумна паглядзеў на запхнутыя анучамі вокны.
— Пакуль што мы будзем адпачываць, ад’ядацца і лячыцца! — рашуча скамандвала Саламея, і Алесік, забыўшыся, што ён ужо вялікі, і такому шляхціцу не пасуе сядзець на руках, яшчэ мацней абняў за шыю татку.
Асобнай размовы заслугоўвала пераўтварэнне пана Вырвіча з русявага ліцвіна ў егіпецкага брунета, якое выявілася, калі Пранціш неахвотна сцягнуў з сябе шапку. Алесік доўга скакаў вакол, паказваючы пальцам на «падмененага» дзядзьку і рагочучы, пані Саламея запэўніла, што Пранціш выглядае найлепшым чынам… А Вырвіч з тугой усведамляў, што давядзецца альбо пагаліць галаву па старажытным сармацкім звычаі — некаторыя яшчэ і сёння так учынялі, праўда, пакідаючы доўгі чуб, альбо не здымаць шапку ці хадзіць увесь час у парыку… А што рабіць у шапцы ў храме, ці пры сустрэчы з шаноўным чалавекам? І ў парыку, у нямецкім строі не ў кожную ліцвінскую кампанію сунешся, калі ты не замежнік. Шляхціц павінен шанаваць сармацкія звычаі, бо калі ўвесь час будзе хадзіць у нямецкім строі, за фармазона палічаць, высмейваць пачнуць. Гэта доктар можа сабе дазволіць у замежнае апранацца. А Вырвіч — драгун каралеўскай харугвы, у яго форма…
— Калі давядзецца ісці куды без парыка, забінтуеш мне галаву… — змрочна сказаў ён Лёдніку, які не бачыў нічога асаблівага ў часовай чарнавалосасці Вырвіча. — Пакуль валасы не адрастуць, буду казаць, што паранілі мяне ў Масковіі!
Доктар трошкі паздзекваўся, але ўрэшце, задумліва памацаўшы валасы вучня, паабяцаў, што заўтра ж намяшае расчынне, якое справіцца нават з індыйскай басмай, і верне Пранцішу няхай не дакладна такі самы колер валасоў, але найбольш падобны. Калісьці Лёднік па мянушцы полацкі Фаўст нават філасофскі камень знайшоў… Што яму перафарбаваць нядаўняга студыёзуса!
А за стол давялося сесці ў абліччы егіпцяніна.
Але як жа добра зноў паесці нармальнай ліцвінскай ежы, падрыхтаванай гаспадарлівымі рукамі самай прыгожай у княстве кабеты! Рубцы з анісам, шалтаносы, юц, бэбах, пячыста, крыпаная грыбамі… Пані Саламея прыпасла і калядныя стравы — бо Нараджэнне Хрыстовае сям’я не змагла сустрэць разам. Пернікі, паліваныя рознакаляровай глазурай, з карыцай ды бергамотам, ды сліжыны з макавым малачком раставалі ў роце… Смачныя былі і вішнёвая налівачка, і прыхаваная бутэлька сапраўднай мальвазіі, віна, якое пілі рымскія цэзары, і ў бочцы з якім кароль Рычард Трэці ўтапіў свайго брата, хаця, хутчэй за ўсё, ачарнілі няшчаснага караля, як і віленскага доктара… Нават Хвельку было дазволена выпіць кубак.
Пранціш меркаваў, ці ўмее Ганулька з Макавецкіх так вось смачна гатаваць. Але якая розніца — калі ён з ёй ажэніцца, у яго ж будуць кухары ды кухцікі… А Міхалішыўна, мусіць, проста не змагла нідзе мастацтву кулінарыі навучыцца. Артыстка, адно слова…
— Дык вып’ем жа за самыя беларускія расліны — трыпутнік, дзядоўнік ды жасцёр! — змрочна жартаваў доктар. — Мы — як дзядоўнік, што хавае прыгажосць сваіх кветак за калючкамі і вечна чапляецца за чужое крысо, мы — трыпутнік, які ўстае, як толькі прыбяруць з яго абцас альбо праедзе кола, мы — жасцёр, які не гарыць нават у агні!
Быў, вядома, і няёмкі момант. Лёднік, са знаёмай скрынкай пад пахай, хаваючы вочы, папрасіў Саламею зайсці ў ягоны кабінет на сур’ёзную размову. Палачане доўга гутарылі за зачыненымі дзвярыма — Пранціш зразумеў, доктар распавядае жонцы пра некаторыя абставіны свайго гасцявання ў Паўночнай Пальміры і паказвае карону. Была ў доктара такая прыкуда, не мець сакрэтаў ад сваёй прыгожай палавіны. Вырвічу дужа карцела падслухаць, але ўстрымаўся. Выйшлі абодва з кабінету засмучоныя, але абняўшыся. У чым бы там Лёднік ні прызнаўся, Пранціш быў упэўнены, мудрая Саламея скажа, ёй дастаткова, што Бутрыма вярнулі дадому жывым і нават адносна здаровым.
Так што Каляды, хоць і запознена, але сустрэлі, нават спяваць калядныя песні паспрабавалі хорам.
У гэтым месцы старой шкалярскай калядкі ўсе дружна смяяліся, бо ўявіць іхняга «Бутрымку», які пяе дыскантам, было немагчыма.
А назаўтра ў доме з пабітымі шыбамі былі госці. З’явіліся, як грымоты на снег.
Ды не абы якія. Пазалочаная карэта з гербам Багінскіх, на запятках якой стаялі два лёкаі, а паперадзе ехалі два фарэйтары ў расшытых мундзірах. Піфагор гаўкаў, як заведзены, ды што такое сабачая адданасць перад узброенымі жаўнерамі…
Але не столькі прысутнасць у доме доктара самога віленскага ваяводы, які ўспадчынніў пасаду пасля выгнання Пане Каханку, усхвалявала насельнікаў дому, а з’яўленне ягонага целаахоўніка. Здаровага, як мядзьведзь, з белымі валасамі і брывамі, з бяздоннымі чырвонымі вачыма…
— Ватман! Не запрашаў цябе ў свой дом, — прамовіў збялелы доктар, захінаючы сабой жонку, якая працінала ненавіснымі сінімі вачыма таго, хто калісьці яе згвалціў.
— А я не па запрашэнні, Баўтрамей, я з ягонай мосцю князем Міхалам Казімірам Багінскім! — выскаліўся найміт. — Не мог прамінуць такой магчымасці — паглядзець на вас, мае даўнія сябры. А вы не змяніліся… Ты, Бутрым, усё такі ж нецярплівы, ты, пані мая, гожая, як мадона, а ты, шкаляр, пракудлівы… А дзе ж наймалодшы Лёднік? О, кропля ў кроплю бацькавіч… Умееш ты, Бутрым, баб счароўваць, і сваіх, і чужых, і зусім-зусім чужых…
— Сціхні, Ватман! — спыніў князь Багінскі насмешны маналог найміта, ад якога гаспадар пачаў ужо азірацца ў пошуках шаблі. Вось князь змяніўся: з’явілася выразнае другое падбароддзе, постаць акруглілася, светлыя вочы сталі яшчэ больш пустымі. Князь неадрыўна пазіраў на Лёдніка з сумессю нянавісці і грэблівай цікаўнасці, як на двухгаловае цяля альбо антыкаўнда з вывернутыми ступакамі.
— Мне паведамілі, што ты маеш падарунак асабіста ад яе вялікасці Кацярыны!
Светлыя вочы князя, здавалася, засвяціліся, як у вупыра ад жадання запусціць іклы ў шыю ахвяры. Ды ён жа раўнуе! — дайшло да Вырвіча. Раўнуе да шаленства! Князь што толькі не вырабляў, абы прыцягнуць увагу Кацярыны, у Санкт-Пецярбурзе месяцамі жыў, на флейце перад тады яшчэ жонкай спадчынніка трону мелодыйкі наігрываў, паркет капелюшом падмятаў, кампліментамі сыпаў, як дзядоўнік калючкамі… Кукарэцыямі займаўся, як называлі залёты студыёзусы Віленскай акадэміі. Гатовы быў дзеля дамы самую рэдкую рэліківію здабыць ды аддаць. І дасюль надзей не страціў, медальён з пасмачкай валасоў ды партрэцікам царыцы на шыі носіць, падарункі пасылае, лісты кранальныя сачыняе. І ўсё дарэмна. Магчыма, таму, што не любіць царыца нерашучых ды мягкіх мужчынаў, а Мікалай Рапнін нездарма называў свайго сябра Багінскага мокрай курыцай.