Изменить стиль страницы

— Ясна, усе стараліся, усе мне адданыя, і ніхто нічога толкам не ведае, бо не злоўлены — не злодзей. Мы цэнім ваша старанне, граф Батыста, і мне перадалі ад вас незвычайнае паднашэнне. Толькі прыняць яго не магу. У мяне, па волі Божай, свая карона ёсць, і ў чужых патрэбы не маю. Праўда, і ў вашых руках такой рэліквіі не месца. Мы падумаем, што рабіць.

Батыста аж загайдаўся ад такіх слоў. Вось табе і карона святога Альфрэда, «запрашальны ліст да любога каралеўскага двара». У манархаў свой гонар, пан жрэц… Людзі зашапталіся, спрабуючы адгадаць, што паднёс імператрыцы маг, але царыца ўдакладняць не стала, а загаварыла пра самае цікавае.

— Ты, Разанцаў, сцвярджаеш, што не быў у змове са сваім сябрам прафесарам Варфаламеем Лёднікам, і калі прыйшоў на чале войска ў дзвесце жаўнераў арыштоўваць змоўшчыкаў, той проста сілай не даў вам гэта зрабіць, не пусціўшы ў залу.

— Так, ваша вялікасць… На жаль, Варфаламей не паслухаўся голасу розуму, — Разанцаў схіліўся ў нізкім паклоне. Жанчына на троне перавяла позірк на палачаніна.

— І ты можаш пацвердзіць, Варфаламей Лёднік, што адзін спыніў дзвесце чалавек?

Высокі маладзён ля трону выразна хмыкнуў, абмерваючы пагардлівым позіркам худую постаць злачынцы.

— Я не Галіяф, ваша вялікасць, каб справіцца з двумя сотнямі, — пачціва пакланіўся Лёднік. — Мне проста давялося цягам некалькі хвілінаў абараняць уваход у залу, у дзверы якой адначасова могуць прайсці не больш двух чалавек…

— І на колькі ты іх затрымаў? — з паблажлівай зацікаўленасцю спытала імператрыца.

— Думаю, хвіліны на дзве, ваша вялікасць.

— Разанцаў, тваё слова?

Пан Міхайла цвёрда адказаў:

— Не менш пяці хвілін пратрымаўся, ваша імператарская вялікасць.

У зале зашапталіся, заварушыліся, як госці на вяселлі, на якое спазняецца жаніх. Пранціш ад хвалявання пераступіў з нагі на нагу, праклятая рэптылія зноў варухнулася ў клетцы, на гэты раз не захутанай, таму на егіпцяніна з ягонай пачварай увесь час раздражнёна касавурыліся.

— Матухна, царыца, ды яны хлусяць табе! — выступіў наперад Арлоў, які адзіны мог дазволіць тут сабе дзёрзкасць умешвацца ў размову ўладаркі. — Ды паглядзі на гэтага чарнявага палячышку, я ж яго адной рукой размажу! Трубка клісцірная, а не ваяр! Падзялілі золата ад бунтаўніка Радзівіла, і табе, матухна, вочы зацярушваюць…

— Я не паляк, ваша светласць, я ліцвін, — дазволіў сабе нечуваную дзёрзкасць і Лёднік, насмеліўшыся запярэчыць. — І даю слова, што граф Міхайла Разанцаў, хоць і аднакурснік мой па Лейпцыгскім універсітэце, у змову са мной не ўступаў, сумленна выконваў свой доўг перад вашай імператарскай вялікасцю і ніякай паблажлівасці да мяне не праяўляў. Следства было самым суровым, доказы чаму ёсць на маёй спіне.

Загаварыў рашуча і Міхайла Разанцаў:

— А я мушу засведчыць, што доктар Баўтрамей Лёднік адразу заявіў, што не хоча нікога забіваць, толькі абараніць сваіх студэнтаў, і ніхто ад ягонай шаблі не загінуў і не быў паранены. Ён здаўся сам. І падчас допытаў прызнання віны ад доктара атрымаць не ўдалося.

Арлоў ганарыста пасміхнуўся:

— Вось бачыш, матухна, як яны адзін аднаго абяляюць… Дазволь, пасля таго, як іх абаіх адправіш у таемную канцылярыю, я вазьму пару палкоў ды тое бунтоўнае кубло ў Вільні з зямлі прыбяру.

Відаць, Мікалай Рапнін вырашыў, што час пераводзіць размову на іншае:

— Няхай ваша імператарская міласць дазволіць мне выказаць сваё нявартае меркаванне, але, думаю, мы зможам лёгка даведацца, хто гаворыць праўду. Паколькі ў нас ёсць галоўны герой, — Рапнін паказаў на Лёдніка, — дык няхай ён і прадэманструе нам, як змог затрымаць адзін узвод жаўнераў.

Ясна было, што менавіта на гэтую пастаноўку і разлічвалі. Царыца павесялела:

— Што ж, гэта будзе цікавы працяг карнавалу!

Звярнулася да Лёдніка:

— Ты гатовы да выпрабавання?

Доктар паціснуў плячыма.

— Баюся, што я не ў лепшым стане зараз і магу расчараваць вас… — азірнуўся на збялелага Рапніна і не менш збялелага Разанцава. — Але пакажу, што змагу.

— Вось і выдатна! — кіўнула царыца. — Тут справа не ў закалоце студэнтаў, а ў тым, што пастаўлена пад сумніў вернасць маіх людзей. Так што пастарайцеся, пан Лёднік. Забіваць забараняю, а лёгкія раны будуць на сумленні тых, хто схібіў і прапусціў удар.

— Ваша імператарская мосць, — ступіў наперад Рапнін. — Мы адчынім вось гэтыя бакавыя дзверы, і няхай з галерэі паўз доктара паспрабуюць прабіцца жаўнеры ў дзверы насупраць.

— А людзей я падбяру сам! — заявіў Грыгорый Арлоў. — Каб пану ліцвіну яшчэ лепей спіну начысцілі!

Дэкарацыі хуценька арганізавалі. Від на імправізаваную сцэну для ўсіх адкрываўся выдатны, хаця Лёднік папрасіў усіх пасунуцца падалей, каб не здарылася няшчаснага выпадку, калі вылеціць выбітая з рукі шабля.

«Ага, зараз шаблі ў яго дажджом паляцяць», — бурчэў Арлоў. Дамы ў прадчуванні відовішча хутчэй замахалі веерамі, ажно свечкі замігцелі, і жыва абмяркоўвалі дэманічнае аблічча ліцвіна, які, кажуць, з’яўляецца магутным чараўніком. А мужчыны, наколькі мог чуць Пранціш, рабілі стаўкі на доктара, але часцей — супраць яго, а яшчэ на тое, колькі чалавек ён зможа абяззброіць. Усім было весела… Акрамя некаторых дужа зацікаўленых асобаў.

— Ён справіцца? — прашаптала Пранцішу Міхалішыўна, яе абцягнутая белай шаўковай пальчаткай тонкая рука, якая трымала веер з пухнатых страўсавых пер’еў, пазалочаных па краях, бы аблачынкі сонцам, трохі дрыжэла.

— Справіцца, калі не надта пагана пачуваецца… — шапнуў у адказ устрывожаны Пранціш. Бо што далей — не ведалі нават егіпецкія багі, таму што далей мог быць і змрочны Шлісельбург, і зноў катоўня, і Сібір…

Лёднік рыхтаваўся да вызначальнай бойкі спакойна, як да трэніроўкі з вучнем, але грунтоўна. Зняў камзол, застаўшыся ў белай кашулі і пералівіста-срэбнай камізэльцы, сцягнуў парык, і цёмныя валасы, перавязаныя стужкай, упалі на спіну. Выбраў з прапанаваных дзве шаблі, адыйшоўся, крутануў зброю ў апушчаных руках, рухам адных кісцей — шаблі са свістам выпісалі ў паветры кругі, і той-сёй задумаўся наконт правільнасці ставак. Спыніўся насупраць бакавых дзвярэй, у расслабленай паставе, апусціўшы шаблі. Худы дзюбаносы твар выказваў трохі грэблівы сум…

— Можаце пачынаць.

Дзесьці непадалёк рака моўчкі несла свае цёмныя думкі пад ільдом. Сумленныя мяшчукі пазяхалі, углядаючыся праз маленькія вакенцы туды, дзе над царскім палацам згасалі рознакаляровыя ўспышкі, санліва хрысціліся і клаліся спаць, настолькі далёкія ад панскіх крывавых гульняў, што не прыходзіла ў галаву зайздросціць тым, хто зараз у асветленых тысячамі свечак залах атрымлівае асалоду ад сузірання розных цудаў. Цуд для добрага хрысціяніна — справа небяспечная, бо можа ўвесці ў спакусу.

А ў палацы імператрыца кіўнула, і відовішча пачалося.

Гвардзейцы былі ўсе, як адзін, не ніжэй за Лёдніка, а многія больш плячыстыя, і стараліся, як маглі. Тым болей задача выглядала смешнай: прыбраць з дарогі ўсяго аднаго чалавека. Але той чалавек больш нагадваў пруткую змяю, а ягоныя рухі — злавесна-прыгожы танец, за якім немагчыма было ўсачыць. Вырвіч неаднойчы падобныя выступленні доктара назіраў, у ангельскім байцоўскім клубе той біўся за грошы, якія ім тэрмінова былі патрэбныя, і ўсіх мясцовых чэмпіёнаў перамог. Можа, цяпер, пасля гасцявання ў катаў, Лёдніку было і цяжэй, чым калісьці, але гэтага ніхто не заўважыў. Ён круціўся ваўчком, зразаў вусы і гузікі, выбітыя шаблі са звонам бразгаліся на паркет, а абяззброеныя жаўнеры з выццём хапаліся здаровымі рукамі за выкручаныя.

Людзі ажно крычалі ад азарту, падбадзёрвалі і лаялі вояў, верашчалі ад страху, калі ў іх бок адлятала шабля ці адступалі тыя, хто біўся… А вось і балаганныя трукі ў ход пайшлі, хаця Пранціш і так быў упэўнены, што калі Лёднік хоць трохі ачуняў, не папусціцца прадэманстраваць незвычайныя ўменні: скачок на мармуровую калону, неверагодны пераварот — і шабля бліскае ўжо за спінамі разгубленых ворагаў.

Шаблі ліцвіна са свістам разразалі паветра, а маглі жывую плоць. А кідацца на лязо, каб гераічна стрымаць коштам жыцця ворага, ніхто не збіраўся, таму ўрэшце пад націскам палачаніна ўсе гвардзейцы аказаліся за дзвярыма. На тым бойка па дамоўленасці і была скончаная. На паркеце валяліся шаблі, гузікі, зрэзаныя манжэты і напудраныя пасмы, была і кроў — хтось атрымаў свае баявыя драпіны. Лёднік з той жа нудна-фанабэрыстай фізіяноміяй паклаў шаблі на падлогу перад імператрыцай, пакланіўся і выпрастаўся, як і не вытанцоўваў толькі што тут імклівы танец смерці. Імператрыца папляскала ў ладкі, і зала выбухнула воплескамі і выкрыкамі захаплення. Пранціш перавёў дух і адчуў, што Міхалішыўна лёгка паціснула яго руку.