Изменить стиль страницы

— Бутрым! — Вырвіч у жаху патрос доктара. — Ты паранены? Што гэта ў цябе?

Упарты палачанін цалкам мог не прызнацца да апошняга, нават калі б яго ў дзесяці месцах наскрозь праткнулі. Але доктар лена сунуў руку ў адварот кашулі, правёў па грудзях, дастаў нешта дробнае, страсянуў грэбліва з пальцаў на падлогу.

— Гэта цукерка… Вішнёвая… Ліпучыя, зараза…

Пранціш з непаразуменнем глядзеў на сонную фізіяномію доктара, які нават вачэй не адплюшчыў.

— Нешта не памятаю, каб ты так любіў цукеркі, каб аж качаўся ў іх.

Лёднік трохі памаўчаў і прамармытаў:

— Яе вялікасць захацела праверыць, наколькі спрытна я буду ўварочвацца…

У Вырвіча на нейкі час адняло мову, потым ён яскрава ўявіў, у якіх абставінах такая праверка магла адбывацца… Значыць, нездарма Арлоў гэтак запанікаваў і на золку адправіў дадому дэманічнага доктара з усімі магчымымі выгодамі! Пранціш змог выгукнуць толькі адно:

— Ну, доктар, ну, пройда…

— Памаўчы… — злосна буркатнуў прафесар, закруціўшыся на падушках, і ясна было, што абмяркоўваць нічога не збіраецца. Але гаварыць прыйшлося, калі развіднела і прыкідвацца, што спіш, было дурноццем.

— Нічога добрага нас усё роўна не чакае, — паныла паведаміў Бутрым. — Езуітаў, ясная рэч, пагоняць, але горш, што прышлюць на іх месца сваіх, расейцаў. Дарэчы, мне ўжо прапанавалі ў недалёкім будучым стаць рэктарам… Калі, вядома, я прыму прысягу, давяду сваю лаяльнасць і гэтак далей. З Акадэміі выключаць усіх нядобранадзейных…

— А ты што? — захваляваўся Пранціш.

— Адмовіўся. Адгаварыўся, што заняты навуковымі доследамі, не хачу лезці ў палітыку… І ў адсутнасць змовы не надта паверылі, нягледзячы на мой спектакль. Зжаруць краіну, не задушацца.

Лёднік сумна ўздыхнуў.

— Паўстануць лепшыя, загінуць… А яе вялікасць запэўніла, што Пане Каханку з ёй перапісваецца, намякае, што гатовы папрасіць прабачэння… Магнаты заўсёды сваё месца знойдуць. Вунь Аляксандр Сапега пра каралеўскую карону марыў, потым Пане Каханку горача падтрымліваў… А цяпер перад Панятоўскім прагінаецца, жонку сваю да яго падсылае фіглі строіць, як калісьці да маладога Бруля, сына сакратара Аўгуста. Такім месца ёсць, а нам — не. У Санкт-Пецярбурзе я таксама адмовіўся заставацца… Бо не магу даць імператрыцы слова, што ніколі не апынуся на баку ейных ворагаў. Цалкам магчыма, што і апынуся. І што далей рабіць — незразумела. Хаця адно пэўнае ёсць: цябе ажэнім.

Пранціш адвёў вочы: ясна, што ад свайго шчасця не адмаўляюцца, але ж часам яно з’яўляецца, як абухом па галаве, трэба радавацца — а ў цябе ў вушах звініць і ў вачах мухі мітусяцца… Ці нечыя празрыста-зялёныя вочы падміргваюць.

— А што яшчэ царыца паабяцала?

Лёднік паціснуў плячыма.

— Абацанка-цацанка, дурню радасць. Куфэрак нейкі перадала, зараз паглядзім…

Доктар пакруціўся, намацваючы нешта вакол сябе, і паставіў на калені квадратную скрынку, абцягнутую пунсовым аксамітам, з залатымі зашчапкамі. Трохі паваждаўшыся з зашчапкамі, доктар адкінуў накрыўку, і… На сіняй падушцы ляжаў няроўны, са шматлікімі выёмінамі, залаты абруч, прыкрашаны незвычайным арнаментам, з пустымі мацаваннямі для камянёў. Карона святога Альфрэда…

— Проста колазварот каронаў у прыродзе… — разгублена прамовіў Пранцысь. — Нібыта яна прыліпла да нас, як неразменны склют.

— Гэта ж я сказаў яе вялікасці, што людзі, якія маюць кароны, кіруюцца сваймі законамі, далёкімі ад звычайных чалавечых, і маюць між сабой асаблівыя рахункі, незразумелыя простым смяротным… Ну вось цяпер і я маю па ейнай волі карону… — прагаварыў агаломшаны Лёднік.

Пранцысь дастаў са скрынкі рэліквію, пакруціў туды-сюды і насунуў на галаву сына полацкага гарбара.

— А што, табе пасуе! Кароль — не кароль, але такі пагрозны друід, які вядзе племя зразаць амялу, не папярэджваючы, каго прынясуць у ахвяру пад дрэвам.

Лёднік з незадаволенай мінай сцягнуў з сябе карону і паклаў у куфэрак.

— Проста такія рэчы не могуць, відаць, знаходзіцца ў выпадковых руках і выпадковых месцах. Вось і шукае сабе месца рэліквія… Падумаем, што з ёй зрабіць. Глядзі толькі, нікому не разбалбачы, што яна ў нас, і тым больш, якім чынам дасталася.

— Думаеш, тое, што робіцца ў палацы, можа заставацца таямніцай? — насмешна адказаў Пранціш. — Ды аб тваю персону ў Санкт-Пецярбурзе ўжо ўсе языкі абмазолілі… Пэўна, хутка і ў Варшаве запляткараць.

— Галоўнае, каб нікога не чапалі, — прабуркатаў доктар і пазмрачнеў. — Сітуацыя дурная… Чым больш стануць пляткарыць — тым мацней мы будзем абароненыя. Але тым больш ганьбы для мяне і гора для маёй сям’і… Для Саламеі…

Пранціш скептычна хмыкнуў — шмат каму тая ганьба за найвялікшы гонар, а сам аж гарэў ад цікаўнасці: што ж здарылася з Лёднікам у палацы? Колькі праўды акажацца ў плётках? З доктара ўдалося выцягнуць толькі, што яе вялікасць пасля вячэры зажадала ўпэўніцца ў праўдзівасці сцверджання, што Разанцаў сябра не шкадаваў і следства ў дачыненні прафесара было суровым, а для гэтага ж неабходна пабачыць доказы на ўласныя вочы. Для чаго загадала даверанай фрэйліне таемна прывесці вучонага ліцвіна ў свой пакой.

А як там далей — снегам замяло. Полацкі алхімік зацяўся, як камень.

І хаця снег за вакном карэты паўсюль ляжаў аднолькава белы, неўзабаве павінны былі пачацца беларускія землі.

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

ЯК ЛЁДНІКА І ВЫРВІЧА ДОМА СУСТРЭЛІ

Продкі ведалі, што хату нельга ставіць на тым месцы, дзе калісьці праходзіла дарога, пралілася чыясьці кроў ці закапаныя чыісьці косткі… А што месца чыстае, пераканацца лёгка: паставіў гаршчок з мёдам, калі мурашы набягуць — усё добра…

Невядома, ці па ўсіх правілах быў пабудаваны дом з зялёнымі аканіцамі, у якім жыла сям’я віленскага прафесара Лёдніка, ці прыбеглі б да мёду мурашы — цяжка знайсці на беларускай зямлі месца, дзе б не пралілася кроў, не ступала нага ворага. Але цяпер гэты дом больш не звязваўся з паняццем бяспекі і абароны… Баўтрамей Лёднік і Пранціш Вырвіч моўчкі стаялі і глядзелі на будынак з выбітымі шыбамі, з паламанымі бярозкамі пад вокнамі. Колькі разоў Вырвіч глядзеў на гэтыя бярозкі, то прыбраныя ў магнацкія залатыя саеты, то ў дыяменты, то ў зялёныя рызманы, і складаў вершы… Падобна, гаспадар дома проста баіцца зайсці далей брамы — твар доктара быў бялей снега, вусны дрыжэлі…

Але вось пачуўся вясёлы брэх Піфагора, а з дзвярэй выбеглі пані Саламея і паніч Алесь, паказаўся ўсхваляваны Хвэлька, і пацалункі і абдоймы на нейкі час адагналі трывогу.

Але ў доме — такім знаёмым, з партрэтам Арыстоцеля і сіня-белым гадзіннікам-вазай на каміне — першае пытанне ўсё-ткі было, «Што тут здарылася?».

Пані Саламея апусціла вочы.

— Ведаеш, Пане Каханку адмяніў стварэнне кадэцкага корпусу ў Італіі… І чуткі пайшлі, што гэта Бутрым вінаваты.

— Што? — не вытрымаў Пранціш. — Ды ён за выратаванне будучых кадэтаў такое прайшоў!

— А што вы хацелі? — усміхнулася збялелымі вуснамі Саламея. — Гэта, панове, Беларусь. Тут першае памкненне — паспець абліць гразёю першым, знайсці ворага сярод сваіх. Кажуць, Бутрым паехаў у Санкт-Пецярбург, каб усіх змоўшчыкаў здаць, а ўзамен атрымаў ад царыцы пост рэктара, месца пры расейскім двары, ну тут ужо ў каго як фантазія працуе…

Пранціш не мог паверыць у такую подласць… Ён жа шчыра верыў, што зараз іх з Лёднікам сустрэнуць, як герояў! Пан Рысь вунь сына ў гонар Бутрыма назваў!

— Гэта ж Пане Каханку хоча з царыцай дамовіцца! Ці лянота яму стала пачынаць клопатную справу… Як маглі на Бутрыма ўсё навесіць! Чаму яны вокны не б’юць самім расейцам, ці тым, хто ім адкрыта служыць?

— Таму, што сваіх біць лягчэй, — уздыхнула Саламея. — Праваслаўныя нашы, з прыходу, таксама са мной перасталі вітацца… Гавораць, Бутрым езуітам прадаўся, у змовах іхніх удзел бярэ… Шпіталь улады зачынілі, маўляў, зараза там разводзіцца, на ўвесь горад пошасць можа пачацца. І зноў для ўсіх — доктар вінаваты…

Лёднік на імгненне прыкрыў вочы, як ад болю, але амаль не здзівіўся.