Але наперад лянівай хадой моцнага драпежніка выходзіў Грыгорый Арлоў.
— Паскакаць перад жаўнерамі — справа няхітрая. А вось са мной разбярыся, цвыркунок!
— Грыша! — угневана сказала імператрыца ў спіну фаварыту. — Суніміся.
— Матухна, дазволь, я пакажу яму, што такое бойка! — прамовіў Арлоў і пагрозна насунуўся на Лёдніка, які нават не зварухнуўся. — Бяры шаблю, палячышка!
Арлоў выхапіў зброю, лязо небяспечна дрыжэла ля горла ворага, прагнучы напіцца крыві. Лёднік застыў на месцы:
— Я не паляк, а ліцвін, ваша мосць, — упарта паўтарыў ён. — І тут павінны выконвацца толькі загады яе вялікасці.
Фаварыт павярнуўся да царыцы:
— Хрыстом-Богам малю, матухна, дай з ім пабіцца! Слова даю, забіваць не стану, але не вытрымаю, калі фанабэрыю з яго не саб’ю!
Царыца зрабіла выгляд, што ўгневаная, хаця Вырвіч здагадваўся, што ёй самой хочацца працягу відовішча.
— Толькі, калі што, вінаватых не шукай, Грыша! — сурова папярэдзіла яна.
Па фізіяноміях Разанцава і Рапніна Вырвіч зразумеў, што лепей бы Лёдніку не біцца з фаварытам. Прыніжэння на вачах імператрыцы той ніколі не даруе, а калі, не дай Бог, Баўтрамей суперніка параніць — тут ужо царыца раз’юшыцца.
І Пранціш ведаў, што выйсця няма, бо Лёднік сваім гонарам таксама ніколі не паступіцца, хоць з гарматы па ім страляй, і не падумае паддацца ці паддобрыцца. Вось, гуляе з супернікам, як з мышкай… Вельмі вялікай, прызнаемся, і дужа злоснай мышкай… Мядзведзем, сказаць праўдзіва. Хаця б для прыліку даў усемагутнаму пану пакрасавацца! Не, з той жа зануднай фізіяноміяй змусіў выпусціць шаблю, арудуючы сваёй так імкліва, што вока не паспявала сачыць. І другі раз. І трэці. А на чацвёрты Арлоў ужо не стаў падымаць здрадлівую зброю, а кінуўся на суперніка з кулакамі. Кулакі пудовыя, морда перакрыўленая, вочы белыя ад шаленства… Усё, гамон…
Толькі выкрыкі імператрыцы, на гэты раз з непадробным гневам, змусілі фаварыта спыніцца.
— Ды я яго на пыл… — сычэў Арлоў.
— Можа, і на пыл, дружа мой, але зараз астынь, з’ездзі ў Царскае Сяло, праветрыся, прывязі мне новыя клавікорды, што на днях з Нямечыны прыслалі.
У голасе імператрыцы цяпер гучала сталь, гэта быў голас улады, якой немагчыма аслухацца, бо значыць кінуць выклік яе моцы… Тут ніякая сардэчная схільнасць не ўратуе. Арлоў пакланіўся і толькі ўдакладніў праз зубы:
— Клавікорды? З Царскага? Цяпер?
— Менавіта цяпер, — імператрыца глядзела светлымі невыразнымі вачыма. — Думаю, як раз раніцай вернешся. А доктар Лёднік пакуль пабудзе маім госцем.
Фаварыт яшчэ раз пакланіўся, развярнуўся і сышоў размашыстымі крокамі, але позірк, які ён кінуў на доктара, быў як смяротны прысуд.
У залу зноў вярнулася весялосць. Але наступная частка вечарыны была ўжо не для ўсіх. На сёння карнавал заканчваўся. Царыца загадала накрыць стол у малой зялёнай зале, але патрапіць за яго маглі толькі выбраныя. Стамлёныя і поўныя ўражанняў госці паціху раскланьваліся, разыходзіліся, каб разнесці плёткі па ўсёй сталіцы, як мухі разносяць на лапках прыліплы бруд… Злосны і расчараваны Батыста, атрымаўшы ад імператрыцы халодную ўсмешку, сыйшоў адным з першых. Пранціш, які мусіў сысці следам, паспеў толькі пабачыць, як у куце залы, ля трону, Разанцаў і Рапнін размаўляюць з Лёднікам, які паспеў апрануць камзол і парык, і відавочна нікуды не спяшаюцца.
У камяніцы, знятай у самым цэнтры горада за шалёныя грошы, Батыста нарэшце даў выхад разражненню.
— Усё, праз пару дзён з’язджаем… Заўтра яшчэ выступім у княгіні Дашкавай, пакуль ад нас усе не адвярнуліся, пастрыжэм авечак. Зарабілі дастаткова, паездка акупілася. Царыца падарунак не вярнула, прыслала ўзамен куфэрак залатых. Ды ў ангельскага караля я б за такую рэліквію добрае месца пры двары выкупіў! На ўсё жыццё сябе забяспечыў! А тут… Не любіць, ці ж бачыце, імператрыца чарнакніжнікаў… — Батыста злосна хмыкнуў. — Тады, спадзяюся, вашага доктара яна спаліць на вогнішчы.
Вырвіч абурыўся:
— Мы нікуды не з’едзем, пакуль не даведаемся пра лёс Бутрыма і не паспрабуем яго вызваліць!
Пан Рысь, які ўсё яшчэ быў узрушаны расповедам пра тое, што адбылося ў палацы, Пранціша горача падтрымаў… Але Батыста стамлёна махнуў рукой.
— Самі пабачыце, праз два дні нам тут не будзе чаго рабіць, нас перастануць пускаць у дамы, а затрымаемся — вышлюць. Вялікі свет — гэта калі хутка ўспыхвае захапленне, і яшчэ хутчэй гасне, змяняецца расчараваннем, а потым жаданнем пазбавіцца ад таго, на каго патраціў захапленне. Думаю, ваш доктар адчуе ў хуткім часе гэта на сабе. Усё, пайшлі спаць… Заўтра нешта вырашыцца.
Абняў уладна Міхалішыўну за тонкі стан і павёў у спачывальню. Здаецца, апошнім часам ён наложніцу не б’е…. У Вырвіча раптам узнікла проста дзікае жаданне ўсадзіць нягодніку шаблю між лапатак. Відаць, гэтае жаданне адлюстравалася ў Пранціша на твары, таму што пан Рысь паклаў яму руку на плячо:
— Супакойся, егіпцянін. Паспеем прыкончыць паскудніка. Лепей раскажы мне яшчэ раз, як пан Лёднік маскалям лазні даў.
Халодная зімовая ноч была непрагляднай, як магіла. Але тут, у ганарыстым горадзе, яе праціналі выстраеныя шыхтамі ліхтары, бы пакорлівыя салдаты, якія нават задумацца не хочуць, што задачу ім паставілі немагчымую, і ўпарта трымаюць абарону. Холадна і няўтульна было так, што нават сабакі не брахалі, толькі павісквалі жалобна. Часовыя насельнікі камяніцы, што прыехалі сюды з далёкай Беларусі, гэтай ноччу выспацца не паспелі. Яшчэ не развіднела, у дзверы загрукалі. Потым у доме пачуліся ўстрывожаныя галасы, вось верашчыць Батыста…
Пранціш, спатыкаючыся, апрануў яркія егіпецкія анучы і кінуўся ў вітальню. Граф Міхайла Разанцаў з памятым абліччам, ясна, што ноч была бяссоннай, адрывіста камандваў:
— Аддаю сваю карэту… Толькі хутчэй грузіцеся!
— Што такое? — устрывожыўся Вырвіч.
— А, вось вы дзе, пан Вырвіч… Чорныя валасы вам пасуюць. Ягоная мосць Грыгорый Арлоў пабудзіў ягоную мосць Мікалая Рапніна і запатрабаваў, каб зараз жа, пакуль яе вялікасць не прачнулася, звозілі прэч Лёдніка. Усе правіны яму даруюцца, дый іншым таксама. Акадэмію загадана не чапаць, усім, хто заслужыў, дадуць марцыпанаў… — Разанцаў быў страшэнна стамлёны, але ўстрывожана-шчаслівы. — Галоўнае — каб сёння ж духу ліцвінскага ў горадзе не было. Ягоная мосць Арлоў хоча з царыцай мірыцца, нешта выключна-цікавае для яе падрыхтаваў… Ну а Варфаламей адмовіўся з’язджаць без вас.
Міхалішыўна прабегла міма, апранутая па-дарожнаму, з кучай стракатай вопраткі ў руках.
— Змей не забудзьцеся! — гарлаў у пакоі побач Батыста.
— Дзе Бутрым? — ускінуўся Пранціш.
— Там, у маёй карэцэ, сядзіць… Хутчэй збірайцеся, ваша мосць, і сустрэнецеся!
Вырвіч, блытаючыся ў рукавах, улез у світку, схапіў шапку і кінуўся на вуліцу. Перад брамай стаяла невялікая ладная дарожная карэта з гербам Разанцава. У стайні пад камандай пана Рыся запрагалі коней у Батыставы экіпажы. Воз ужо чакаў на вуліцы, на яго грузілі прыстасаванні для фокусаў. Мільгалі заспаныя фізіяноміі двух віленскіх студыёзусаў, бялявага ды чарнявага — абодва, па сваім статусе насільшчыкаў, асабліва нікуды не траплялі, затое рассмакавалі мясцовую гарэліцу, настоеную на журавінах, і яшчэ нейкі фінскі напой каламутна-белага колеру, і патрабаваць ад абодвух маладзёнаў жвавасці ў такі ранні час было, што гнаць сабаку на дрэва.
Вырвіч ускочыў у разанцаўскую карэту:
— Бутрым!
У водсвеце святла ліхтароў толькі і была бачная цёмная постаць, што бяссіла адкінулася на падушкі. Пранціш абняў доктара:
— Жывы!
— Калі цяпер не задушыш, дык буду жывы…
Голас доктара гучаў стамлёна і хрыплавата… Падобна, што і ён ноччу не спаў. Вырвіч адкінуўся на мяккае сядзенне такі шчаслівы, якім даўно не пачуваўся. Цяпер засталося як найхутчэй уцячы з гэтай Паўночнай Пальміры.
Палазы слізгалі па снезе з бадзёрым пасвістваннем. За вакном святлела, хоць сонца толькі ўгадвалася за шэрым сувоем неба. Вырвіч прадраў блакітныя вочы пасля кароткай драмоты. А Лёднік яшчэ спаў, як чужое вяселле адгуляўшы. Вырвіч угледзеўся ў ягонае худое дзюбаносае аблічча. Вочы выпадкова слізганулі ніжэй, там футра расхінулася, пад ім была бялюткая кашуля, відаць, таксама з Разанцаўскага пляча, і на гэтай кашулі, ніжэй ключыцы, набрыньвала цёмная пляма…